Quo Vadis
Шрифт:
Ажылі ў ёй успаміны ў адной хвіліне. Гэта быў для яе зноў той раскошны й прыгожы, як бажок паганскі, Вініць, які ў Аўлаў абяцаў ёй каханне й будзіў, бы ад сну, ейнае паўдзіцячае тады сэрца; той самы, якога цалункі чула яшчэ на вуснах і з абдымкаў якога вырваў яе на Палатыне Урсус, нібыта з вогнішча выхапіў. Але цяпер ён, гэткі мужны, захоплены, з болем на сваім арліным бледным твары, з размоленымі вачыма, паранены, зламаны каханнем, поўны абагаўляння й пакоры, выдаваўся ёй такім, якім жадала яго мець тагды і якога магла б у той час пакахаць усёю душою, — ён быў для яе даражэйшым, чым калі-небудзь дагэтуль.
І нараз сцяміла, што можа надыйсці часіна, у якой ягонае каханне агорне й яе, бы віхар, а пачуўшы гэта, перажывала такое самае ўражанне, якое перад хвілінай перажываў ён: менавіта, што стаіць над бяздоннаю пропасцю.
Ці ж на гэта яна кінула дом Аўлаў? Ці ж на тое ўцякала з банкету? Хавалася столькі часу
На гэтую часіну нутранога змагання акурат падаспеў Глаўк, які прыйшоў агледзець хворага. На твары Вініція зайграла незадавальненне. Злы быў, што перарваў яму гутарку з Лігіяй, і, як Глаўк пачаў пытацца, адказваў ледзь не з пагардай. Праўда, крыху сунімаў сябе, але Лігія пераканалася, што навука з Острыянума не дзейнічала на ягоную няўжытую натуру. Змяніўся толькі для яе, а ў астатнім засталося ў грудзях тое ж даўняе, суровае і сябелюбнае, сапраўды рымскае, воўчае сэрца, не здольнае не толькі да адчуцця салодкае хрысціянскае навукі, але нат і ўдзячнасці.
Адыйшла неспакойная і поўная думак. Калісь у малітве ахвяравала Хрысту пагоднае, галубінае сэрца, чыстае, бы слязу. Цяпер ось пагоднасць тая пахмурнела. Нутро кветкі пачаў падточваць чарвяк. Нават сон па дзвёх недаспаных ночах не прынёс ёй утулення. Снілася ёй, што ў Острыянуме Нэрон на чале карагоду аўгустыянаў, танцорак, баянаў і гладыятараў талочыць увенчаным ружамі возам грамады хрысціян, а Вініць хапае яе ўполкі, уцягвае на квадрыгу і, тулячы да грудзей, шэпча: «Хадзі да нас!»
XXVII
Ад тае пары рэдка паказвалася ў супольнай каморы і рэдка збліжалася. Бачыла, як Вініць пасвіў яе благальным вокам, як на кожнае ейнае слова, бы на ласку, чакаў, як церпіць і не смее скардзіцца, каб не знеахвоціць яе да сябе, як яна адна ёсць для яго здароўем і радасцю, і тады ейнае сэрца ўздымала літасць. Хутка змеркавалася таксама, што чым больш ад яго староніць, тым больш робіцца ёй шкада яго, а праз тое самае родзяцца ў ёй да яго чулейшыя пачуцці. Сталася неспакойнай. Часамі талкавала сабе, што іменна павінна быць заўсёды пры ім, раз для таго, што боская навука загадвае плаціць дабром за зло, а па-другое, што, гутарачы з ім, магла б яго да гэнае навукі схіліць. Але зараз жа сумленне паказвала ёй, што сама сябе ашуквае, і што цягне яе да яго не што іншае, толькі каханне й краса ягоная. І так жыла ў заўсёдным нутраным змаганні, якое магутнела з кожным днём. Быццам яе аплятае сець нейкая, а яна, хочучы з яе выдабыцца, умотваецца ў яе штораз горш. Мусіла ўрэшце прызнацца сама перад сабою, што аблічча ягонае становіцца для яе штораз патрабнейшым, голас мілейшым, і што трэба ёй усімі сіламі змагацца з хаццёю праседжвання з ім. Калі збліжалася да яго, а ён распрамяняўся, радасць залівала і ейнае сэрца. Раз нейк зацеміла сляды слёз на ягоных вачах, і першы раз у жыцці прыйшла ёй думка: можа б іх асушыць цалункамі. Перапалоханая гэнай думкай, праплакала, дакараючы сябе, цэлую наступную ноч.
