Залатая дзіда
Шрифт:
Што сказаць Раману? Хіба ён, Базыль, бачыў, як лясун валіць дрэвы? З ім лепей не сустракацца, як і з татарамі. Такая сустрэча дабром не скончыцца.
— Дрэвы бурай павывальвала, — сказаў Базыль, супакойваючы брата.
— Бурай? А як ты думаеш: дзе жыве лясун?
— Думаю, што пад вываратнямі прытулак сабе знаходзіць. А можа, і ў густым ельніку, куды ніводзін звер не прабярэцца.
— Ён днём спіць у ельніку, а ноччу па лесе лазіць?
— Як прыйдзецца. Яму не загадаеш. Ён робіць тое, што яму хочацца. Ён сам сабе гаспадар.
Невядома, да чаго яшчэ дагаварыліся б хлопцы, якіх яшчэ страхаў на сябе нагналі, але, на шчасце, лагчына скончылася, і яны
— Калі паднімемся на пагорак, то залезу на самую высокую сасну і пагляджу, у якім баку наша вёска, — сказаў Базыль.
Раман, апярэдзіўшы брата, узбег на пагорак і прысеў, працягла прамовіўшы:
— Базы-ыль!
"Няўжо тут татары?" — падумаў Базыль. Ён, прыгнуўшыся, таксама ўзбег на пагорак і ўбачыў за пагоркам у нізіне невялікую хаціну, пакрытую чаротам.
— Вось дзе жыве лясун! — прагаварыў Раман.
— Прысядзь! — загадаў яму Базыль.
Вядзьмак, мядзведзь і татары
"Хто ж пабудаваў тут хаціну? — думаў Базыль. — Няўжо сапраўды лясун? Відаць, ён. Бач, колькі дрэў паблізу сваёй хаціны навыварочваў. Мабыць, звяроў палохаў. Рабіць яму не было чаго. Што ж, ён не косіць, не арэ, не сее. Мусіць, спіць цэлымі днямі ў сваёй хаціне, сілы набіраецца".
— Братка, гэта ягоны човен стаяў на возеры, — прашаптаў Раман.
— Ты пра каго? — не дайшло да Базыля.
— Пра лесуна. Ягоны човен на возеры. Ён на ім па возеры катаецца, рыбу ловіць. Яму там русалкі свае песні пяюць. Добра, што нас яны не ўбачылі. Вылезлі б з возера і…
Раман не дакончыў, але Базыль добра зразумеў, што ён хацеў сказаць. Шмат людзей русалкі перацягалі на дно рэчкі, на дно азёр. А лясун не баіцца русалак, сябруе з імі. Човен зрабіў, па возеры катаецца.
— Базыль, — зноў пачаў Раман, ды ў гэты час рыпнулі дзверы, і з хаціны вылез вялізны буры мядзведзь. За ім выйшаў стары з доўгаю сівою барадою.
— Бардун! — прамовіў Раман.
Базыль глядзеў на старога. Так, гэта быў іхні аднавясковец Бардун. Ён жыў наводшыбе. Усе міналі ягоную хату, бо кожны ведаў, што Бардун — вядзьмак. Не аднаму чалавеку ён зрабіў зло, а некаторых і са свету звёў, як, напрыклад, сірату Тараса, які з чужых краёў прыйшоў у вёску. Тарас благога не зрабіў Бардуну, а ён (пра гэта вёска гулам гудзела) штосьці накінуў на Тараса, Тарас перастаў працаваць. Цэлымі днямі на прызбе сядзеў і ўсё стагнаў, вохкаў. Гучна, працягла так: "О-ох!" Падыдуць да яго, запытаюць: "Што з табою, Тарас?" А ён вочы пад лоб падверне і застогне: "О-ох!" Пасля як пайшоў у лес, дык і не вярнуўся. Недзе згінуў там. Яшчэ аднаму чалавеку Бардун яйцо цераз хату перакінуў. У таго чалавека праз некалькі дзён здох конь, а ў дупле ліпы, якая расла на падворку, завяліся восы. Такія лютыя, што праходу людзям не давалі. Усіх без разбору джалілі. Як ні выкурвалі іх — не выкурылі з дупла. Бардун хадзіў, пасмейваўся. Прыйшлося спілаваць ліпу. Дык тады самога Бардуна стала круціць. Нават галаву набок скруціла, нібы ад ветру-скразняку. Хадзіў, крахтаў, пакуль зноў на адну маладзіцу хваробу не напусціў. Не вытрывалі людзі. Прыйшлі да Бардуна і заявілі: "Ідзі з нашай вёскі". Дзядуля Піліп дадаў: "Застанешся — хату па бярвеннях расцягну". "Піліп, я і ўнукам тваім не дарую", — сказаў Бардун. Узяў ён сякія-такія манаткі і з таго дня як прапаў. У вёсцы казалі, што на чужой старонцы жыве, а ён, выходзіць, у лесе
Бардун, патаптаўшыся каля хаціны, сеў на прызбе. Мядзведзь, нібы сабака, улёгся каля ягоных ног. Бардун пагладзіў яго па спіне. Мядзведзь закрахтаў.
