Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.
Шрифт:
Асноўным пытаньнем, якім займалася Міністэрства Беларускіх Справаў, было стварэньне беларускіх узброеных сілаў. Дзеля гэтага ў міністэрстве арганізавалі вайсковы сакратарыят. Урад Літвы вельмі разьлічваў на беларускае войска, бо сілы самой Літвы былі нязначныя. Літоўскі афіцэр М. Вялікіс 24 сьнежня 1918 г, так ахарактарызаваў становішча ўсёй тагачаснай літоўскай арміі: «Першы полк — каля 30 афіцэраў i каля 200 салдатаў (…)» У другім пяхотным палку было ўсяго некалькі афіцэраў i некалькі салдатаў».
Вайсковым сілам Літвы вельмі бракавала афіцэраў. Таму ўсімі вайсковымі справамі Літвы спачатку займаўся запрошаны зь Менска беларускі генэрал К. Кандратовіч, які займаў пасаду віцэ-міністра
Сярод ix былі i беларусы, i расейцы. Усе — афіцэры былой расейскай арміі, якія прайшлі сусьветную вайну.
Вайсковыя ступені ў беларускім войску былі аднолькавыя са ступенямі ў літоўскай арміі. Старэйшыя афіцэры: палкоўнікі, палкоўнікі-лейтэнанты (г. зн. падпалкоўнікі), маёры; малодшыя афіцэры: капітаны, старэйшыя лейтэнанты, лейтэнанты (або падпаручнікі); падафіцэрскі склад: старэйшыя падафіцэры (узводныя) i малодшыя падафіцэры (аддзяленныя); шараговы склад: стралкі (або салдаты). Генэралы ў беларускім войску ў Літве не служылі, за выняткам Кандратовіча, які неўзабаве пайшоў у адстаўку.
Арганізацыя беларускага войска праводзілася пераважна ў Горадні ад пачатку студзеня да канца красавіка 1919 г., калі там знаходзілася Міністэрства Беларускіх Справаў. Тут найперш быў зарганізаваны штаб — Беларуская Камэндатура, потым беларускі полк пяхоты й эскадрон кавалерыі.
Тымчасам 23 красавіка 1919 г. польскім войскам удалося адарваць Вільню ў бальшавікоў. Калі 28 красавіка 1919 г. нямецкія войскі перадалі i Горадню палякам, Міністэрства Беларускіх Справаў i некаторыя афіцэры й салдаты беларускага войска пасьпелі вырвацца ў Коўна. З Горадні ў поўным складзе выйшлі кавалерыйскі эскадрон i 5-я рота Беларускага пяхотнага палка. 1 чэрвеня 1919 г. 1-ы Беларускі полк у Горадні быў раззброены палякамі.
Адначасова з арганізацыяй беларускіх вайсковых аддзелаў у Горадні асобныя беларускія вайсковыя групы тварыліся i ў Коўне, дзе існавала Беларускае Вайсковае Бюро. З гэтых групаў пазьней, у 1919 г., быў створаны Беларускі пяхотны батальён у складзе літоўскай арміі. Камандаваў ім маёр Аляксандар Ружанец-Ружанцоў (Алесь Смаленец). Асобнаю адзінкаю заставаўся беларускі кавалерыйскі эскадрон, які ў канцы красавіка 1919 г. вырваўся з Горадні. Гэтыя беларускія вайсковыя адзінкі прымалі ўдзел у баёх супраць польскіх войскаў у раёне Ляйпунаў i на паўночным фронце ля Дзьвінска (Даўгаўпілса).
У гэты ж час, у жніўні 1919 г., Міністэрства Беларускіх Справаў (у Коўне) выйшла на міжнародную арэну. Міністар Язэп Варонка праз урад Літвы перадаў урадам Англіі, Францыі, ЗША ды ішых дзяржаваў Антанты ноту пратэсту супраць перадачы Аўгустоўскага павету палякам. У ёй пералічаліся беларускія паветы, захопленыя палякамі: Берасьцейскі, Бельскі, Пружанскі, Белавескі, Кобрынскі, Беластоцкі, Слонімскі, Сакольскі, Ваўкавыскі, Горадзенскі, Лідзкі, Віленскі, Ашмянскі, Дзятлаўскі, Наваградзкі.
