Страчаная спадчына
Шрифт:
Унікальнасць ансамбля заключалася ў вялікай колькасці вышынных збудаванняў асіметрычна, маляўніча размешчаных. Кампазіцыя грунтавалася на выразным супрацьпастаўленні груп вертыкаляў — ратуша, бернардзінскі касцёл і Васкрасенская царква на ратушнай плошчы кампазіцыйна ўраўнаважваліся езуіцкім касцёлам і званіцай на адміністрацыйнай плошчы. У планіроўцы былі закладзены геаметрычныя заканамернасці, якія сведчылі пра задуму, уважлівае стаўленне дойлідаў, што ў розныя перыяды стваралі будынкі, да асаблівасцей раней узведзеных збудаванняў. Напрыклад, Васкрасенская царква размяшчалася ў плане амаль перпендыкулярна ратушы і бернардзінскаму касцёлу. Галоўны фасад царквы, арыентаваны пад прамым
У канцы XVIII ст. усходні бок ратушнай плошчы ўяўляў сабой суцэльны фронт будынкаў, тады як заходні бок меў малалікую расчлянёную забудову. Гэта стварала ўражанне «адкрытасці» часткі плошчы ўздоўж даліны Віцьбы ў напрамку Дзвіны, цеснай сувязі з прыродным ландшафтам. Толькі ў другой палове XIX ст. свабодны ўчастак заходняга боку заняла гасцініца «Брозі».
Важна адзначыць, што выцягнутыя ў плане ратушная і адміністрацыйная плошчы былі некалькі павернуты адносна адна адной. Гэтая асаблівасць, абумоўленая гістарычнай тапаграфіяй мясцовасці, садзейнічала своеасабліваму ўспрыняццю забудовы, стварэнню эфектных відавых перспектыў. Напрыклад, падоўжная планіровачная вось ратушнай плошчы, што праходзіла праз вежу ратушы, заканчвалася званіцай і вежамі езуіцкага касцёла, якія адпаведна ўспрымаліся ў завяршэнні асноўнай відавой перспектывы. З другога боку, такая ж падоўжная планіровачная вось адміністрацыйнай плошчы была арыентавана на галоўны фасад бернардзінскага касцёла — адзіны кампазіцыйны акцэнт усяго ўсходняга боку ратушнай плошчы.
Такім чынам, забудова фармавалася з улікам стварэння сістэмы зрокавых восяў, якія служылі сродкам аб'яднання рознахарактарных элементаў складанай кампазіцыі. Ілюстрацыя таму — сіметрычны комплекс з двух будынкаў — дамоў губернатара і віцэ-губернатара на адміністрацыйнай плошчы. Галоўная брама комплексу размяшчалася якраз насупраць цэнтральнага ўвахода ў езуіцкі калегіум, увенчаны званіцай. Узнікла папярочная вось, якая арганізавала прастору плошчы. Акрамя таго, сярэдзіна сіметрычнага фасада дома віцэ-губернатара супадала з воссю галоўнага фасада касцёла, чым яшчэ больш узмацнялася ўзаемаўвязка кампазіцыйных накірункаў.
Ансамбль аб'яднаў шмат вертыкальных элементаў, вышыні якіх з улікам рэльефа мясцовасці былі прыкладна раўназначныя. Вядучае звяно ў ансамблі — вежа ратушы, зрокава ўспрымалася большай за свае памеры дзякуючы таму, што ў двухпавярховым корпусе ратушы лініі пілястраў вялікага ордэра пад вежай нібыта падкрэслівалі яе пачатак ад узроўню зямлі. Чатырохярусная будова вежы ў супрацьпастаўленні з трох'яруснымі вежамі суседніх Васкрасенскай царквы і бернардзінскага касцёла акцэнтавала першараднае значэнне ратушы.
Бернардзінскі касцёл вызначаўся арыгінальнай пабудовай архітэктурных форм. А. Квітніцкай адзначана, што ў адрозненне ад большасці касцёлаў Беларусі галоўны фасад гэтага храма меў абрысы, якія развіваліся ўшыркі. Магчыма, гэта выклікалася вялікай працягласцю самой ратушнай плошчы, для якой быў неабходны расцягнуты па гарызанталі фасад.
Шмат'ярусная званіца, узведзеная над будынкам духоўнага праўлення, падкрэслівала ўваход у галоўны корпус калегіума. Першапачаткова барочная, у 1843 г. яна перабудоўваецца ў формах класіцызму. Архітэктурнае аздабленне касцёла таксама змянялася ў 1843 і 1872 гг.
