Гронкі гневу
Шрифт:
Кейсі заглянуў ёй у самыя вочы.
— Бывайце, — сказаў ён.
Яна кіўнула яму галавой і моцна сцяла губы. І прапаведнік выйшаў з паўзмроку палаткі на сляпучае сонечнае святло.
Мужчыны рабілі пагрузку. Дзядзька Джон стаяў на кузаве, а астатнія падавалі яму рэчы. Ён акуратна расстаўляў іх, стараючыся, каб было як мага раўней. Маці выняла салёную свініну з бочачкі і паклала ў рондаль, а Том з Элам схадзілі да ракі і памылі абедзве бочачкі. Потым прывязалі іх да падножак грузавіка, налілі вадой, якую прынеслі ў вёдрах. Зверху завязалі бачуркі парусінай, каб вада не расплюхалася ў
Том сказаў:
— З такім грузам калымага наша моцна перагрэецца. Вялікі запас вады трэба мець.
Маці раздала ўсім вараную бульбу, вынесла з-пад брызенту астатнія паўмяха бульбы і паставіла яго ля рондаля са свінінай. Усе елі стоячы, пераступаючы з нагі на нагу і перакідаючы з далоні на далонь гарачыя бульбіны, каб яны астылі.
Маці пайшла ў палатку Ўілсанаў, прабыла там хвілін дзесяць і ціхенька выйшла.
— Пара ехаць, — сказала яна, падышоўшы да мужчын.
Мужчыны зайшлі пад брызентавы навес. Бабка спала з шырока раскрытым ротам. Яны асцярожна паднялі матрац і паклалі яго на самы верх грузавіка. Бабка падабрала свае кашчавыя ногі, але не прачнулася.
Дзядзька Джон з бацькам перакінулі брызент цераз верхнюю перакладзіну так, што атрымалася нешта накшталт стрэшкі, і прывязалі яго да бакавых планак бартоў. Цяпер усё было гатова. Бацька дастаў з кішэні кашалёк і выняў з яго дзве пакамечаныя паперкі. Ён падышоў да Ўілсана і падаў яму грошы.
— Вось, прыміце ад нас і… — ён паказаў на рондаль са свінінай і мяшок з бульбай, — і гэта.
Уілсан панурыўся і рашуча пакруціў галавой.
— Не, я гэтага не зраблю, — сказаў ён. — У вас у саміх мала.
— На дарогу нам хопіць, — сказаў бацька. — Не апошняе аддаём. А прыедзем на месца, у нас работа будзе.
— Не, я гэтага не зраблю, — паўтарыў Уілсан. — Лепш не ўгаворвайце, зазлую.
Маці ўзяла з рук бацькі абедзве паперкі, акуратна перагнула іх напалам і паклала на зямлю, а зверху паставіла рондаль са свінінай.
— Вось дзе яно будзе, — сказала яна. — Не возьмеце вы, возьмуць іншыя.
Уілсан павярнуўся, не падымаючы галавы, і пайшоў да сваёй палаткі, і за ім захінуліся полкі.
Джоўды пачакалі яшчэ некалькі хвілін, і тады Том сказаў:
— Трэба ехаць. Цяпер ужо, пэўна, каля чатырох.
Усе забраліся на грузавік, маці наверх — бліжэй да бабкі. Том з Элам і бацькам селі ў кабіну, Уінфілд — на калені да бацькі. Коні і Ружа Сарона прымасціліся каля пярэдняй сценкі. Прапаведнік, дзядзька Джон і Руці паселі хто дзе сярод паклажы.
Бацька крыкнуў:
— Місіс Уілсан, містэр Уілсан, бывайце!
З палаткі не адказалі. Том завёў матор, і грузавік цяжка зрушыў з месца. І калі яны папаўзлі па разбітай дарозе, што вяла да Нідлса і да шашы, маці азірнулася. Уілсан стаяў з капелюшом у руцэ і пазіраў ім услед. Сонца біла яму проста ў твар. Маці памахала яму рукой, але ён не адказаў ёй.