Гэтыя патрабаваньні прыблізна адпавядалі тэрытарыяльным патрабаваньням, якія выставіла дэлегацыя літоўскага ўраду на чале зь міністрам замежных справаў Ю. Шаўлісам (у складзе дэлегацыі былі літоўскі палкоўнік М. Вялікіс i беларускі палкоўнік К. Езавітаў), якая выяжджала ў красавіку 1919 г. у Варшаву. Дэлегацыя патрабавала прызнаньня дзяржаўнай мяжы Літвы ў межах Ковенскай, Віленскай, Сувальскай, Горадзенскай губэрняў i часткі Менскай.
Палепшыліся беларуска-літоўскія дачыненьні на пачатку 1920 г. Тады пасьля канфлікту з польскімі акупацыйнымі ўладамі 13 сьнежня 1919 г. бальшыня сяброў Рады БНР выбрала новы Прэзыдыюм Рады Беларускае Народнае Рэспублікі на чале з П. Крэчэўскім i новы ўрад БHP на чале з В. Ластоўскім. Польскія ўлады не прызналі гэтую Раду, арыштавалі В. Ластоўскага ды іншых кіраўнікоў. Ластоўскага пратрымалі ў астрозе паўтара месяца. В. Ластоўскі i ягоныя міністры ў лютым пераехалі ў Коўна, туды ж перабралася і Рада БHP.
Нягледзячы на прыязныя дачыненьні паміж урадамі Літвы i Беларускай Народнай Рэспублікі, літоўскі ўрад 12 ліпеня 1920 г. падпісаў у Маскве мірную дамову з Савецкай Расеяй. Паводле артыкула 2-га гэтае дамовы, «дзяржаўная мяжа паміж Расеяй i Літвой» праходзіла ад Дзьвіны па лініі на захад ад Друі — на ўсход ад Браслава — Казьяны — Паставы — азёры Мядзел i Мястра — на захад ад Вялейкі — па заходніх ускраінах Маладэчна i Валожына — па рэках Валожынка, Іслач, Бярэзіна да ўпадзеньня яе ў Нёман ля мястэчка Дзяляцічы — далей па Нёмане i за 30 км на поўдзень ад Горадні — на поўдзень ад Аўгустова. Такім чынам, Савецкая Расея перадавала на гэты раз беларускія землі Літве, а Літва прымала такі падарунак. Нідзе ў тэксьце дамовы ня згадвалася пра беларускую тэрыторыю, а толькі пра расейскую й літоўскую. Праўда, пасьля заняцьця гэтай тэрыторыі чырвонымі ў ліпені 1920 г. іхнае камандаваньне так і не дапусьціла літоўцаў на землі, вызначаныя Літве. Толькі пры адступленьні чырвоных у верасьні літоўцы захапілі Вільню, і то да прыходу палякаў.
Польска-літоўскія дачыненьні былі напружаныя. Войскі Л. Жалігоўскага (9 кастрычніка 1920 г.) захапілі Вільню й Віленскі край, дзе было абвешчанае дзяржаўнае ўтварэньне Сярэдняя Літва. З боку Польшчы існавала рэальная пагроза Літве. Літоўскі ўрад падпісаў 11 лістапада 1920 г. зь беларускім урадам (на эміграцыі) В. Ластоўскага пагадненьне аб узаемнай дапамозе.
Паводле гэтага пагадненьня Беларуская Народная Рэспубліка i Літва ўзаемна прызнавалі незалежнасьць абедзьвюх дзяржаваў. Такім чынам, пытаньне пра аўтаномію беларускіх земляў у складзе Літвы больш ня ставілася. Узаемна прызнавалася правамоцнасьць абодвух урадаў. Тэрытарыяльныя спрэчкі адкладваліся да моманту скліканьня беларускага ўстаноўчага сойму, які шляхам перамовінаў зь літоўскім соймам або праз прызначаны ім урад меўся вызначыць беларуска-літоўскую мяжу.
Беларускі ўрад абяцаў перадаць усе сфармаваныя ім на літоўскай тэрыторыі беларускія вайсковыя аддзелы ў распараджэньне літоўскага ўраду. А ў часе ўсеагульнага плебісцыту на Віленшчыне аб прыналежнасьці яе Літве або Польшчы беларускі ўрад абавязваўся заклікаць беларусаў аддаць свае галасы на карысьць Літвы. У мясцовасьцях Літвы зь перавагаю беларускага насельніцтва (амаль усе яны былі акупаваныя польскімі войскамі) мела ўсталявацца нацыянальна-тэрытарыяльная аўтаномія з адпаведным кіраваньнем. Літоўскі ўрад таксама абавязваўся дапамагчы ўраду В. Ластоўскага атрымаць замежную грашовую пазыку.