Дамінанты плошчаў мелі ад аднаго да чатырох вышынных элементаў: вежаў і купалаў. Адной вежай вылучалася ратуша, дзвюма — бернардзінскі касцёл, дзвюма вежамі і купалам — Васкрасенская царква, дзвюма вежамі, купалам і званіцай, якая стаяла побач, — езуіцкі калегіум. Гэтая акалічнасць рабіла разнастайнай кампазіцыю забудовы, надавала будынкам выразна распазнавальныя адзнакі. З другога
Акрамя ядра грамадскага цэнтра, у горадзе існавалі некалькі плошчаў перад манастырамі, якія насілі культавую функцыю. Яны вызначаліся меншымі памерамі, камерным характарам кампазіцыі. Некаторыя плошчы былі адкрытыя да прыродных прастораў Дзвіны, далінаў Віцьбы і ручая Дуная, што надавала ім арыгінальныя рысы, нетрадыцыйныя для беларускага горадабудавання XVI–XVIII стст. Да такіх плошчаў адносіцца трэцяя па значэнні плошча перад мужчынскім базыльянскім манастыром, які адзначаў у гарадской прасторы адзін з найбольш высокіх участкаў рэльефа. Плошча была адкрыта з двух бакоў і планіровачна цесна звязвалася з асноўнай часткай грамадскага цэнтра горада.
Базыльянскі манастыр, дзякуючы сваім памерам і размяшчэнню, з'яўляўся галоўнай архітэктурнай дамінантай Віцебска. На яго месцы яшчэ ў XV ст. існавала драўляная Ўспенская царква. У 1639 г. тут пабудавана новая Прачысценская царква, таксама драўляная. На малюнку Віцебска 1664 г. на месцы Прачысценскай паказана Праабражэнская царква. У 1682 г. яе замяніў базыльянскі манастыр. У 1715–1743 гг. па праекце архітэктара І.Фантана была ўзведзена мураваная вуніяцкая царква. Манастырскія карпусы пры ёй пабудаваны да 1775 г. Пасля, у 1840 г., манастыр перайшоў у праваслаўнае ведамства, а царква перайменавана ва Ўспенскі сабор. Размяшчэнне аб'ёмна-прасторавай дамінанты на высокім узгорку пры ўпадзенні Віцьбы ў Дзвіну з'яўлялася традыцыйным на працягу доўгага перыяду фармавання горада.
У XVIII ст. у забудову Віцебска ўваходзіла мноства культавых будынкаў, якія фармавалі ўнікальны шматвежавы сілуэт горада пры ўспрыняцці з розных напрамкаў. Гэта піярскі кляштар 1753 г., трынітарскі кляштар 1760 г. (пасля 1858 г. касцёл пераўтвораны ў Петрапаўлаўскую царкву), дамініканскі кляштар 1771 г., Васкрасенская — Заручаўская царква 1771–1820 гг., Мікалаеўская, альбо Завіцьбенская, царква 1798 г., другая, драўляная Мікалаеўская царква 1779 г., Петрапаўлаўская царква 1780 г., Сямёнаўская, альбо Богаяўленская, царква 1790–1805 гг. і інш. Многія храмы XVIII ст. размяшчаліся на пляцах больш старажытных культавых будынкаў, што з'яўлялася пашыранай горадабудаўнічай традыцыяй. Напрыклад, збудаванні жаночага базыльянскага манастыра XVIII ст. занялі месца Духаўскага праваслаўнага манастыра, вядомага яшчэ з XIV ст. На ўчастку старажытнай драўлянай царквы ў 1796 г. узведзена царква Іаана Багаслова, пасля, у сярэдзіне XIX ст., перабудаваная. Таксама на месцы старажытнага драўлянага храма ў 1810 г. узведзена Спаская царква (разбурана ў 1812 г., нанава пабудавана ў 1813–1819 гг., перабудоўвалася ў 1847 і 1853 гг.).
У канцы XVIII — пачатку XIX ст. у Віцебску налічвалася 28 храмаў, больш, чым у якім-небудзь іншым горадзе. Разам з унікальным прыродным ландшафтам гэта абумовіла высокую эстэтычную якасць горадабудаўнічай кампазіцыі, цудоўную панараму горада.
Культавыя будынкі змяшчаліся на вяршынях прырэчных узгоркаў і броўках плато, падкрэсліваючы прыродную прастору даліны ракі ці яра. Храмы знаходзіліся на восях далін і эфектна ўспрымаліся ў абрамленні іх маляўнічых схілаў. Найлепшае месца для будынка беспамылкова выбіралася дойлідам, што пацвярджаецца, у прыватнасці, будаўніцтвам на замыканні як мага большай колькасці тальвегаў. Апрача таго, выкарыстоўваўся прынцып арыентацыі вуліц на архітэктурныя дамінанты.