БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ
Шрифт:
Большая частка беларускіх паноў была настроеная супроць вуніі. Супроць яе была і частка шляхты, але бальшыня шляхты стаяла за далучэньне Вялікага Княства да Польшчы. Польскі дзяржаўны лад здаваўся ёй лепшым для забясьпечаньня свайго панаваньня над запрыгоненымі сялянамі. I яны думалі, што Польшча дасьць Вялікаму Княству належную дапамогу ў вайне з Масквою за Лівонію (Прыбалтыку).
Справа вуніі была шырака абмяркоўваная на чатырох соймах і ўсё ніяк на яе не згаджаліся беларускія магнаты. Пяты сойм, які адбываўся ў 1569 г. у Любліне, калі ён не ішоў паводле іхнае думкі, яны проста сарвалі, пакінуўшы яго. Аднак ваенныя цяжкасьці зрабілі вялікім прыхільнікам вуніі Жыгімонта Аўгуста, і ён, калі магнаты пакінулі сойм, пастанавіў вунію правесьці пры дапамозе шляхты з Падольля, Валыні і Кіеўшчыны, якая засталася ў Любліне, сарвала сувязі з Вялікім Княствамі далучалася беспасярэдна да Польшчы. Тады беларускія магнаты прымушаныя былі вярнуцца ў Люблін. Ад імя іх Юры Хадкевіч выказаў усю крыўду, што рабілася Вялікаму Княству з прычыны касаваньня ягонае незалежнасьці, а беларускія паслы кінуліся на калені і з плачам прасілі Жыгімонта Аўгуста ня губіць іхнага гаспадарства,
Люблінская вунія, як бачым, моцна абмяжоўвала Вялікае Княства Літоўскае, але канчальна яшчэ не ліквідавала ягонае дзяржаўнасьці. Яшчэ пасьля вуніі доўга Вялікае Княства выяўляла сваю беларускую жыцьцёвасьць гаспадарсьцьвенную, культурную і эканамічную.
Пасьля падпісаньня вуніі зараз-жа ў 1569 г. вайна за Лівонію закончылася. У часе яе войска Княства таксама мела вялікія перамогі над расейцамі — у 1564 г. і 1568 г. пад Чашнікамі, каля Улы і каля Віцебска. У 1564 г. пад Чашнікамі войскам Княства кіраваў кн. Мікалай Радзівіл, а ў 1568 г. пад тымі-ж Чашнікамі і каля Улы кн. Сангушка. Бітвой каля Віцебска кіраваў ваявода Пац. Гэтыя перамогі прымусілі цара Івана Грознага памірыцца з Княствам, хоць замест Лівоніі ўдалося яму захапіць толькі Полацк і маленькую частку ўсходніх зямель Лівоніі.
XVI*
Польскі наступ.— Спробы разарваць Люблінскую вунію.— Сьцяпан Баторы.— Далейшы ход вайны з Масквою.— Жыгімонт IV Ваза.— Пашырэньне польскіх уплываў. — Рэлігійныя змаганьні. — Праваслаўе,— Каталіцтва.— Пратэстантызм.— Берасьцейская вунія.
