Крыніцы
Шрифт:
Тады на яго накінуліся ўсе адразу — i Пятро, i Люба, якія дагэтуль маўчалі, i зноў Лемяшэвіч. Адзін гаварыў аб грамадскім абавязку, другія — што такое рашэнне пашкодзіць яму ў жыцці i г.д. А Алёша старанна чысціў стрэльбу, і, здавалася, у гэты момант яго больш нічога не цікавіла i не кранала. Нарэшце ён узняў галаву, смелым позіркам глянуў на ўсіх, але ў вачах яго свяціўся смутак. Відаць, ён толькі што прыняў нейкае новае рашэнне.
— Школу я кончу, не хвалюйцеся, — ціха i прымірэнча сказаў ён.
— Вось д'ябал які! Ён з нас проста здзекаваўся!
Але Лемяшэвіч зразумеў яго словы інакш, чым Сяргей, i
— Дзе?
— Паеду ў Мінск.
Ашаломлены, Сяргей запнуўся на паўслове.
— Куды?
— У Мінск.
— Фу! Толькі цябе там не хапае, дурня гэткага!
— Буду працаваць i вучыцца ў вячэрняй школе, — не звяртаючы ўвагі на братавы словы, спакойна развіваў сваю думку Алёша.
Сяргей махнуў рукой.
— Пакіньце вы яго, няхай у яго галава астыне. Няхай з ім бацька пагутарыць, у старога размова кароткая.
Але калі селі за стол, Лемяшэвіч яшчэ раз пераканаўся, што Алёшава рашэнне цвёрдае, непахіснае; наўрад ці ўдасца ім, нават усім разам, пераканаць яго. Выявілася гэта на дробязі. Пятро разліў у шклянкі самагонку. Шклянак было чатыры. Алёша ўзяў адну з ix, ніколькі не збянтэжыўшыся ад цікаўных i дакорлівых позіркаў дырэктара i брата, чокнуўся з Пятром, кіўнуў галавой i выпіў да дна, нават скарынку хлеба панюхаў, яўна дэманструючы сваю самастойнасць.
Увечары, калі яны вярнуліся дадому, паўтарылася тая ж самая размова, што i ў леснічоўцы, толькі яшчэ больш шумная. Лемяшэвіча не было, а свая сям'я была ўся. Алёша ўпарта цвярдзіў сваё: «У школу не пайду, паеду ў Мінск i там буду працаваць на трактарным заводзе i вучыцца».
Маці выцірала слёзы i прасіла:
— Алёшачка, родны… Няўжо табе надакучыла ў роднай хаце? Набудзешся яшчэ ў людзях. Хутка ў армію пойдзеш… Ці вучыцца паедзеш!
Бацька ўзлаваўся.
— Ты мне натуру сваю не паказвай! У мяне свая моцная!
— Ды ўжо ж — твая натура! — з папрокам сказала маці.
— А ты пагаласі… Ты сваімі слязамі такое бервяно не ўпросіш. Яму, бач, напляваць на бацьку, на маці… Яму, бач, Снегірыха не так усміхнулася, дык ён гатовы з дому збегчы…
Алёша, які спакойна маўчаў, слухаючы ўшчуванні i ўгаворы, пры гэтых словах балюча скрывіўся, твар яго запалаў; ён рашуча пайшоў у другую палавіну хаты. Але бацька спыніў яго суровым вокрыкам:
— Ты слухай, што табе старэйшыя кажуць! А то i папругу не пасаромеюся зняць! Няхай табе потым брыдка будзе!
Аляксей прытуліўся да вушака, да болю кусаючы губы.
— А ты, тата, не крычы, — заступілася за брата Аня, якая перад гэтым сама крычала i папракала яго, называла «няўдзячным», «эгаістам» i гэтак далей. — Крыкам не паможаш. А ты, Алёша, падумай. Думаеш, цябе там, у Мінску, так i чакаюць, на дарозе стаяць — калі Касцянок прыедзе? Думаеш, легка там знайсці работу?
— Мне Даша паможа.
— У Дашы сваіх клопатаў досыць, — уздыхнула маці.
— Не вялікая справа — памагчы чалавеку знайсці работу. Я ж не прашу немаведама чаго. А работу прасіць не сорамна, на працу кожны мае права. А жыць я ў ix не буду, не бойцеся, інтэрнат дадуць. За Дашу спалохаліся! Як бы спакой яе не парушыў! Толькі i думаеце, каб дочкам спакойна жылося!
