Крыніцы
Шрифт:
У адной запісцы прапанавалі даць слова Лемяшэвічу.
Але ўсё растлумачыў Валатовіч. Ён пачаў з таго, што папрасіў прадоўжыць яму рэгламент. Дэлегаты хорам падтрымалі:
— Даць! Да-даць!
— У мяне, таварышы, ёсць многа пра што сказаць i — галоўнае — пра нашы калгасныя справы, пра нашу сельскую гаспадарку. З ix я хацеў пачаць. Але пачынаю не з ix. Вінаваты ў гэтым дакладчык. Я пачынаю з таго, чым па сутнасці таварыш Бародка скончыў — з яго крытыкі Крыніцкай школы i яе дырэктара Лемяшэвіча. Я мушу гаварыць пра гэта таму, што, на маю думку, у гэтай, з дазволу сказаць, «крытыцы» асабліва яскрава выявіўся стыль работы першага сакратара i яго метад самой крытыкі… Вядома, што даклад зацвярджаўся на бюро. І
Бародка падпёр лоб левай рукой так, што твару яго, вачэй з залы не было відаць, i нешта глыбакадумна занатоўваў у блакнот з такім выглядам, быдцам усё гэта гаворыцца не пра яго.
— А што датычыцца крытыкі Лемяшэвіча, то тут наогул непрыгожая гісторыя. Тут пахне пометай… Так, так, — рашуча пацвердзіў Валатовіч, убачыўшы хуткі позірк Бародкі.— Мне здаецца, таварыш Кавалёў недарэмна задаў на першы погляд бестактоўнае пытанне. Усе помняць фельетон у абласной газеце. Паклёп на сумленных людзей санкцыяніраваў Бародка i за гэта атрымаў вымову на бюро абкома, дзе разбіралася ўся справа. Што ж зараз адбылося ў Крыніцкай школе?
Ён падрабязна расказаў пра канфлікт Алёшы Касцянка з Арэшкіным, пра вывады педкалектыву.
— Як бачыце, факт не заслугоўвае таго, каб прысвячаць яму гэтулькі часу на раённай партканферэнцыі… Звычайны выпадак з жыцця школы… Мне думаецца, каб таварыш Бародка праверыў сам, калі гэта зацікавіла яго, ён не зрабіў бы такіх нечаканых вывадаў, не сказаў бы, што ў школе адсутнічае выхаваўчая работа. Можна спрачацца з педагагічнага пункту гледжання, ці ўсюды правільна i разумна паступаў дырэктар школы. Гэта справа іншая. Можна не згаджацца з Лемяшэвічам. Але трэба не забываць, што выхаванне — гэта не адны ўрокі, сухія маралі, праборкі на сходах. Не! Выхаванне — гэта вельмі складаны працэс. І нельга, не разабраўшыся, апраўдваць такога тыпа, як Арэшкін, i ганіць..
— Ніхто нікога не ганіць! — перапыніў яго Бародка. — A Арэшкін — не тып, таварыш Валатовіч! Гэта вы з Лемяшэвічам так адносіцеся да беспартыйнага педагога!
— Дэмагогіяй займаешся, Арцём Захаравіч!
— Ваша выступленне — дэмагогія…
Малашанка павярнуўся да прамоўцы:
— Гаварыце канферэнцыі!
Валатовіч, відаць, усхваляваны гэтай спрэчкай, хвіліну маўчаў, гартаючы блакнот. Потым як бы пачаў выступление нанава:
— Таварышы!.. Адразу хачу папярэдзіць: як член бюро i былы старшыня райвыканкома я не здымаю віны з сябе за ўсе недахопы ў кіраўніцтве калгасамі… Больш таго, віна мая, як i іншых членаў бюро, павялічваецца ад таго, што мы доўга маўчалі, ішлі за першым сакратаром, прыглушаныя яго аўтарытэтам…
Валатовіч выказаў усё тое, што ён некалі яшчэ ўлетку гаварыў Бародку ў яго кабінеце, i свае думкі аб планаванні, аб рабоце МТС i аб падборы людзей на пасады старшынь калгасаў.
— … Людзей у нас пайшло ў калгасы нямала, i людзей дастойных. Гэта радасна. Праўда, трэба сказаць шчыра, не ўсе ішлі добраахвотна i з вялікім жаданнем. З многімі райкому прыйшлося гутарыць не адзін раз. Але што мне хочацца сказаць… Магчыма, я памылюся, няхай таварышы даруюць i паправяць пасля. Але ў мяне такое ўражанне, што Арцём Захаравіч стараецца паслаць у калгасы выключив тых, хто яму не па душы, хто часам пярэчыў яму. Для калгасаў гэта, я ўпэўнены, увогуле нядрэнна, бо болыиасць такіх — неспакойныя, смелыя, дзёрзкія i рашучыя таварышы. Такія i трэба цяпер у калгасах!
