Пляц Волі
Шрифт:
Тут-сюд па горадзе чуліся стрэлы. Пад вечар страляць пачалі часцей: здавалася, кожны жыхар горада намагаўся выпхнуцца за брамку і колькі разоў гохнуць угору са свайго самапала… На вуліцах завязваліся дробныя сутычкі.
Праз дзень у Менску быў сфармаваны асобны батальён, які падпарадкоўваўся Беларускай вайсковай радзе. 18 лютага частка батальёна акружыла Губернатарскі дом, які яшчэ дзень таму займаў Савет народных камісараў, частка накіравалася да гатэля «Еўропа», дзе месцілася штаб-кватэра галоўнага камісара «Заходняй вобласці» Ландэра.
– Узгадайце яму і пра разгон кангрэса! — Варонка моцна абняў Езавітава. — Ягоны ж быў загад…
… -
– И куда?.. — Ландэр, здавалася, яшчэ не паспеў усвядоміць свайго становішча.
– Собирайте, что можно, и давайте за мной, на станцию.
Яны толькі-толькі паспелі чорным ходам выціснуцца з гатэля, як на прыступках галоўнага ўвахода з'явіліся жаўнеры, паперадзе якіх быў палкоўнік Езавітаў…
Калі камісарскі цягнік рыхтаваўся да адпраўкі, узбунтаваліся рабочыя-чыгуначнікі. Машыніст Домскі першым убег у дэпо і забасіў:
– Драпаюць, а хто ж нам за тры месяцы пенсію заплоціць?!
– І праўда…
– Не пушчаць іх!
Чыгуначнікі кінуліся да саставаў:
– Нікуды цягнік не кранецца!
– Давай галоўнага!
Ландэр выйсці на сустрэчу адмовіўся. Супакоіць рабочых паспрабаваў камісар унутраных спраў:
– Товарищи! Я, комиссар Резовской, призываю вас проявить революционную сознательность! Деньги вам будут выданы позже…
– Рэзаўской, ты нам цяпер давай, а то так урэжам!..
Салдатам нават загадалі выкаціць дзве пушкі. Адну нацэлілі на дэпо, другую — на рабочых, але тое яшчэ больш узлюціла…
Спрэчкі доўжыліся да ночы. Частка чыгуначнікаў разышлася, і тады трое салдат Ярашэвіча (каторы арыштоўваў Беларускую вайсковую раду) захапілі Домскага і яшчэ аднаго машыніста і, пагражаючы зброяй, змусілі вывесці цягнік з горада. Раззлаваныя машыністы знарок не зменшылі хуткасць на павароце — і састаў сыйшоў з рэек, некалькі вагонаў перакулілася. Домскі з таварышам паспелі саскочыць у ноч, у снег [19] …
19
І праз чатыры гады Карл Ландэр не забудзе тых падзей.
Хто ацалеў з «камісарскага цягніка», дабіраліся да Барысава пешкі. Ранкам 20 лютага з Беларускай вайсковай рады ў Воршу накіравалі тэлеграму — ротмістру беларускага эскадрона кавалерыі Якубеню: «Арыштаваць па дарозе народных камісараў, што ўцяклі з Менску».
Бальшавікі тэлеграму перахапілі — і арыштавалі самога ротмістра…
Менск на некалькі дзён стаў вольным. «Камісары» ад'язджалі далей — у Смаленск. Апошні баяздольны бальшавіцкі атрад быў разбіты пад Асіповічамі. Немцы захапілі Маладэчна — і ішлі на Менск з двух бакоў. З Бабруйска сунуліся часткі польскага корпуса. «Гонар» менскага савета — Першы рэвалюцыйны полк, сфармаваны ў кастрычніку 1917-га з «палітычных», арыштаваных пры Керанскім злачынцаў, удзельнічаў цяпер у аблозе Кіева. Праз колькі месяцаў салдаты гэтага палка ўварвуцца ў кіеўскі шпіталь, з якога, як падасца ім, нехта страляў, і выкінуць у вакно параненага ў сваім першым баі дзесь пад Горадняй Льва Багдановіча, які не захацеў зняць з сябе форму афіцэра царскай арміі…
19 лютага Выканаўчы камітэт Усебеларускага кангрэса выдаў загад пад № 1:
Выканаўчы камітэт Савета Ўсебеларускага кангрэса ўзяў уладу ў свае рукі.
Для наладжаньня парадку ў гор. Менску назначаны Камэндант с. Езавітаў.
Прапануецца
Усім арганізацыям, якія ўзялі на сябе ахову асобных частак гораду, зварачацца да Камэнданта: Пляц Волі, дом б. Губарнатара.
