Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.
Шрифт:
Аўгуст II пакінуў шмат дзяцей. Некаторых з іх (ад больш-менш пастаянных каханак) ён узвысіў. Так, ягоны сын ад графіні Аўроры Кёнігсмарк — граф Морыц Саксонскі (1696–1751) быў нейкі час герцагам Курляндыі, а потым маршалам Францыі. Ён нарадзіўся праз 11 дзён пасля нараджэння кронпрынца Фрыдрыха Аўгуста. Пазашлюбная дачка Морыца Саксонскага — Марыя Аўрора — была маці Дзюпэна дэ Франсэйля (бацькі французскай пісьменніцы Жорж Санд). Другі пазашлюбны сын Аўгуста Моцнага — Ёган Георг (ад Уршулі Любамірскай) — стаў саксонскім фельдмаршалам. Фельдмаршалам быў і граф Фрыдрых Аўгуст Рутоўскі (ад турчанкі Фацімы). Сваіх пазашлюбных дачок кароль павыдаваў замуж за польскіх і нямецкіх арыстакратаў, а адну — графіню Ганну Ажэльскую — за герцага галштэйнбекскага. Дачка ад графіні Ганны Канстанцыі Козэль была выдадзена замуж за Яна Машынскага, вялікага падскарбія кароннага.
Пасля Аўгуста II засталіся помнікі архітэктуры ў Дрэздэне і Варшаве, дзе былі
Станіслаў Ляшчынскі (1677–1766)
Кароль польскі і вялікі князь літоўскі ў 1704–1709 і ў 1733–1736 гг.
Постаць гэтага караля польскага і вялікага князя літоўскага, рускага і жамойцкага неадназначная. Нават гады ягонага кіравання часткова прыпадаць на час панавання двух каралёў Саксонскай дынастыі (Сасаў). Менавіта тады ў краіне былі два манархі, як гэта здарылася ў свой час у Вялікім Княстве Літоўскім і Рускім у 30-я гг. XV ст., калі нашы продкі мелі адразу двух вялікіх князёў — Свідрыгайлу і Жыгімонта Кейстутавіча, якія ваявалі паміж сабой за трон. Але адно можна з пэўнасцю сказаць: Станіслаў Ляшчынскі быў сапраўдным «сваім» каралём, са старажытнага магнацкага роду, чалавекам выхаваным, з добрай для свайго часу адукацыяй. Яшчэ адной адметнасцю Станіслава Ляшчынскага было тое, што ён паставіў рэкорд доўгажыхарства для каралёў польскіх і вялікіх князёў літоўскіх. Ён пражыў амаль 90 гадоў.
Паходжанне
Род Ляшчынскіх герба «Вянява» з'яўляўся адным з самых старажытных у Польшчы. Паводле радаводных крыніц і хронік, род Ляшчынскіх паходзіць ад чэшскіх феадалаў Перштэйнаў, адзін з якіх, Дабеслаў, быў маршалкам двара Дуброўкі, чэшскай князёўны, якая стала жонкай польскага князя Мешка I. З гэтага роду паходзіў Дабеслаў, які за часамі Ягайлы ўдзельнічаў у бітвах з крыжакамі. Другім вядомым прадстаўніком роду Ляшчынскіх быў Рафал, сын Рафала (памёр у 1501 г.), які стаў у 1489 г. маршалкам пры двары імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Фрыдрыха III Габсбурга ў Вене, дзе выконваў розныя дыпламатычныя даручэнні. Рафал Ляшчынскі так спадабаўся імператару, што той надаў яму ў 1473 г. тытул графа Свяшчэннай Рымскай імперыі «на Лешне» (горад, цяпер ваяводскі цэнтр на поўдзень ад Познані, у Вялікай Польшчы, які быў прыватнаўладальніцкім горадам роду Ляшчынскіх), а таксама адмысловы герб «Вянява» з залатым ільвом наверсе (замест страўсіных пёраў). Дарэчы, прозвішча Ляшчынскія было ўзята ад назвы