Том вёў грузавік на другой скорасці, каб не папсаваць рысоры. На ўскраіне Нідлса ён спыніўся каля заправачнай станцыі, праверыў, ці не спускаюць камеры і ці моцна прывязаны запасныя шыны. Заправіў гаручым бак, купіў яшчэ дзве пяцігалонавыя каністры бензіну і адну двухгалонавую бляшанку масла. Ён заліў у радыятар
Малады чалавек у белай форме прыкметна нерваваўся, абслугоўваючы Тома, і супакоіўся толькі тады, калі яму заплацілі па рахунку.
— Храбры вы народ, — сказаў ён.
Том адарваў вочы ад карты.
— Гэта чаму ж?
— Праз пустыню ў такім драндулеце?
— А ты сам праз яе пераязджаў?
— І не адзін раз, толькі не ў гэтакай скрыні.
Том сказаў:
— Калі будзе паломка, хто-небудзь нас, думаю, выручыць.
— Што ж, можа, і выручыць. Але сярод ночы людзі баяцца спыняцца. Я нізашто б не спыніўся. Храбрасці не хапіла б.
— Думаеш, мы храбрыя? Нам проста нічога больш не застаецца. Ну, дзякуй табе. Пацягнемся далей. — Том сеў у кабіну і паехаў ад станцыі.
Малады чалавек у белым увайшоў у домік з рыфленага жалеза, дзе яго памочнік праглядаў папку з рахункамі.
— О божа, ну й адчайны народ!
— Хто — Окі? Яны ўсе адчайныя.
— На такім драндулеце я пабаяўся б і з месца скрануцца.
— У нас з табой здаровы розум. А ў гэтых чортавых Окі ні разумення ніякага няма, ні чалавечых пачуццяў. Яны і не людзі. Сапраўдны чалавек не будзе так жыць, як яны. Сапраўдны чалавек не прымірыўся б з такім брудам і ўбоствам. Яны не нашмат лепшыя за гарыл.
— А ўсё ж добра, што мне не трэба ехаць праз пустыню на такім дапатопным «гудзоне». Тарахціць, як малатарня.
Памочнік паглядзеў на папку, што ляжала перад ім. Буйная кропля поту скацілася з яго пальца і ўпала на ружовыя лісткі.
— Ведаеш, іх нічым не напалохаеш. Яны такія бязмозгія, нават не ўяўляюць сабе, як гэта небяспечна. І, далібог, далей свайго носа нічога не бачаць. Ёсць за каго перажываць!
— Я не перажываю. Проста ўявіў сябе на іх месцы. Не, нізашто не хацеў бы!
— Бо ты разумееш, што да чаго. А яны нічога не разумеюць, — сказаў памочнік і выцер рукавом кроплю з ружовага рахунка.
Грузавік выехаў на шашу і пачаў узбірацца на пакаты ўзгорак між абламаных, выветраных скал. Вада ў радыятары неўзабаве закіпела, Том прыняў гэта як належнае і паехаў цішэй. Вышэй і вышэй па доўгім схіле, дарога выгіналася і пятляла па мёртвай мясцовасці, выпаленай сонцам да шэрасці, да белізны, без ніякіх прыкмет жыцця. Том зрабіў кароткі прыпынак, каб астыў матор, потым рушыў далей. Яны ўзняліся на перавал яшчэ да захаду сонца і зірнулі ўніз на пустыню — чорныя, як сажа, горы ўдалечыні і жоўтыя блікі сонца на шэрай пустэльнай зямлі. Маленькія чэзлыя пучкі травы, быльнёг і кусцікі жорсткага хмызу кідалі рэзкія цені на пясок і на абломкі скал. Сляпучае сонца свяціла ім проста ў вочы. Том прыкрыў іх рукой, каб відаць была дарога. Яны перавалілі цераз грэбень і пакаціліся ўніз з выключаным маторам, каб даць яму астыць. Так яны спускаліся па доўгім схіле да пустыні, а вентылятар круціўся, халодзячы ваду ў радыятары. Том, Эл і бацька з Уінфілдам на каленях глядзелі на яркае сонца над гарызонтам, і вочы ў іх былі як шкляныя, загарэлыя твары блішчалі ад поту. Выпаленая зямля і чорныя, як сажа, горы парушалі роўную далеч пустыні і рабіліся яшчэ страшнейшымі ў пачырванелых промнях заходняга сонца.