— Не бойцеся, Павел Іванавіч, — раённыя кадры ўмацуем, — запэўніў Малашанка, прыветліва кіўнуўшы галавой.
Бародка сядзеў пануры, маўклівы, змораны на выгляд, з патухлымі вачамі; ён раніцой галіўся, i ўжо к вечару барада яго зноў пачарнела.
Яго крыху ўсцешыла i падбадзёрыла, што Валатовічу не апладзіравалі. Праўда, ён скончыў сваё выступление без пафасу, простым разважаннем. Але калі гаварыў, яму разы два крыкнулі з залы: «Няпраўда!», «Скажыце пра сваю работу!» Значыцца, ёсць людзі, якія разумеюць яго, Бародку. Аднак на перапынку ён пачуў i ўбачыў, як горача дэлегаты абмяркоўваюць прамову Валатовіча. У пракураным калідоры, каля буфетаў, на вуліцы — усюды стаялі групамі i спрачаліся. Адны цалкам падтрымлівалі Валатовіча, другія прымалі не ўсё ў яго выступленні i крытыкавалі асобныя сцверджанні, трэція маўчалі, чацвёртыя горача абаранялі Бародку. Але чацвёртых было значна менш, чым першых i другіх. І амаль усе, хто выступіў пасля Валатовіча, смела крытыкавалі райком i першага сакратара. Адным словам, канферэнцыя ішла даволі бурна i цікава. Спіс дэлегатаў, якія жадалі выступіць, увесь час папаўняўся. Прасілі слова нават тыя, хто на раённых сходах раней ніколі не выходзіў на трыбуну.
Малашанка па запрашэнню Алены Сямёнаўны пайшоў начаваць да Бародкі. Ішлі моўчкі. Праўда, маўчанне апраўдвалася тым, што навакол былі людзі: наперадзе, ззаду, на другім баку вузкай вуліцы ішлі дэлегаты, накіроўваючыся ў сталоўку. Арцём Захаравіч глыбока, на поўныя грудзі, удыхаў марознае паветра i разглядаў заснежаную вуліцу гарадка, заінеўшыя дрэвы, драты тэлефона i тэлеграфа, абмёрзлую калонку, каля якой коўзаліся хлапчукі,— быццам бачыў усё гэта ўпершыню. Сакратар абкома ўпотай з цікавасцю назіраў за ім, уяўляючы, што перажывае цяпер «пабіты».
За час сумеснай працы ён добра вывучыў характар Бародкі, яго самалюбства, ганарыстасць. Некалі ён нават жартам спытаў: «Ты, Арцём, не з шляхты часам?» Бародка тады ўзлаваўся за недарэчнае пытанне.
У кватэры маўчаць нельга было. Алена Сямёнаўна адразу па выгляду мужа здагадалася, што яму «насыпалі». Яна адным позіркам спытала ў Малашанкі: «Вельмі?» — i, атрымаўшы гэтак жа адказ, шчыра пашкадавала мужа, ра. зумеючы, як цяжка яму зараз.
Пакуль яна завіхалася на кухні, Бародка раз-другі прайшоўся па пакоі, спыніўся каля Малашанкі, які ў гэты момант пераглядаў свежыя газеты, i спытаў:
— Як табе падабаецца гэта?
— Што? — узняў галаву Малашанка, не адразу зразумеўшы i падумаўшы, што размова ідзе пра нешта ў газеце.
— Работа Валатовіча.
— Якая работа?
— Яго, з дазволу сказаць, «крытыка» i ўсё, што арганізавана ім.
— Што ж, крытыка як крытыка. Крыху ёсць суб'ектыўнага…
— Усё суб'ектыўна! Старыя крыўды… Помета! І, заўваж, гэта нездаровая з'ява — групоўка з мэтай разграміць першага сакратара райкома…
Малашанка, хаваючы хітрую ўсмешку ў вачах, прыжмурыўся.
— Ты некаторых граміў мацней — i нічога, жывыя, здаровыя, працуюць.
— Што ты раўняеш? — Бародка кінуў на стол газету i зноў закрочыў па пакоі.— Я крытыкую, каб палепшыць работу. А тут… Я табе скажу… Калі ты не дасі належнага адпору, не паставіш на месца гэтага старога дэмагога, які носіцца з сваёй уяўнай прынцыповасцю… Я вымушаны буду ставіць перад абкомам…
На твар Малашанкі нібы ўпаў цень.
— Ты што ж… хочаш, каб я ад імя абкома адгарадзіў цябе ад крытыкі камуністаў?