Крыніцы
Шрифт:
Ён спытаў:
— Марына Астапаўна дома?
У адказ ляпнула засаўка, дзверы адчыніліся, у цемры сенцаў мільганула белая постаць. Ён увайшоў у хату следам за постаццю, чыркнуў запалку. У той палавіне хаты, якая некалі служыла за кухню i ў якой стаяў адзін стол, цяпер перш за ўсё яму кінуўся ў вочы ложак i на ім дзве ўскудлачаныя галавы — жанчыны i дзяўчынкі. Незнаемая жанчына паглядзела на яго i адразу нацягнула коўдру на твар, схавалася, нібы баючыся, што яе пазнаюць. Адчуўшы прысутнасць другога чалавека, ён павярнуўся. На ляжанцы нехта масціўся, уздыхаючы, пэўна, тая старая, што адчыніла, але запалка дагарэла, i Бародка не разгледзеў яе.
Ён прайшоў у чыстую
— Ты, Арцём?
— Дзе лямпа? — не прывітаўшыся, спытаў ён.
— Там, на кухні.— І раптам яна схамянулася. — Чакай, я сама. Там людзі.
Яна саскочыла на падлогу ў адной кароткай сарочцы, нячутна праслізнула міма яго, i праз момант ён адчуў ад дзвярэй пах газы, потым убачыў, як яе постаць праплыла да стала.
Калі ён запаліў лямпу, яна сядзела на ложку, накрыўшы ногі коўдрай, а плечы i грудзі хутала ў вялікую шарсцяную хустку.
— Што гэта за людзі?
— А гэта тая самая настаўніца… Сухава. Я вырашыла пусціць ix. На прыватнай ім цяжка — тры душы. А яна ціхая жанчына, i — галоўнае — дзяўчынка ў яе цікавая такая. — Твар Марыны Астапаўны радасна праясніўся, але яна глянула на Бародку i ўстрывожана спытала:
— Што здарылася, Арцём?
Ён наблізіўся да ложка, цень ад яго ўпаў на Марыну і, вялізны, закалыхаўся на сцяне. Ён зрабіў pyx, быццам хацеў абняць яе, але не абняў i зноў прайшоўся па пакоі, шчыльней прычыніў дзверы.
— Што ж, гэта i лепш… Кватэра нам не трэба больш. Паедзем..
— Куды паедзем?
— Куды? — Ён на момант сумеўся, бо не думаў яшчэ, куды можна паехаць. — Знойдзем месца… Пражывём!
— Не, ты скажы, што здарылася?
Бародка зноў спыніўся каля ложка, i твар яго так скрывіўся ад болю i злосці, што Марына спалохалася.
— Што здарылася? Мяне пракацілі… Не выбралі… Вось што здарылася… Гэта — удзячнасць за тое, што я шэсць год не ведаў ні дня, ні ночы, працаваў, як вол… І вось — калі ласка… Даволі было выступіць нейкаму Валатовічу, які зрабіў прыгожы жэст — пайшоў у калгас… Даволі было гэтаму старому дэмагогу 'згрупаваць вакол сябе розных Лемяшэвічаў, i яны зрабілі, што захацелі! Дэмакратыя! Не! Гэта не дэмакратыя, гэта — анархія. Дрэнна яны разумеюць дэмакратыю! І Малашанка — дрэнь… Стары друг! Кар'ерыст!..
Пакуль ён хадзіў па пакоі i злосным паўшэптам выказваў сваё абурэнне, Марына Астапаўна сядзела моўчкі. Абхапіўшы рукамі калені, накрытыя коўдрай, яна ўзлягла на ix падбародкам i, здавалася, не слухала, што кажа Бародка, а думала пра нешта сваё.
Калі ён нарэшце спыніўся i перастаў гаварыць, яна сказала ціха, як бы адказваючы сваім думкам:
— Нікуды я больш не паеду!
Бародка ступіў да ложка, сцягнуў хустку i сціснуў сваімі халоднымі пальцамі яе голыя гарачыя плечы.
— Марына! Я ляцеў да цябе сярод ночы. Ты ў мяне адзіны родны чалавек. I ты павінна зразумець… Нарэшце, калі ты хочаш ведаць, то ўсё i заварылася з-за цябе.
Яна спакойна адняла яго рукі ад сваіх плячэй і, ківаючы галавой, ціха, але ўпарта паўтарыла:
— Я не паеду, Арцём.
Ён зморана сеў на ложак каля яе ног, закрыў твар рукамі.
