БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ
Шрифт:
«Родная старонка наша апынулася ў новым цяжкім стане. Дзе цяпер улада, што была тут, няведама, мы стаімо перад тым, што наш край можа быць заняты нямецкімі войскамі. Мы павінны ўзяць свой лес ва ўласныя рукі. Беларускі народ павінен зьдзейсьніць сваё права на поўнае самаазначэньне, а нацыянальныя меншасьці на нацыянальна-пэрсанальную аўтаномію. Правы нацыі павінны знайсьці сваё зьдзейсьненьне шляхам скліканьня на дэмакратычных асновах Устаноўчага Сойму. Але і да скліканьня Устаноўчага Сойму ўся ўлада на Беларусі павінна належыць тым народам, якія на ёй жывуць. Выканаўчы Камітэт Рады Першага Усебеларускага Зьезду, папоўнены прадстаўнікамі рэвалюцыйнай дэмакратыі нацыянальных меншасьцяў, зьдзяйсьняючы мэты Зьезду,
Дадзена ў Менску-Беларускім 21 (8) лютага 1918 г.
Выканаўчы Камітэт Рады Усебеларускага Зьезду».
У Народны Сакратарыят, які быў першым беларускім урадам, увайшлі: Язэп Варонка, старшыня і кіраўнік замежных справаў, I Макрэеў — нутраныя справы, А. Смоліч — асьвета, Э. Бялевіч — юстыцыя, др. I. Серада — народная гаспадарка, інж. В. Рэдзька — камунікацыя, П. Бадунова — сацыяльная апека, П. Злобін — для расейскіх справаў, Карач — пошта і тэлеграф, П. Крэчэўскі — кантроля, Т. Грыб — земляробства, Белкінд — скарб, Гутман — першы заступнік старшыні і для жыдоўскіх спраў, К. Езавітаў — вайсковыя справы і другі заступнік старшыні і Л. Заяц — кіраўнік справаў.
У гэным часе, калі беларусы стараліся зарганізаваць сваю дзяржаву і сваю армію, у Усходняй Беларусі па дварох польскіх паноў арганізаваліся польскія аддзелы гэн. Доўбар-Мусьніцкага. Калі бальшавікі ўцякалі з Беларусі, гэн. Доўбар-Мусьніцкі разьвіў шырокую дзейнасьць, забраў Жлобін, Воршу, Рагачоў, Дубна, Бабруйск, Магілеў, рабаваў грамадзкія касы, вёскі, расстрэльваў беларускіх сялянаў і жаўнераў, якія баранілі беларушчыны і якім ён прыпісваў бальшавізм.
У гэтыя неспакойныя часы калі ўлада акупантаў на Беларусі часта зьмянялася і прыходзілі часы безуладзьдзя, атаманшчына з Украіны перакідалася на Беларусь Збройныя аддзелы ўрываліся на беларускае Палесьсе каб яго ўкраінізаваць. У 1918 годзе украінская банда пад назовам «Бурлакі» шырыла пострах у Кобрынскім павеце. Яна забівала беларускіх настаўнікаў, якія працавалі тут у беларускіх школах. Яны глыбака рэзалі нажамі ўздоўж усяго цела свае ахвяры пасыпалі раны сольлю і пакідалі іх паміраць у страшэнных мучэньнях. Яны казалі, што тут павінны быць украінскія школы, а кожнаму беларускаму настаўніку будзе тое самае, калі ён будзе вучыць дзяцей у беларускай школе. Беларускія вайсковыя групы, раскінутыя ў розных арміях у Віцебску, Пецярбурзе, Гэльсынгфорсе, Кіеве і Адэсе, дзе была наймацнейшая група беларусаў з Румынскага фронту, рваліся ў родны край, каб тварыць беларускую армію і бараніць Беларусь, але бальшавікі не дазволілі гэтага зрабіць.
Не зважаючы на такія няспрыяльныя абставіны, усё-ж-ткі, хоць каротка, у Менску і ягонай акрузе была беларуская ўлада, быў зародак Беларускае дзяржавы.
Беларускі ўрад, як толькі прыйшло ў Менск 25 лютага 1918 г нямецкае войска, стараўся, каб яго прызналі. Гэтага ўсе ж ня сталася, пры тым частка Беларусі знаходзілася пад бальшавіцкай уладай. Аднак і ў гэты мамэнт Беларускі Урад праводзіў сваю дзейнасьць, гуртаваў каля сябе людзей і 9.III.1918 г выдаў Другую ўстаўную грамату да народаў Беларусі наступнага зьместу:
«У часе сусьветнай вайны, што бурыць адны моцныя дзяржавы і аслабляе другія, абудзілася Беларусь да дзяржаўнага жыцьця. Пасьля трох з паловаю вякоў няволі зноў на ўвесь сьвет кажа беларускі народ аб тым, што ён жыве і будзе жыць.