— Ну што, Касмач? Сонейка свеціць, лецейка ідзе? Будзе табе мёд, будуць і маліны, — прагаварыў Бардун.
Мядзведзь павярнуўся на бок, выцягнуў лапы.
— Братка, уцякайма, — прашаптаў Раман.
Базыль глядзеў не адводзячы вачэй. Ну й Бардун! Не захацеў сябраваць з людзьмі, з мядзведзем сябруе. Гэта ж ягоны човен на возеры. Ён і сцяжынку круглякамі вымасціў. Што ж будзе, калі ўбачыць іх, Піліпавых унукаў? Ён, канешне, памятае, як дзядуля яго з вёскі выганяў. Не даруе. Напэўна, зробіць так, каб вохкалі, як бедны Тарас.
Бардун узяў мядзведзя за вуха.
— Касмач, чаго ўлёгся? Яшчэ наляжышся. Годзе ляжаць. Базыль аж рот адкрыў. Цікава: ці ўстане мядзведзь, ці паслухаецца Бардуна?
— Годзе ляжаць. Ну, годзе. Мядзведзь устаў, прысеў на заднія лапы. Бардун прагаварыў:
— Касмач, калі б ты быў чалавекам, то я цябе свайму вядзьмарству навучыў бы. Хадзілі б па свеце, вядзьмарылі. Ты сабе, а я сабе. Вечарам каля цяпельца сядзелі б, адпачывалі. Многія нас баяліся б, на многіх мы страх нагналі б. Я цябе ў сваю вёску паслаў бы. Не аднаго чалавека да маркоты давёў бы, не аднаго на той свет загнаў бы. Горкімі слязьмі мае аднавяскоўцы заплакалі б. Ну чаму ж ты не чалавек?
У Базыля мароз прабег па спіне. Вось аб чым думае Бардун! Хочацца яму мядзведзя ведзьмаком зрабіць. Крыўдуе, што аднавяскоўцы з ім кепска абышліся. Сам вінаваты. Чаму пра гэта не падумае?
Бардун нечакана абхапіў мядзведзя за шыю і праз слёзы стаў казаць:
— Прагналі мяне. Пустуе мая хата ў вёсцы. Туды і мышы не забягаюць. Спажывы ім там няма. Толькі вераб'і пад страхою начуюць. Ім што, вераб'ям? Абы было ціха, зацішна, цёпла. Мае аднавяскоўцы лічаць: ад мяне пазбавіўшыся, і ад бяды-гора пазбавіліся. Не. Яшчэ не раз яны ўбачаць чорную стралу. Яшчэ не раз чорная страла прасвішча, увап'ецца ў дрэва, як чорная балотная п'яўка ўпіваецца ў нагу. Прасвішча…
"Адкуль ён ведае пра чорную стралу? — падумаў Базыль. — Ен жа ў лесе сядзіць, у вёску не прыходзіць". Бардун устаў.
— Касмач, патанцуй. Ну, патанцуй. Мядзведзь, разявіўшы пашчу, ляніва пазяхнуў.
— Патанцуй. Каму кажу? Патанцуй!
Касмач устаў на заднія лапы і пачаў кружыцца. Бардун пляснуў рукамі па каленях.
— Ох і пацешыў ты мяне, Касмач! Ляж, адпачні, пагрэйся на сонейку. Любіш на сонейку грэцца. Ведаю.
Мядзведзь зноў лёг каля прызбы, выцягнуўшы лапы. А Бардун падняў галаву і пачаў гучна шаптаць:
— Хаджу па лясах, па кустах, па мхах, па балотах, па лыкадзёрах, па гніліцах, па чарніцах, па малінах — куды ні хаджу, ніколі не блуджу; сонца па сонцу, месяц па месяцу; пры частых зорках, пры вячэрніх зорах хаджу не блуджу, а табе, лясны гаспадар, пакорнасць аддам: ад мяне, раба божага, адшатніся, у бярозу абярніся…
Базыль быццам скамянеў, нават дыханне перахапіла. "Бардун заўважыў нас, бяду наклікае. Пра бярозу ўспамінаў. Няўжо хоча нас у бярозкі перакінуць? Будзем расці на пагорку, шумець лісцем, а ён увесну будзе прыходзіць, сок спускаць, конаўкай піць. Мажліва, калі-небудзь нашага бацьку з маці запросіць, ім соку прапануе. Будзе ўсміхацца, шчэрыцца. І чаму ж прывялі сюды нас ногі? Чаму мы ў іншы бок не пайшлі? Будуць шумець дзве бярозкі лісцямі, а Бардун будзе сядзець пад імі са сваім мядзведзем. Бярозкі яго і мядзведзя ад сонца затуляць, прахалоду дадуць…" — думаў Базыль.