Зараз пасьля падпісаньня Люблінскае вуніі палякі і сіламі пхалі ў Вялікае Княства сваіх агентаў, задачаю якіх было палёнізаваць наш край. Асабліва вялікія стараньні ў гэтым кірунку праявіў польскі каталіцкі закон езуіта^. Езуіты першым чынам стараліся мець уплывы на магнатаў і наварочвалі іх на каталіцкую веру. Цэнтралю сваю езуіты заснавалі ў 1570 г. у Вільні, а адгэтуль перакідаліся ў іншыя гарады, як Полацк, Воршу, Нясьвеж, Віцебск, Менск, Слуцк і далей, дзе буда-валі касьцёлы, закладалі манастыры і школы. Сродкамі ў праводжаньні свае акцыі езуіты не перабіралі. Гэта, як і цяжкія ўмовы Люблінскае вуніі, не падабалася шмат каму з беларускіх магнатаў і таму, калі ў 1572 г. памёр Жыгімонт Аўгуст, шмат магнатаў Беларусі ня толькі было варожа настроена да Польшчы, але яны проста хацелі разарваць з ёю вунію і навязаць бліжэйшыя дачыненьні з Масквой. У сувязі з гэтым яны запрапанавалі выбраць на караля Польшчы і Вялікага Княства сына маскоўскага цара Івана IV — Фёдара. Іван IV адмовіўся даць свайго сына на польскі трон, а прапанаваў сваю кандыдатуру. Палякі, ясна, на гэта не згадзіліся. Тады прадстаўнікі Вялікага Княства зрабілі патаёмную спробу абраць асобна сабе за караля Івана IV. Аднак і гэта спроба не ўдалася. Палякі, даведаўшыся аб ёй, выставілі свайго кандыдата — брата францускага караля Кароля ІX — Генрыха, які і быў абраны ў 1573 г. Але прабыў ён у Польшчы ўсяго колькі месяцаў. У 1574 годзе ён уцёк з польскага пасаду ў Францыю, каб заняць месца пасьля сьмерці свайго брата. Палякі зноў мелі клопат з выбарам караля. На працягу блізу двух год было бескаралеўе, і толькі ў 1576 г. быў абраны за караля Польшчы і Вялікага Княства мадзярскі князь Сьцяпан Баторы (1576—1586), які дакляраваў, што адбярэць ад Расеі ўсе заваяваныя ёю землі Вялікага Княства і Лівоніі (Прыбалтыкі). I запраўды, у неўзабаве нанова ўзьнятай Масквой вайне супроць Вялікага Княства і за Лівонію, перамогу здабыў Сьцяпан Баторы. Ён адабраў ад Расеі вялікую частку беларускіх земляў і горад Полацк.
Сьцяпан Баторы добра разумеў адмоўныя бакі наступу каталіцтва на Беларусь і ўзвышаньня яго, а паніжаньня праваслаўя і таму стараўся злагодзіць разгорнутае рэлігійнае змаганьне. Каб-жа ўзвысіць значаньне праваслаўя, Сьцяпан Баторы пацьвердзіў тыя граматы Вітаўта Вялікага і Казіміра, якія давалі правы на агульную дзейнасьць праваслаўнай царкве. Далёка горш сталася па сьмерці Баторага; калі быў абраны за караля Польшчы і Вялікага Княства Жыгімонт Ваза, што ў Польшчы лічыўся III, а ў Вялікім Княсьцьве IV і панаваў ад 1587 да 1622 г. Ваза, будучы каталіком, спрыяў каталіком і дазваляў крыўдзіць праваслаўе. Тымчасам жыхарства Беларусі ў бальшыні было праваслаўным. Каталікі спатыкаліся толькі дзе-нідзе.
Каталіцтва на Беларусі пачало шырэй распаўсюджвацца ад 1387 г., калі яго прыняла Жмудзь. Тады шмат і беларускіх магнатаў, разам з вялікім князем Ягайлам, з праваслаўя перайшло на каталіцтва. Ад гэнага часу каталіцтва мірна распаўсюджвалася на Беларусі і было ў згодзе з праваслаўем. Тлумачыцца гэта тым, што тады каталіцкія і праваслаўныя духоўнікі былі беларусамі, аднолькава зацікаўленымі ў развоі сілы народу і гаспадарства.