іх уласнага горада. Але Ляшчынскія больш ганарыліся не графскім тытулам, а тым, што гэты Рафал падчас рыцарскага турніру ў Вене перамог венгерскага і чэшскага караля Мацея Корвіна, збіўшы яго дзідай з каня. Вацлаў Ляшчынскі (памёр у 1628 г.) быў канцлерам вялікім каронным (польскім) у час канцлерства ў нашай краіне Льва Сапегі, яго калегам. Гэты Вацлаў быў старостам генеральным Вялікай Польшчы. Ягоны сын Андрэй (памёр у 1658 г.) быў таксама канцлерам вялікім каронным і арцыбіскупам гнезненскім. Ян Ляшчынскі (памёр у 1678 г.) таксама быў канцлерам вялікім каронным і ваяводам кракаўскім (лічыўся першым па месцы і значэнні ў пасяджэннях сярод ваяводаў польскіх). Прадзед Станіслава Ляшчынскага Рафал (1579–1636) быў ваяводам бэлзскім, старостам гарадзельскім і грубяшоўскім, пісаў вершы, пакінуў артыкулы па механіцы, архітэктуры і музыцы, у 1621 г. Удзельнічаў у вайне супраць Турцыі на чале 100 коннікаў і 100 пехацінцаў, якіх выставіў са сваіх маёнткаў. Дзед Станіслава — Багуслаў (1614–1659) — быў старостам генеральным Вялікай Польшчы, потым падскарбіем вялікім каронным і, урэшце, падканцлерам каронным. Цудоўнага прамоўцу, яго тройчы абіралі маршалкам на соймах. Бацька Станіслава з'яўляўся ваяводам пазнанскім ад 1687 г., старостам генеральным Вялікай Польшчы, а з 1702 г. — падскарбіем вялікім каронным, быў удзельнікам паходу караля Яна III Сабескага пад Вену ў 1683 г. і ў Венгрыю супраць туркаў і ўзначальваў пасольства ў Канстанцінопаль.
Безумоўна, Ляшчынскія былі багатымі і ўплывовымі магнатамі, займалі найбуйнейшыя дзяржаўныя пасады, мелі сваяцтва з іншымі польскімі і беларускімі-літоўскімі магнацкімі сем'ямі — Апалінскімі, Пацеямі, Валеўскімі, Нямірычамі, Рэямі, Дэнгафамі, Радзівіламі, Вішнявецкімі, Чарнецкімі, Зяновічамі, Мнішкамі, Бжастоўскімі, Патоцкімі.
Станіслаў Ляшчынскі. Невядомы мастак, да 1709 г.
Маладосць Станіслава
Станіслаў Ляшчынскі, адзіны сын Рафала Ляшчынскага (1650–1703) і
Далейшай ступенню адукацыі былі замежныя падарожжы. Малады Станіслаў Ляшчынскі аб'ехаў амаль усю Еўропу, пабываў ва ўсіх вялікіх еўрапейскіх дварах. І вучоба, і падарожжы, і асабістыя рысы характару зрабілі з яго чалавека куртуазнага, добразычлівага, які лёгка знаходзіў сяброў. Станіслаў Ляшчынскі быў на той час чалавекам высокай культуры і добрага выхавання. Пасля вяртання на радзіму ён увайшоў у магнацкую эліту Рэчы Паспалітай.
У 1697 г. 20-гадовы Станіслаў Ляшчынскі атрымаў ганаровы тытул падчашага кароннага, а праз год ажаніўся з 18-гадовай Кацярынай Апалінскай (1680–1747), адзінай дачкой Яна Караля Апалінскага, кашталяна пазнанскага. Яна прынесла яму ў пасаг багатыя маёнткі і добрыя грошы, падвоіўшы ягонае багацце. Ляшчынскі стаў адным з найбагацейшых магнатаў Рэчы Паспалітай. Праўда, сямейнае жыццё было не з лепшых. Жонка, не вельмі прывабная і без фантазіі, літаральна прывязала яго да сябе. Жыла не з ім, а пры ім, дзяліла яго ўдачы і няўдачы, але памочніцай, дарадцам у ягоных справах не была.
