Quo Vadis
Шрифт:
Дык пачаў цікаваць, ці прынамсі між аўгустыянамі не зацеміць звернутых уніз пальцаў на знак смерці. Але Пятроні трымаў далонь, звернутую ўгару, гледзячы пры гэтым амаль не задорліва яму ў твар. Забабонны, але пачуццёвы Вестын, які баяўся духаў, але не баяўся людзей, даваў знак ласкі. Тое ж самае рабіў сенатар Сцэвін, Нэрва, тое самае Тулій Сэнэцыё, тое самае слаўны ваявода Скапула, Антыст, тое ж самае Пізон і Ветус, і Крыспін, і Мінуцій Тэрмус, і Понцій Тэлесін, і найважнейшы, ганараваны ў народзе, Трэзэй. Бачачы гэта, цэзар адняў шмарагд ад вока з мінаю пагардліваю й абражанаю, а Тыгэлін, якому абавязкова хацелася зрабіць назадор Пятронію, нагнуўся й кажа: — Не саступай,
Тады Нэрон адвярнуўся ў той бок, дзе каманду над прэторыянамі трымаў строгі і адданы яму Субрый Флавій, а ўбачыў рэч непраўдападобную: міна старога трыбуна была грозная, але залітая слязьмі, і руку трымаў паднятаю на знак ласкі. Прымеж таго народныя масы авалодвала закатнасць. Хмара пылу падымалася з-пад барабанячых ног і прысланяла амфітэатр. Спаміж крычачых адзываліся і галасы: «Агенабарбус! Маткабойца! Падпальвач!»
Нэрон збаяўся. Народ быў у цырку волатам усёўладным. Папярэднія цэзары, а злашча Калігула, асмяляліся часамі ламаць волю ягоную, але гэта заўсёды канчалася закалотам, часамі нат крывавым. Адыж сітуацыя Нэрона была іншая. Перш-наперш, як камедыянт і спявак патрабаваў ласкі народу, па-другое — жадаў яго перацягнуць на свой бок супраць сенату і патрыцыяў, а ўрэшце — пасля пажару Рыму намагаўся ўсімі спосабамі перакабаціць яго сабе і звярнуць гнеў ягоны на хрысціян. Сцяміў, што далей супраціўляцца было небяспечна. Розрух, пачаты ў цырку, мог агарнуць цэлы горад і скончыцца непажаданымі наступствамі. Дык зірнуў яшчэ раз на Субрыя Флавія, на цэнтурыёна Сцэвіна, сваяка сенатара, ды радавых і, спатыкаючы ўсюды зморшчаныя бровы, ускіпелыя твары й раз’іскраныя вочы, даў знак ласкі.
Гром воплескаў разлёгся ад гары да нізу. Народ пераканаўся, што смерці не пагражае ўжо асуджэнцам, бо ад гэтае хвіліны пераходзілі яны пад ягоную апеку, і нат цэзар не асмеліўся б іх больш пераследваць сваёю помстаю.
LXVII
Чатырох бітынцаў несла асцярожна Лігію ў дом Пятронія, а Вініць і Урсус ішлі побач, спяшаючыся, каб найхутчэй аддаць яе ў рукі грэцкага лекара. Ішлі моўчкі, бо пасля нядаўніх перажыванняў не маглі гутарыць. Вініць да гэтай хвіліны быў яшчэ як бы паўпрытомны. Думаў сабе: Лігія адратаваная, не пагражае ёй ужо вязніца, ні смерць у цырку; думаў, што няшчасце іхняе скончана назаўсёды, бярэ вось яе дадому, каб ніколі ўжо не разлучацца. І здавалася яму, што гэта не сапраўднасць, а пачатак нейкага зусім новага жыцця. Час ад часу нагінаўся да адкрытае лектыкі, каб прыглядацца гэнаму каханаму абліччу, якое пры месячным святле выглядала спячым, і паўтараў у думцы: «Гэта яна! Хрыстус ашчадзіў яе!» Прыгадаў сабе таксама, што да сполярыюма, куды абодва з Урсусам аднеслі Лігію, прыйшоў нейкі незнаёмы лекар і запэўніваў яго, што дзяўчына жыве ды будзе жыць. Дык радасць раздзімала яму грудзі, аж часамі слабеў і апіраўся аб плячо Урсуса, не могучы йсці.
Ішлі борзда праз вуліцы свежа забудаваныя, бялеючыя ў месячным святле.
Горад быў пусты. Дзе-нідзе толькі грамадкі людзей, увенчаныя зеленню, пяялі й танцавалі пад флейту перад портыкамі, карыстаючы з чароўнае ночы й святочнае пары, якая трывала ад пачатку ігрышчаў. І толькі перад самым домам Урсус перастаў маліцца і прыцішна адазваўся, як бы баючыся разбудзіць Лігію: — Спадару, гэта Збаўца ўратаваў яе ад смерці. Як я ўгледзеў яе на рагох тура, пачуў у душы голас: «Барані яе!» І быў гэта, бясспрэчна, голас Баранка. Вязніца перажэрла мае сілы, але Ён мне вярнуў на тую хвіліну іх, і Ён натхніў гэны дзікі народ, што ўступіўся за яе. Будзь воля Ягоная!
