Страчаная спадчына
Шрифт:
Супрацьлеглы бок плошчы займаў ансамбль езуіцкага калегіума, заснаванага ў 1604 г. канцлерам Вялікага Княства Літоўскага Львом Сапегам. У 1690 г. па ўказу караля Яна Сабескага замест драўляных пабудаваны мураваныя касцёл і карпусы калегіума. Тут існавалі вучылішча, школьны тэатр, аптэка, лабараторыі, вялікі сад. У перыяд мікалаеўскай рэакцыі ў 1831 г. касцёл зруйнавалі, а службовыя карпусы прыстасавалі пад турму, якая яшчэ дзейнічала да нядаўняга часу. Акрамя двух такіх будынкаў захавалася манастырская сцяна.
На паўднёва-ўсходнім баку плошчы быў узведзены будынак гарадской управы ў стылі класіцызму. Яго асноўны корпус меў два паверхі і высокую драўляную аглядную вежу. Аднапавярховы П-падобны флігель утвараў вакол яго ўнутраны двор, у які ўязджалі праз вялікія паўцыркульныя
Большасць храмаў горада цалкам знішчана. Недалёка ад вусця Аршыцы мясцовасць упрыгожвала царква Раства Багародзіцы, пабудаваная ў стылі барока ў 1691 г. У сярэдзіне 1950-ых гг. знесены апошні фрагмент царкоўнага комплексу — службовы корпус з вежай-званіцай, якая выходзіла на Вакзальную (Савецкую) вуліцу. У 1987 г. пры пракладцы трубаправода ў культурным пласце на месцы царквы былі знойдзены асобныя часткі сцен і падмуркаў, рэшткі паліхромнай кафлі, шматлікія месцы пахавання.
Значна зменены размешчаны паблізу дамініканскі касцёл святога Іосіфа Абручніка, пабудаваны ў 1649 г. і перароблены ў 1819 г. Яшчэ ў канцы XIX ст. у сувязі з ганеннямі на католікаў пасля паўстання К. Каліноўскага былі разабраны дзве вежы-званіцы галоўнага фасада. У 1950-ых гг. праведзена карэнная рэканструкцыя храма, які потым выкарыстоўваўся як Дом культуры. Да сярэдзіны 1970-ых гг. побач з дамініканскім касцёлам, на другім баку вуліцы Савецкай, размяшчаўся францысканскі касцёл святога Антонія, які адносіцца да 1680 г. Пры расшырэнні праезнай часткі вуліцы храм разбурылі, захаваўся толькі двухпавярховы жылы манастырскі будынак.
Шматлікія факты знішчэння культавых дамінантаў, якія яшчэ ў першай палове XX ст. вызначалі эстэтыку гарадскога асяроддзя, унікальную своеасаблівасць Воршы, прывялі да абязлічання горада. Разглядаючы вынікі заганнай ідэалагічнай палітыкі, што ў вялікай ступені адбіліся на горадабудаўніцтве, трэба асабліва адзначыць знос царквы базыльянскага манастыра — аднаго з найбольш каштоўных помнікаў барока, які насіў таксама элементы класіцызму, — ледзь не асноўнай славутасці Воршы. Драўляны манастыр быў закладзены на правым беразе Аршыцы ў 1642 г., а ў 1758–1774 гг. пабудаваны мураваная вуніяцкая царква — трохнефавы крыжова-купальны храм з дзвюхвежавым галоўным фасадам — і двухпавярховы жылы корпус. У 1832 г. базыльянскі комплекс перайшоў у праваслаўнае ведамства, а ў яго жылых памяшканнях пачало працаваць духоўнае вучылішча. У 1920-ых гг. манастыр быў узяты пад дзяржаўную ахову, пазней тут дзейнічаў краязнаўчы музей, што, аднак, не змагло зберагчы храм. У 1960-ыя гг. спатрэбілася шмат часу і матэрыяльных сродкаў, каб зраўняць з зямлёй гэты велічны помнік дойлідства.
На другім беразе Аршыцы ўзвышаўся бернардзінскі касцёл, пабудаваны ў 1636 г. У першай палове XIX ст. ён перададзены ваеннаму ведамству, а жылы корпус з цягам часу прыстасаваны пад лячэбную ўстанову; зараз тут знаходзіцца аддзяленне гарадской бальніцы, касцёл жа не захаваўся. Страчаны і многія іншыя помнікі Воршы.
Паставы
Прыватнаўласніцкае мястэчка Паставы, якое належала магнатам Дэспатам-Зяновічам, вядома з 1552 г. Яно ўпамінаецца таксама ў 1581 г. як этапны пункт руху на Полацак войск Стэфана Баторыя падчас вайны з арміяй Івана Грознага. Паселішча склалася на берагах двух азёр, утвораных ракой Мядзелкай. Мажліва, яго планіровачная структура мела няправільны радыяльны характар, распаўсюджаны сярод гарадоў сярэдневякоўя і Новага часу, якія фармаваліся натуральна, без буйных горадабудаўнічых мерапрыемстваў. У XVI — пачатку XVII ст. уся забудова Пастаў была драўлянай, уключаючы храмы і магнацкую сядзібу на поўдзень ад паселішча.
