Падарожжа ў XIX стагоддзе
Шрифт:
Даследчыка вабілі нязведаныя прасторы Далёкага Усходу. Разам з камісіяй генерал-ад'ютанта Скалкова Дыбоўскі адправіўся па Амуры ва Уладзівасток. Частку дарогі ён ехаў разам з выдатным падарожнікам Пржавальскім.
У 1877 годзе дзякуючы хадайніцтву Геаграфічнага таварыства Дыбоўскаму дазволілі вярнуцца на радзіму. Ён пабываў у Адамарыне, наведаў у Варшаве свайго настаўніка, віднага заолага Тачаноўскага, устанавіў сувязі з пецярбургскімі вучонымі. Яму прапанавалі кафедру ў Томскім універсітэце, работу ў сталічных музеях. Аднак Дыбоўскі сумаваў на неабсяжных прасторах Сібіры, па яе мужных і загартаваных людзях. І таму ён папрасіў прызначыць яго акруговым урачом далёкай Камчаткі. Дабраўшыся туды, вучоны павёў нялёгкую, але высакародную барацьбу з праказай і іншымі заразнымі хваробамі. Жадаючы даказаць, што мясцовыя жыхары не належаць да нейкай ніжэйшай расы, ён займаецца антрапалогіяй.
У 1884 годзе Дыбоўскі вярнуўся ў Еўропу і ўзначаліў кафедру заалогіі ў Львоўскім універсітэце, заняўся сістэматызацыяй і абагульненнем сабранага матэрыялу. К таму часу працы вучонага перакладаліся і выдаваліся ў розных краінах свету.
Бенедыкт Дыбоўскі з радасцю сустрэў вестку аб перамозе ў нашай краіне Кастрычніцкай рэвалюцыі. Ён не змог пераехаць у Савецкі Саюз, але падтрымліваў цесную сувязь з савецкімі вучонымі — даваў парады нашым рыбаловам і жывёлаводам, прапанаваў арганізаваць на Байкале пастаянную гідрабіялагічную станцыю. Акадэмія навук неўзабаве ажыццявіла гэту ідэю Дыбоўскага. Адно з суднаў станцыі назвалі імем выдатнага падарожніка.
Мясцовыя рэакцыянеры не маглі дараваць Дыбоўскаму яго палітычных перакананняў, дараваць таго, што ён быў непрымірымым ворагам капіталістычнага прыгнёту, выкрываў рэлігійнае цемрашальства. Па свайму светапогляду Дыбоўскі з'яўляўся рэвалюцыйным дэмакратам, паслядоўным матэрыялістам. Калі ў 1930 годзе вучоны памёр, тысячы працоўных Львова выйшлі праводзіць яго ў апошні шлях. Нягледзячы на пратэсты клерыкалаў, як удзельніка паўстання 1863 года, Дыбоўскага хавалі з воінскімі ўшанаваннямі.
У нашай краіне, а таксама ў народнай Польшчы ўшаноўваецца памяць аб нястомным падарожніку. Яго навуковай спадчыне прысвечаны кнігі польскіх даследчыкаў. Нядаўна ў Польшчы выйшла паштовая марка з партрэтам Дыбоўскага. Навуковыя вывады нашага земляка ўлічаны пры праектаванні Брацкай ГЭС на Ангары. У 1875 годзе вучоны пісаў пра Байкал і Ангару: «Якая была б гэта магутная крыніца энергіі, калі б мясцовыя жыхары маглі ёю карыстацца!» Цяпер збылася даўняя мара Дыбоўскага. Там, дзе ён адным з першых праводзіў навуковыя даследаванні, дае ток буйнейшая ў свеце электрастанцыя.
Да ліку нястомных працаўнікоў навукі належыць таксама наш зямляк Канстанцін Ельскі. Гэта быў усебакова адукаваны чалавек, рамантык па натуры, якога ўсё жыццё вабілі далёкія краіны і новыя адкрыцці.
