Крыніцы
Шрифт:
— …Таварыш Лемяшэвіч увееь час не зусім скромна, я павінен сказаць, імкнуўся давесці, што ў яго школе ўзорная дысцыпліна, узорная выхаваўчая работа. Але пакінем яго думку пры ім. Звернемся да фактаў, жывых фактаў… А яны вельмі свежыя… Літаральна на гэтым тыдні вучні старэйшага, дзесятага класа двойчы дэманстратыўна сарвалі ўрокі, абразілі настаўніка… І што вы думаеце? Факты гэтыя атрымалі належную ацэнку з боку дырэктара, педкалектыву? Не! Таварыш Лемяшэвіч замест таго, каб зрабіць належныя вывады, даць адпор хуліганам i парушальнікам, па сутнасці пачаў абараняць ix. Бачыце, ён убачыў у гэтым нейкія «педагагічныя»
— Выдатна працаваў,— сказаў Малашанка.
— Але, пакуль не было вучоных выхавацеляў,— груба пажартаваў Бародка. — А мы ставім задачу, каб у нас пасля школы моладзь заставалася ў калгасах, у МТС. Не так трэба выхоўваць, таварыш Лемяшэвіч, каб яна заставалася! Менш трэба «педагагічных» вопытаў, а больш практычнай работы! Выхаванне моладзі ў духу камунізму — цяжкі, але вялікі i пачэсны наш абавязак… Мы не можам забываць пра гэта ні на адну хвіліну! Цяпер Лемяшэвіч, відаць, каб апраўдаць сябе, пачаў вайну супроць беспартыйнага завуча, абвінавачваючы яго ва ўсіх грахах смяротных. Райана трэба вельмі сур'ёзна разабрацца ў гэтай справе…
«Хто інфармаваў Бародку? — думаў увесь час Лемяшэвіч. — Загадчык райана Зыль не мог так інфармаваць. Прыходчанка? Таксама, відаць, не… Значыцца, сам Арэшкін скардзіўся, — сумненне знікла пасля апошніх слоў сакратара. — Вядома, сам…»
I Лемяшэвічу было дзіўна i незразумела, чаму Бародка, усё-такі разумны чалавек, выдае ў адказным дакладзе за ісціну тое, што расказаў яму адзін пакрыўджаны. «Зноў без праверкі, без гутаркі з другімі людзьмі… Дзе ж яго аб'ектыўнасць? Калі ён i іншых так крытыкаваў — кепска яму будзе!»
Тым часам Бародка на ўздыме, з пафасам скончыў свой даклад. Ён, безумоўна, чакаў грому апладысментаў, як звычайна, таму i затрымаўся каля трыбуны, але пачуліся асобныя, нясмелыя ці як бы ў насмешку, воплескі — запляскала колькі чалавек у адным, потым у другім кутку. Бародку гэта ашаламіла. Ён не разумеў, што здарылася, бо цвёрда быў перакананы, што даклад яго ідэйны i баявы. Дзе ж памылка? Ён раптам адчуў зморанасць і, пакінуўшы папку з дакладам на трыбуне, хутка сеў.
— Ёсць прапанова: пытанні задаваць у гйсьмовай форме, — сказаў Птушкін. — А зараз абвяшчаецца…
— У мяне вуснае пытанне! — прагучаў раптам моцны голас з залы. Узняўся высокі малады чалавек у сінім бастонавым касцюме. Яго мала хто ведаў; не ведалі яго ні Лемяшэвіч, ні Цолаз, ні ix суседзі па лаве; потым высветлілася, што гэта новы механік Зарэчнай МТС Кавалёў, які раней працаваў механікам у абкомаўскім гаражы.
— У мяне пытанне. Завошта таварыш Бародка атрымаў вымову на бюро абкома?
Спакойна спытаў i спакойна сеў. Зала ўраз прыціхла, тыя, што хацелі выходзіць, застылі на месцы.
Разгублены, Птушкін павярнуўся
— А якое гэта мае дачыненне да даклада?
