Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.
Шрифт:
Аўгуст II, замест таго каб з'яднаць грамадства Рэчы Паспалітай, пачаў рэпрэсіі супраць апазіцыі. Баючыся за трон, ён загадаў арыштаваць каралевічаў Якуба і Канстанціна Сабескіх. Гэта выклікала хвалю абурэння, бо ў Рэчы Паспалітай без падставаў нельга было арыштаваць і простага шляхціча, не кажучы ўжо пра сям'ю папярэдняга караля. Стварылася Велікапольская канфедэрацыя, якая пераўтварылася потым ў Варшаўскую. Аўгуст II быў дэтранізаваны, хоць і не прызнаў гэтага. 13 ліпеня 1704 г. пад ціскам Карла XII і шведскага войска Варшаўская канфедэрацыя выбрала каралём польскім і вялікім князем літоўскім познаньскага ваяводу Станіслава Ляшчынскага (1677–1766), які і лічыўся каралём ад 1704 да 1709 г. Частка тэрыторыі Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага прызнала яго. Цяпер у Рэчы Паспалітай было ажно два каралі. І абодва выбраныя!
І хаця цар Пётр I падтрымліваў свайго караля, Карл XII нанёс некалькі
24 верасня 1706 г. у вёсцы Альтранштэт (памылкова называюць Альтранштат) быў заключаны мір паміж Карлам XII і Аўгустам II. Гэты дагавор пакрыў Аўгуста ганьбай. Ён не толькі выракся польскай кароны (і тытулу вялікага князя літоўскага і рускага), але і абавязаўся абмежаваць дзейнасць каталіцкай царквы ў Саксоніі (хоць і быў католікам). Самае ганебнае было тое, што ён выдаў Карлу XII кіраўніка антышведскай апазіцыі ў Ліфляндыі — Ёгана Рэйнгальда фон Паткуля, цяпер расійскага пасланніка і камандзіра расійскага атрада. Карл XII аддаў Паткуля пад суд як здрадніка, і ў 1707 г. той быў пакараны смерцю. Шляхта ацаніла гэты ўчынак як подласць.
Аўгуст Моцны цяпер скіраваў свае памкненні да Заходняй Еўропы. З часткай саксонскай арміі ён далучыўся да аўстрыйскай арміі прынца Яўгена Савойскага, якая аблажыла Ліль падчас вайны за іспанскую спадчыну. Аўгуст збіраўся стаць бельгійскім, неапалітанскім і нават… іерусалімскім каралём. Але акрамя гэтых фантастычных планаў у яго былі і больш рэальныя. Ён пільна сачыў за падзеямі ў Рэчы Паспалітай, падтрымліваў сувязь з польскімі і беларускімі-літоўскімі магнатамі, інтрыгаваў супраць Станіслава Ляшчынскага і рыхтаваўся да вяртання ў Рэч Паспалітую.
Палтаўская бітва (8 ліпеня 1709 г. па новым стылі, які тады быў у нашай краіне) зноў вярнула яму каралеўскую карону. Сандамірская канфедэрацыя запрасіла яго зноўку заняць трон. Аўгуст II абвясціў Альтранштэцкі мірны трактат неіснуючым, узнавіў саюз з Пятром I і вярнуўся ў Варшаву, аб'явіўшы сваё былое адрачэнне ад трону вымушаным. Тэрыторыя Рэчы Паспалітай была ачышчана ад шведаў і прыхільнікаў Станіслава Ляшчынскага ў выніку дзеянняў расійскіх войскаў, сандамірскіх канфедэратаў а таксама саксонскіх войскаў.
Шляхта… пярэчыць каралю!
Неўзабаве пасля вяртання Аўгуста II на пасад Пётр I у 1710 г. дамогся, каб урэшце сандамірская канфедэрацыя прызнала ўмовы «вечнага міру» 1686 г., што давала права маскоўскаму цару ўмешвацца ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай пад прэтэкстам «абароны правоў» яе праваслаўных жыхароў. Саксонскія войскі (30 тысяч чалавек), таксама як і расійскія (60 тысяч чалавек), з тэрыторыі Рэчы Паспалітай не выводзіліся.