Канстанцін Міхайлавіч Ельскі нарадзіўся 17 лютага 1837 года ў вёсцы Ляды Смілавіцкай воласці Мінскай губерні. Спачатку хлопчык вучыўся ў Мінскай гімназіі, а затым, закончыўшы яе на «выдатна», паступіў на медыцынскі факультэт Маскоўскага універсітэта. Пасля вывучаў батаніку і заалогію на матэматычна-прыродазнаўчым факультэце Кіеўскага універсітэта. Атрымаўшы ступень кандыдата, юнак яшчэ два гады наведваў педагагічныя курсы. А калі ў Кіеўскім універсітэце адкрылася вакантнае месца выкладчыка, Ельскі падаў заяву. Яго конкурсная работа была ўзнагароджана залатым медалём, а яе аўтар пачаў чытаць лекцыі студэнтам.
Аднак выкладчыцкая дзейнасць не задавальняла маладога вучонага. Ён марыў пра экзатычныя краіны. Да таго ж пасля паражэння паўстання 1863 года ў царскай Расіі наступіла чорная ноч рэакцыі. Усё гэта прымусіла Ельскага падацца за мяжу. Без пашпарта ён перайшоў у Бесарабію. Але тут яго высачылі турэцкія жандары. Без грошай у кішэні Ельскі апынуўся ў Канстанцінопалі і, каб зарабіць на хлеб, расфарбоўваў для турэцкіх школ геаграфічныя карты, удзельнічаў у розных геалагічных экспедыцыях.
У 1865 годзе сябры дапамаглі Ельскаму перабрацца ў Парыж. Але і тут не было адпаведнай работы. Даведаўшыся, што з Тулузы ў Гвіяну, паўднёваамерыканскую калонію Францыі, адпраўляецца ваенна-транспартны карабель, Ельскі напісаў заяву на імя міністра марскога флоту з просьбай выдаць яму бясплатны білет пасажыра самага ніжэйшага класа. Неўзабаве прыйшоў дазвол.
Зборы былі нядоўгімі. Усе свае калекцыі вучоны бясплатна раздаў калегам. Расчуленыя такой бескарыслівасцю, сябры сабралі яму на дарогу 150 франкаў. І вось вецер надзьмуў парусы фрэгата «Амазонка», які рушыў па воднай гладзі на паўднёвы захад, да таямнічых берагоў Амерыкі. На караблі знаходзілася некалькі соцень палітычных вязняў. Іх накіроўвалі на катаргу ў калоніі. У Ельскага не было нават сваёй каюты, ён спаў на
Праз многа год, вярнуўшыся ў Еўропу, Канстанцін Ельскі падзяліўся сваімі дарожнымі ўражаннямі са слухачамі курсаў пры Прамысловым музеі ў Кракаве. Адначасова, абапіраючыся на свае ранейшыя пісьмы з Амерыкі, ён рыхтаваў да друку нататкі пра падарожжа. Але закончыць іх перашкодзіла хвароба. Частка гэтых успамінаў убачыла свет у Кракаве ў 1898 годзе, пасля смерці аўтара. Гэта — невялічкая кніжка пад назвай «Папулярна-прыродазнаўчае апавяданне аб прабыванні ў французскай Гвіяне і часткова ў Перу».
Ельскі пачынае расказ з таго, як у свой час іх карабель прычаліў да вострава Мадэра. Пасажыраў у момант акружылі мясцовыя жыхары. Абарваныя і галодныя дзеці за кожнай кінутай манеткай давалі нырца ў глыбіні мора. Але чым мог дапамагчы ім малады падарожнік, калі ў яго не было нават грошай, каб купіць крыху бананаў, якіх ніколі раней не бачыў?
У жніўні 1865 года карабель прыбыў у Кайену — гандлёвы і адміністрацыйны цэнтр французскай Гвіяны. Ельскага ўразілі кантрасты каланіяльнага горада: з аднаго боку — багатыя ўласнікі велізарных плантацый кавы, какавы, цукровага трыснягу, з другога — негры, мясцовыя індзейцы, мулаты, крэолы, усе тыя, у каго не белы колер скуры, хто за паўцаны, а то і проста дарма працуе на ненасытных еўрапейцаў. Асабліва жорстка праследаваліся індзейцы. «У час адкрыцця Гвіяны,— піша Ельскі,— яны жылі на ўсім абшары краіны, на ўзбярэжжы мора і ўздоўж рэк. Потым жа, заняволеныя, прыгнечаныя і пакрыўджаныя еўрапейцамі, індзейцы помсцілі, і за гэта на іх рабілі аблавы». Не лепшым быў лёс і ў завербаваных каланізатарамі азіяцкіх кулі: «Спачатку з імі заключалі кантракт усяго на некалькі год, абавязваліся адаслаць іх на радзіму. Але на самай справе да тых рабочых, якія не гавораць па-французску, адносяцца не лепш, чым да рабоў; сярод іх значная смяротнасць — і, кажуць, вяртаецца іх на радзіму менш паловы».
