Зачараваныя смерцю
Шрифт:
Аб прыродзе нашых ідэалаў мы думаем мала, а яна нам да канца не зразумелая… Што там, на глыбіні падсвядомасці? Цютчаў сказаў, што Расею розумам спазнаць немагчыма. Яна па-за межамі розуму, свядомасці… У іншых вымярэннях… Дагэтуль ніхто не можа вытлумачыць, што гэта з усімі здарылася ў семнаццатым годзе. Пераварот? Успышка масавага бандытызму? Калектыўнае вар'яцтва? Але ж у той час многія людзі (інтэлігенцыя!) перажывалі гэта як шчасце… Свята! У нас у падсвядомасці жыве камунізм… Нам бліжэй рамантычнае, гераічнае і сумна там, дзе рэальнасць, прагматызм. Што робіць любімы герой расейскіх казак Іванка-дурачок? Майструе, будуе? Зусім не! Сядзіць на печы і чакае цуда: залатой рыбкі, якая выканае ўсе яго жаданні, ці красуні-царэўны, каб пабрацца
Наш стары дом гарыць… Адны — халодныя, спакойныя сведкі, глядзяць, як вогнішча глынае знаёмае, звычнае, але ўжо адлюбленае ці ніколі не любімае, ненавісную казарму, іншыя, якія любілі, ганарыліся сваім домам, кідаюцца ў агонь, у полымя і выцягваюць, што паспяваюць ухапіць, падабраць. На папялішчы кожны створыць свой вобраз і будзе даказваць, што дом такі і быў. Мы ўсё спальваем раней, чым зразумеем, таму заўсёды маем справу з міфамі і легендамі, а не з рэальнасцю.
Я думаю, што камунізм і фашызм закладзены ў прыродзе чалавечай. Дзве спакусы, яны ад чалавека ніколі не адступяцца. Угледзьцеся ў сябе смела і спакойна: вы і праўда рады, што вы, напрыклад, бедныя, а нехта багаты? Чужое няшчасце, чужы боль альбо смерць ці не прыносіць вам задавальнення або хоць бы прыхаванай радасці: гэта не са мною! Чалавек — бездань і неба адначасова…
Я спрабую сёння гаварыць пра гэта са сваімі студэнтамі. Але яны маўчаць…
У Менску я выйшла замуж, я пакахала. Мой муж быў вучоны, эканаміст. Быў… Ён памёр у сорак пяць гадоў, у мяне на руках… Мы жылі ў аднапакаёвай старой «хрушчоўцы», няма дзе схавацца, закрычаць, паплакаць. Я зачынялася ў ваннай і, каб не галасіць, каб у мяне не спынілася сэрца раней, чым у яго, ківалася з боку на бок з ўсёй сілы і білася галавой аб сцяну ці разбівала сабе рукі аб рабрыны батарэі. Галава закружыцца, кроў на руцэ, робіцца лягчэй: выходжу, усміхаюся, адцягваю яго ўвагу. Калі ён быў здаровы і нас прыніжалі, праследавалі, у яго вырвалася: «Хачу памерці!» Як захварэў, паміраў, я чула: «Хачу жыць!» У апошнія дні ён больш за ўсё хацеў жыць… Да ягонай хваробы мы гаварылі пра смерць, пасля сталі абыходзіць гэтую тэму. «Выкінь яд, — папрасіў ён за дзень да смерці. — Павер: неразумна ўсё. Недарэчна ляжаць у зямлі…» У яго былі два інфаркты…
Вясковы хлопец, з палескай глыбінкі… Дзяцінства — вайна, яму сем гадоў. Маці хлеб партызанам пякла, маглі расстраляць і хату спаліць. А за ім усё жыццё, як кляймо: жыў на акупаванай тэрыторыі, пад немцамі. Ва ўніверсітэт не дапусцілі… Паступіў у наргас, скончыў на «выдатна». На працу не бяруць, усюды трапіў пад графу: быў у акупацыі. Пасля страшнай крывавай перамогі яшчэ дзесяткі гадоў ваявалі з уласным народам: з тымі, хто вярнуўся з палону, каго гвалтоўна вывезлі ў Германію, хто не загінуў у канцлагеры, не згарэў у крэматорыі… Божа мой! А я выкладала марксісцка-ленінскую філасофію ў інстытуце… Партыя — гэта сумленне, годнасць… І сумненні ў галаву не прыходзілі… Кожная несправядлівасць успрымалася прыватным выпадкам, дзе быў канкрэтны віноўнік. Скажы мне хто-небудзь у той час аб віне ідэі, аб адказнасці ідэі? Вар'ят! Я ўжо не пабегла б даносіць, але назвала б яго вар'ятам, здраднікам. Якая б бяда ні здаралася на маіх вачах, я шукала вінаватага: гэта ён ці не ён… А тое, што ён — частка ідэі, атам гэтай ідэі, малекула, і ў іншых абставінах быў бы іншым чалавекам, мы не разумелі, ніхто. Вось адкуль цяпер не толькі ў мяне, а ў многіх адчуванне, што мы пражылі не сваё, а нечае жыццё. Маглі б быць іншымі людзьмі, іншай краінай… Калі б не гэтая ідэя… Я людзей не вінавачу (нават сваіх нядаўніх катаў), я вінавачу ідэю… Мне даказваюць, што ідэя нараджаецца ў чалавечай галаве. Але я ўсё роўна ненавіджу ідэю, а людзей, іхнія паводзіны магу сабе вытлумачыць. Што можа выбраць салдат у страі? Нічога. Кроч у нагу!
