Стамбульскі экспрэс
Шрифт:
Перад ёю паўстаў чалавек, дарэшты змораны, раззлаваны тым, што яму даводзіцца выконваць не сваю ролю, агорнуты цікаўнасцю і пажадлівасцю, чалавек, блізкі да істэрыкі. Міс Уорэн злараднічала. Нельга сцвярджаць, што яна ненавідзела асабіста яго, ёй быў ненавісны ўсякі надзвычайны поспех: будзь гэта продаж ста тысяч экземпляраў кнігі ці дасягненне хуткасці ў тры тысячы міль у гадзіну, — ва ўсіх такіх выпадках яна брала інтэрв'ю, а шчаслівец спагадліва даваў яго. Няўдачнік жа, даведзены да роспачы, — гэта зусім іншая справа, тут яна выступала ад імя абуранага грамадства, пранікала ў турэмныя камеры, у нумары раскошных гатэляў, у жабрацкія кварталы трушчоб. Тут чалавек быў цалкам пад яе ўладай, загнаны паміж пальмамі ў вазонах і піяніна, прыціснуты да вясельнай фатаграфіі і мармуровага гадзінніка. Яна нават
— Дух цвярозага розуму — гэта ваша крэда? — ухапіўшыся за яго словы, спытала яна. — Вы прынцыпова супраць адзнак «Толькі для дарослых»? Вашымі кнігамі адорваюць выдатнікаў у школах.
Насмешка яе прагучала занадта яўна.
— Я ганаруся гэтым, — сказаў ён. — Маладое пакаленне павінна выхоўвацца на здаровых традыцыях.
Яна заўважыла яго перасохлыя губы, погляд, крадком кінуты ў калідор. «Гэта я выкарыстаю, наконт здаровых традыцый, — падумала яна, — публіцы спадабаецца, Джэймсу Дугласу будзе прыемна. Ім яшчэ болей спадабаецца, калі ён дакоціцца да вулічнага прамоўцы ў Гайд-Парку, — хутчэй за ўсё так яно і будзе праз некалькі гадоў. Я дажыву да гэтага часу і нагадаю ім свае словы». Яна ганарылася сваёй здольнасцю прадбачання, аднак яшчэ не дажыла да таго часу, каб яе прадбачанне збылося. «Паглядзіце на яго зараз: на яго маршчынкі — адзнакі слабога здароўя, на тон яго голасу, жэсты — усё гэта раскажа звычайнаму чалавеку не болей, чым рысачкі і кружочкі ў «Бедэкеры», аднак супастаўце ўсё з акружэннем гэтага чалавека, з яго сябрамі, абсталяваннем яго кватэры, дзе ён жыве, і ўбачыце яго будучыню, наканаваную яму няшчасную долю.
— Божухна! — усклікнула міс Уорэн. — Нарэшце я ўсё зразумела!
Містэр Сейвары ўсхапіўся з месца:
— Што вы зразумелі? Наконт зубнога болю?
— Не, не, — сказала міс Уорэн. Яна была яму ўдзячная: дзякуючы яго размовам яе свядомасць напоўнілася святлом, якое не пакінула ніводнага зацішнага кутка, дзе б мог схавацца ад яе доктар Цынер. — Я маю на ўвазе ваша цудоўнае інтэрв'ю. Я зразумела, як трэба пра вас напісаць.
— Я ўбачу карэктуру?
— Ах, мы ж не штотыднёвік. Нашы чытачы чакаць не могуць. Яны, ведаеце, як галодныя, патрабуюць свайго біфштэкса, вырабленага з папулярнага чалавека. На карэктуры няма часу. Лонданцы будуць чытаць гэта інтэрв'ю заўтра за ранішняй кавай.
І пераканаўшы яго, што інтэрв'ю будзе мець поспех у чытачоў, міс Уорэн пайшла. Хоць, па праўдзе кажучы, ёй хацелася папярэдзіць гэтага стомленага чалавека, які ўжо ўхапіўся за думку пра новы паўмільённы тыраж яго новай кнігі, якая ў людзей кароткая памяць — сёння яны купляюць кнігу, з якой заўтра будуць смяяцца. Аднак на гэта ў яе ўжо не было часу, яе захапіла больш буйная гульня — яна лічыла, што ўжо разгадала тайну «Бедэкера». Штуршком былі яе прароцтвы. Схема лёгка вымалася, папера ў «Бедэкеры», як ёй запомнілася, была тонкая і дастаткова празрыстая, калі падкласці схему пад паметкі алоўкам на папярэдняй старонцы, лініі можна бачыць наскрозь.