Палітычная дзейнасць
Пачатак палітычнай дзейнасці маладога магната адносіцца 1696 г., калі ён быў абраны паслом (дэпутатам) на канвакацыйны сойм пасля смерці караля Яна Сабескага. Потым быў дэпутатам выбарчага (элекцыйнага) сойма ў чэрвені 1697 г., дзе спачатку выступіў як прыхільнік сына Яна Сабескага Якуба, але, калі за яго выказалася меншасць, перайшоў на бок Аўгуста II Моцнага, які і быў абраны на каралеўскі трон. Падчас сойма выявіў своеасаблівыя здольнасці мірыць вяльможаў, гатовых узяцца за зброю.
За прыхільнасць новы кароль падчас сваёй каранацыі 15 верасня 1697 г. прызначыў Станіслава Ляшчынскага падчашым вялікім каронным (ганаровы тытул, які за некалькі стагоддзяў да таго абавязваў падчашага падносіць каралю кубак з віном, але спачатку мусіў пакаштаваць яго сам, каб упэўніцца, што там няма атруты). Праз два гады свайго валадарання Аўгуст II прызначыў Ляшчынскага ваяводам пазнанскім, даў яму пажыццёва Адалянаўскае, Дубенскае і Навадворнае староствы.
Бацька Станіслава ўзначальваў апазіцыю ў Вялікай Польшчы. Пасля ягонай смерці (1703 г.) Станіслаў Ляшчынскі ўзначаліў антыкаралеўскую апазіцыю сам. Сітуацыя ў Рэчы Паспалітай змянілася. У 1700 г. кароль Аўгуст II у саюзе з Пятром I пачаў вайну супраць Карла XII — караля Швецыі, але не як польскі кароль і вялікі князь літоўскі, а як курфюрст Саксоніі. Ён хацеў захапіць для сябе ў шведаў Ліфляндыю з Рыгай. Рэч Паспалітая спачатку заставалася нейтральнаю ў Паўночнай вайне. Саксонскія войскі каля Рыгі былі разбіты, і Карл XII з войскамі праз Літву ўвайшоў у Польшчу. Асноўнай мэтай Карла XII было пазбаўленне Аўгуста II трона ў Рэчы Паспалітай. Грамадства Рэчы Паспалітай было ў разгубленасці: адна частка выступала за тое, каб захаваць уладу за каралём Аўгустам II, другая частка патрабавала новых выбараў, трэцяя імкнулася да заканчэння вайны і замірэння з Карлам XII. Станіслаў Ляшчынскі становіцца прыхільнікам саюзу са Швецыяй і выступае за абранне каралём Якуба Сабескага. Ён — адзін з ініцыятараў Варшаўскай генеральнай канфедэрацыі, якая 14 лютага 1704 г. абвясціла дэтранізацыю Аўгуста II і бескаралеўе.
На каралеўскі пасад!
Карл XII схіляўся да думкі правесці на трон каралевіча Якуба Сабескага. Аднак Аўгуст II, прадухіляючы гэты крок, загадаў арыштаваць двух старэйшых сыноў Яна III Сабескага — Якуба (1667–1737) і Канстанціна (1680–1726), якія знаходзіліся ў Сілезіі. Яны былі пасаджаны ў саксонскую крэпасць Кёнігштайн. На волі застаўся іх брат Аляксандр (1677–1714), якому Карл ХІІ прапанаваў каралеўскую карону. Але той адмовіўся на карысць старэйшага брата. Тады шведскі кароль прапанаваў карону Станіславу Ляшчынскаму, якога высока цаніў.
Па загаду Карла XII на полі каля Варшаўскага прадмесця Воля сабраліся нешматлікія выбаршчыкі, якіх абкружылі шведскія войскі. У такіх абставінах 12 ліпеня 1704 г. Станіслаў Ляшчынскі быў абраны каралём польскім і вялікім князем літоўскім, пра што абвясціў біскуп пазнанскі Мікалай Свянціцкі. У наступным годзе, 4 кастрычніка, Ляшчынскі быў каранаваны ў Варшаве арцыбіскупам львоўскім Канстанцінам Зяліньскім. Тады ж Станіслаў Ляшчынскі заключыў з Карлам XII трактат аб прыязні, паводле якога Рэч Паспалітая знаходзілася ў поўнай залежнасці ад Швецыі. У Станіслава Ляшчынскага не было шматлікага войска і прыхільнікаў, і без шведаў улада яго была нетрывалая.