А ён быў цярплівы так, як бы сабе прысягнуў цярпець. Калі бывала зайграла ўваччу нецярплівасць, самаволя або гнеў, воміг змагаў яе, а потым глядзеў неспакойна на любую, казаў бы, перапрашаў вачыма, а яе гэта да яго цягнула яшчэ больш. Ніколі не мела пачуцця, што ёсць так моцна каханай, і на ўспамін аб гэтым чулася надта шчаслівай, але й вінаватай. Вініць сапраўды перайначваўся. У гутарцы ягонай з Глаўкам менш было ўжо гонару. Часта прыходзіла яму ў голаў, што і гэны бедны лекар-нявольнік, і чужаземка, старая Мырыям, што аб ім рупілася, і пабожны Крысп, гэта ўсё ж такі людзі. Сам дзівіўся сваім думкам — аднак жа іх меў. Урсуса палюбіў і гутарыў з ім цяпер цэлымі днямі, бо мог з ім гаварыць аб Лігіі, а вялізман зрабіўся гаваркі і, спаўняючы пры хворым простыя паслугі, пачаў яму таксама аказваць пэўную прывязанасць. Лігія была заўсёды для Вініція істотай іншага гатунку, вышэйшай у сто разоў за тыя, што яе акружалі, а ўсё ж пачаў прыглядацца і людзям убогім, чаго ніколі дагэтуль не рабіў, і
Назаркі толькі не мог сцярпець, бо здавалася яму, што малады хлапчук смее кахацца ў Лігіі. Доўгі час устрымоўваўся, праўда, ад выяўлення яму нехаці, але раз, калі хлапец прынёс дзяўчыне дзве перапёлкі, якія купіў за собскія заробленыя грошы, у Вініцію загарэўся нашчадак квірытаў, для якога прыблуда з чужога краю менш значыў, чым сціплы чарвяк. Чуючы падзяку Лігіі, страшэнна збялеў і, калі Назар выйшаў па ваду для птушак, адазваўся: — Лігія, як ты можаш сцярпець, каб ён табе даваў падарункі? Няўжо ты не ведаеш, што народ ягоны грэкі абзываюць жыдоўскімі псамі?
— Не ведаю, як іх грэкі абзываюць, — адказала, — ведаю толькі, што Назарка ёсць хрысціянінам і братам маім.
Сказаўшы гэта, зірнула на яго з здзіўленнем і жалем, бо ўжо крыху была адвыкла ад падобных выбухаў, а ён заціснуў зубы, каб не сказаць ёй, што такога брата загадаў бы насмерць засекчы дзягамі або саслаў бы яго на вёску, каб як кампедытус капаў зямлю ў ягоных сіцылійскіх вінаградніках. Устрымаўся аднак, здушыў у сабе гнеў і аж па хвіліне сказаў: — Выбачай, Лігійка. Ты ж у мяне князёўна і прыбранае дзіця Плаўтаў!
І перамогся да таго, што, калі зноў Назарка вярнуўся ў хату, абяцаў яму пару паваў або фламінгаў, якіх меў повен агарод.
Лігія зразумела, колькі яму каштавала падобная перамога сябе. І чым часцей перамагаў сябе, тым больш сэрца ейнае ліпла да яго. Заслуга ягоная адносна Назаркі была, аднак, меншай, чым спадзявалася. Вініць мог перад хвілінай абурыцца на яго, але не мог быць зайздросным. Бо сын Мырыям іставетна мала больш значыў у вачах ягоных, чым сабака, дый быў жа ён яшчэ дзіцём, якое калі й любіла Лігію, дык нясведама і хутчэй з прывязанасці. Большую барацьбу з сабою мусіў весці малады трыбун, калі прыходзілася паддацца, хоць моўчкі, той пачэснасці, з якою ставіліся прысутныя да Хрыста й ягонай навукі. У гэнай справе дзеяліся ў Вініцію рэчы дзіўныя.
