Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Сянкевіч Генрык

Шрифт:

Смурод спаленага цела напоўніў агароды, але ў тым жа часе нявольнікі пачалі сыпаць у прыгатаваныя кадзільніцы мырру і алоэ. Спаміж масы прысутных адзываліся там-сям крыкі немаведама ці спачуцця, ці ўпойнае радасці, і ўзмагаліся з кожнай хвілінай разам з агнём, які абыймаў слупы, дабіраўся да грудзей ахвяр, скручваў гаручым подыхам валасы на галовах, кідаючы заслоны на счарнелыя твары, і ў канцы страляў яшчэ вышэй, як бы на пераможны трыумф той сіле, якая загадала яго разняціць.

Яшчэ напачатку відовішча з’явіўся сярод народу цэзар на зграбнай цырковай квадрызе, запрэжанай чатырма белымі ліхачамі, — апрануты быў у краскі партыі Зялёных, да якіх і ён, і ягоны двор належалі. За ім ішлі іншыя вазы, поўныя дваран, святочна выстраеных сенатараў, святароў і нагіх бахантак з вянкамі на галовах і збанкамі ў руках, па частцы п’яных, дзіка разрагатаных. Вобак іх музыканты, паўбіраныя за фаўнаў і сатыраў, гралі на цытрах, формінгах, пішчалках

і рагох. На іншых зноў вазох ехалі матроны й дзевы рымскія, таксама п’яныя і напаўнагія. Вобак квадрыгаў танцоры патрасалі прыбранымі ў стужкі тырсамі; іншыя бубнілі ў бубянцы, іншыя сыпалі кветкі. Цэлы той карагод ехаў, дзеручыся: «Эвоэ!», найшырэйшаю дарогаю ў парку сярод дыму й людскіх светачаў. Цэзар, маючы пры сабе Тыгэліна й Хілона, палахлівасцю якога жадаў забаўляцца, сам кіраваў коньмі і, едучы ступою, паглядаў на палаючыя фігуры ды прыслухоўваўся воклікам народу.

Стоячы на высокай залатой квадрызе, акружаны людскою хвалою, якая кланялася яму да ног, у агнявым водбліску, у залатым вянку цырковага пераможніка, перарастаў галавою дваран, натоўп і выдаваўся вялігурам. Грубезныя ягоныя рукі, выцягнутыя разам з напружанымі лейцамі, казаў бы, багаславілі народ. На твары і ў прыморшчаных вачах іграў смех і так яснеў над людзьмі, бы сонца, бы боства якое, страхотнае, але й магутнае ды вялічэзнае.

Хвілінамі затрымоўваўся, каб лепей прыгледзецца ці то якой дзяўчыне, каторае ўлонне пачало сквярсціся ў полымі, ці выкрыўленаму канвульсійна твару дзіцяці, ды зноў ехаў далей, ведучы за сабою шалёны разгуканы карагод. Часамі кланяўся народу, то зноў выгінаўся ўзад, тузаў залатымі лейцамі і гутарыў з Тыгэлінам. У канцы, даехаўшы да вялікага вадаліву на цэнтральным скрыжаванні вуліц, высеў з квадрыгі і, кінуўшы на таварышаў, патануў у натаўпе. Прывіталі яго віватамі й воплескамі. Баханткі, німфы, сенатары, аўгустыяне, святары, фаўны, сатыры ды ваякі абступілі яго ўміг шалёным колам, а ён, маючы з аднаго боку Тыгэліна, а з другога Хілона, абыходзіў фантан, навокал якога гарэла некалькі дзесяткаў паходняў, затрымоўваючыся пры кожнай, робячы заўвагі або строячы кпіны з старога грэка, на твары якога малявалася безбярэжная роспач. У канцы спыніліся пад высокім слупам, упрыгожаным міртамі й акружаным зялёнаю поўсцю. Чырвоныя языкі полымя даходзілі тут ужо каленяў ахвяры, але аблічча ейнага нельга было адразу распазнаць з-за дыму. Праз момант, аднак, лёгкі начны вецер здзьмухнуў дым і адкрыў голаў старца з сівою, спадаючай на грудзі барадою.