«Чорт пабяры, не кожны да такога дадумаецца, — разважала яна. — За гэта трэба выпіць. Знайду я зараз парожняе купэ і паклічу афіцыянта». Ёй не было патрэбы нават у Джанет Пардаў, каб адсвяткаваць такую ўрачыстасць, яна палічыла за лепшае пасядзець адной, з келіхам Курвуазье, там, дзе нічога не перашкодзіць ёй абдумаць наступны ход. Аднак нават знайшоўшы парожняе купэ, яна дзейнічала абачліва: не выцягнула «Бедэкера» з-пад кофтачкі да таго часу, пакуль афіцыянт не прынёс каньяк. І нават тады зрабіла гэта не адразу. Яна паднесла келіх да ноздраў, дазваляючы віннай пары дайсці да таго месца, дзе мозг, відаць, злучаецца з носам. Алкаголь, які яна піла ўчора ўвечары, не ўвесь яшчэ выпарыўся. Ён варушыўся ў ёй, як земляны чарвяк у спякотны вільготны дзень. «Галава круціцца, — падумала яна, — у мяне круціцца галава». Праз келіх з каньяком яна паглядзела на навакольны свет, такі аднастайны і звыклы, што здавалася, ён назаўсёды застанецца нязменны: дагледжаныя палі, дрэвы, маленькія фермы. Яе вочы, блізарукія і пачырванелыя ад аднаго толькі паху віна, не заўважалі, што адбыліся
Яе здагадка была правільная, гэта, ва ўсякім разе, дакладна. Калі яна пачала разглядаць на святло схему і старонку з адзнакамі, рысачкі ляглі ўздоўж вуліц, кружочкі абвялі грамадскія будынкі: паштамт, вакзал, суд, турму. Але што ўсё гэта азначае? Раней яна лічыла, што доктар Цынер вяртаецца, каб даць наглядны прыклад, магчыма, паўстаць перад судом за ілжэсведчанне. Аднак у такім разе схема не мела ніякага сэнсу. Яна зноў пачала пільна яе вывучаць. Вуліцы былі адзначаны невыпадкова, тут існавала нейкая пэўная сістэма: квадраты дакладна размяшчаліся вакол галоўнага квадрата. Квадрат на адным баку галоўнага супадаў з вакзалам, на другім — з поштай, на трэцім — з судом. Усярэдзіне квадрацікі рабіліся ўсё меней і меней і, нарэшце, акружалі толькі турму.
З абодвух бакоў цягніка стромка ўзнімаўся ўгору адхон, ён засланяў сонечнае святло. Іскры, чырвоныя на фоне пахмурнага неба, нібыта градзінкі, грукаталі па вокнах, цемра запоўніла вагоны, калі доўгі цягнік з грукатам уварваўся ў тунель. «Рэвалюцыя, сама меней, рэвалюцыя», — думала яна, усё яшчэ трымаючы схему на ўзроўні вачэй, каб не прапусціць моманту, калі зноў з'явіцца святло.
Грукат сціхнуў, раптам наўкол ізноў зрабілася светла. У дзвярах стаяў доктар Цынер з газетай пад пахай. На ім ізноў быў плашч, і яна акінула пагардлівым поглядам яго акуляры, сівыя валасы, неахайна падстрыжаныя вусы і вузкі, туга завязаны гальштук. Яна адклала схему ўбок і сказала з усмешкаю:
— Ну і як?
Доктар Цынер увайшоў у купэ і зачыніў дзверы. Без усякай адзнакі варожасці ён сеў насупраць яе. «Ён разумее, што я паставіла яго ў безвыходнае становішча, і вырашыў паводзіць сябе разумна».
— Ваша газета ўхваліла б ваш учынак? — раптам спытаў ён.
— Вядома, не. Назаўтра ж мяне выкінулі б на вуліцу. Але калі яны атрымаюць мой матэрыял, усё будзе наадварот. — І дадала з добра разлічаным нахабствам: — Думаю, за такі матэрыял варта прыбавіць мне чатыры фунты ў тыдзень.
Доктар Цынер сказаў павольна, без ніякага гневу:
— Я вам нічога не раскажу.
Яна пагардліва махнула на яго рукой.
— Вы мне шмат чаго ўжо расказалі. А яшчэ і гэта. — Яна пастукала па «Бедэкеры». — Вы былі настаўнікам замежнай мовы ў Грэйт Берчынгтан-он-Сі. Мы атрымалі інфармацыю ад вашага дырэктара. — Ён нахіліў галаву. — А потым, — працягвала яна, — ёсць яшчэ гэтая схема. І гэтыя каракулі. Я іх ужо супаставіла і ўсё зразумела.
Яна чакала, што ён пачне пярэчыць, спалохаецца ці выкажа абурэнне, але ён усё яшчэ панура раздумваў над яе першай здагадкай. Яго паводзіны збянтэжылі яе, і на кароткае імгненне яна падумала: «Можа, з маіх рук выпадае самы галоўны матэрыял? Можа, галоўны матэрыял зусім не тут, а ў школе на паўднёвым беразе, сярод цагляных будынкаў, прасмоленых сасновых парт, чарнільніц, бразгатлівых званкоў і паху хлапечай вопраткі?» Гэтыя сумненні крыху паменшылі яе самаўпэўненасць, яна загаварыла спакайней, мякчэй, чым збіралася, — сваім хрыплым голасам ёй цяжка было кіраваць.
— Мы прыйдзем да згоды, — лагодна рыкнула яна. — Я не збіраюся рабіць вам ніякай шкоды. Не хачу ўблытвацца ў вашы справы. Ведаеце, калі вы дасягняце сваёй мэты, каштоўнасць маёй карэспандэнцыі будзе яшчэ большая. Абяцаю нічога не друкаваць без вашай асабістай згоды. — Яна сумна дадала, нібыта была мастаком, якога вінавацяць за тое, што ён карыстаецца няякаснымі фарбамі: — Я не зраблю шкоды вашай рэвалюцыі. Толькі ўявіце, якая гэта будзе выдатная карэспандэнцыя!
Старасць імкліва наступала на доктара Цынера. Раней яму здавалася, што сярод пахаў прасмоленай хвоі, у скрыпе крэйды па класнай дошцы ён займеў пяць гадоў перадышкі ад турэмнай камеры, і вось ён сядзіць у купэ экспрэса, а гэтыя гады, што адцягнулі мінулыя падзеі, усе разам наваліліся на яго, раптоўна, а не спакваля. Зараз ён быў падобны да старога, які, засынаючы, торкаецца носам, твар яго зрабіўся такі ж змрочны, як снежныя хмары пад Нюрнбергам.