Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.
Шрифт:
Панаванне Міхала Вішнявецкага
У такіх нялёгкіх абставінах пачалося нядоўгае панаванне Міхала Томаша Карыбута Вішнявецкага. 29 верасня 1669 г. Міхал Вішнявецкі каранаваўся ў Кракаве. Але ўжо першы каранацыйны сойм (з нагоды каранацыі) быў сарваны. Сойм засядаў ад 1 кастрычніка да 12 лістапада. На ім абмяркоўвалася даволі добрая палітычная праграма. Але апазіцыя магнатаў, карыстаючыся правам ліберум вета (аднагалоснага прыняцця законаў), сарвала гэты сойм. Дарэчы, заганная практыка зрыву соймаў працягвалася і далей. Усяго з шасці соймаў у часе панавання Вішнявецкагачатыры былі сарваны. У далейшым малады кароль вымушаны быў абапірацца на розныя магнацкія групоўкі і неўзабаве зрабіўся прыладай у барацьбе магнацкіх клік паміж
У лістападзе 1669 г. рада сената Рэчы Паспалітай разглядала важную дзяржаўную справу аб жаніцьбе караля. Гэта сапраўды была дзяржаўная справа, бо ад выбару нявесты залежала тое, з якой дзяржавай будуць саюзныя адносіны, а з якой могуць і сапсавацца. Магнаты, якія засядалі ў радзе Сената (асобы, што займалі вышэйшыя пасады ў Польшчы і Беларускім-Літоўскім гаспадарстве), выбралі для караля 16-гадовую нявесту, эрцгерцагіню аўстрыйскую Элеанору Марыю Юзэфу Габсбург, дачку імператара Свяшчэннай Рымскай (Германскай) імперыі Фердынанда III і сястру імператара Леапольда I. Міхал Вішнявецкі адказаў сенатарам, што згодзен з імі, «каб было выгадна і вам і быў пажытак для Рэчы Паспалітай». Каралю ў гэты час было 29 гадоў.
27 лютага 1670 г. у Чэнстахове адбыўся шлюб. Такі палітычна-сямейны саюз узмацніў пазіцыі Міхала Вішнявецкага. Цяпер ён у сваёй унутранай палітыцы абапіраўся на Габсбургаў і схіліў на свой бок аўстрыйскую партыю магнатаў. Ды і каралева Элеанора хутка стала вернаю сяброўкаю караля. Ад гэтага шлюбу дзяцей не было (у каралевы было два выкідышы), і гэта стала прычынаю дамаганняў апазіцыі разводу караля. (Праз чатыры гады пасля смерці мужа 25-гадовая каралева Элеанора выйшла замуж за герцага латарынгскага Карла, нарадзіла 6 дзяцей і стала продкам Габсбург-Латарынгскага дому, які панаваў у Аўстрыі і Аўстра-Венгрыі да 1918 г.)
Фактычна патрабаванні разводу былі спробамі разарваць саюз з Аўстрыяй. У красавіку 1670 г. апазіцыя сарвала чарговы сойм. Адзін з дэпутатаў выступіў з пратэстам супраць працягу тэрміну пасяджэнняў (дастаткова, каб сойм разышоўся). Наступны, асенні, сойм шляхта ўратавала, пагражаючы апазіцыі вайной. Шэраг законаў і пастаноў быў прыняты.
А ў гэты час нарастала пагроза вайны з Турцыяй. Крымскія татары пачалі нападаць на паўднёвыя раёны Рэчы Паспалітай на Украіне. Тым не менш барацьба апазіцыі супраць караля працягвалася. Наступныя соймы зноў зрываліся. У чэрвені 1672 г. апазіцыя патрабавала ад караля скласці карону, але, увогуле нерашучы чалавек, на гэты раз ён адмовіў. Вакол караля арганізавалася генеральная канфедэрацыя шляхты (вайсковы саюз, які меў характар сойма, але ўжо пастановы канфедэрацыі прымаліся не аднагалосна, як на сойме, а большасцю галасоў). Кароль абвясціў аб скліканні паспалітага рушэння (агульнага апалчэння шляхты).
Тады апазіцыя (ці «незадаволеныя», як іх называлі) абвясціла сваю канфедэрацыю. Мэтаю яе была дэтранізацыя Вішнявецкага і выбары новага караля з французскіх прынцаў. «Незадаволеныя» звярнуліся па дапамогу да караля Францыі Людовіка XIV. Гэты акт падпісалі 38 сенатараў, міністраў вышэйшых чыноўнікаў і афіцэраў на чале з прымасам М. Пражмоўскім і гетманам вялікім каронным Я. Сабескім. Апазіцыя вылучыла новую кандыдатуру на трон — французскага герцага Шарля дэ Лангвіля (нашчадка няшлюбнай лініі папярэдняй дынастыі Валуа). Нават прапанавалі развесці караля з каралевай і выдаць яе замуж за французскага герцага. Але герцаг загінуў 12 чэрвеня 1672 г. у бітве падчас вайны паміж Францыяй і Галандыяй. Апазіцыянеры пачалі збірацца ў Гданьску. Спробы караля неяк дамовіцца з апазіцыяй не ўдаліся. Тады кароль сабраў паспалітае рушэнне для барацьбы з ворагамі.
Вайна з Турцыяй и смерць караля
Унутраным непарадкам у Рэчы Паспалітай карысталіся суседнія дзяржавы. Так, у 1670 г. кароль, пацвердзіўшы.
