Падарожжа ў XIX стагоддзе
Шрифт:
Адносна даты і месца нараджэння Бенедыкт Іванавіча Дыбоўскага біёграфы разыходзяцца. Некаторыя з іх лічаць, што вучоны нарадзіўся 12 мая 1833 года ў маёнтку Тонвы Мінскага павета. Аднак сам Дыбоўскі ў сваіх дзённіках называе маёнтак Адамарын таго ж павета. Тут жа аўтар прызнае, што нарадзіўся ў 1830 годзе.
Бацькі будучага вучонага з'яўляліся дваранамі сярэдняй заможнасці, вельмі адукаванымі і прагрэсіўнымі людзьмі. Яны далі сваім дзецям добрую хатнюю падрыхтоўку. Старэйшы з іх, Бенедыкт, адрабіўшы пад кіраўніцтвам гувернёра ўрокі, звычайна бег да невялікага стаўка ў садзе і гадзінамі нерухома глядзеў на дзівоснае жыццё рыб і іншых жыхароў воднага царства. Часта хлопчыка брала з сабой бабуля. Яны разам ішлі на луг збіраць зелле, а затым неслі яго хворым прыгонным сялянам. Ужо тады, бачачы
Сярэднюю адукацыю Бенедыкт Дыбоўскі атрымаў у Мінскай гімназіі, дзе тады выкладалі людзі, вельмі далёкія ад навукі. Вось што піша аб іх сам Дыбоўскі: «Настаўнікі не мелі на нас уплыву. Дзяжурныя педагогі — француз Жако і немец Шмэль — адбывалі свае абавязкі, бы селянін паншчыну, навучанню моў тут не прыдавалі ніякага значэння; хто не ведаў іх з дому, той у гімназіі вывучыць не мог. Рускую мову ў малодшых класах выкладаў Багаўленскі, які не ўмеў ні заахвочваць да вучобы, ні ўтрымаць хлопчыкаў у дысцыпліне. Урокі нямецкай мовы там жа вёў нехта Шуман, здаецца булачнік па прафесіі. Настаўнік гісторыі Катанскі — гэта п'яніца і фанатычны прыхільнік праваслаўя. Апрача падручніка, ён нічога не ведаў і загадваў завучваць яго механічна. Прысланы з Полацка настаўнік рускай мовы і літаратуры Грабеншчыкаў праследаваў усіх і ўсё. Не ведаючы ні літаратуры, ні мовы, ён мучыў вучняў дзіўнымі патрабаваннямі і гэтым адштурхоўваў ад вучобы. Для паўнаты малюнка трэба ўспомніць і пра выкладчыка лацінскай мовы, п'яніцу, грубіяна і хабарніка Анраеўскага. Божаму закону нас навучалі невукі, цынікі і п'яніцы ксяндзы Бейнаровіч і Навіцкі. Апошні звычайна расказваў нясціплыя анекдоты. Адзінай светлай асобай, якая адрознівалася ад іншых настаўнікаў, быў Радзевіч. Выпускнік Маскоўскага універсітэта, былы асістэнт пры кафедры фізікі ў Маскве, ён захапляў нас усебаковымі ведамі, тактоўнасцю і выдатным выкладаннем. Адразу ж, пасля прыезду ў Мінск, ён арганізаваў у гімназіі метэаралагічную станцыю, вучыў нас запісваць назіранні: у кабінеце фізікі мы самі рабілі розныя доследы. Радзевіч пакрысе знаёміў нас нават з неабавязковымі прадметамі, напрыклад з пачаткамі хіміі».
Нягледзячы на такія неспрыяльныя ўмовы, схільнасць да дакладных навук, у прыватнасці да прыродазнаўства, пачала праяўляцца ў Дыбоўскага менавіта ў Мінскай гімназіі. Без кіраўнікоў і без падручнікаў, успамінае вучоны, «мы разводзілі млекакормячых жывёлін, птушак, рыб, заклалі ў агародзе Падалінскіх маленькі акварыум. Жыхароў для яго дастаўляў нам Піліп Кунцэвіч, рыбак, які жыў над Нямігай; нярэдка мы самі лавілі рыб у рэчцы. Аднойчы я ледзь не адкрыў цікавую і важную з'яву, а менавіта метамарфозу рыб».