Рэлігійны падзел беларускага народу выкарыстоўвалі ў сваіх мэтах суседзі Беларусі. Гэта ім удавалася тым лягчэй, што беларуская праваслаўная царква і каталіцкі касьцёл з гледзішча ерархічнага лучылі ў залежнасьць ад чужых рэлігійных цэнтраў — Масквы і Польшчы. Каб ня даць ворагам магчымасьці выкарыстоўваньня гэткага стану, беларуская гаспадарсьцьвеная думка імкнулася да вызваленьня царквы і касьцёлу
З мэтай рэлігійнага задзіночаньня беларускага народу ўсьцяж паўстала думка аб вуніі, г. зн. злучэньні праваслаўнае царквы і каталіцкага касьцёлу пад уладай рымскага папы. Спробы ўвядзеньня вуніі практычна, аднак, не ўдаваліся, і рэлігійны падзел заставаўся надалей.
У пачатку XVI ст. на Беларусі пачаў вельмі шырыцца рэфармацыйны pyx. Pyx гэты быў разьвіты перадусім у Нямеччыне, Італіі і Чэхіі ды скіраваны супроць універсальнага панаваньня каталіцкае царквы і папы рымскага і за стварэньне нацыянальных царкоўных арганізацыяў з багаслужэньнем у роднай мове, Такім парадкам паўсталі цэрквы лютаранскія і кальвінскія (пратэстанцкія). Лютаранства і кальвінства сталіся запраўднымі рэлігійнымі навінкамі і ахоплівалі шырокія колы магнацтва і залежнага ад іх баярства. Аб пашырэньні рэфармацыйнага руху між вышэйшымі пластамі беларускага народу можа сьведчыць факт, што з 600 праваслаўных шляхоцкіх фаміліяў у Наваградзкім ваяводзтве засталіся вернымі сваёй старой рэлігіі толькі шаснаццаць. Пратэстанты мелі сваю багатую рэлігійную літаратуру і шмат друкарняў. З іхнага асяродзьдзя выйшла шмат выдатных беларускіх патрыётаў, як, прыкладам, Цяпінскі, Будны. Для пашырэньня пратэстантызму на Беларусі асабліва шмат прычыніўся князь М. Радзівіл Чорны. Ён хацеў зрабіць пратэстанцтва беларускай нацыянальнай верай, што ня была-б падпарадкаванай ані Варшаве, ані Маскве.
Рэфармацыйны рух, аднак, не агарнуў шырэйшых пластоў народу, а трымаўся толькі на вярхох грамадзянства. Другім слабым бокам пратэстанцтва было разьбіццё яго на сэкты. Гэтых сэктаў на Беларусі налічвалася да 70. Кажная уважала толькі сваю веру за праўдзівую і выступала супроць іншых. I гэта было адмоўнаю зьяваю ў жыцьці народу, бо распальвала ў ім рэлігійныя спрэчкі, якія прыймалі часам надта войстры характар.
Асабліва востра супроць рэфармацыйнага руху выступалі каталіцкія манахі з закону езуітаў. Сьцягнуў іх сюды з Польшчы віленскі біскуп Валяр'ян Пратасэвіч дзеля змаганьня з пратэстанцтвам. Усе бадай езуіты былі палякамі. Таму яны, апрача рэлігійнай нецярплівасьці, прынесьлі на Беларусь і першыя асымілятарскія тэндэнцыі і ў надта вострай форме. Польскія езуіты ўтоесамлявалі каталіцтва з польскасьцяй і не сароміліся гэта публічна прапаведваць. Дзякуючы рэлігійнай свабодзе ў Беларусі яны пачулі дасканальны грунт для свае дзейнасьці. Дзейнасьць гэтая ня мела характару запраўднай рэлігійнай працы, а насіла ўсе адзнакі польскага ваяўнічага каталіцызму. Каб уявіць сабе абраз гэтае дзейнасьці, досыць сказаць, што выдатны польскі езуіт Петра Скарга, выступаючы ў Полацку і Вільні, ня ўмеў ці не хацеў адрозьніць каталіцкае рэлігіі ад польскае нацыянальнасьці. Рэлігійны сьветапагляд тагачаснай Польшчы стаяў на тым самым прымітыўным узроўні, як і Масквы, дзе цёмныя праваслаўныя ерархіі таксама не адрозьнявалі праваслаўнай рэлігіі ад маскоўскае нацыянальнасьці.