Гор. Менск-Беларускі.
Язэп Мамонька зачытаў загад з балкона былога Губернатарскага дома.
І беларускі камендант пачаў дзейнічаць. У 9.20 вечара быў заняты Дом губернатара, знята чужая варта, а на балконах і на Пляцы Волі выстаўлены кулямёты. Цэнтральная тэлефонная станцыя народнага камісарыята пераназвалася цэнтральнай тэлефоннай станцыяй Беларускай рады. У 9.25 Езавітаву паведамілі пра заняцце гатэля Еўропа, дзе знаходзіўся штаб Чырвонай арміі і штаб змагання з контррэвалюцыяй — ЧК. Захапілі вялікую колькасць вінтовак, кулямётаў і патронаў, а яшчэ праз некалькі хвілін падалі весткі пра захоп будынка «Губернатарскага прысуцтва» і вайсковага арсенала. На Пляц Волі прыехала першае аўто — з паведамленнем аб здабыцці гарадскога гаража. У 10 гадзін вечара камендатура Езавітава перабралася з прыватнага дому ў Дом губернатара. На Пляцы Волі да Выканаўчага камітэта перайшлі ўсе будынкі. У 10.15 па горадзе раз'ехаліся патрульныя аўтамабілі, з якіх гарадчукам паведамлялі аб пераходзе ўлады да Выканкама Рады Першага ўсебеларускага кангрэса.
А 11-ай вечара беларускай уладзе паспрабавалі супраціўляцца аддзелы польскага легіёна Доўбар-Мусніцкага, царскага генерала, якому Керанскі дазволіў фармаваць нацыянальнае польскае войска з палякаў-вайскоўцаў царскай арміі. Польшча была пад нямецкай акупацыяй, і генерал базаваў свае аддзелы на Беларусі… Да 2 гадзінаў ночы супроцьстаянне польскага легіёна было зліквідавана, а горад ачысцілі ад выпадковых частак, што спрабавалі на некаторых вуліцах наладзіць пагромы.
Ранкам у 4 гадзіны Менск супакоіўся. Езавітаў — узрушаны, не адчуваючы стомы, выйшаў на Пляц Волі, азірнуўся наўкол і на поўныя грудзі ўдыхнуў свежага марознага паветра. Вецер крануўся валасоў, і ён узняў галаву — над пляцам з балкона Губернатарскага (у былым) дома лёгка і свабодна крылялі два бел-чырвона-белыя сцягі…
Праз сем месяцаў у кастрычніцкім нумары часопіса «Варта» Езавітаў надрукуе свае ўспаміны, і ў тых абзацах застанецца і перажытае-адчучае вось зараз:
«Лёгкі перадсвітальны ветрык ласкава варушыў палотнішчы двух нашых нацыянальных сьцягоў, што разьвяваліся на бальконе дому губернатара. У сьветлым змроку, на велізарным палотнішчы аднаго зь іх, я прачытаў лёзунг, за якім ішлі ўсе нашыя жаўнеры: «Няхай жыве Вольная Беларусь!» На другім палотнішчы — маленькім і сьціплым, ледзь віднелася значна магутнае, сьмелае, гатовае на самаадрачэньне й самаахвярнасьць, — чым жылі й дзеля чаго ўсё прыносілі ў ахвяру сябры Беларускае Цэнтральнае Вайсковае Рады: «За родны Край, за Вольную Беларусь!».
На другі дзень Выканаўчы камітэт, адпрацаваўшы ўсю ноч, скончыў сваё паседжанне ў доме № 10 на Садовай вуліцы (на кватэры Гутмана) прыняццем першай Устаўной граматы да народаў Беларусі. Позна ўвечары ейны тэкст быў памножаны ў вядомай (па выданні беларускіх кніг) друкарні Грынблята, уладальнікамі якой быў калісьці Іёкель Дворжэц. Адначасна на Скобелеўскай на кватэры Аляксандра Уласава і Ядвігіна Ш. сабралася Вайсковая рада.
– Справа беларускага нацыянальнага войска павінна вырашацца сёння, — Езавітаў быў усхваляваным. — Асновай менскага гарнізону становіцца зборны батальён частак бальшавіцкага войска, які колькі дзён таму перайшоў на наш бок. Узрадавала і Беларуская вучнёўская грамада, гурток нашай моладзі, які, стыхійна ўзброіўшыся, на чале са знаёмым нам Апанасам Новікам папоўніў, так бы мовіць, беларускую гвардыю…