БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ
Шрифт:
«Год таму назад народы Беларусі, разам з народам! Расеі, скінулі ярмо расейскага царызму, якое найцяжэй з усіх прыдушыла Беларусь; ня пытаючыся народаў, ён кінуў наш край у пажар вайны, якая дашчэнту зруйнавала гарады і вёскі беларускія. Цяпер мы, Рада БНР, скідаем з роднага краю апошняе ярмо дзяржаўнай залежнасьці, якое было накінутае расейскім царызмам на наш вольны і незалежны край.
Ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца незалежнай і вольнай дзяржавай. Самі народы Беларусі, у васобе свайго ўстаноўчага сойму, пастановяць аб будучых дзяржаўных сувязях Беларусі. На падставе гэтага трацяць сілу ўсе старыя дзяржаўныя сувязі, якія далі магчымасьць чужому ўраду падпісаць і за Беларусь Трактат у Берасьці, што забівае на сьмерць беларускі народ, дзелячы зямлю яго на часткі. На падставе гэтага Урад
БНР павінна абняць усе землі, дзе жыве і мае лічбовую перавагу беларускі народ, а уласьне: Магілеўшчыну, беларускія часьці Меншчыны, Віленшчыны, Гарадзеншчыны, Віцебшчыны, Смаленшчыны, Чарнігаўшчыны і сумежныя часткі суседніх губэрняў, заселеных беларусамі.
БНР пацьвярджае ўсе тыя правы і вольнасьці грамадзян і народаў Беларусі, якія абвешчаныя Устаўной Граматай ад 9 сакавіка 1918 г.
Абвяшчаючы аб Незалежнасьці БНР, Рада яе ўскладае свае надзеі на тое, што усе любячыя волю народы памогуць беларускаму народу ў поўнай меры зьдзейсьніць яго палітычна-дзяржаўныя ідэалы.
25 сакавіка 1818 г. Менск
Рада БНР».
Акт 25 сакавіка 1918 году, якім Беларусь абвяшчалася самастойным незалежным гаспадарствам (дзяржавай), меў вельмі вялікае значэньне. Ён скідаў панаваньне чужынцаў у Беларусі і канчальна разрываў розныя думкі аб фэдэрацыі з Расеяй, Летувай ці Польшчай. Першым пунктам у сваёй працы беларусы паставілі сабе за ўсякую цану здабыць абвешчаную незалежнасьць. Таму беларусы ўсе згуртаваліся каля Рады Беларускае Народнае Рэспублікі. У склад яе 12.1V. 1918 г. былі прынятыя і дэлегаты Беларускага Менскага Народнага Прадстаўніцтва.
Урад БНР зараз-жа дамагаўся, каб незалежнасьць Беларусі прызнала нямецкая ўлада і іншыя гаспадарствы, з якімі навязваў дыплёматычныя сувязі, ды заплянаваў цэлы чарод розных працаў у галіне дзяржаўнага будаўніцтва (прыкладам, у галіне эканамічнай, культурна-прасьветнай, прафэсіянальна-эканамічнай і г. д.).
У Менску і наагул ва ўсёй Беларусі шырака разьвівалася беларуская палітычная і культурная праца. Арганізавалася беларуская армія, школы, выходзілі беларускія газэты. У Менску выходзіла беларуская штодзённая газэта «Беларускі Шлях», «Вольная Беларусь», «Беларуская Зямля», «Беларуская Рада», «Беларускі Ілюстраваны часапіс». У Слуцку выходзіў «Родны Край», у Вільні «Гоман», «Крывічанін», а пасьля «Грамадзянін», «Беларускае Жыцьцё», «Незалежная Беларусь», у Кіеве «Беларускае Слова» і «Беларускае Рэха», у Пецярбурзе «Крыніца», «Чырвоны Шлях», а ў Адэсе «Беларусы ў Адэсе».