Адам Бушыла, які адзін праз увесь час гэтай доўгай размовы захоўваў маўчанне, што было зусім неўласціва яму, не вытрымаў урэшце:
— Чаго вы
— А ты таксама добры бадзяга, — накінулася на яго Аня. — Ты сам рад быў з дому збегчы хоць на край свету.
— Ад вас уцячэш! Ого! Каб i захацеў! — хмыкнуў Адам. — А Алёшу вы не чапайце. Я таксама не падтрымліваю яго, але папракаць за пачуцці… Не дазволю!
Выбраўшы момант, калі Аня заспрачалася з Адамам, а бацькі, як заўсёды пры ix спрэчках, дыпламатычна змоўклі, Алёша схапіў кажушок i выбег з хаты — абрыдла яму за дзень слухаць усе гэтыя маралі.
Ён выйшаў на вуліцу i спыніўся. У вёсцы было ціха, толькі пад нечымі нагамі звонка рыпеў снег. Цьмяна свяцілі ліхтары скрозь марозны туман. Алёша аглянуўся на сваю хату, i яму зрабілася вельмі шкада пакідаць родную вёску, бацькоў, сяброў. Потым ён глянуў у бок, дзе жыла Рая. А яшчэ цяжэй пакінуць яе, назаўсёды адмовіцца ад свайго кахання. Сэрца яго балюча сціснулася, ажно салена зрабілася ў горле. Але i заставацца ён не можа. Не, не можа. Ён выпрабаваў усё — пісаў, гаварыў, прасіў… І калі ў адказ такія здзекі, насмешкі — ён не можа трываць, яму трэба з'ехаць, інакш ён не ручаецца за сябе i можа зрабіць яшчэ большае глупства.
Ён доўга думаў, да каго пайсці. Зайшоў да Валодзі Полаза, пастукаўшы ў акно, выклікаў яго на вуліцу, i разам пайшлі да Лявона, які жыў з адной маці. Потым паслалі Валодзю па Пятра, але той прывёў не толькі Пятра, але i Кацю. Хлопцы здзівіліся, аднак не ўпікнулі яго, прынялі Кацю, як роўнага сябра. Алёша сказаў, што едзе ў горад. Для хлопцаў гэта было як выбух бомбы, яны не адразу нават паверылі. Усвядоміўшы ўсю сур'ёзнасць Алёшавага намеру, заспрачаліся, закрычалі ўсе адразу. Валодзя ўхваляў рашэнне, казаў, што інакш i нельга, што i ён пры такой сітуацыі зрабіў бы толькі так. Разважлівы Лявон пярэчыў i хаця рашуча не асуджаў, але заклікаў падумаць, «узважыць усе плюсы i мінусы». Пятро вагаўся паміж адным i другім i супярэчыў сам сабе: сцвярджаў адно i тут жа даводзіў супрацьлеглае. Каця доўга моўчкі слухала, суцішаная, задуменная. Потым уздыхнула.
— А я сёння прабачэння ў Арэшкі папрасіла. І на душы цяпер у мяне пагана-пагана, — сумна сказала яна.
Усе адразу змоўклі, i Лявон больш не спрачаўся. Усім стала сумна, яны не ведалі, пра што гаварыць, i хавалі позіркі, быццам былі вінаватыя адзін перад адным.
Спачатку здавалася ўсё проста — сеў i паехаў. Але калі дома нарэшце прымірыліся з яго намерам, высветлілася, што ён не мае нават пашпарта. Трэба было браць даведкі ў сельсавеце, у калгасе, у школе, што ён вучыўся ў дзесятым класе; у табелі выставяць адзнакі за паўгоддзе, i Арэшкін, напэўна, паставіць яму па фізіцы двойку.
Усе гэтыя фармальнасці, не надта прыемныя для кожнага, для Алёшы ператварыліся ў страшныя пакуты: усюды распытваюць, лезуць у душу, па вёсцы, як жабурынне па вадзе, папаўзлі слізкія i агідныя плёткі. Небарака не раз пашкадаваў аб сваім рашэнні. Можа, сапраўды было б лягчэй папрасіць прабачэння, як Каця? Але — не! Ён не мог зрабіць гэта тады i тым больш не можа цяпер. І ён цярпліва выконваў усе фармальнасці, панурыўшыся, замкнуўшыся, ні з кім не размаўляючы нават дома. Толькі ўвечары прыходзіў да Лявона i там адводзіў душу.