— A хіба гэта тайна… ад канферэнцыі? — у сваю чаргу спытаў Кавалёў.
Адчуваючы няёмкасць становішча i няздатнасць Птушкіна замяць гэтую непрыемнасць, Бародка ўмяшаўся сам:
— Я адкажу таварышу… — ён не помніў яго прозвішча, — калі буду адказваць на ўсе іншыя пытанні…
A ў пакоі для прэзідыума, куды выйшлі ў часе перапынку, Бародка сказаў Малашанку:
— Гэта правакацыя Лемяшэвіча! Ён проста расперазаўся пасля бюро. Нельга пры такіх людзях разносіць сакратара райкома…
Валатовіч, пачуўшы гэтыя словы, абурыўся:
— Табе ўсюды здаецца правакадыя. Яны да сённяшняга дня адзін аднаго ў вочы не бачылі.
— Да сённяшняга!.. Такія хутка могуць спецца.
Малашанка, мяшаючы лыжачкай чай, заўважыў:
— У партыі дысцыпліна адна для ўсіх i тайны ад камуністаў няма.
— Ты сам напрасіўся на такое пытанне. Людзі помняць усю гісторыю: газета абвяржэнне друкавала, — сказаў Валатовіч. — Тваю крытыку ўспрынялі як помету! Інакш ацаніць i нельга!
Бародка ўскіпеў.
— Вы мяне не лавіце, таварыш Валатовіч! Свае памылкі я сам ведаю!
— Аднак ты ні слова не сказаў пра ix.
— Цішэй, таварышы, — супакоіў ix Малашанка. — Для спрэчак ёсць трыбуна.
Першыя з выступаючых, падрыхтаваныя загадзя, гаварылі кожны пра работу сваёй арганізацыі — пра свой калгас, сельсавет, МТС, асцярожна i ў меру, якая стала шаблонам, крытыкавалі райком. Дырэктар Крыніцкай МТС Рашчэня першы шчыра сказаў, што даклад сакратара яго не задаволіў.
— Я ажно здзівіўся. Далібог. Што такое, думаю! Арцём Захаравіч, які так любіць самакрытыку, не знайшоў ніводнага слова, каб сказаць пра нашы агульныя недахопы, пра работу райкома. І гэта ў такі час, таварышы! Я чытаю пастанову пленума, i мне здаецца, што члены ЦК проста на наш раён глядзелі, калі пісалі яе. Усё — як у нас. І вось зараз партыя робіць такі пералом у кіраўніцтве сельскай гаспадаркай, выкрывае ўсё — начысціню… Каб усё было відаць. Вось як! Такога даклада, баявога такога, шчырага, як пастанова, чакаў я ад Арцёма Захаравіча… А выходзіць, што ва ўсім адзін Кляўкоў вінаваты. Ай, які злачынца Кляўкоў!
— Мы па гэтых пытаннях два пленумы правялі, таварыш Рашчэня, — падаў рэпліку Бародка.
— Правялі? — як бы здзівіўся Рашчэня. — Ого! І што ж — адразу пастанову выканалі? Правялі — i крышка: усё зроблена! На канферэнцыі, у справаздачы райкома, можна i не гаварыць ужо? Так, ці што? Вось як мы працуем — люба-міла! Абы праведзена было! Мы i на месцах ужо прывыклі так: сход праведзены — справа зроблена! Абы ціха было!..
Ніхто з дэлегатаў, апрача крынічан, не зразумеў з даклада, што ж здарылася ў Крыніцкай школе. Дакладчыку пасылалі запіскі з просьбай растлумачыць падрабязна. Бародка чытаў гэтыя запіскі i паціскаў плячамі: ніколі яшчэ не было такой павышанай цікавасці да школьных спраў. Звычайна пытанні асветы на канферэнцыях закраналі толькі загадчык райана i дырэктары школ, ды i то апошнія — у канцы сваіх выступленняў, пасля спраў калгасных, бо пераважная большасць ix была сакратарамі партарганізацый.