Зачараваныя смерцю
Шрифт:
Прыйшоў да мяне. Сталі мы жыць. Павітаюся з кім-небудзь з суседзяў, пастаю ў двары…
— Ну што, ужо змовіліся?
— Саша, ты што!
— Я цябе, сучку, ведаю! Шкадоблівая! Усе вы…
Вып'е, тады ласкавы, мяккі. Цвярозы скрыгоча зубамі, яму трэба ці ўдарыць, ці пакрыўдзіць, каб хто-небудзь плакаў, крычаў. Тады яму добра. Дзяцей б'е, самы маленькі яго любіць, лезе да яго, а ён яго падушкай. Дык той зараз, як ён заходзіць у хату, хуценька бяжыць у свой ложак і — спаць, вочкі заплюшчвае, каб не білі, ці ўсе падушкі пад канапу хавае.
Вып'е, і адзін аповед: як ехалі яны на бэтээрах… Першая машына падарвалася… А ён ехаў на другой… Я раней яго слухала і плакала, а цяпер… Гармонік ягоны нажом прапарола, чуць не магу… Ён раніцай прачнуўся: хто? Я яму сачыніла, што ён сам, па п'янцы… Не паверыў — бутэлькай з-пад піва мяне па галаве…
Ноччу ляжу, ён храпе. Думаю: ён мяне
Нічога добрага, прыгожага я ў жыцці не бачыла… Мне паміраць не страшна… Наведаў учора ў бальніцы, п'яны:
— Я дыван прадаў… Дзеці галодныя…
Мой дыван! Я год на яго грошы збірала, па дзесятачцы адкладвала. У чарзе за ім стаяла. А ён за тры дні прапіў… Дзеўкі з маёй работы прыбягалі:
— Ты глядзі, Тома, каб ён там п'яны дзяцей не пазадушваў, яны плачуць. А гэтую старэйшанькую, адзінаццаць гадкоў, ад сястры, сама ведаеш…
Калі я вярнуся дадому і ён не прынясе назад дыван… З блакітнымі кветачкамі, як зорачкамі… Два на тры… Ён прыйшоў да мяне з ручніком і з лыжкай… У адной цяльняшцы… Паранены, кантужаны… Я хацела яго на руках насіць… Як у кіно… Калі я вярнуся і ён не прынясе назад дыван…
Я ніколі не думала, што магу чалавека забіць…
Гісторыя сталінскай дзяўчынкі, пры якой баяліся расказваць палітычныя анекдоты, і пра тое, як у пяцьдзесят гадоў яна перастала верыць у вар'яцкім доме ў камунізм. Наталля Пашкевіч — выкладчык, 55 гадоў
— Два гады я насіла з сабой яд… І мой муж… У любы момант… Мы дамовіліся: калі нас загоняць у тупік — жыць не будзем. Зламанымі, прыніжанымі мы жыць не будзем. Сяброўка робіць у аптэцы… Я доўга яе прасіла… Я не прызнавалася, навошта, дзеля чаго… Яна дастала нам мыш'як…
Мне здаецца, быццам я пражыла некалькі жыццяў, прынамсі — тры, і я — гэта тры розныя чалавекі: першы, другі… Трэці — гэта я зараз. Зусім розныя людзі, з адным імем, з адной біяграфіяй, але яны адзін аднаго не пазналі б, не зразумелі б, яны б нават адзін аднаго ненавідзелі. Пра каго апавядаць, калі я, як вялікая матрошка: выцягнеш адну — шукай у ёй другую. Судзім сёння адно аднаго, спяшаемся: гэты быў прававерны камуніст, як ён мог пакласці партбілет? А гэты стаць вернікам, хадзіць у царкву? Выкінуць у смеццеправод збор твораў Леніна — падмануў! (Сустракала і такіх…) Маліцца новым Багам… Так, можна! Я ў гэта веру… Я гэта ведаю… Іншым разам здаецца, што я пражыла не сваё, а чыёсьці жыццё… На мастацкай выстаўцы неяк іду — карціна: бэз, лаўка і жанчына ў доўгай сукенцы… Стаю і не магу адысці…
Была дзяўчынка… Дзяўчынка з далёкага Петрапаўлаўска-на-Камчатцы, цяпер — вялікі горад, а тады — раскіданыя вайсковыя пасёлкі з адной расейскай школай у цэнтры. Яна любіла кнігі Мікалая Астроўскага і Жуля Верна. Марыла жыць у семнаццатым годзе, каб удзельнічаць у рэвалюцыі, бачыць жывога Леніна, ці ў дваццаць першым — дваццаць другім стагоддзях, калі зорныя караблі паляцяць да далёкіх планет. Як і іншыя хлопчыкі і дзяўчынкі, мы ўсе тады былі аднолькавыя. Я магу сказаць, што, пакуль жыў Сталін, мы ўсе былі аднолькавыя. Мой шаснаццацігадовы пляменнік нядаўна мне сказаў: «Абрыдзеў ваш Сталін! Пра Івана Грознага чытаць буду, а пра Сталіна не хачу». Неўзабаве цікавасць да яго застанецца толькі ў нас, у сталінскага пакалення. Ахвяра і кат аднолькава асуджаны, як сіямскія блізняты. Патрэбна хірургічнае ўмяшальніцтва… Каб адлучыць маю дзяўчынку ад таго сакавіцкага дня, калі яна вярнулася са школы і ўбачыла заплаканых бацькоў: «Сталін памёр!» (Але-але, зноў і зноў Сталін, пра якога вы чуць ужо не можаце, а вынь яго з нашага жыцця — нічога не застанецца, ніякага сэнсу, нават страшнага.) На вуліцы мяцеліца, мароз (у такія дні дзяцей звычайна адпускалі, зачынялі школу), але яна ставіць у кут партфель і ідзе назад. Не паабедаўшы. Як гэта сёрбаць суп, калі ён памёр? Ён!! Усю дарогу плача — сем кіламетраў, ужо двойчы тым днём пройдзеныя. Ніхто не клікаў, ніхто не загадваў, усе чысцютка вучні і настаўнікі вярнуліся ў школу. Людзі ішлі туды, дзе яны працавалі, у бібліятэкі, клубы, каб быць разам. Ланцужком брылі назад, трымаючыся за вяроўку, — у завіруху згубіш след, заблудзішся і замерзнеш. І на наступны дзень яна запомніць доўгія чорныя стужкі людзей на чыстым снезе… І жалобную музыку… І, як сігнал з космасу (так гэта далёка), голас маскоўскага дыктара: «Гаворыць Масква! Гаворыць Масква!..»