Глянуўшы на гэта, Хілон адразу звіўся ў клубок, як ранены гад, а з горла вырваўся яму крык, хутчэй да крумкачага, чым да людскога падобны: — Глаўкас! Глаўкас!..

І праўда, з палаючага слупа пазіраў на яго лекар Глаўк, яшчэ быў жывы.

Збалелым тварам быў пахілены ўніз, як бы апошні раз жадаў прыгледзецца свайму кату, які здрадзіў яго, згубіў жонку, дзяцей, наслаў на яго разбойніка, а калі ўсё гэта дараваў яму ў імя Хрыста, яшчэ раз выдаў яго на пакутніцкі здзек. Ніколі хіба чалавек чалавеку не зрабіў большае й крываўшае крыўды. І вось ахвяра гарэла цяпер на смаловым слупе, а кат стаяў пад стапамі ейнымі. Вочы Глаўкавы не пераставалі глядзець проста ў твар Хілону. Часамі засланяў іх дым, але калі раздзьмухваў яго вецер, грэк бачыў зноў гэныя ўстаўленыя ў яго вочы. Выпраставаўся й хацеў уцякаць, але не ўздужаў. Нагла ўявіў сабе, быццам ногі ягоныя зрабіліся волавам, ды нейкая нябачная рука з нечалавечай сілай яго трымае пры гэным слупе. Скамянеў. Адчуваў толькі, што нешта перапаўняецца ў ім, нешта рвецца, што даволі напіўся пакут і крыві, што прыходзіць канец жыцця, што навокал знікае і цэзар, і світа, і натаўпы, а глытае яго нейкая бяздонная страшэнная чорная атхлань, а ў ёй відаць толькі гэныя вочы, заклікаючыя яго на суд, А той, схіляючы голаў штораз ніжэй, глядзеў бесперастанку. Прысутныя здагадаліся, што між гэнымі людзьмі нешта дзеецца, але смех замёр ім на вуснах, бо ў абліччы Хілона было нешта жахлівае: выкрывіла яго такая трывога й такі боль, як бы тыя языкі полымя жэрлі ягонае собскае цела. Нагла захістаўся і, выцягнуўшы ўгару рукі, заенчыў страшным раздзіраючым голасам: — Глаўк! У імя Хрыста, даруй!!!

Заціхла ўсё наўкола, дрыгата праняла ўсіх, усе вочы мімахоць звярнулія ўгару.

А галава пакутніка зварухнулася злёгку, і пачуўся з верхавіны слупа падобны да енку голас: — Выбачаю!..

Хілон кінуўся, кланяючыся, аж да самай зямлі, выючы, бы падстрэленая звярака, і, набраўшы зямлі ў абедзве шчопці, пасыпаў сабе ёю голаў.

Тым часам полымя стрэліла ўгару, абняло грудзі й твар Глаўка, распляло міртавую карону на галаве ягонай і заняло стужкі наверсе слупа, які заяснеў увесь вялікім ярым святлом.

Але Хілон па хвіліне ўстаў з тварам так змененым, што аўгустыянам выдавалася, бачаць перад сабою іншага чалавека. Ягоныя вочы гарэлі незвычайным бляскам, на зморшчаным чале маляваўся духовы ўздым: недалужны перад хвілінаю грэк выглядаў цяпер, бы які духоўнік, натхнёны боствам,

які маніцца выявіць невядомую праўду.

— Што яму сталася? Ашалеў? — азвалася некалькі галасоў.

А ён адвярнуўся да натаўпу і, выцягнуўшы ў гару правую руку, пачаў крычаць так, каб не толькі аўгустыяне, але й масы народныя маглі яго пачуць: — Народзе рымскі! Прысягаю на маю смерць, што вось гінуць людзі нявінныя, а падпальвачом — вось хто!!!.. І паказаў пальцам на Нэрона.