Вініць дадаў: — Пашана й слава імені
Але больш не мог гаварыць, бо моцнае разжаленне падвярнула яму пад грудзі. Брала ахвота кінуцца на зямлю і дзякаваць Збаўцы за цуд і міласэрнасць.
Дайшлі да дому; служба, упярэджаная праз высланага знарок насустрач нявольніка, высыпала на іхняе спатканне. Павал з Тарсу яшчэ ў Анцыюме навярнуў большую частку гэных людзей. Няшчасце Вініція ведамае было ім добра, дык радасць іхняя пры спатканні ахвяр, вырваных з Нэронавых кіпцюроў, была вялікая, а пабольшылася яшчэ, як лекар Тэоклес па агледзінах Лігіі сцвердзіў, што нідзе не пакалечана і, як міне слабасць пасля вязнічнага тыфусу, будзе здарова.
Апрытамнела яна яшчэ тае ж ночы. Прачнуўшыся ў прыгожым кубікулюме, асветленым карынскімі лямпамі, сярод паху вервены, не ведала, дзе яна ды што з ёй дзеецца. Стаяла ў памяці тая хвіліна, калі прывязвалі яе да рагоў спутанага ланцугамі быка, а цяпер вось, бачачы над сабою аблічча Вініція, асветленае лагодным краскавым святлом, падумала, што хіба яны ўжо не на зямлі. Думкі блыталіся ў ейнай аслабелай галованьцы; здавалася ёй натуральнай рэчай, што па дарозе ў неба затрымаліся недзе з прычыны ейнага ператамлення й слабасці.
Не чуючы, аднак, болю, усміхнулася да Вініція і хацела спытаць, дзе яны, але з ейных вуснаў выйшаў толькі ціхі шэпт, у якім Вініць ледзь мог дачуць сваё імя.
Дык нахіліўся да яе і, палажыўшы лягонька руку на ейным чале, сказаў: — Хрыстус цябе ашчадзіў і вярнуў мне цябе!
Ейныя вусны паварушыліся зноў недачувальным шэптам. Па хвіліне, аднак, павекі прыплюшчыліся, грудзі падняліся лёгкім уздыхам, і запала ў глыбокі сон, якога чакаў лекар Тэоклес і пасля якога абяцаў паварот здароўя.
А Вініць застаўся пры ёй, кленчучы й молячыся. Душа ягоная растаплялася ў так магутным каханні, што забыў сам сябе. Тэоклес уваходзіў некалькі разоў, з-за процілеглае заслоны таксама не аднойчы паказвалася залатавалосая галава Эўнікі, урэшце, журавы, гадаваныя ў агародах, крумканнем звяшчалі пачатак дня, а ён яшчэ думкаю абнімаў стопы Хрыста, не бачачы й не чуючы навокал сябе нічога, з сэрцам, разгарэўшымся ў ахвярную гекатомбу, занураны ў захапленні, як бы ў неба ўзяты ўжо пры жыцці.
LXVIII
Пятроні па вызваленні Лігіі, не хочучы дражніць цэзара, пайшоў з ім, разам з іншымі аўгустыянамі, на Палатын. Хацеў праслухаць, аб чым там гаварыцімуць, а злашча пераканацца, ці Тыгэлін не абдумае чаго новага на згубу красуні. Праўда, і яна і Урсус узяты былі як бы пад апеку народу, і без раздражнення народу ніхто цяпер не мог падняць на яе рукі, аднак Пятроні, ведаючы пра нянавісць, якою гарэў усёўладны прэфект прэторыі, прадбачваў, што праўдападобна той, не могучы дасягнуць яго беспасярэдне, спрабаваціме якім-небудзь спосабам памставаць над ягоным сястрынцом.
Нэрон быў раздражнёны і гнеўны, як цёмная хмара, бо прадстаўленне скончылася зусім інакш, чым ён жадаў. На Пятронія спачатку не хацеў нат і глядзець, але той, не трацячы раўнавагі, падыйшоў да яго з цэлаю свабодаю арбітра элеганцыі і сказаў: — Ці ведаеш, боскі, што мне прыйшло ў голаў? Напішы песню пра красуню, якую воля ўладара свету вызваляе з рог дзікага тура і аддае каханку.
Грэкі маюць чулае сэрца, я пэўны, што такая песня іх ачаруе.
Думка гэная, паміма раздражнёнасці, прыпала да смаку Нэрону, прыпала падвойна: раз — як тэма да песні, а другое — ён жа мог сябе ў ёй выславіць як вялікадушнага ўладара свету, дык паглядзеў на Пятронія й сказаў: — Так, можа й праўду кажаш! Але ці выпадае мне апяваць уласную дабрыню?