— Але… вядома… Цяпер я табе не патрэбны. — У голасе яго не было ўжо ні злосці, ні гневу, але не было i жалю, скаргі, a
А яна, адказала не яму, a сваім патаемным думкам:
— Мне трыццаць пяць год… Але… Я многа ездзіла, шукала. А чаго шукала? Шчасця? А шчасце — гэта так проста… Вунь нават Сухава i тая шчаслівей за мяне… У яе памёр муж, але ў яе дачка… Харошанькая такая дзяўчынка! Беленькая, вочкі блакітныя… цэлы дзень звініць, ажно ў хаце павесялела, быццам вясна прыйшла… — Яна цяжка ўздыхнула. — Калі мяне пакінуў першы муж, я страшна перажывала, але не разумела яго тады, а цяпер разумею. Мне было дваццаць тры, а яму трыццаць, яму вельмі хацелася мець дзіця… Я думала, што знайшла шчасце, калі сустрэлася з табой… Сапраўды, тры гады я адчувала сябе шчаслівай… Мой другі муж плакаў, калі я пакідала яго, цалаваў рукі i прасіў, ён кахаў мяне, але я ненавідзела гэтага хлюпіка… Я жыла з ім, а думала пра цябе… Ты паклікаў — i я прыляцела сюды, з горада… Прыляцела з надзеяй… На што я спадзявалася? На шчасце? На якое? На крадзенае шчасце? Не, больш я не хачу крадзенага шчасця! Якое гэта шчасце! Божа мой! Каб мне дзіця! — раптам прашаптала яна i хвіліну маўчала. — Але позна ўжо; кажуць, бабскі век — сорак год… Куды ты мяне клічаш, Арцём? Навошта? Навошта я табе? На пацеху? Так? — раптам злосна i гучна спытала яна, вочы яе бліснулі. Бародка адняў рукі ад твару i здзіўлена паглядзеў на яе. — Калі цябе напаткала непрыемнасць, ты адважваешся звязаць свой лёс з маім, a ці надоўга? Вось ты кажаш: усё гэта з-за мяне. І ты не даруеш… я ведаю — ты не даруеш мне. Я ведаю, што для цябе даражэй… І нікуды ты далека не паедзеш! У цябе сям'я, дзеці… Дзеці! I пасаду новую табе дадуць толькі тут. Дык чаго ты шукаеш? У цябе ж усё ёсць! Праўда, сёння ты многа страціў — я разумею. Для цябе гэта цяжкі ўдар… Але для ўцехі ты знайшоў вінаватых!
Ён хмыкнуў неяк неазначальна — не то пагардліва, не то сумна, устаў i адышоў да стала. Нечакана груба спытаў:
— Выпіць ёсць што? Я стаміўся, як чорт.
Марына Астапаўна адмоўна паківала галавой, мабыць, прадаўжаючы яшчэ думаць пра свой лёс.
— Не чакала? — іранічна спытаў ён.
— Не чакала, — прызналася яна.
31
Даша Жураўская прыладжвала новыя гардзіны на вокны, калі вярнуўся з работы Раман Карпавіч. Сын адразу кінуўся да бацькі, дачка, стараючыся трымацца ў свае сем год па-даросламу, прадаўжала памагаць маці.
Адсунуўшы канапку, паставіўшы на табурэт дзіцячае крэсла, Даша стаяла на ім перад акном, босая, у халаце, шырокія рукавы якога ўпалі на плечы i агалілі прыгожыя рукі, яшчэ бронзавыя ад летняга загару, i прымацоўвала карніз.
— Зноў? — дакорліва спытаў муж. Даша любіла, каб у кватэры было прыгожа, утульна, i бясконца купляла новыя рэчы.
— Не, ты спачатку паглядзі, якія танныя, a якія прыгожыя… Не заўсёды такія купіш, паўдня ў чарзе стаяла, — яна трымала ў роце цвічкі i таму гаварыла смешна; сын, якога бацька ўзяў на рукі, пачаў смяяцца i перадражніваць.
Раман Карпавіч не стаў спрачацца i пайшоў мыць рукі.
— А скажы — хіба не прыгожа? — спытала Даша, калі ён вярнуўся. Ёй, як кожнай жанчыне, хацелася, каб муж пахваліў пакупку. Яна сядзела каля стала, надзявала на шнурок другую гардзіну i любавалася на тую, якая вісела ўжо. Ён усміхнуўся ў адказ, але зусім не так, як заўсёды пры такой размове, — неяк кісла, іранічна. Яна заўважыла гэта i насцярожылася.
— Пачакай, скончу — будзем абедаць.
— Калі ласка, — адказаў муж, не праяўляючы асаблівай цікавасці i да абеду.