Першыя прызналі незалежнасьць Беларусі ўкраінцы і зараз між Беларускай Рэспублікай і Украінай былі навязаныя дыплёматычныя і эканамічна-гандлёвыя дачыненьні. Далей беларускі ўрад спрабаваў навязаць дачыненьні з Савецкай Расеяй і атрымаць ад яе прызнаньне незалежнасьці Беларусі. Але бальшавікі на гэта не згадзіліся. Аднак беларускія кансуляты паўсталі ня толькі на Украіне — у Кіеве і Адэсе, але і ў Маскве, Растове і ў Стаўропалі. Наагул, праца ішла вельмі цяжка, бо мясцовыя нямецкія ўлады афіцыйна не прызнавалі незалежнасьці БНР, хоць часта прызнавалі ейныя дакумэнты. Тады некаторыя з радных высунулі думку зьвярнуцца афіцыйна да імпэратара Нямеччыны Вільгэльма II з просьбай прызнаць незалежнасьць Беларускае Рэспублікі. Думка гэта знайшла шмат прыхільнікаў, тым больш што падобным спосабам летувісам удалося 23.IV. 1918 г. атрымаць ад Вільгэльма прызнаньне незалежнасьці Летувы, якая была абвешчаная 16.11.1918 г. I вось, 25 красавіка 1918 г., Рада БНР бальшынёю галасоў пастанавіла выслаць Вільгэльму II тэлеграму наступнага зьместу:
«Рада Беларускае Народнае Рэспублікі, як выбраная прадстаўніца Беларускага Народу, зварачаецца да Вашай Імпэратарскай Вялікасьці з словамі глыбокае падзякі за вызваленьне Беларусі нямецкімі войскамі з цяжкага ўціску, чужога пануючага зьдзеку і анархіі.
Рада Беларускае Народнае Рэспублікі дакляравала незалежнасьць цэлае і непадзельнае Беларусі і просіць Вашую Імпэратарскую Вялікасьць аб абароне ў яе кіраваньнях дзеля ўмацаваньня дзяржаўнае незалежнасьці і непадзельнасьці краю ў сувязі з Германскай Імпэрыяй.
Толькі пад абаронай Германскай Імпэрыі бачыць
Прэзыдэнт Рады: Іван Серада, Прэзыдэнт Сакратарыяту: Язэп Варонка. Сябры Рады: Раман фон Скірмунт, Антон Аўсянік, Паўлюк Аляксюк, Пётра Крэчэўскі, Язэп Лёсік».
Адказу на тэлеграму беларусы ўсё-ж не дачакаліся і ў Радзе БНР пачаўся падзел. 3 яе выйшла гарадзкая група, левая трупа Беларускай Сацыялістычнай Грамады і інш. У выніку гэтага ў Урадзе паўстала Часовая Рада Пяцёх (Варонка, Езавітаў, Крэчэўскі, Бялевіч і Захарка), але яна нядоўга існавала. Урад прабаваў тады стварыць Р. Скірмунт. Ён паклікаў сабе за міністра скарбу нейкага Хжонстоўскага, за міністра нутраных справаў гэнэрала Кандратовіча, а за радніка Аляксюка. Аднак урад Скірмунта ня выявіў ніякае большае працы. Тады ўрад стварыў Серада, але і ягоны ўрад незадоўга падаўся ў вадстаўку, а новы ўрад зарганізаваў А. Луцкевіч, бяручы на сябе старшынство ўраду і міністэрства замежных справаў. У ўрад А. Луцкевіча ўвайшлі: праф. В. Іваноўскі — міністр асьветы, Т. Грыб — нутраныя справы, А. Цьвікевіч — справядлівасьць, Захарка — скарб, Ладноў — ваенныя справы, Смоліч — земляробства і Варонка — нацыянальныя справы, У склад Прэзыдыуму Рады БНР уваходзілі тады: Лёсік, Уласаў, Смоліч, Крэчэўскі і Лянкоўскі.