У гэты час на тэрыторыі Беларусі і Літвы разгарэлася барацьба паміж прыхільнікамі шляхецкай «залатой вольнасці» на чале з гетманам вялікім літоўскім Людвікам Пацеем, які фактычна сканцэнтраваў у сваіх руках уладу ў Беларусі і Літве, і прыхільнікамі караля на чале з гетманам польным літоўскім Станіславам Дэнгофам. Пацея падтрымлівалі Агінскія і іншыя магнаты, Аўгуста Моцнага — Расія і Прусія. Супраць Аўгуста II у Кароне 26 лістапада 1715 г. была ўтворана Тарнагродская канфедэрацыя, якая выступіла супраць прысутнасці саксонскіх войскаў у Польшчы і супраць абсалютысцкіх планаў караля.
23 сакавіка 1716 г. у Вільні была створана канфедэрацыя беларускай-літоўскай шляхты, якая выступала супраць абсалютысцкіх планаў караля і патрабавала вываду саксонскіх войскаў з Беларусі і Літвы. Да патрыятычнай паставы беларускай-літоўскай шляхты далучыліся беларускае-літоўскае войска, беларускія-літоўскія магнаты, якія і да гэтага выступалі за абмежаванне ўлады караля. Атрады канфедэратаў змагаліся з каралеўскімі войскамі на тэрыторыі ўсёй Рэчы Паспалітай і мелі поспехі. Тады пасярэднікам выступіў расійскі цар Пётр I, абапіраючыся на расійскія войскі ў Рэчы Паспалітай. Пасля доўгіх, з перапынкамі, перамоў пад ціскам расійскіх дыпламатаў 3 лістапада 1716 г. было падпісана пагадненне паміж каралём і Тарнагродскай канфедэрацыяй.
1 лютага 1717 г. у Горадні на «нямым» сойме (без спрэчак) пад ціскам расійскіх дыпламатаў было зацверджана гэтае пагадненне. На яго падставе саксонскія войскі выводзіліся з Рэчы Паспалітай, улада гетманаў абмяжоўвалася, забараняліся канфедэрацыі, каронная армія скарачалася да 18 тысяч, а беларускае-літоўскае войска — да 6 тысяч. А ў гэты ж час суседзі мелі войскі
Апошнія гады панавання
Толькі цяпер Аўгуст II канчаткова зразумеў, што замест саюзніка ён стаў васалам цара. Адразу, з уласцівай яму энергіяй, ён спрабаваў вярнуць суверэнітэт і ўтварыць саюз з Аўстрыяй і Англіяй супраць Пятра I. У 1719 г. Аўгуст II падпісвае з Аўстрыяй і Англіяй Венскі трактат, у якім гаварылася пра абарону незалежнасці Рэчы Паспалітай. У адказ на гэта Расія і Прусія заключылі паміж сабой у 1720 г. дагавор, які гарантаваў захаванне слабага існуючага дзяржаўнага ладу ў Рэчы Паспалітай, а расійская дыпламатыя дамаглася адмовы ратыфікацыі Венскага трактата на сойме. Але шляхта ў Польшчы і Беларускай-Літоўскай дзяржаве не давярала каралю, які цынічна не адзін раз яе ашукваў, і таму не падтрымала яго. Тым не менш Аўгуст II яшчэ спрабаваў правесці рэформы, каб узмацніць цэнтральную, перш за ўсё каралеўскую, уладу. Дзеля гэтай мэты ён быў гатовы нават на саступку часткі тэрыторыі, напрыклад Прусіі, абы толькі на астатняй тэрыторыі ўсталяваць уладу сваёй дынастыі. Праўда, тады пытанне аб падзеле тэрыторыі Рэчы Паспалітай яшчэ не стаяла ў парадку дня еўрапейскай палітыкі, бо суседнія дзяржавы не згадзіліся, каб якая-небудзь з іх выключна адна займалася падзелам тэрыторыі Рэчы Паспалітай.
