Страчаная спадчына
Шрифт:
У пасляваенны перыяд існаваў і Богаяўленскі сабор, які варта было адрэстаўрыраваць пасля атрыманых разбурэнняў. Аднак горадабудаўнічая ідэалогія 1950-1960-ых гг., у многім абумоўленая праводзімай у тыя гады ў краіне ўнутранай палітыкай, прадвызначыла не лепшы шлях фармавання гэтай тэрыторыі. На месцы Богаяўленскага сабора, званіцы пры ім, фарнага касцёла і іншых гістарычных пабудоў паўсталі бездухоўныя па свайму вобразу, панылыя пяціпавярховыя «каробкі», якія забяспечылі пэўную групу насельніцтва жыллём, хоць для гэтай мэты можна было знайсці шмат іншых месц у горадзе. На краі плато, дзе велічна ўзвышаліся Спаская царква і шмат ярусная званіца, знаходзіўся галоўны корпус
Сумны лад сучаснай архітэктурнай безаблічнасці быў працягнуты паабапал вуліцы Першамайскай да перакрыжавання з вуліцамі Камсамольскай — Лазарэнка. Тут, у раёне разбураных езуіцкага касцёла, корпуса калегіума і жылога дома канца XIX — пачатку XX ст. (апошнія два існавалі ў 1970-ых гг.), размясціліся малаадметны па абліччы Дом палітасветы, а ў 1983 г. новае дзевяціпавярховае жылое збудаванне. Неабгрунтавана знесена і група жылых пабудоў XIX — пачатку XX ст., якая яшчэ нядаўна складала частку квартала паміж вуліцамі Ленінскай, Камсамольскай, Піянерскай і Болдзіна.
Такім чынам, тэрыторыя канцэнтрацыі помнікаў культуры, якую належна было б разглядаць унікальнай, запаведнай зонай горадабудаўнічай рэстаўрацыі, ператварылася ў пляцоўку сучаснага будаўніцтва, свайго рода выстаўку тыповых архітэктурных рашэнняў 1950-1990-ых гг.
Яшчэ ў 1930-ых гг. узарваны Іосіфаўскі сабор, на месцы якога тады з'явілася гасцініца «Дняпроўская». У пачатку 1950-ых гг. і пазней Станіслаўскі касцёл грунтоўна аббудоўваецца з заходняга і паўднёвага бакоў новымі жылымі дамамі. У выніку храм быў зрокава ізаляваны ад прасторы вуліцы Першамайскай і бульвара каля тэатра па Камсамольскай вуліцы.
Асаблівасцю Магілева, у адрозненне ад шэрагу іншых гарадоў, з'яўляецца вельмі моцнае скажэнне гістарычных ліній забудовы галоўнай гарадской магістралі. Новае горадабудаўнічае рашэнне ўчастка паміж гасцініцай «Дняпроўская» і былым будынкам абкама ўключае пашырэнне вуліцы на палову прылеглага квартала з адпаведным зносам гістарычна каштоўнага фронту збудаванняў, спалучэнне буйнамаштабных працяглых і павышаных аб'ёмаў, якія самі па сабе цікавыя ў архітэктурных адносінах, але зусім несуадносяцца з гарадскім асяроддзем цэнтра гістарычнага горада.
Назавём гарады Магілеўскай вобласці, дзе ў выніку памылак рэканструкцыі парушаны ўмовы ўспрыняцця выдатных архітэктурных помнікаў, моцна зменены сілуэт гістарычных раёнаў, страчана патэнцыяльная магчымасць узнаўлення ў будучым каштоўных элементаў планіроўкі і забудовы. Напрыклад, у Быхаве на тэрыторыі простакутнай плошчы горада-крэпасці канца XVI — пачатку XVII ст. перад былым замкам Сапегаў размешчаны буйны архітэктурны аб'ём Дома культуры, які закрануў таксама земляны абарончы вал. З шырокіх пойменных тэрыторый уздоўж Дняпра ўспрыняцце сілуэта замка парушае трохпавярховы адміністрацыйны будынак. Сам жа архітэктурны помнік, дзе размешчана мэблевая фабрыка, знаходзіцца ў вельмі дрэнным тэхнічным стане, скажоны шматлікімі перабудовамі, а яго тэрыторыя выкарыстоўваецца для складавання і звалкі.
