Страчаная спадчына
Шрифт:
Для Віцебска характэрна вылучэнне з агульнай сістэмы дамінантаў груп з двух альбо трох збудаванняў, якія стаялі побач. Такім суседствам вылучаліся, напрыклад, ратуша, Васкрасенская царква і бернардзінскі касцёл; Благавешчанская царква, дамініканскі і парафіяльны касцёлы; касцёл і званіца езуіцкага калегіума; Мікалаеўская царква і піярскі касцёл і іншыя, што надавала своеасаблівасць кампазіцыі горада.
Праект рэгулярнай перапланіроўкі Віцебска складзены ў 1778 г. Аднак ён аказаўся няўдалым і не быў рэалізаваны. У канцы XVIII і пачатку XIX ст. распрацаваны далейшыя праекты рэканструкцыі, у адпаведнасці з якімі пераўтварылася планіровачная структура.
У адрозненне ад некаторых іншых гарадоў, напрыклад Менска і Полацка, у перыяд класіцызму новая планіроўка значна
Адным з вынікаў рэгулярнай перапланіроўкі з'явілася фармаванне новага працяглага гарадскога цэнтра, які ўключыў ядро цэнтра феадальнай эпохі — ансамбль дзвюх плошчаў, паралельную Дзвіне галоўную гарадскую магістраль, новую гандлёвую плошчу, якая завяршала гэты напрамак, і іншыя элементы. Акрамя таго, было закладзена некалькі плошчаў у розных частках Віцебска — Задзвінні, Заручаўі (тэрыторыя на поўдзень ад Ніжняга замка), Узгор'і і інш. За невялікім выключэннем, яны не набылі ролю архітэктурна-планіровачных цэнтраў адпаведных раёнаў. Тлумачыцца гэта адсутнасцю тут манументальнай забудовы, аддаленасцю новых плошчаў ад гістарычнага цэнтра, а таксама іх планіровачнай раз'яднанасцю.
Рэгулярная планіроўка зрабіла істотны ўплыў на далейшае фармаванне Віцебска ў эпоху капіталізму. Важны вынік будаўнічых мерапрыемстваў гэтага перыяду — пашырэнне грамадскага цэнтра, пракладка захаваных да нашага часу дзвюх магістраляў, якія перасякаюцца пад прамым вуглом, — умоўных планіровачных дыяметраў Віцебска. Уздоўж іх канцэнтравалася мноства гандлёвых і іншых грамадскіх устаноў, найбольш самавітая жылая забудова. Траса галоўнай вуліцы ва Ўзгор'і вызначыла мерыдыянальны напрамак, закладзены яшчэ ў канцы XVIII — першай палове XIX ст. Пазней яна была прадоўжана на поўдзень праз увесь раён Заручаўя. Пры гэтым узнікла неабходнасць засыпаць частку рукава Віцьбы, што прывяло да змянення гістарычнага ландшафту. Такім чынам, наўднёвая частка дыяметру, абумоўленая патрабаваннямі транспартнай сувязі раёнаў горада паміж сабой, уступіла ў супярэчнасць з вулічнай сеткай перыяду класіцызму. Новая магістраль парушыла сістэму кварталаў, якая існавала да гэтага часу, і злучыла паўночную і паўднёвую часткі горада.
Шыротны гарадскі дыяметр таксама склаўся на аснове закладзеных яшчэ ў эпоху класіцызму камунікацый. Пракладка чыгункі, будаўніцтва ў 1866 г. вакзала і фармаванне прывакзальнай плошчы выклікалі ўзмацненне горадабудаўнічай ролі Вакзальнай вуліцы (сучасная Кірава) і ўзвядзенне па яе трасе ў 1867 г. мураванага моста цераз Дзвіну. Так арганізавалася заходняя частка гарадскога дыяметра. У процілеглым баку магістраль закранула край тэрыторыі Верхняга замка і працягнулася на ўсход вуліцамі Замкавай і Задунайскай. Адпаведна пасля будаўніцтва ў канцы XVIII ст. плошчы перад езуіцкім касцёлам зноў часткова парушаны краявід узгорка Верхняга замка.
Для другой паловы XIX і пачатку XX ст. характэрна перабудова, відазмяненне некаторых храмаў. Так, напрыклад, касцёл святой Варвары, узведзены ў 1785 г., карэнным чынам рэканструяваны ў 1884 г. і набыў эклектычны дэкор. Драўляная Мікалаеўская царква 1799 г. у 1853 г. капітальна перароблена з таго ж матэрыялу (згарэла ў 1904 г.). У пачатку XX ст. у формах псеўдарускай архітэктуры паўстала Святадухаўская царква жаночага епархіяльнага вучылішча.