1 Беларусь у рубяжох расьсяленьня і лічэбнай перавагі беларускага народу абвяшчаецца Народнаю Рэспублікай
2 Асноўныя законы Беларускае Народнае Рэспублікі зацьвердзіць Устаноўчы Сойм Беларусі, скліканы на асновах агульнага, роўнага, простага, патаемнага і прапарцыянальнага выбарчага права, не зважаючы на род, народнасьць і рэлігію
3 Да часу, пакуль зьбярэцца Устаноўчы Сойм Беларусі, законадаўчая ўлада ў Беларускай Народнай Рэспубліцы належыць Радзе Усебеларускага Зьезду, дапоўненай прадстаўнікамі нацыянальных меншасьцяў Беларусі
4 Спаўняючая і адміністрацыйная ўлада ў Беларускай Народнай Рэспубліцы належыць Народнаму Сакратарыяту Беларусі, які назначаецца Радаю Зьезду і перад ёю трымае адказ
5 У рубяжох Беларускае Народнае Рэспублікі абвяшчаецца свабода слова, друку, сходаў, забастовак, хаўрусаў, бязумоўная свабода сумленьня, незачэпнасьць асобы і памешканьня
6 У рубяжох Беларускае Народнае Рэспублікі ўсе народы маюць права на нацыянальна-пэрсанальную аўтаномію; абвяшчаецца роўнае права ўсіх моваў народаў Беларусі
7 У рубяжох Беларускае Народнае Рэспублікі правапрыватнае ўласнасьці на зямлю касуецца. Зямля перадаецца бяз выкупу тым, што самі на ёй працуюць. Лясы, вазёры і нутро зямлі абвяшчаецца ўласнасьцю Беларускае Народнае Рэспублікі.
8 У рубяжох Беларускае Народнае Рэспублікі ўстанаўляецца найбольш 8-гадзінавы рабочы дзень.
Абвяшчаючы ўсе гэтыя правы і вольнасьці грамадзян і народаў Беларускае Народнае Рэспублікі, мы, Спаўняючы Камітэт Рады Звезду, абавязуемся пільнаваць законнага парадку жыцьця ў Рэспубліцы, сьцерагчы інтарэсы ўсіх грамадзян і народаў Рэспублікі і захаваць правы і вольнасьць працоўнага люду. А таксама даложым усіх сілаў, каб склікаць у найбліжэйшым часе Устаноўчы Сойм Беларусі.
Усіх верных сыноў Беларускае зямлі клічам памагчынам у цяжкой і адказнай нашай працы.
Спаўняючы Камітэт Рады I Усебеларускага Зьезду.
Выдана ў Менску-Беларускім 9 сакавіка 1918 року».
Другая ўстаўная грамата была фактычна пашырэньнем Першае граматы і выразна скіроўвалася да далейшага дзяржаўнага беларускага будаўніцтва.
Ідэя беларускае дзяржаўнасьці рабілася штораз больш папулярнай. Гэтая ідэя разьвівалася сярод сяброў Рады Усебеларускага Зьезду, а таксама сярод беларусаў у Вільні, што стварылі на сваёй канфэрэнцыі 25, 26 і 27.1. 1918 г. Віленскую Беларускую Раду і прыслалі сваіх прадстаўнікоў у Менск. Віленскія беларусы пазбыліся тады-ж думак пра фэдэрацыю з Летувай і шукалі беларускага цэнтру. Незалежніцкія пагляды мелі таксама сябры Беларускага Народнага Прадстаўніцтва, створанага з былых сяброў Беларускага Нацыянальнага Камітэту ў Менску. У склад прадстаўніцтва ўваходзілі беларускія народныя сацыялістыя, хрысьціянскія дэмакраты і беспартыйныя. Такім парадкам беларуская незалежніцкая ідэя ахапляла ўвесь тагочасны беларускі актыў.
Беларускі цэнтр — Рада Усебеларускага Зьезду пашыраўся. Ён папоўніўся прадстаўнікамі гарадоў і земстваў і на паседжаньні 19.111.1918 г, пераназваў Выканальны Камітэт Рады Зьезду ў Раду Беларускае Народнае Рэспублікі. У Прэзыдыум Рады былі выбраныя I. Серада — старшыня, Я. Варонка — сябра і К. Езавітаў — сакратар.
Рада Беларускае Народнае Рэспублікі папоўнілася прадстаўнікамі Віленскае Беларускае Рады і на паседжаньні з 24 на 25 сакавіка 1918 г. абвесьціла Беларусь Незалежнай Народнай Рэспублікай. Акт гэты, званы III устаўной граматай, быў гэтакага зьместу: