БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ
Шрифт:
Сярод выкладчыкаў гэтае школы ў канцы XVI і ў XVII ст. былі такія выдатныя культурныя дзеячы, як Лаўрын Зізані — беларускі пісьменьнік і аўтар славянска -беларускае граматыкі, Кірыл Лукарыс, пазьнейшы Ерузалімскі, а пасьля і Канстантынопальскі патрыярх, Кірыла Транквіліён, Мялет Сматрыцкі, Лявон Карповіч, Земка і інш. Бальшыня з іх здабывалі асьвету ў лепшых замежных унівэрсытэтах, акадэміях і ня суступалі выдатнейшым езуіцкім прафэсаром.
Такія самыя школы былі на Беларусі яшчэ ў Берасьці (заложаная ў 1592 г.), у Вельску (1594 г.), у Пінску, Менску, Магілеве (1597 г.), Воршы (1590 г.). У Берасьцейскай школе вучылі моваў: грэцкае, лацінскае і беларускае,
Першыя каталіцкія школы пачалі зьяўляцца ў першай палове XVI стагодзьдзя. Каталіцкія школы паўставалі пры каталіцкіх катэдрах і парахвіях. Адчыняла іх духавенства, магнаты, шляхта І мяшчане. З катадральных школаў найбольш ведамыя: Віленская, Медніцкая, Троцкая.
Каталіцкія школы былі ў Гаеве на Барысаўшчыне (1522 г.), у Мастох на Лідчыне (1534 г.), у Трабах на Ашмяншчыне (каля 1534 г.), у Старжыне на Меншчыне (1587 г.), у Іказьні (1599 г.), у Задарожжы (1601 г.), у Друі на Дзісеншчыне, у Магілеве, Лагойску, Горадні і іншых месцах. У гэтых школах, апрача духоўных навукаў і Евангельля, вывучалі творы Цыцэрона, Вергілія, Эзопа, Сэнэкі і другіх клясычных паэтаў і прамоўнаў, а таксама беларускую грамату і мову, якая была тады ва ўсім нашым краі ўрадавай мовай.
Калі ў наш край зьявіліся езуіты, яны таксама пачалі закладаць парахвіяльныя, сярэднія і вышэйшыя школы. Парахвіяльныя школы былі адчыненыя ў Начах, Трабах, Мастох, Крамянцы, Новым Двары, Заблудаве, Горадні,Кіеве, Роўне і іншых гарадох. Адзінага навучальнага пляну ў іх ня было, падобна, як і ў школах праваслаўных. Навучалі ў іх чытаць, пісаць, сьпяваць і часамі лічыць. Сярэднія школы, гімназіі, езуіты мелі ў Берасьці, Полацку, Пінску, Вільні, Нясьвежы, Менску, Віцебску, Дзьвінску, Слоніме, Горадні, Слуцку, Воршы, Мозыры, Ілукшце, Наваградку, Паставах ды другіх мясцовасьцях.
У Вільні ў 1578 г. была заснаваная езуіцкая акадэмія. Падобная езуіцкая акадэмія ў 1581 г. была заснаваная і ў Полацку Езуіцкая акадэмія ў Вільні паўстала з школы права, заложанае стараньнем Жыгімонта Аўгуста пры сьвятаянскім касьцёл? ў 1566 годзе. У школе гэтай, кіраванай Петрам Разьюшанам, выкладалася права дзяржаўнае, майдэборскае і саскае. Дзяржаўнае права (Статут Вялікага Княства), земскія прывілеі і канстытуцыя выкладаліся пабеларуску, гэта значыць так, як яны былі напісаныя.
Пашырэньне рэлігійнае вуніі прычынілася да таго, што пачалі паўставаць і вуніяцкія школы пры розных парахвіях і манастырох, прыкладам у Берзьвечы (Дзіееншчына), Барунах (Ашмяншчына), Жыровіцах (Слонімшчына), Мсьціславе, Вільні. Навучаньне ў гэтых школах адбывалася таксама і пабеларуску.
Рэфармацкі і пратэстанцкі рух таксама прычыніўся да разьвіцьця школьніцтва на Беларусі, бо і пратэстанты хацелі ўзгадаваць сабе прапаведнікаў і прыхільнікаў свайго руху. Першая пратэстанцкая школа паўстала ў Вільні ў 1538 г. Шмат пратэстанцкіх школаў зарганізаваў па сваіх дварох князь Мікалай Радзівіл Чорны. Навучаньне дзяцей у гэтых школах адбывалася ў роднай мове. Вучылі ў іх багаслоўя, рыторыкі (навукі аб тым, як гаварыць казаньні і прамовы), паэзіі, дыялектыкі, філёзофіі, гісторыі, а часамі і права. Апрача таго, у пратэстанцкіх школах вывучалі старадаўныя мовы, а таксама беларускую і польскую мову, якая прасякала ўжо ў вышэйшыя магнацкія беларускія колы.