Новыя сілы адразу разьвілі энэргічную дзейнасьць. Але вось немцы з прычыны нутраное рэвалюцыі ў Нямеччыне пачалі пакідаць Беларусь, а сьледам за імі пасоўваліся бальшавікі, займаючы беларускую тэрыторыю. Тады Рада Міністраў Беларусі выслала дэлегацыю ў Берлін і Бэрн з пратэстам супроць захвату бальшавікамі Беларусі. Такія самыя дэлегацыі былі высланыя ў Польшчу, Летуву, Лацьвію, Эстонію, Фінляндыю, Данію, Францыю, Баўгарыю, Чэхію і іншыя гаспадарствы. Дэлегацыі гэтыя з адпаведнымі мэмарандумамі І з брашурай праф. М. Доўнар-Запольскага. «Асновы дзяржаўнасьці Беларусі», выданай пабеларуску, панямёцку, пафранцуску, папольску і парасейску, стараліся прызнаньня незалежнасьці Беларусі і дапамогі для беларусаў у змаганьні за сваю незалежнасьць. Тагочасны нямецкі ўрад не хацеў перадаць улады беларусам і дапамагчы арганізаваць беларускія вайсковыя аддзелы. Ён у Менску ўладу перадаў бальшавіком і 9 сьнежня 1918 г. нямецкае войска пакінула горад. Рада і Урад Беларускае Народнае Рэспублікі не маглі яго абараніць і пастанавілі выехаць у Вільню і Горадню і там арганізаваць абарону ад бальшавікоў.
Бальшавікі мелі, аднак, сваіх прыхільнікаў і сярод беларусаў. I калі яны занялі Смаленск, хутка 26.XII.1918 г. адбыўся зьезд беларусаў-бальшавікоў, які, маючы на мэце далейшае змаганьне за савецкую бальшавіцкую ўладу на Беларусі, пастанавіў стварыць Беларускую Савецкую Рэспубліку, абвяшчаючы аб гэтым адпаведны акт 1 студзеня 1919 г. На чале беларускага савецкага ўраду сталі беларусы: Жылуновіч, Чарвякоў, Дыла, Чарнушэвіч, Пузыроў і Квачанюк. Апрача таго, у урад увайшло колькі жыдоў і расейцаў
Такім парадкам паўстала два беларускія ўрады — адзін бальшавіцкі ў Менску, а другі нацыянальны, які быў у Гарадзеншчыне і Віленшчыне, дзе, зарганізаваўшы беларускую ўладу, беларускія вайсковыя аддзелы, прэсу, тэатр, школы, стараўся бараніць Беларусь ад бальшавікоў.
Бальшавікі, заняўшы Менск, пасоўваліся далей на захад. З захаду-ж ішлі на ўсход польскія аддзелы Вайсковыя беларускія аддзелы Беларускае Народнае Рэспублікі ня былі нагэтулькі моцнымі, каб даць адпор адным і другім чужым аддзелам, займаючым беларускія землі Усё-ж-ткі, хоць у цяжкіх абставінах, беларусы змагаліся і з бальшавікамі, і з палякамі. Асабліва войстрае змаганьне з палякамі было ў Гарадзеншчыне, дзе польскія легіянеры, не зважаючы на пратэсты Беларускага Ураду, зьдзекаваліся над беларусамі, падступна раззброіўшы першы беларускі полк пяхоты і кавалерыі, закрылі беларускія газэты («Беларуская Думка», «Бацькаўшчына», «Родны Край»), арыштавалі беларускіх дзеячоў (пратаярэя Корчынскага, д-ра Бялецкага, Курлова, Грыба і іншых), білі беларускіх сялян і расстрэльвалі, палілі вёскі, зачынялі цэрквы і г. д. Беларусы ў змаганьні з палякамі знайшлі тады сабе саюзьнікаў у летувісах, якія таксама змагаліся з бальшавікамі і палякамі. Між беларусамі і летувісамі стварыўся супольны фронт і дружба. На аснове дагавору паміж Віленскай Беларускай Радай і Прэзыдыумам Летувіскай Рады з 15, 20, 21, 23, 26 і 27 лістапада 1918 году пры Летувіскім урадзе паўстала Міністэрства Беларускіх Спраў. Галоўныя пункты ўмовы былі наступныя: