Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.
Шрифт:
Яшчэ адзін фактар палітычнага збліжэньня Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы ― гэта паўднёвы кірунак, дзе ў канцы XV―XVI стст. ішла безупынная барацьба з набегамі крымскіх татараў і з Турэцкай імпэрыяй, васалам якой з 1475 г. было Крымскае ханства. На паўднёвым кірунку зьнешняяпалітыка Вялікага Княства Літоўскага каардынавалася са зьнешняю палітыкай Польшчы ад пачатку XVI ст.
Галоўным жа чыньнікам аб'яднаньня Польшчы й Беларускай-Літоўскай дзяржавы сталася Лівонска-Полацкая вайна, што доўжылася ў Княстве 24 гады (ад 1558 да 1582 г.).
Шляхта зь беларускіх і ўкраінскіх паветаў пасьля паходу 1562 г. перад роспускам
Супраць вуніі з Польшчай выступіла частка паноў-рады на чале зь Мікалаем Янавічам Радзівілам, віленскім ваяводам, канцлерам і маршалкам земскім. Такім чынам, беларуская і ўкраінская шляхта была за вунію, а магнаты ― супраць фэдэрацыі, за захаваньне цалкам незалежнай дзяржавы. Некалькі гадоў барацьбы, абмеркаваньне пытаньня на розных соймах урэшце прывялі да абвешчаньня ў Любліне дзяржаўнай вуніі ды стварэньня фэдэрацыі ― Рэчы Паспалітае.
Падчас паседжаньняў сойму ўкраінскія ваяводзтвы й Падляшша, на жаданьне тамтэйшае шляхты, увайшлі ў склад Польшчы. Украінская шляхта ратавалася ў Польшчы ня гэтулькі ад маскоўскай, колькі ад турэцка-татарскай пагрозы. Толькі шляхта Мазырскага павету Кіеўскага ваяводзтва не захацела далучацца да Польшчы й засталася ў Беларускім-Літоўскім гаспадарстве, а Мазырскі павет з таго часу ўвайшоў у склад Менскага ваяводзтва.
Акт Люблінскай вуніі прынялі 1 ліпеня 1569 г. Кароль падпісаў яго 4 ліпеня. 11 жніўня абвесьцілі дадатковы акт («зацьверджаньне вуніі»), паводле якога вызначаўся склад сэнату й парадак месцаў у ім, Абедзьве дзяржавы, якія ўвайшлі ў склад Рэчы Паспалітай, захавалі асобную дзяржаўную адміністрацыю (з асобнымі кіроўнымі пасадамі), войскі, скарб і права біць аднолькавую манэту, адміністрацыйны й судовы апарат, свае законы, сваю мытную сыстэму і, натуральна, свае дзяржаўныя гербы ды сьцягі. Калі да Люблінскай вуніі польскім аддзелам падчас вайны трэба было плаціць грошы зь літоўскага скарбу, дык пасьля яе гэтыя войскі на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага ваявалі ўжо за свой кошт. Сойм Рэчы Паспалітай прымаў асобныя законы для абедзьвюх частак фэдэрацыі. Агульных законаў не было. Захоўваліся і свае дзяржаўныя мовы: у Польшчы ― лацінская, Беларускай-Літоўскай дзяржаве ― беларуская.
Асобным актам 3 жніўня герцагства Курляндыя было абвешчана васалам Польшчы й Вялікага Княства Літоўскага. Ліфляндыя (Інфлянты) сталася іхным агульным валоданьнем (кандамініум). Цяпер Беларуская-Літоўская дзяржава мела агульную з Польшчай зьнешнюю палітыку. У сувязі з гэтым наша краіна пашырае свае геапалітычныя інтарэсы, больш актыўна выходзіць у Заходнюю Эўропу, уключаецца ў дыпляматыю балтыйскіх і нямецкіх дзяржаваў. Разам з тым для яе па-ранейшаму важнымі застаюцца ўсходні і паўднёвы кірункі зьнешняй палітыкі. І ўсё ж трэба зазначыць, што зьнешняяпалітыка вялася цяпер з Варшавы, у значнай меры з улікам польскіх інтарэсаў.
Посьпехі і няўдачы ўсходняй палітыкі
Увесь пэрыяд XVI―XVIII стст. зь зьнешнепалітычнага гледзішча
Да сярэдзіны XVII ст. усходняяпалітыка Рэчы Паспалітай вызначалася настойлівымі спробамі ня толькі захаваць бясьпеку іхных межаў, але й аднавіць тэрытарыяльныя страты, якія панесла раней Беларускае-Літоўскае гаспадарства ў войнах з Масковіяй.
Гэта нашай фэдэратыўнай дзяржаве ўдалося. Усходняя палітыка Рэчы Паспалітай была таксама шчыльна зьвязаная зь яе прыбалтыйскаю палітыкай.
Пасьля Лівонска-Полацкай вайны да канца XVI ст. пэўны час захоўваліся мірныя дачыненьні з Маскоўскаю дзяржаваю. Тым ня менш яшчэ кароль Стэфан Баторы зьбіраўся пачаць новую вайну з Масквою, вярнуць Смаленск і Северскую зямлю. Аднак зьдзейсьніць свой плян не пасьпеў, бо памёр у Горадні ў сьнежні 1586 г.
На выбарчым сойме 1587 г. каралём польскім і вялікім князем Літоўскім быў абраны 20-гадовы спадкаемны прынц Швэцыі Жыгімонт Ваза, плямень нік апошняга Ягайлавіча ― Жыгімонта Аўгуста, ультракатолік.
Пасьля сьмерці бацькі ў 1592 г. ён стаўся і каралём Швэцыі. У 1599 г. швэдзкія дваране-пратэстанты на сойме дэтранізавалі Жыгімонта, а ў 1604 г. абвесьцілі ягонага дзядзьку каралём Карлам IX. Цяпер Жыгімонт Ваза рабіў намаганьні, каб вярнуць сабе швэдзкую карону. У 1600 г. ён пачаў вайну з Швэцыяй, якая доўжылася ― пераважна ў Латвіі ды Эстоніі―да 1611 г. У вайну была ўцягнутая і Беларуская-Літоўская дзяржава, яе войска, якое на чале з гетманам вялікім Янам Каралем Хадкевічам здабыло бліскучую перамогу над швэдзкім — 27 верасьня 1605 г. ля Кірхгольма (Саласьпілса), за 15 км ад Рыгі. Аднак выкарыстаць перамогу Жыгімонт ня здолеў. Вайсковыя дзеяньні ў гэтым раёне сьціхлі.
Новы паварот ва ўсходняй палітыцы адбываецца на рубяжы XVI і XVII стст. Пасольства на чале зь Левам Сапегам, адпраўленае ў 1600 г. у Маскву, прапанавала расейскаму ўраду цара Барыса Гадун ова заключыць «вечны мір» і шчыльны саюз паміж Рэччу Паспалітай і Расеяй на аснове палітычнай вуніі, з супольнаю зьнешняю палітыкай і шырокімі сувязямі паміж людзьмі, нават з правам узаемна выслужваць вотчыны й маёнткі ў кожнай зь дзяржаваў, з дазволам узаемна пашыраць каталіцкую і праваслаўную канфэсіі, з агульным вайсковым флётам, з правам спадчыннасьці тронаў, зь вяртаньнем Смаленска, Северскай зямлі і трох цьвердзяў, што належалі Полацку, Вялікаму Княству Літоўскаму. Гэты плян стаўся праграмаю паступовага аб'яднаньня славянскіх дзяржаваў пад эгідаю Варшавы й Вільні. Маскоўскі цар адхіліў прапанову.
Пасьля гэтага кароль Жыгімонт і група магнатаў ды шляхты прапанавалі далучыць Маскоўскае царства да Рэчы Паспалітай як трэцяга ўдзельніка фэдэрацыі, побач з Польшчаю і Беларускаю-Літоўскаю дзяржаваю. У крайнім выпадку яны згаджаліся на зьвяз з Масквою, але з царом, які быў бы абавязаны ім тронам, або з каралевічам польскім у якасьці цара.
Беларускія магнаты й шляхта пераважна падтрымалі кандыдатаў на маскоўскі трон Ілжэдзімітрыя І ды Ілжэдзімітрыя II, выхадца зь Беларусі (ці то з Магілева, ці то са Шклова). Урэшце, у 1609 г., Жыгімонт распачаў вайну з Маскоўскаю дзяржаваю, бо цар Васіль Шуйскі запрасіў у Расею для барацьбы з тушынцамі, прыхільнікамі Ілжэдзімітрыя ІІ, швэдзкі корпус Я. Дэлягардзі. Гэта быў акт супраць Жыгімонта Вазы, які ўперад меў тытул і караля Швэцыі.