Каля 1560 г. Мікалай Радзівіл Чорны засноўваў кальвініскія (рэфармацкія) школы тыпу гімназіі. Такія школы былі закладзеныя ў Нясьвежы, Сямяцічах, Вільні, Слуцку, Заслаўі, Воршы, Менску, Сьвіслачы, Шклове. Віцебску, Наваградку, Глыбокім, Смаргонях, Варнянах. Навучаньне
Усе школы, дарма што яны былі розных веравызнаньняў, мелі шмат чаго супольнага. Яны зьяўляліся крыніцамі асьветы і дзякуючы ім пашыралася пісьменнасьць ня толькі сярод духавенства, але і сярод магнатаў, шляхты і мяшчанаў. Для сялянаў школы гэтыя былі няпрыступнымі, аднак тады ўжо на Беларусі былі людзі, што думалі аб асьвеце шырокіх масаў «люду паспалітага». Такімі былі, насамперш, славуты доктар Францішак Скарына, а таксама пісьменьнікі Васіль Цяпінскі і Сымон Будны.
Каб даць магчымасьць хутчэйшаму разьвіцьцю асьветы і культуры на Беларусі, доктар Францішак Скарына пераклаў у беларускую мову і выдаў у 1517 г. «Біблію», якая ўважалася тады за найлепшую аснову і падручнік для навукі. Уся Біблія складалася з 22 кніжак. Выдаючы яе, доктар Францішак Скарына пісаў у прадмове, што яна павінна быць: «дзецям малым пачатак усякае навукі, дарослым памнажэньне ў навуцы». Скарына сваймі кніжкамі спрыяў вывучэньню ў тагочасных школах на Беларусі гэтак званых сямёх свабодных навукаў, якія былі ўведзеныя ў вышэйшых школах Эўропы (граматыка, лёгіка, рыторыка, музыка, арытмэтыка, геамэтрыя і астраномія). Скарына так і пісаў, што кнігі свае ён прызначае для навучэньня «сядмі навук вызволеных».
У 1562 г. Сымон Будны выдаў у Нясьвежы пабеларуску «Катэхізіс», а Васіль Цяпінскі — «Эвангельле». У 1596 г. Лаўрын Зізані напісаў славянска-беларускую граматыку і слоўнік. Усё гэта рабілася з мэтай пашырэньня асьветы і культуры на Беларусі.
З гэтага відаць, што ўжо колькі вякоў таму ў беларусаў былі ня толькі беларускія школы, але і беларускія падручнікі.
XIX
Беларускія суды і законадаўства.— Копныя суды.— Судзебнік Казіміра Ягайлавіча.— Статут Вялікага Княства.— Суды намесьніцкія, ваяводзкія, вялікага князя, рады.— Суды земскія, замковыя і падкаморскія.— Агульная характарыстыка суду.
Між людзьмі заўсёды былі і ёсць розныя непаразуменьні, спрэчкі і нават бойкі, якія, тым ці іншым спосабам, трэба разьвязваць і ліквідаваць. Ліквідацыя гэтых канфліктаў у народаў малакультурных адбываецца прымітыўна, а ў культурных арганізавана, у пэўных адзначаных формах, пэўнымі нормамі, у вадпаведных установах. Дзеля гэтага людзі стварылі ўстанову судоў і адпаведныя законы і кодэксы права. Такім парадкам, гісторыя права ці суду да некаторай меры сьведчыць аб разьвіцьці культуры таго ці іншага народу.
У беларусаў спачатку судоўніцтва належала да народных сходаў, веча і часткова да вялікага князя-гаспадара. У кампэтэнцыі гаспадара ці ўстаноўленага ім суду былі, галоўна, справы, у якіх закранаўся інтарэс гаспадарства, а іншыя цывільныя і крымінальныя справы (забойства, калецтва, зьнявага, крадзеж, разбой, ашуканства, чараўніцтва, гранічныя спрэчкі і інш.) разглядалі народныя суды, якія выліліся ў форму г. зв. «копных судоў».
Копныя суды паўсталі ад веча. Само-ж слова, назоў «капа» мае старадаўнае паходжаньне і выводзіцца яно ад слова «капіць», зьбірацца ў купу, сход, натоўп. I тыя месцы, дзе зьбіраліся гэтыя натоўпы, зваліся «каповішчамі», «дворышчамі», «скаповішчамі» і г. д. Копныя суды зьбіраліся пераважна ў найважнейшых месцах гарадоў каля княжых палацаў, на рынках і ад гэтага нават гэным месцам даваліся адпаведныя назовы. Так, прыкладам, у Вільні па сяньняшні дзень адна з вуліцаў, недалёка Замкавае гары, называецца «Скапоўкай».