Гэта была, як бы сабе ні здавалася, навука, якую ўверыла Лігія, дык дзеля гэтага самага гатовы быў яе прызнаць. Акрамя таго — чым больш ачуньваў, чым лепш прыгадваў сабе цэлы шэраг здарэнняў, якія збыліся ад тае начы ў Острыянуме, ды цэлую нізку паняццяў, якія наплылі ад таго часу ў ягоную галаву, тым больш задзіўляла яго надлюдская сіла тае навукі, якая перараджала так грунтоўна людскія душы. Разумеў, што ёсць у ёй нешта незвычайнае, нешта небывалае да гэтых пор на свеце, і ўяўляў сабе, што каб яна апанавала ўвесь свет ды каб ушчапіла ў яго сваю міласць і міласэрнасць, дык хіба настала б нейкая эпоха, прыпамінаючая тую, калі не Ёвіш, а Сатурн кіраваў светам, не смеў таксама сумнявацца аб надпрыродным паходжанні Хрыста, ані аб ягоным уваскрэсенні, ані аб іншых цудах. Навочныя сведкі занадта былі верагодныя і занадта гідзіліся лгарствам, каб можна было дапусціць, што гавораць небыліцы. Дый рымскі скептыцызм, хоць дазваляў сабе не верыць у багоў, дык усё ж такі не адвяргаў цуды. Перад Вініціем стала нейкая дзіўная загадка, якое не мог разблытаць. З другога боку, аднак, уся тая навука выдавалася як супярэчнаю існуючаму жыццяпарадку, так і немагчымаю ў практыцы ды так адчайнаю, як ніякая іншая. Паводле ягонай думкі, людзі на свеце і ў Рыме маглі быць сабе злымі, але жыццяпарадак быў добры. Каб цэзар, напрыклад, быў сумленным чалавекам, каб сенат складаўся не з агідных распуснікаў, але з такіх людзей, якім быў Трэзэй, чаго ж больш трэ было б жадаць? Але ж pax romana і рымская ўлада была добрая, растасоўка людзей была слушная й справядлівая. А тым часам навука гэтая, на думку Вініція, мусіла збурыць увесь дагэтуляшні лад, усякую ўладу і ступяні між людзьмі. І што ж тады б сталася хоць бы й з уладствам Рыму? Ці ж рымляне могуць перастаць панаваць над цэлым светам або прызнаць цэлы статак заваяваных народаў роўнымі сабе? Гэта ўжо не магло змясціцца ў галаве патрыцыя. А да таго навука гэтая супярэчыла ўсялякім асабістым ягоным уявам, звычцы, удачы і жыццягляду. Не мог сабе ўявіць, як бы гэта ён выглядаў, каб ейным стаўся адгерэнтам. Баяўся яе, падзіўляў яе, але прыняць яе папросту ўздрыгалася ягоная натура. А ў канцы разумеў, што нішто ж іншае, толькі яна разлучала яго з Лігіяй, і на ўспамін аб гэтым ненавідзеў яе ўсімі сіламі душы. Аднак жа было відавочным адначасна, што гэта менавіта яна ўпрыгажала Лігію ў нейкую выняткавую, нявыказаную прыгажосць, якая зрадзіла ў ягоным сэрцы апрача кахання — шанаванне, апрача жады — адданасць, вяльбенне, і з самае Лігіі зрабіла яму найдаражэйшую ў свеце істоту. А тады зноў хацелася яму любіць Хрыста. І ўяўляў ясна, што або мусіціме Яго палюбіць, або зненавідзець, абыякавым быць не можа. Налягалі на яго як бы супярэчныя хвалі, хістаўся ў думках, хістаўся ў пачуццёх, не мог выбраць, схіляў, аднак, голаў і моўчкі аказваў шанаванне таму таемнаму Богу дзеля таго толькі, што быў ён Богам Лігіі.