У адпаведнасці з інвентаром 1628 г. існавала рыначная плошча,
У 1720 г. маёнтак перайшоў ва ўласнасць рода Тызенгаўзаў. У 1770-ых гг. А. Тызенгаўз, міністр фінансаў (надворны падскарбі), арганізаваў у Паставах буйную мануфактурную вытворчасць з запрашэннем замежных рабочых, правёў шырокамаштабныя будаўнічыя мерапрыемствы, паспрабаваў ператварыць свой маёнтак у адзін з цэнтраў культурна-прамысловага адраджэння краю. Тызенгаўз, як і шэраг іншых грамадскіх
дзеячаў блізкай да распаду Рэчы Паспалітай, бачыў выхад з эканамічнага крызісу ў штучным укараненні прамысловасці ў адсталую гаспадарку краіны. У далейшым яго прадпрыемствы пацярпелі крах у сувязі з тым, што натуральная гаспадарка не забяспечвала збыту тавараў, а прыгонная праца на мануфактурах была непрадукцыйная.
З часам мястэчка поўнаецю змянілася і атрымала блізкую да простакутнай структуру вуліц. Аўтарам праекта перапланіроўкі, а таксама ансамбля жылых і грамадскіх будынкаў гандлёвай плошчы лічыцца італьянскі архітэктар Джузепе (Юзаф) Сака, які з 1773 г. пастаянна жыў у Горадні. Сака быў прыдворным дойлідам А. Тызенгаўза, кіраўніком будаўніцтва каралеўскіх мануфактур у Вялікім Княстве Літоўскім, узначальваў будаўнічую школу ў Горадні. Па яго праектах збудавана Аўгустоўская і Станіславаўская сядзібы, а таксама палац Тызенгаўза (у сааўтарстве) у Горадні, палацы ў Свяцку, Шчорсах (у сааўтарстве), ажыццёўлена рэканструкцыя гарадзенскага каралеўскага палаца, выкананы іншыя грамадскія і культавыя пабудовы, інтэр'еры, малыя архітэктурныя формы.
Ансамбль пастаўскай плошчы — унікальны твор барока, разглядаўся ў шэрагу даследаванняў. Назапашаны немалы факталагічны матэрыял, што адлюстроўвае ўмовы яго будаўніцтва і архітэктуру асобных будынкаў. Аднак пры гэтым засталася невыяўленай сістэма мастацкіх уласцівасцей ансамбля, спецыфічныя творчыя прынцыпы стварэння горадабудаўнічых форм. Спынімся на недаследаваных і незахаваных рысах, якія вызначалі эстэтычнае значэнне комплексу. Ён служыць адным з яскравых прыкладаў страты горадабудаўнічай спадчыны.
Рэдкая шматфункцыянальнасць вылучала ансамбль сярод плошчаў іншых гарадоў. Забудова ўключала гандлёвыя рады, прыходскі касцёл, вуніяцкую царкву, школу, кафэ («кафэнгаўз»), дзве гасцініцы, аўстэрыю, заезныя дамы, суд, будынак лячэбніцы і канцылярыі, жылыя дамы іншаземных рабочых. У адрозненне ад многіх плошчаў з перавагай культавага прызначэння склад забудовы сведчыў аб выражаным грамадскім, свецкім характары ансамбля.
Па свайму кампазіцыйна-генетычнаму тыпу ансамбль з'яўляўся барочным. План плошчы набліжаўся да простакутніка з бакамі 87, 98, 189 і 197 м. Да вуглоў плошчы падыходзілі чатыры вуліцы, з невялікім адхіленнем, трасіраваныя як працяг бакоў плошчы. Кампазіцыя забудовы паўднёвага і заходняга бакоў была сіметрычнай, а паўночнага і ўсходняга — асіметрычнай. Асіметрычна ў прасторы плошчы размяшчаўся таксама квадратны ў плане корпус гандлёвых радоў з унутраным дваром.
У ансамблі на аснове мастацкага проціпастаўлення ўжыты прынцыпы сіметрыі і асіметрыі арганізацыі забудовы. У агульнай асіметрычнай структуры, абумоўленай, з аднаго боку, улікам пры стварэнні ансамбля ранейшай нерэгулярнай планіроўкі, з другога — асаблівасцямі творчага падыходу дойліда, скарыстаны развітыя сіметрычныя групы будынкаў.
У мэтах аналізу складанай мастацкай арганізацыі ансамбля мажліва ўмоўна вылучыць унікальныя і радавыя элементы кампазіцыі. Да першых адносіліся: гандлёвыя рады — галоўны будынак ансамбля; цэнтрычна размешчаная на ўсходнім баку школа; драўляныя касцёл і царква, што фланкіравалі гэты бок; кафэ — асноўны будынак паўднёвага боку на восі яго сіметрыі; аўстэрыя — асіметрычна размешчаная галоўная пабудова паўночнага боку. Радавыя элементы кампазіцыі створаны на аснове тыпізацыі аб'ёмна-планіровачных і пластычных рашэнняў будынкаў, што з'явілася адлюстраваннем прагрэсіўных сацыяльна-эканамічна абумоўленых тэндэнцый у горадабудаўніцтве барока XVIII ст.