Закончыўшы гімназію, восенню 1853 года Бенедыкт Дыбоўскі паступіў на медыцынскі факультэт Дэрпцкага (цяпер Тартускага) універсітэта. Там ён зацікавіўся рыбамі Прыбалтыкі і прысвяціў ім некалькі навуковых прац. Дзякуючы незвычайным здольнасцям Дыбоўскі атрымаў ступень доктара медыцыны і хірургіі і застаўся пры універсітэце, каб падрыхтавацца да прафесарскай дзейнасці. Аднак удзел у дуэлі з адным нягоднікам, а затым у антыўрадавых дэманстрацыях перашкодзілі яму. Прыйшлося пакінуць Расію, выехаць у Германію. Некалькі год Дыбоўскі працаваў над вывучэннем эмбрыялогіі насякомых на кафедрах Берлінскага і Вроцлаўскага універсітэтаў.
У 1862 годзе Бенедыкт Дыбоўскага выбралі прафесарам заалогіі і параўнальнай анатоміі Галоўнай школы ў Варшаве. Лекцыі маладога вучонага захаплялі моладзь сваёй свежасцю, рэвалюцыйнасцю. Дыбоўскі адным з першых у Еўропе стаў прыхільнікам тэорыі Дарвіна аб эвалюцыйным развіцці расліннага і жывёльнага свету. Вучоны даказваў, што ніякага бога няма, што ўсе расліны і жывёлы ўзніклі шляхам натуральнага развіцця. Дыбоўскі зблізіўся з падпольнай арганізацыяй, якая рыхтавала паўстанне супраць царызму, і стаў выконваць яе даручэнні. У пісьме да прафесара Талька-Грынцэвіча вучоны ўспамінае: «З 1862 года я належаў да тайнага Віленскага таварыства ў Варшаве. У сакратарыяце Літвы і Беларусі я выконваў абавязкі надзвычайнага камісара. Напярэдадні паўстання 1863 года мяне паслалі ў Беларусь, каб даведацца аб праведзенай падрыхтоўцы; вясной, у час паўстання, мяне накіравалі з такой жа мэтай у Літву».
Царскія жандары не даравалі вучонаму ўдзелу ў паўстанні. Вясной 1864 года Львоўскага арыштавалі і пасадзілі ў славуты Х павільён варшаўскай цытадэлі. Толькі ўмяшанне нямецкіх вучоных выратавала адважнага патрыёта ад пакарання смерцю, якая была заменена бестэрміновай катаргай у Сібіры. «У вагоне,— прыгадваў тыя цяжкія хвіліны Дыбоўскі,— калі цягнік крануўся, я вярнуўся да раўнавагі, зноў адчуў сябе моцным і ўпэўненым у будучыні. Тады прыйшлі на памяць пушкінскія радкі:
У глыбіні сібірскіх руд Хавайце гордае цярпенне...»Гэтае гордае цярпенне Дыбоўскі захоўваў на ўсім доўгім этапным шляху праз Пецярбург, Маскву, Ніжні Ноўгарад — у Сібір. Як урач, па дарозе ён аказваў медыцынскую дапамогу хворым, падбадзёрваў ссыльных сардэчнымі гутаркамі. У сваіх дзённіках вучоны расказвае, што перадавая руская грамадскасць з вялікай сімпатыяй адносілася да польскіх паўстанцаў. У Маскве ссыльным паціскалі рукі, нягледзячы на ўдары нагаек, кідалі кветкі. Па дарозе Дыбоўскі любаваўся акаляючай прыродай. Асабліва захапіўся ён прыгажосцю бяздоннага возера Байкал і магутнай Ангары, якая бярэ з яго пачатак. «Нейкае невыказнае пачуццё цікаўнасці паявілася ў мяне да гэтай рэчкі і асабліва да гэтага возера»,— запісаў тады ў сваім дзённіку вучоны.