Мой муж быў таленавіты чалавек. Ён усё-такі абараніў кандыдацкую дысертацыю, напісаў доктарскую. Тут яму параілі: хочаш стаць прафесарам, пастаў побач са сваім прозвішчам яшчэ адно…
Калі мужа не стала, я дала клятву, што хай пасля смерці, але вярну яму добрае імя, апублікую яго артыкулы. Я яшчэ верыла: трэба ехаць у Маскву, напісаць у цэка партыі, там разбяруцца… Прыйдуць другія, разумныя людзі…
Не! Кроч у нагу!
…Гэта немагчыма перадаць, гэтае адчуванне, гэтае прыніжэнне. Калі вам робяць рэнтгенаскапію чэрапа пад выглядам праверкі гаймаравых пазух…
— Дзіўна, але я ў вас нічога не знаходжу, — кажа лекар.
— А што вы павінны знайсці? — наіўна пытаюся я.
Кладуць у бальніцу: «Трэба падтрымаць ваша сэрца». Хворыя выпадкова падслухалі і перадалі мне гаворку медсясцёр: «Пасля абеду Пашкевіч павядуць да псіхіятра. Дзеля яе выклікалі». Узнікае падазрэнне, адчуваю: штосьці не тое. Хутка апранаюся і спрабую ўцячы. Але на выхадзе ўжо пільнуюць, прыгразілі, што выклічуць міліцыю і завязуць у псіхлячэбніцу. Пад канвоем вяртаюць у палату. Тут разумею: мяне заманілі ў пастку…
Уначы ўсё ж уцякаю. У палаце ніхто з хворых не ўдаў, шэптам дапытваліся: «Гэта праўда, што вы пішаце скаргі ў ЦК КПСС? Кажуць, што вы шызафрэнічка…»
Дома праштудзіравала Крымінальны кодэкс: прымусовая псіхіятрычная экспертыза на прадмет «душэўнага захворвання» караецца крымінальна. Але гэта ў краіне, дзе пануе закон. Я жыву ў іншай… Што рабіць?! Уцякаць у Маскву, ісці ў цэка. Падкраўся страх… Баялася, да жывёльнага страху баялася, што мяне гвалтам схопяць і завязуць у псіхлячэбніцу. Некалькі дзён да ад'езду жахліва ўспомніць: ні на званкі ў дзверы, ні па тэлефоне не адказваю, вокны заштораны, замыкалася на ўсе замкі, верхняе святло не ўключаю, бра прыкрыта анучкай… Радыё, тэлевізар маўчаць… Быў момант… Дастала яд… Адзінае выйсце — налажыць на сябе рукі, і фізічная боязь, што не вытрываю — адыду сама… Выратаванне… Спакуса… Побач, дацягніся рукой…
Што чалавек зведвае пасля забойства? Перад гэтым сядзела ля люстэрка… Наштось запамінала… Пасля баялася люстэрка, баялася паглядзець сабе ў вочы… Калі б той ноччу не начавала ў мяне сяброўка… (Маўчыць.) Больш не хачу пра гэта… Недарэчна ляжаць у зямлі… (Маўчыць.) Вы не ведаеце, якое шчасце пасля гэтага… звычайны кавалачак хлеба і сыру… Ранішні пах кавы…
Жэрабя кінута… Таемна, з асцярогаю сябры праводзілі мяне ў Маскву. Проста з вакзала — у прыёмную ЦК КПСС: памажыце ўладкавацца ў псіхіятрычную бальніцу на абследаванне, у мяне павінна быць на руках даведка, што я псіхічна нармальная, ці дома мяне аб'явяць вар'яткай. Ніхто не абароніць! Прызналіся, што ёсць ужо ў іх такі вопыт, але жанчына звярнулася ўпершыню. Праз некалькі дзён атрымліваю накіраванне ў пятнаццатую Маскоўскую псіхіятрычную бальніцу…
Там мяне спаткалі словамі:
— Якое дачыненне вы маеце да нас? Гэта ж адразу відаць.
— Мне паставілі дыягназ: істэрычная псіхапатыя.
— У вас што, у Менску няма дасведчаных спецыялістаў?
— Не, доктар… Тут іншы выпадак…
Вечар. Шукаю, як уключыць святло. Не знаходжу. Выглядваю ў калідор. Ідзе медсястра.
— Чаму ў палаце няма выключальніка? Дзе святло?
— Вы забыліся, куды трапілі? Святло тут уключаю я. Чакайце, — і ўважлівы дапытлівы позірк, такі ж, калі я папрасіла пазваніць.