Так, яшчэ ў 1709 г. кароль Прусіі Фрыдрых I выпрошваў у Пятра I тэрыторыі Каралеўскай Прусіі (у складзе Польшчы), Жмудзь і Курляндыю, але Пётр I пераканаўча яму адмовіў. Цар быў супраць узмацнення якой-небудзь нямецкай дзяржавы за кошт польскіх і літоўскіх зямель. Ягонай палітыцы лепей адпавядала слабая і залежная ад Расіі Рэч Паспалітая.
Аўгуст Моцны ў 1726 г. спрабаваў пасадзіць на курляндскі герцагскі трон у Мітаве (цяпер Елгава) свайго пазашлюбнага сына графа Морыца Саксонскага (пазней маршала Францыі). Аднак планы не ажыццявіліся. Расійскія войскі выгналі яго адтуль, хоць Курляндыя была васалам Варшавы. Адначасова кароль рыхтаваў глебу да выбару пасля сябе на каралеўскі трон у Варшаве адзінага законнага сына, таксама Фрыдрыха Аўгуста (1696–1763), імкнуўся прадухіліць вяртанне на трон Станіслава Ляшчынскага. А ў гэты час, паколькі стан здароўя Аўгуста II пагоршыўся, замежныя дзяржавы пачалі шукаць сваіх кандыдатаў на каралеўскі пасад у Варшаве. Францыя падтрымала кандыдатуру Станіслава Ляшчынскага, які знаходзіўся ў эміграцыі ў Францыі і з дачкой Марыяй (1703–1768) якога быў жанаты (ад 1725 г.) малады французскі кароль Людовік XV (1710–1774). Расія і Аўстрыя ўжо ў 1730 г. заключылі патаемна дагавор аб супрацьдзеянні кандыдатуры С. Ляшчынскага і мелі на ўвазе выбранне каралём і вялікім князем саксонскага наследнага прынца (на ўмовах гэтых дзвюх дзяржаў) альбо каго-небудзь з польскіх шляхцічаў ці нават нямецкіх прынцаў. А няўрымслівы Аўгуст II працягваў спробы рэфармавання дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай. У чэрвені 1730 г. ён сустрэўся з прускім каралём Фрыдрыхам Вільгельмам I і прыняў разам з ім парад войскаў. Мэтай сустрэчы была падрыхтоўка саюзу Саксоніі і Рэчы Паспалітай з Прусіяй.
У 1732 і 1733 гг. Аўгуст II зноў спрабаваў правесці рэформу дзяржаўнага ладу, абапіраючыся на моцную групоўку магнатаў, якую ўзначалілі князі Чартарыйскія. Але на сойме 1732 г. супраць рэформаў выступіла апазіцыя, у тым ліку Гурко і Тадэвуш Агінскі, віцебскія дэпутаты, Сапега і Бужынскі, смаленскія дэпутаты, Рудаміна, браслаўскі дэпутат. 2 кастрычніка 1732 г. сваім воклічам «Не дазваляю!» сойм сарваў дэпутат з Польшчы Дунін. Пасля гэтага «супраць» сойм быў распушчаны. Аднагалосся не атрымалася. На гэтую дзейнасць апазіцыі пайшлі грошы расійскага ўрада, якія былі перададзены праз Патоцкіх і Юзафа Мнішка, маршалка вялікага кароннага. На пачатку 1733 г. Аўгуст II прыехаў з Саксоніі ў Варшаву, дзе быў скліканы надзвычайны сойм. Хадзілі чуткі, што кароль зноў хоча змяніць дзяржаўны лад, узмацніўшы сваю ўладу, і захаваць такім чынам трон за сваёй дынастыяй. Але Аўгуст II моцна захварэў і ў ноч на 1 лютага 1733 г. памёр у варшаўскім каралеўскім замку. Апошнія ягоныя словы: «Усё маё жыццё было адзіным неперарыўным грахом». Так скончылася доўгае і неспакойнае панаванне караля Саса, як яго называлі, з саксонскай дынастыі.