Настала мёртвая цішыня. Дваране атрупелі. Хілон усцяж стаяў з выцягнутаю дрыжачаю рукою ды пальцам, паказваючым на цэзара. Раптам зрабілася сумятня. Народ нападобу хвалі, збуджанае нечаканым віхрам, кінуўся да старца, каб лепш яму прыгледзецца. Тут і там адазваліся крыкі: «Трымай яго!», «Гора нам!» У натаўпе разлягаюцца свіст і вераск: «Агенабарбус! Маткабойца!

Падпальвач!» Сумятня магутнела з кожнай хвілінай. Баханткі, лямантуючы на ўвесь свет, пачалі хавацца на вазы. Раптам некалькі перагарэлых слупоў павалілася, рассыпаючы навокал іскры і пабольшваючы сумяціцу. Сляпая стоўчаная хваля народу падхапіла Хілона й панесла яго ў сярэдзіну агароду.

Усюды слупы пачалі таксама перагарваць і падаць упоперак вуліц, напаўняючы алеі дымам, іскрамі, смуродам смаліны і людскога цела. Гаслі светачы далейшыя й бліжэйшыя. У вагародах пацямнела. Вестка пра тое, што сталася, пераходзіла з вуснаў у вусны, змененая й пабольшаная. Адны расказвалі, што цэзар самлеў, іншыя — быццам сам ён прызнаўся, што падпаліў Рым, трэція — што цяжка занямог, іншыя ўрэшце — што вынеслі яго, як мёртвага, на возе. Сям-там адзываліся галасы спачуцця для хрысціян: «Не яны спалілі Рым, дык нашто было гэтулькі крыві, пакутаў і несправядлівасці? Ці ж гэта багі не будуць мсціцца за нявінных, і якія ж піякулы здолеюць зноў іх перапрасіць?» Словы «innoxia corpora» паўтараліся штораз часцей. Жанчыны голасна літаваліся над дзецьмі, якіх гэтулькі кінута дзікім звяром, папрыбівана да крыжоў або спалена ў гэных праклятых агародах. Аж у канцы спачуццё ахвярам змянілася ў ліхадумства цэзару й Тыгэліну. Але былі й такія, каторыя, раптам затрымоўваючыся, задавалі сабе або іншым пытанні: «Што гэта за боства, якое дае такую сілу ў пакутах і смерці?!» І вярталіся дамоў задуманыя… Хілон блукаўся шчэ па агародах, не ведаючы, куды кінуцца. Цяпер пачуваўся зноў нядужым і хворым старцам. Часамі спатыкаўся, зачапіўшыся за недагарэлае цела, за галавешку, выбухаючую іскрамі, часамі садзіўся, паглядаючы навокал беспрытомным вокам. У вагародах зрабілася ўжо прыцемна; белы месяц толькі выхіляўся з-за дрэваў, рассвятляючы слабым святлом алеі, счарнелыя слупы ды змененыя ў бясформныя масы недагаркі ахвяр. Старому грэку здалося, быццам на месяцы бачыць аблічча Глаўка, вочы якога глядзяць на яго ўсцяж, дык хаваўся ад святла. Урэшце, аднак, выйшаў з ценю і мімахоць, як бы папіханы нейкаю няведамаю сілаю, пайшоў да фантана, дзе аддаў духа Глаўкас.

Нараз нейкая рука дакранулася да ягонага пляча. Старац адвярнуўся і, бачачы перад сабою незнаёмую постаць, жахліва спытаў: — Хто там? Хто ты?

— Апостал Павал з Тарсу.

— Я пракляты!.. Чаго хочаш?

А Апостал адказвае: — Хачу збавіць цябе.

Хілон прыпёрся да дрэва. Ногі хісталіся пад ім, і рукі абвіслі.

— Няма ўжо для мяне збаўлення! — адказаў пасумна.

— Няўжо ты не чуў, як Бог дараваў вісячаму на крыжы разбойніку? — пытае Павал.

— Ці ж ты ведаеш, што я натварыў?

— Я бачыў боль твой і слухаў, як даваў ты сведчанне праўдзе.

— О Збавіцелю!..

— І калі Хрыстовы слуга дараваў табе перад пакутніцкаю смерцю, дык ці ж не даруе табе Хрыстус?

А Хілон хапіўся рукамі за голаў, моў абязглузджаны: — Прабачэнне! Для мяне прабачэнне?