З Чыты разам з іншымі ўдзельнікамі паўстання Дыбоўскага накіравалі ў сяленне Сівакова. Там для катаржан былі створаны невыносныя ўмовы. Але рускія калегі не забылі пра вучонага. Неўзабаве пры дапамозе Сібірскага аддзела Рускага геаграфічнага таварыства ён атрымаў дазвол на пераезд у сяленне Дарасун. Там пачаліся даследаванні расліннага і жывёльнага свету Прыбайкалля. Гады катаргі ператвараюцца ў гады плённай навуковай дзейнасці.
Да Дыбоўскага ў біялагічнай навуцы панавала думка, што раслінны і жывёльны свет Сібіры нічым істотным не адрозніваецца ад расліннага і жывёльнага свету Усходняй Еўропы, што фауна Байкала вельмі бедная і наогул не заслугоўвае ўвагі. Дыбоўскі ж меркаваў, што кожная вобласць у залежнасці ад існуючых там фізіка-геаграфічных умоў павінна мець свой адметны раслінны і жывёльны свет. Здагадка пацвердзілася. Дыбоўскі адкрыў і апісаў дзесяткі відаў птушак, рыб, насякомых, прасцейшых жывёлін, якія не сустракаліся нідзе, апрача Сібіры. Ён таксама даказаў, што сібірскія віды пераважна адрозніваюцца ад еўрапейскіх. Некаторыя з Іх пазней былі названы імем Дыбоўскага.
Летам 1868 года вучонаму дазволілі пасяліцца ў Култуку, невялікай вёсачцы на беразе Байкала. Пачаліся напружаныя даследаванні возера. Разам з сябрамі Гадлеўскім і Ксенжапольскім Дыбоўскі браў пробы вады, замяраў глыбіню, вывучаў жывёльны свет. У выніку было знойдзена 18 зусім новых відаў рыб. Хаця работы праводзіліся па праграме, зацверджанай Рускім геаграфічным таварыствам, на іх прыходзілася затрачваць асабістыя грошы. Даследаванні не спыняліся і ў летнюю спёку, і ў зімнюю завіруху. Некаторы час адкрывальнікі Байкала жылі ў юрце, устаноўленай на санях. Сабакі лёгка дастаўлялі юрту на любы ўчастак пакрытага лёдам возера. Нярэдка энтузіястаў замятала снегам, нярэдка пры снеданні яны абмяжоўваліся кавалкам чорнага хлеба. На дапамогу часта прыходзілі мясцовыя жыхары — бураты. Дыбоўскі быў у іх жаданым госцем, бясплатна лячыў іх, абараняў ад самавольства царскай адміністрацыі. Свае назіранні над побытам буратаў даследчык заносіў у дзённік, які мае вялікую этнаграфічную каштоўнасць.
Даследаваннямі Байкала і Ангары, а таксама навакольных гор і лясоў Дыбоўскі займаўся на працягу пяці год. Адсюль у еўрапейскія музеі было адпраўлена звыш 2500 экземпляраў прэпарыраваных птушак і звыш 100 000 экземпляраў насякомых. Многія з іх і сёння захоўваюцца ў музеях Масквы, Ленінграда, Варшавы, Кракава. Адначасова праводзіліся замеры тэмпературы і ўзроўню вады ў Байкале. 30 сакавіка 1876 года вучоны ўзяў першую і адзіную да 1925 года серыю тэмператур да глыбіні 1320 метраў. Быў зроблены таксама першы хімічны аналіз вады. За ўсё гэта Геаграфічнае таварыства ўзнагародзіла Дыбоўскага малым залатым медалём.