У Кайене за нязначную плату Ельскі ўладкаваўся памочнікам фармацэўта ў бальнічнай аптэцы. Кожную свабодную хвіліну ён выкарыстоўваў для падарожжаў у навакольныя дрымучыя лясы. Там вучоны збіраў і апісваў расліны, насякомых, птушак. Прэпарыраваныя чучалы адсылаліся ў музеі Еўропы. Адных павукоў Ельскі паслаў каля 300 экземпляраў. Вучоным адкрыты і ўпершыню апісаны не адзін новы від раслін і жывёл (адзін з відаў лаўра потым быў названы імем адкрывальніка). Сабраны Ельскім матэрыял даў іншым вучоным магчымасць зрабіць значныя абагульненні.
У трапічных джунглях падарожніка на кожным кроку падсцерагала небяспека. То ў ліянах прытойваўся ягуар, то побач з лодкай высоўвалася зяпа кракадзіла. Асабліва цяжка было даставаць змей. «Аднойчы,— успамінае Ельскі,— калі мы вечарам сядзелі ля стала, мне паведамілі, што каланісты даставілі велізарную вужаку. Гэта быў боа-канстрыктар даўжынёй звыш трох метраў і з выгляду зусім не пашкоджаны. Заплаціўшы 5 франкаў і дабавіўшы бутэльку віна, мы паклалі вужаку ў скрыню і зачынілі яе. Пры гэтым жывёліна кінулася на аднаго з нас, але не паспела ўкусіць, бо мы прыціснулі вечка. Назаўтра пасля работы ўсе служачыя бальніцы сабраліся, каб паглядзець на вужаку. Боа пачаў так моцна рыкаць, што можна было пачуць за кіламетр, і рыкаў бесперапынна амаль гадзіну. Такі зычны голас вужакі здзівіў усіх нас, бо, здаецца, ніхто з прысутных не чуў раней, каб боа рыкалі, ды яшчэ так гучна. Другі раз я паклаў у вялікую скрыню прынесенага мне боа-цэўрыса, які меў мо паўтара метра ў даўжыню. А калі ўрачы, як звычайна, сабраліся пасля дзяжурства ў маёй кватэры, аказалася, што хтосьці прынёс жывога пацука. Усе аднагалосна патрабавалі, каб я кінуў яго вужацы. Пацук першы зачапіў боа і ўцяў яго некалькі разоў, урэшце яны сашчапіліся. Вужака хапіла зяпай галаву пацука і імгненна, бы пружына, абвілася вакол яго і так праляжала да вечара. Потым боа аслабаніў ахвяру, але не праглынуў яе. Наступныя дзесяць дзён ён нічога не еў і ўрэшце здох. Як выявілася потым, у вужакі быў пераламаны хрыбетнік».
«У Сен-Ларэнц,— успамінае Ельскі ў кнізе,— здарыўся такі выпадак. Плывучы па рацэ разам з каланістамі, жандар убачыў у вадзе велізарную вужаку, боа-мурына, і застрэліў яе. Здымаючы скуру, заўважылі, што вужака мела ў страўніку праглынутага кракадзіла даўжынёй з метр, а той, у сваю чаргу, праглынуў меншага кракадзіла. Боа-мурына быў настолькі доўгі, што, змераўшы яго, склалі адпаведны дакумент: 7 метраў! Здараліся выпадкі, калі вужакі нападалі на людзей. Аднойчы той жа жандар забіў качку і палез за ёй у ваду. Раптам яго схапіла за плячо вужака і пачала цягнуць у вір. Жандар здолеў вызваліцца, але са страху потым захварэў на малярыю і лячыўся ў кайенскім шпіталі. Сляды вужачых зубоў застаюся на ўсё жыццё».