Quo Vadis
Шрифт:
І, узяўшы кубак, села на краі ложка ды пачала карміць Вініція, супакоранага адначасна й шчаслівага, калі нахілялася да яго, біла на яго цяпло ейнага цела, і разгорненыя косынькі сплывалі яму на грудзі, аж ён збялеў ад уражання, але ў мутні і парыве жады адчуваў адначасна, што гэта надусё яму даражэйшая і вяльбейшая галованька, перад якою ўвесь свет — нічым. Даўней пажадаў яе, цяпер пачынаў кахаць поўнымі грудзьмі. Даўней як наагул у жыцці, так і ў пачуццях быў, як усе тагачасныя людзі, сляпым няўступным эгаістам, якому толькі пра сябе расходзілася, цяпер жа пачало яму расходзіцца і пра яе.
Па хвіліне адмовіўся далей есці і, хоць прысутнасць ейная ўпаяла яго раскошай, сказаў: — Годзе, ідзі спаць, багінька мая.
— Не называй
І ўсміхалася да яго, кажучы, што сон ад яе ўцёк, што не чуе знямогі, што не пойдзе спаць, пакуль не прыйдзе Глаўк. Ён слухаў ейных слоў, бы музыкі, і сэрца набрыняла штораз большым расчуленнем, штораз большым захапленнем, штораз большаю ўдзячнасцю, а думка непакоілася, як бы ёй тую ўдзячнасць аказаць.
— Лігійка, — адазваўся пасля кароткага маўчання, — я ўпярод цябе не ведаў. Але цяперака ведаю, што маніўся дайсці да цябе блуднаю дарогаю, вось жа кажу табе: вярніся да Пампоніі Грэцыны і будзь пэўнай, што адцяпер ніхто на цябе рукі не падыме.
Твар ейны нагла пасмутнеў.
— Была б я шчасліваю, — адказала, — каб хоць здалёк з ёю магла пабачыцца, але вярнуцца да яе ўжо не магу.
— Чаму? — спытаў здзіўлены Вініць.
— Мы, хрысціяне, ведаем праз Актэ, што дзеецца на Палатыне. Няўжо ты не чуў: цэзар хутка пасля маіх уцёкаў, а перад выездам у Неапаль, заклікаў Аўла і Пампонію — і, думаючы, што яны мне дапамаглі, пагражаў ім гневам. На шчасце, Аўл мог яму адказаць: «Ведаеш, доміне, што ніколі лгарства не выходзіла з маіх вуснаў; вось жа клянуся перад табою, што мы ўцякаць ёй не дапамагалі і што так роўна, як ты, не ведаем, што з ёю сталася». І цэзар паверыў, а пасля забыўся — а я ніколі не пісала, не прасіла радаў старэйшых, дзе я, каб яны заўсёды смела маглі прысягнуць, што нічога пра мяне не ведаюць. Ты, можа, гэтага не зразумееш, Вініційка, але нам лгаць не можна, нат хоць бы расходзілася нам пра абарону жыцця. Такая наша навука, да якой жадаем прынаравіць нашае сэрца. Дык не бачыла я Пампоніі ад таго часу, калі развіталася з ейным домам, а да яе час ад часу даходзіла слабенькае рэха, што я жыву пад добрай апекай.
Тут узмаглася ў ёй туга, бо на вачах з’явіліся слёзы, але хутка супакоілася і сказала: — Ведаю, што і Пампонія тужыць па мне, ды, аднак, маем пацехі, якіх не маюць іншыя.
— Так, — адказаў Вініць, — вашаю пацехай — Хрыстус, але я гэтага не цямлю.
— Глядзі на нас: няма для нас разлукі, няма болю й цярпенняў, а калі й прыйдуць, дык змяняюцца ў радасць. І смерць самая, якая для вас ёсць чорным канцом жыцця, для нас ёсць толькі пачаткам ягоным і пераменай горшага шчасця на лепшае, менш спакойнага на спакайнейшае і вечнае.
Падумай, што гэта мусіць быць за навука, калі наказвае нам міласэрнасць нат і адносна непрыяцеляў, забараняе махлярства, ачышчае нашы душы ад злосці і абяцае па смерці шчасце бязмежнае.
— Чуў я гэта ў Острыянуме і бачыў, як вы паступалі са мною ды з Хілонам, і калі прыгадаў пра гэта, дык здаецца ўсё мне, што гэта сон, што ні вачам, ні вушам быццам не павінен я верыць. Але ты мне адкажы на іншае пытанне: ці ты шчаслівая?
— Так! — адказала Лігія. — Вызнаючы Хрыста, я не магу быць нешчаслівай.
Вініць глянуў на яе так, як бы тое, што казала, цалкам перавышала меру людскога толку.
— І не хацела б вярнуцца да Пампоніі?
— Хацела б цэлаю душою і вярнуся, калі такая будзе Боская воля.
— Дык яшчэ раз кажу табе: вярніся, а я прысягну табе на мае ляры, што не падыму на цябе рукі.