Далейшае развіццё атрымала манументальная грамадская і жылая забудова, якая вызначалася новым, больш разгорнутым маштабам. У многіх выпадках не лічыліся з існаваўшымі каштоўнымі старымі будынкамі. Напрыклад, у 1883 г. па праекце архітэктара Л. П. Камінскага на месцы дамоў губернатара і віцэ-губернатара
У 1911–1912 гг. па праекце вядомага расейскага дойліда І.А. Фаміна быў пабудаваны абеліск у гонар расейскіх воінаў, удзельнікаў бітваў пад Віцебскам у вайну 1812 г. Манумент размяшчаўся на Дварцовай плошчы перад палацам генерал-губернатара на высокім левым беразе Дзвіны. Выбар месца для помніка служыў узорам ансамблевага вырашэння: пастаўлены на восі сіметрыі палаца і, акрамя таго, на восі Дварцовай вуліцы (сучасная Савецкая), абеліск завяршаў яе відавую перспектыву.
У 1920-1930-ых гг. у гістарычнай частцы горада ўзведзены шэраг грамадскіх і жылых будынкаў. Нягледзячы на больш буйны маштаб, у параўнанні з забудовай XVIII–XIX стст., яны не сказілі кампазіцыю гістарычнага раёна.
Як і іншыя гарады Беларусі, Віцебск зведаў велізарныя разбурэнні ў перыяд Другой сусветнай вайны. Былі пашкоджаны выдатныя помнікі архітэктуры, зруйнаваны кварталы радавой гістарычнай забудовы. У працэсе пасляваеннай рэканструкцыі планіровачная структура ў асноўным захавалася і дапоўнілася новымі будынкамі, якія атрымалі значэнне сувязных элементаў у парушанай кампазіцыі цэнтра. Важнейшым мерапрыемствам гэтага перыяду аказалася стварэнне ансамбля вуліцы Кірава.
Забудова наступных гадоў характарызавалася адсутнасцю пераемнасці горадабудаўнічай кампазіцыі, якая склалася раней, што з'яўляецца агульным для ўсіх гарадоў рэспублікі. У 1960-1970-ых гг. на правым беразе Дзвіны, вуліцах Леніна, Замкавай, Пушкіна і іншых узведзены жылыя і грамадскія будынкі, размяшчэнне, аб'ёмна-прасторавае вырашэнне і архітэктура фасадаў якіх не адпавядалі мастацкім традыцыям фармавання забудовы ў гістарычнай частцы горада.
Непаўторныя прыродныя ўмовы, буйнамаштабныя ландшафтныя формы — паўнаводная Дзвіна з высокімі берагамі, велічнымі, багата азелянёнымі схіламі Віцьбы і ручая Дуная, — у гэтым цяпер своеасаблівасць аблічча гістарычнага цэнтра.
Параўнанне нерэгулярнай планіроўкі Віцебска другой паловы XVIII ст., планіроўкі перыяду класіцызму і сучаснай вулічнай сеткі дазваляе адзначыць, што толькі на некаторых участках напрамкі ці трасы сучасных вуліц супадаюць з сярэдневяковай структурай. Цяперашнія абрысы плошчаў і вуліц Узгор'я, Задзвіння, Заручаўя і іншых раёнаў амаль цалкам адпавядаюць закладзеным пры рэгулярнай перапланіроўцы ў канцы XVIII — першай палове XIX ст. У цэлым планіроўка вуліц і плошчаў мае вялікую культурную каштоўнасць як сведчанне шматвяковага развіцця Віцебска, узор мастацтва горадабудавання эпохі класіцызму.
Асноўнымі структурнымі восямі гістарычнага раёна служаць участкі памянёных вышэй мерыдыянальнага і шыротнага гарадскіх дыяметраў. У большай ступені гістарычная забудова лакалізуецца ўздоўж мерыдыянальнага напрамку — вуліцы Леніна. На перакрыжаванні восяў знаходзіцца тэрыторыя былых адміністрацыйнай і ратушнай плошчаў. Вежа ратушы — адзіная вертыкаль калісьці развітога, шматвежавага сілуэта Віцебска. Жылыя і грамадскія будынкі XVIII — пачатку XX ст. фармуюць забудову вуліц Суворава, Л. Талстога, Крылова, Савецкай, Пушкіна і іншых, на асобных участках размешчаную суцэльным фронтам, а дзе-нідзе — больш рэдка, напрыклад у Задзвінні. Да асноўных помнікаў, якія захаваліся, адносяцца фрагменты Благавешчанскай царквы, трынітарскі храм з манастырскай пабудовай, карпусы базыльянскага манастыра, Варварынскі касцёл, будынкі акруговага суда і жаночага духоўнага вучылішча і іншыя. У параўнанні з іншымі гарадамі Беларусі ў Віцебску існуе адносна многа помнікаў эпохі класіцызму. Акрамя значных страт архітэктурнай спадчыны трэба адзначыць моцна скажоны сучасным будаўніцтвам культурны пласт Верхняга і Ніжняга замкаў.