Польскія езуіты імкнуліся апанаваць касьцёл на Беларусі, зрабіць з яго сродак палёнізацыі. Ведаючы, што пакуль у каталіцкім касьцёле на Беларусі будуць духоўнікі беларусы, датуль гэтая мэта дасягненая ня будзе, яны выкарыстоўвалі факт ерархічнае залежнасьці каталіцкага касьцёлу на Беларусі ад духоўных уладаў у Польшчы і імкнуліся паставіць тут духоўнікамі палякоў. Прадметам іхнай атакі сталася віленская беларуская каталіцкая катэдра. Тут, пасьля пераводу біскупа Юр'я Радзівіла ў Кракаў, польская каталіцкая ўлада хацела паставіць за біскупа паляка Бэрнарда Маціеўскага. Але каталіцкае жыхарства Вільні, у якім гады яшчэ быў моцны нацыянальны дух, спрацівілася прыняць за біскупа цаляка. Пачалося змаганьне. Трывала яно ад 1595 да 1605 г. і на працягу яго віленская біскупская катэдра заставалася незанятай. Гэтае змаганьне набывала штораз вастрэйшых формаў. У міжчасьсі, аднак, езуітам удалося навярнуць на каталіцтва беларускіх магнатаў і ладную частку шляхты, што прыймала гэты каталіцызм у ягоным польскім выданьні, г. зн. не адрозьняваючы каталіка ад паляка. Пры дапамозе гэных магнатаў езуіты здолелі паступова замяняць беларускіх каталіцкіх духоўнікаў польскімі і здабываць каталіцкі касьцёл на Беларусі дзеля сваіх асыміляцыйных мэтаў.
Рэлігійныя спрэчкі ў Вялікім Княсьцьве Літоўскім з цягам часу паглыбляліся. Праваслаўе хоць і было рэлігіяй вялізарнае бальшыні жыхарства, але яно было слабым. Праваслаўнае духавенства было мала адукаваным, часта і зусім няпісьменным. Догматаў свае веры ў масе ня ведала, а абмяжоўвалася вывучэньнем і адгаворваньнем патрэбных малітваў. Матар'яльна яно чулася блага, а на сяле нічым ня розьнілася ад сялянства. З гэтых прычынаў яму цяжка было вытрымаць напор адукаванага, матар'яльна добра пастаўленага каталіцкага і пратэстанцкага духавенства.
Падобнае палажэньне праваслаўнае царквы падсунула польскім езуітам думку лёгкага апанаваньня яе пры дапамозе г. зв. вуніі. Рэлігійная вунія тэарэтычна мела палягаць на злучэньні праваслаўнае царквы і каталіцкага касьцёлу пад прыматам папы, з тым, аднак, што новай вунійнай царкве пакідалася царкоўна-славянская мова і абрады праваслаўнае царквы. Езуіты разглядалі вунію як мост да пераходу праваслаўных у каталіцтва і ніколі не трактавалі новае вунійнае царквы як самастойнай і роўнараднай.
З другога боку, найлепшыя патрыёты краю, будучы сьведкамі рэлігійнага падзелу ў народзе, спагадна паставіліся да думкі аб злучэньні царквы і касьцёлу, манячыся пры дапамозе вуніі засыпаць гэты падзел І стварыць з яе беларускую нацыянальную царкву. Яны разумелі вялікую ролю рэлігіі ў свой час як духовага дзейніка ў нацыянальным вырабленьні народу, аб чым сьведчылі жывыя прыклады, бо XVI стагодзьдзе ў Эўропе — гэта пара паўстаньня розных нацыянальных касьцёлаў. Мікалай Радзівіл Чорны думаў зрабіць нацыянальным касьцёлам у гаспадарсьцьве кальвінства, што яму, аднак, не ўдалося. Іншыя, прыкладам Лявон Сапега, хацелі бачыць гэткі касьцёл у вуніі.