Андрусаўскае перамір'е 1667 г. з Расіяй, вымушаны быў пакінуць Кіеў Расіі (хаця па ўмовах перамір'я Кіеў перадаваўся Расіі толькі на два з паловай года). Брандэнбургскі курфюрст Фрыдрых Вільгельм загадаў арыштаваць на польскай тэрыторыі лідэра апазіцыі ў Прусіі Л. Калькштэйна-Сталінскага
Яшчэ ў сярэдзіне 1672 г. арганізаваліся дзве канфедэрацыі: адна за караля — Галомбская (у Галомбе), другая супраць яго — Шчэбжэшынская на чале з гетманам вялікім каронным (галоўнакамандуючым войскам) Янам Сабескім, за якім стаяла войска. Рэч Паспалітая раскалолася на два лагеры. Грамадзянскую вайну ў краіне прадухіліў напад Турцыі.
Улетку 1672 г. войскі турэцкага султана Мехмеда IV напалі на паўднёвыя межы Польшчы. 100-тысячная турэцкая армія 18 жніўня асадзіла моцную крэпасць Камянец-Падольскі і 27 жніўня 1672 г. прымусіла яе гераічных абаронцаў капітуляваць. Далей турэцкія войскі разгарнулі наступ на Бучач і Львоў. Але Львоў узяць не змаглі. Туркі здолелі захапіць гарады і замкі Збораў, Злочаў, Бучач. Атрады крымскіх татараў рассыпаліся па Украіне, знішчаючы і рабуючы населеныя пункты, ажно за ракой Сан. У гэтай сітуацыі Ян Сабескі з трыма тысячамі конніцы рушыў на поўдзень, разбіваючы па дарозе татарскія атрады. Зрабіўшы хуткі марш, у першай палове кастрычніка Ян Сабескі пры дапамозе мясцовых украінскіх сялян разбіў каля 20 тысяч татараў і вызваліў з палону каля 44 тысяч людзей.
Аднак становішча Рэчы Паспалітай было крытычным, і яна мусіла 18 кастрычніка 1672 г. заключыць з Турцыяй ганебны Бучацкі мір. Турцыя атрымлівала ад Польшчы Падолію разам з Камянцом, а Брацлаўскае ваяводства і паўднёвая частка Кіеўскага перадаваліся турэцкаму стаўленіку — казацкаму гетману Правабярэжнай Украіны Пятру Дарашэнку, які прызнаў залежнасць ад султана. Рэч Паспалітая была абавязана выплаціць выкуп за тое, што туркі знялі аблогу Львова (80 тысяч талераў) і мусіла выплачваць султану штогадовую даніну 22 тысячы злотых.
Нягледзячы на гэтае паражэнне, кароль Міхал не засцерагаў паўднёвыя землі краіны ад далейшых нападаў туркаў і іх саюзнікаў — крымскіх татараў і казакоў. Ён працягваў збіраць войска, каб расправіцца з апазіцыяй. Але на генеральным з'ездзе шляхты ў Варшаве напачатку студзеня 1673 г. перамаглі прыхільнікі патрыятычнай лініі. Некалькі тыдняў біскуп кракаўскі Анджэй Тшэбіцкі і ваявода віцебскі Ян Храпавіцкі пры дапамозе каралевы Элеаноры і папскага нунцыя Франчэска Буанвізі вялі перамовы з абодвума бакамі. I толькі новая турэцкая пагроза прымусіла абодва лагеры пайсці на згоду (сакавік 1673 г.). «Незадаволеныя» прыбылі ў Варшаву, а генеральны з'езд пераўтварыўся ў так званы пацыфікацыйны (міратворчы) сойм, які выпрацаваў праграму абароны краіны ад турэцкага нашэсця. Сойм зрабіў вялікую саступку шляхце Беларускай-Літоўскай дзяржавы. На сойме 1673 г. было пранятае рашэнне: кожны трэці сойм «станаў каронных і Вялікага Княства Літоўскага» збіраць не ў Кароне, а ў «Вялікім Княстве Літоўскім у горадзе Горадні, за выключэннем соймаў канвакацыйных, падчас міжкаралеўя, а таксама элекцыйных (выбарчых. — А. П) і каранацыйных, якія ў Кароне павінны адбывацца». Сойм адхіліў Бучацкі мірны дагавор у красавіку 1673 г., і вайна працягвалася. Ваенныя дзеянні адбываліся яшчэ і ўвосень.
Напачатку верасня 1673 г. кароль Міхал Вішнявецкі ўрэшце рушыў да вайсковага лагера, але да канца месяца даехаў толькі да Львова. Хаця адчуваў сябе кепска, усё яшчэ хацеў камандаваць арміяй. 8 кастрычніка кароль прыехаў у вайсковы лагер каля Сваравы (на ўсход ад Львова) і правёў агледзіны 40-тысячнага войска кароннага. Але нечакана здароўе караля пагоршылася, і 13 кастрычніка ён вярнуўся ў Львоў. Адразу ж паслалі ганца да каралевы, каб хутчэй ехала да мужа. А ў гэты час польскае войска і 12-тысячнае войска літоўскае пад камандаваннем Яна Сабескага рушыла на турэцкую армію, якая знаходзілася каля крэпасці Хоцін, за Днястром. Кароль Міхал Вішнявецкі ўжо не дачакаўся вестак пра генеральную бітву з туркамі, бо 10 лістапада 1673 г. памёр. Было каралю ўсяго 33 гады. Каралева так і не даехала да Львова і вярнулася ў Варшаву. Прах караля быў пахаваны ў Вавельскай катэдры ў Кракаве ў той самы дзень — 31 студзеня 1676 г., што і прах Яна Казіміра, прывезены з Францыі.