— Наш Бог — гэта Бог міласэрнасці, — адказаў Апостал.

— Для мяне? — паўтарыў Хілон.

І пачаў енчаць, як бы не могучы апанаваць болю й пакуты. А Павал не адступае ад яго: — Абапрыся на мяне ды хадзем са мною!

І, узяўшы яго, ішоў з ім на скрыжаванне алеяў, дзе шумеў вадаліў, бы слёзы льючы сярод цішы начное над усімі замардаванымі.

— Наш Бог — гэта Бог міласэрнасці, — паўтарыў Апостал. — Калі б стаў ты над морам ды кідаў у яго каменні, ці мог бы закідаць імі марскую глыбіню? А я табе кажу, міласэрнасць Хрыстова ёсць як мора, і грахі й правіны людскія патонуць у ім, моў каменні ў бяздонні. Ёсць яна бы неба, накрываючае горы, сушу й акіяны, бо ёсць усюды, і няма ёй граніц ні канца. Ты цярпеў пры слупе Глаўка, і Хрыстус бачыў тваё цярпенне. Ты сказаў, не баючыся, што цябе можа спаткаць: «Во падпальвач!» — і Хрыстус адцеміў твае словы. Бо твая злосць і махлярства мінулі, а застаўся толькі бязмерны жаль… Хадзі са мною і слухай, што кажу табе: я ж таксама калісь ненавідзеў Яго й пераследваў Ягоных выбраных. І я не хацеў Яго ды не верыў у Яго, пакуль не з’явіўся і не паклікаў мяне. Ад тае пары Ён — любасцю маёй. А цяпер вось навясціў цябе згрызотаю, трывогай і болем, каб паклікаць цябе да Сябе. Ты Яго ненавідзеў, а Ён шкадаваў цябе. Ты выдаваў на пакуты Ягоных вызнавальнікаў, а Ён хоча дараваць табе гэта і збавіць цябе.

Поделиться:
Популярные книги

Хозяйка усадьбы, или Графиня поневоле

Рамис Кира
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.50
рейтинг книги
Хозяйка усадьбы, или Графиня поневоле

Дракон с подарком

Суббота Светлана
3. Королевская академия Драко
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
6.62
рейтинг книги
Дракон с подарком

Законы Рода. Том 11

Flow Ascold
11. Граф Берестьев
Фантастика:
юмористическое фэнтези
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Законы Рода. Том 11

Титан империи

Артемов Александр Александрович
1. Титан Империи
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Титан империи

Неудержимый. Книга XV

Боярский Андрей
15. Неудержимый
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Неудержимый. Книга XV

Пленники Раздора

Казакова Екатерина
3. Ходящие в ночи
Фантастика:
фэнтези
9.44
рейтинг книги
Пленники Раздора

Учим английский по-новому. Изучение английского языка с помощью глагольных словосочетаний

Литвинов Павел Петрович
Научно-образовательная:
учебная и научная литература
5.00
рейтинг книги
Учим английский по-новому. Изучение английского языка с помощью глагольных словосочетаний

Возвышение Меркурия. Книга 17

Кронос Александр
17. Меркурий
Фантастика:
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Возвышение Меркурия. Книга 17

Крещение огнем

Сапковский Анджей
5. Ведьмак
Фантастика:
фэнтези
9.40
рейтинг книги
Крещение огнем

Купец V ранга

Вяч Павел
5. Купец
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Купец V ранга

Законы Рода. Том 7

Flow Ascold
7. Граф Берестьев
Фантастика:
юмористическое фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Законы Рода. Том 7

Измена. Избранная для дракона

Солт Елена
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
3.40
рейтинг книги
Измена. Избранная для дракона

S-T-I-K-S. Пройти через туман

Елисеев Алексей Станиславович
Вселенная S-T-I-K-S
Фантастика:
боевая фантастика
7.00
рейтинг книги
S-T-I-K-S. Пройти через туман

Сумеречный Стрелок 3

Карелин Сергей Витальевич
3. Сумеречный стрелок
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Сумеречный Стрелок 3