Лігія задумалася на хвіліну, пасля адказала: — Не. Не магу маіх блізкіх выстаўляць на небяспеку. Цэзар не любіць роду Плаўтаў. Калі б вярнулася — дык ты ж ведаеш, як праз нявольнікаў разыходзіцца кожная вестка па ўсім Рыме — дык і маё вяртанне сталася б ведамым у горадзе, і Нэрон даведаўся б аб ім ад сваіх нявольнікаў напэўна. Тагды скараў бы Аўлаў або адабраў бы мяне зноў.
— Так, — пацвердзіў, хмурачы
На гэта ставіць яна наступнае сумнае пытанне: — Вініць, ці ты хацеў бы зноў мяне бачыць на Палатыне?
Ён заціснуў зубы й адказаў: — Не. Праўду кажаш. Гаварыў, як дурны! Не!
І нагла ўбачыў перад сабою як бы бяздонне. Быў патрыцыем, быў вайсковым трыбунам, быў чалавекам магутным, але над усімі гэтага свету стаяў аднак жа шаленец, ліхіх прымхаў якога ніколі не можна было прадбачыць. Не аглядацца ды не баяцца яго маглі толькі такія людзі, як хрысціяне, для якіх цэлы гэты свет, ягоныя разлукі, цярпенні ды смерць самая была нічым. Усе іншыя мусілі дрыжаць перад ім. Жудасць часінаў, у якіх жылі, уявілася Вініцію ў цэлай сваёй агідзе. Не мог ось аддаць Лігіі Аўлам з трывогі, каб злыдзень-агіднік не прыпомніў сабе яе ды не абярнуў на яе свайго гневу. З тае ж прычыны, каб за жонку ўзяў яе сабе, мог бы натравіць яго на яе, на сябе і на Аўлаў. Хвіліны лютага гумару было даволі, каб згубіць. Вініць першы раз у жыцці ўявіў, што або свет мусіць перайначыцца, або жыццё станецца немагчымым. Зразумеў таксама тое, што ў такіх часінах адны толькі хрысціяне маглі быць шчаслівымі.
Але перадусім разабраў яго жаль, бо зразумеў тое, што ён сам так паблытаў жыццё і сабе і Лігіі, што з гэнае блытаніны нельга было выйсці. І пад уражаннем таго жалю пачаў гаварыць: — Ці ведаеш, што ты шчаслівейшая за мяне? Ты ў беднаце і ў гэнай адной хаце сярод простых людзей маеш сваю навуку й свайго Хрыста, а я маю толькі цябе, і як ты аддалілася, я быў як жабрак, што не мае ні хаты, ні хлеба. Ты даражэйшая мне за ўвесь свет. Я шукаў цябе, бо не мог без цябе жыць. Не хацеў ні банкетаў, ні сну. Каб не надзея, што цябе знайду, кінуўся б на меч. Але баюся смерці, бо не мог бы на цябе глядзець. Кажу табе шчырую праўду, што не здалею без цябе жыць і дагэтуль жыў я толькі надзеяй, што цябе знайду і ўгледжу. Ці памятаеш ты нашыя гутаркі ў Аўлаў? Раз накрэсліла ты мне на пяску рыбу, а я не цяміў, што гэта значыць. Памятаеш, як гулялі мы ў шпурляка? Ужо тады для мяне ты была мілей, чым жыццё, дый ты пачынала здагадвацца, што кахаў цябе. Надыйшоў Аўл, настрашыў нас Лібітынай і перарваў нам гутарку. Пампонія сказала Пятронію пры развітанні, што Бог ёсць адзін усёмагутны й міласэрны, але нам і ў голаў не прыйшло, што вашым Богам ёсць Хрыстус. Хай Ён аддаець мне цябе, а палюблю Яго, хоць ён мне выдаецца Богам нявольнікаў, чужынцаў і бяздольных. Ты сядзіш пры мне й думаеш толькі аб ім. Думай і пра мяне, бо інакш зненавіджу Яго. Для мяне боствам толькі адна ты. Багаслаўлёны бацька твой і маці, багаслаўлёная зямліца, што зрадзіла цябе! От, абняў бы, здэцца, твае ногі й маліўся б да цябе, табе шанаванне аддаваў бы, табе ахвяры, табе паклоны — ты тройчы боская!!!
Ты не ведаеш, ты не можаш ведаць, як я кахаю цябе… Так гаворачы, правёў рукою па збялелым твары і прымкнуў вочы. Натура ягоная не ведала перапоны ніколі як у гневе, гэтак і ў каханні. Гаварыў з уздымам духа, як чалавек, які перастаў ды не жадае аглядацца на меру ні ў словах, ні ў вялічанні. Гаварыў з глыбіні душы й сэрца. Значна было, што боль, захапленне, жада і шанаванне, награмадзіўшыся ў ягоных грудзях, бухнулі ўрэшце непаўстрыманаю ракою слоў. Словы ягоныя выдаваліся Лігіі блюзнерствам, а аднак сэрца ейнае заскакала так моцна, як бы манілася разарваць сціскаючую грудзі туніку. Не ў змозе была перамагчы літасць над ягонымі пакутамі. Расчуляла яе пашанота, з якою да яе звяртаўся. Пачувалася каханаю ды абажанаю бязмежна, чула, што гэты няўступлівы ды небяспечны чалавек адданы цяпер ёй душой і целам, як нявольнік, і гэнае пачуццё ягонай пакоры, а ўласнае магаты напоўніла яе шчасцем.