У Мсціславе былая Троіцкая царква на плошчы, створанай у канцы XVIII ст., і ў пачатку XX ст. занятай пад сквер, уяўляе сабой руіны. Езуіцкі касцёл, пазней Мікалаеўскі сабор на другім баку гэтай жа плошчы знаходзіцца ў напаўразбураным выглядзе, страціў дзве вежы галоўнага фасада і купал на барабане. Тупічоўскі манастыр XVII–XIX стст. спалены ў Другую
Гомель
У параўнанні з XIX — пачаткам XX ст. адносна невялікія страты культурнай спадчыны панёс абласны цэнтр Гомель, у мінулым — павятовы горад Магілеўскай губерні. У гісторыі горадабудаўніцтва Беларусі Гомель вядомы як прыклад увасаблення ў перыяд рэгулярнай перапланіроўкі выразнай прасторава-планіровачнай задумы, стварэння буйнамаштабнай трохпрамянёвай кампазіцыі гарадскога плана, цэнтр якога складаюць палацава-паркавы ансамбль і галоўная гарадская плошча.
Развіццё горада пачалося з дзядзінца XII ст. на ўзгорку каля сутокаў рэк Сож і Гамяюка. Дзядзінец абкружаў глыбокі роў, на поўнач і захад ад якога развіўся пасад. У XIV–XVI стст. на месцы дзядзінца існаваў замак з дварамі князя і заможных гараджан, драўлянай Мікалаеўскай царквою. У 1670 г. горад атрымаў магдэбургскае права. У 1730 г. пры князю М. Чартарыйскім будуецца новы замак з драўлянымі сценамі на валах і пад'ёмнымі мастамі. У 1737 г. горад спустошыў моцны пажар.
У 1772 г. Гомель увайшоў у склад Расейскай імперыі. Вядомы план канца XVIII ст., які характарызуе горад да ажыццяўлення буйных горадабудаўнічых мерапрыемстваў. Планіровачная структура ўяўляла сабой тыповы прыклад радыяльна-дугавой планіроўкі сярэдневяковага паходжання. Шэсць вуліц сыходзіліся да замка, пасля да палаца, абкружанага глыбокім ровам. Канцэнтрычныя напрамкі былі фрагментарныя, за выключэннем працяглай дугападобнай вуліцы ў паўночнай частцы горада, якая, відаць, адзначала другі, раней страчаны пояс абарончых збудаванняў. На поўнач ад замка, за ровам, размяшчалася гандлёвая плошча няправільнай канфігурацыі. Недалёка ад яе стаялі вядомая з XVI ст. царква Нараджэння Багародзіцы і драўляны касцёл Ушэсця Марыі, згаданы пад 1768 г. У горадзе існавалі яшчэ дзве праваслаўныя царквы і сінагога. Усе гэтыя храмы не захаваліся. Ніжэй па цячэнню Сожа ў пачатку XVIII ст. склалася стараверская Спасава слабада.
Пасля перадачы Кацярынай II мястэчка Гомель ва ўладанне князю П. А. Румянцаву на ўчастку замка ў 1777 г. пачалося будаўніцтва палацавага ансамбля, якое ішло ў некалькі этапаў да 1856 г. У 1835 г. ансамбль набыў генерал-фельдмаршал І.Ф. Паскевіч. Палац стаяў сярод пейзажнага парка, у паўночнай частцы якога ў 1804–1824 гг. на месцы Мікалаеўскай царквы пабудаваны Петрапаўлаўскі сабор, а ў канцы стагоддзя — капліца-магільны склеп. Парк, які выходзіў да Сожа, палац і сабор, звернутыя сваімі фасадамі да прасторы ракі і шырокіх адкрытых тэрыторый на яе левым беразе, стварылі велічную архітэктурна-ландшафтную кампазіцыю.
Планіровачная структура горада, якая паступова і натуральна склалася, была цалкам заменена новай рэгулярнай. Тры асноўныя восі плана выходзілі на галоўную гандлёвую плошчу перад палацам. Дзве з іх — вуліца Замкавая (сучасны праспект Леніна) і Румянцаўская (Савецкая) былі арыентаваны на галоўны корпус палаца, купал якога на вялікім працягу завяршаў відавыя перспектывы ўздоўж гэтых магістраляў. Трэцяя вуліца — Фельдмаршальская (цяпер Пралетарская) пракладзена ўздоўж Сожа. Большасць астатніх вуліц пралягала паралельна альбо перпендыкулярна асноўным напрамкам. Закладзеная ў гэты перыяд структура вызначае своеасаблівасць сучаснай прасторавай арганізацыі горада. Капітальная і драўляная забудова, што ўзнікла на вялікіх тэрыторыях у другой палове XIX — пачатку XX ст., часткова захавалася да нашага часу.