Залатая дзіда
Шрифт:
Джавад застыў, адкрыўшы рот, а Бурхан, сціснуўшы кулакі, штосілы стукнуў Бардуну па галаве. Вядзьмак, охнуўшы, упаў на зямлю.
Джавад нейкую хвіліну глядзеў, лыпаючы вачыма, а пасля звярнуўся да дзядулі:
— Стары! Дабі яго!
— Не, — прамовіў дзядуля.
— Дабі! Ён твой вораг!
— Не буду.
Джавад штосьці крыкнуў па-свойму. Два татарыны схапілі Бардуна, падвалаклі яго да дзвярэй, кінулі ў хаціну, а дзверы падперлі калом.
— Што вы задумалі? — усклікнуў дзядуля.
— Шайтана
— Спаліце?
— Спалім! Ты нас выведзеш з лесу!
Базыль убачыў, як полымя з усіх бакоў абхапіла Бардунову хаціну. Татары з гікам паімчаліся ў лес. Полымя прагна лізала сухія бярвенні. Угору ўзляталі чырвоныя іскры. Раптам з трэскам абвалілася страха.
— Усё! — міжволі вырвалася з грудзей Базыля.
— Дык гэта ты тут? — неспадзявана пачулася ззаду. Базыль азірнуўся і зніякавеў. Непадалёку ад яго стаяў…
Бардун.
— Базыль, ідзі сюды, — паклікаў вядзьмак.
Няўжо ж гэта сапраўды Бардун? Ён жа быў у палаючай хаціне. Не мог ён адтуль вылезці… Хаціна на вачах згарэла. Дый дзверы былі калом надпертыя. Мабыць, Бардун з'явіўся з таго свету, не інакш.
— Ідзі сюды, — зноў паклікаў Бардун.
— А-а-а… — тоненька зацягнуў Базыль.
— Ты мяне не бойся, — прагаварыў Бардун. Базыль стаў адступацца назад, усё паўтараючы:
— Не падыходзьце да мяне… Не падыходзьце да мяне…
— Базыль, не бойся, не уцякай, — прамовіў Бардун. Базыль з жахам глядзеў на яго. Просіць, каб не ўцякаў.
Мусіць, хоча забраць з сабою на той свет. Бардун ступіў крок наперад.
— Базыль, не бойся мяне.
— Не падыходзьце. — Базыль усё адступаўся назад, пакуль спінаю не ўпёрся ў сасну. Да яго спярша не дайшло, што ў сасну ўпёрся. Яму здалося, што нейкая невядомая сіла яго схапіла, трымае. Ён, напэўна, на ўсё горла закрычыў бы, калі б Бардун не сказаў:
— Базыль, не бойся. Я табе благога не зраблю. Базыль на імгненне зірнуў на хаціну. Гарыць, дагарае, курыцца яна, угары іскры скачуць, нібы ў шалёным танцы.
— Не зраблю табе благога, — паўтарыў Бардун. Базыль скокнуў убок і панёсся.
Бурхан пагражае
Базыль перавёў дух, стаў толькі тады, калі ўбачыў перад сабою вялізнае балота. Частка яго была пакрыта вадою. Сям-там у вадзе стаяла чорная вольха. Карані вольхі разрасліся, утварыўшы каля маленькіх стволікаў астраукі, парослыя асакою, касачамі, аерам, травою, рознымі балотнымі кветкамі.
Базыль моўчкі глядзеў на балота. Куды ж цяпер ісці? Цераз такое балота, ведаў ён, не пройдзеш, тут можна праваліцца, згінуць
— Што ж мне цяпер рабіць? — Базыль ў роспачы ўсклікнуў, павярнуўся і ўбачыў Бурхана.
— Ты… Ты сваю душу шукаеш? — ні з таго ні з сяго вырвалася ў Базыля. Ён зусім забыўся, што Бардун вярнуў татарыну душу. Бурхан грукнуў сабе кулаком у грудзі.
— Мая душа тут! Тут яна! Аддаў яе мне ваш лясны шайтан, а я яго агню аддаў! Твой дзядуля… Твой стары не захацеў яго дабіць.
— Гэта ты на паляне пусціў чорную стралу? — спытаў Базыль.
— Я!
— Па тваім знаку на нас напалі?
— Па маім. Чорная страла страх наганяе. А ведаеш, што яшчэ яна нясе?
— Ведаю.
— Што?
— Пагібель.
Базыль стаяў бы ў тумане. Словы быццам самі сабою зляталі з ягонага языка.
— Правільна ты сказаў. Пагібель нясе чорная страла, — усміхнуўся Бурхан. — Усім вам, усяму вашаму роду нясе пагібель. Мяне паслалі, каб праверыў, дзе знаходзяцца вашы. Ты не ведаеш, дзе яны?
— Не ведаю.
— Не хочаш казаць? Што ж мне рабіць з табою? З сабою забраць? Не, будзеш нам замінаць. Цягай цябе за сабою па лесе… Вашы нам на пяты наступаюць.
На вачах у Базыля выступілі слёзы. Ён зразумеў, што татарын задумаў нядобрае. Бурхан стаў на край балота, тупнуў нагою.
— Не хочаш галавою ў балота? Мяне ў яму пасадзілі, радаваліся… Ты тут застанешся. Тут!
"Ён жа хоча мяне ў балоце ўтапіць, — дайшло да яго, да Базыля. — Утопіць… Не здрыганецца ягоная рука. Хіба яму шкада мяне?" Базыля быццам нейкая невядомая сіла падштурхнула. Ён прыгнуўся і з разгону стукнуў Бурхану галавою ў жывот. Татарын узмахнуў рукамі і пляснуўся ў ваду. Вада ўраз скаламуцілася, пачарнела, і дрыгва праглынула Бурхана. Толькі чорныя бурбалкі пабеглі па паверхні мутнай вады.
Базыля затрасло. Ён не стрываў і заплакаў. Неспадзявана нечая рука лягла на ягонае плячо. Ён ірвануўся. Што за ліха? Бардун стаіць каля яго. Усё-ткі знайшоў, дагнаў, на той свет за сабою пацягне.
— Патануў татарын? — прагаварыў Бардун.
— Патануў. А вас татары ў хаціне спалілі! Чаму вы тут? — праз плач прамовіў Базыль.
— Не, мяне не спалілі. Я жывы. Я ўцёк з хаціны. Кхе-кхе-кхе…
— Як уцяклі?
— З маёй хаціны ў лес вядзе падземны ход. Праз падземны ход я і вылез. Я цябе клікаў. Ты баяўся мяне?