Потым гэтая
Сляпая, амаль бязвінная гатоўнасць пайсці, данесці. Гэта было… Са мной было… Я баялася гэтай дзяўчынкі… Я сама дагэтуль баюся гэтай сталінскай дзяўчынкі… Людзі веры… Яны і праўда сляпыя… Як закаханыя… Інтэлектуалы і непісьменныя… У маёй бабулі замест абраза вісеў у рамцы партрэт Леніна, і ў бацькі, вайсковага інжынера, на стале стаяў бюст Леніна… Разбірайцеся, судзіце іх… Нас… Усіх… Містыка! Паўсядзённая містыка нашага жыцця…
«Добра, — спытаеце вы, — але ж нехта расказваў палітычныя анекдоты? Нехта, наогул, пляваў на ўсё?» Заўсёды ёсць людзі (іх больш), якія жывуць наўзбоч, і, вядома, іх таксама зацягвае агульная плынь, але не з той сілай. І ёсць дзейныя, моцныя натуры, яны палымяна, беззапаветна кідаюцца ў самую глыбіню — новай веры, новай ідэі. Лепшыя! Гэтая дзяўчынка была з іх, з лепшых. Вы ніколі не думалі аб тым, што ідэя зжэрла, разбэсціла і скалечыла лепшых? Вам адкрылася, вы ўбачылі яе крывавае аблічча, а мы глядзелі, любілі іншае — чуллівае, патэтычнае… Якое пакутлівае вызваленне… Катаванне… Плячо ў плячо, нас з'ядналі, згуртавалі — мы не маглі разляпіцца. Маналіт, блок! Божа мой! Ты там і не маеш сілы вырвацца, як матылёк у цэменце… Ты не можаш сябе адарваць. Хто ты? Ты толькі маналіт, без «я», з усімі. Калі я гэта ўсвядоміла? У пяцьдзесят гадоў… У вар'яцкім доме… О! Гэта вар'яцкая гісторыя, савецкі дэтэктыў…
Але быў яшчэ XX з'езд… Даклад Хрушчова… Бацька купіў раніцай газету і зачыніўся з ёй у сваім пакоі… Праз суткі выйшаў: «Ленін асудзіў бы тое, што адбылося пасля ягонай смерці. Калі б не памёр…» Праз нейкі час, месяц-два мінула, застрэліўся сусед. Паснедаў, пагаліўся… Стары чэкіст, яго ў нашым доме пабойваліся… Усе гадалі: чаго ж спалохаўся ён сам? Пасля я даведалася, што тады па краіне пракацілася хваля самагубстваў былых энкэвэдэшнікаў, тых, хто збаяўся ці асудзіў сябе сам…
Я забылася сказаць, што бацькі мае ўжо жылі ў Ленінградзе, я канчала ўніверсітэт… Гэта ўжо зусім іншы час, і мы іншыя. Мы пелі песні Акуджавы, чыталі самвыд, захлыналіся вершамі Еўтушэнкі, Вазнясенскага, Бэлы Ахмадулінай… Паэты выступалі на стадыёнах… Там, дзе сёння — Кашпіроўскі, Глоба — чараўнікі, хіраманты і прадказальнікі занялі месца паэтаў. Я захапілася біяграфіямі правадыроў, пісьмамі, мемуарамі, успамінамі. Мяне хвалявала іхняе жыццё. Дзяржынскі, Луначарскі, Бухарын… Памятаю пісьмы Дзяржынскага з турмы, светлыя, юначыя: як ён аддаў хвораму таварышу апошні швэдар (гэтыя дэталі тады гіпнатызавалі, праціналі). Аддаць апошняе, ахвяраваць! Хворы Ленін адправіў у дзіцячы прытулак масла, якое прыслалі яму сяляне… Галодная непрытомнасць Цюрупы, камісара па харчаванні… Вось яно, вялікае, чыстае, яно ж было, трэба толькі яго ачысціць, вярнуцца да вытокаў… Да пачатку… А там усё цудоўнае, высокае. Гэта было другое наша нараджэнне! Шчасце ад таго, што мы зноў нешта адолелі, перамаглі. Як пасля споведзі, амаль, сказала б я зараз, царкоўнае пачуццё… Пасля паявіліся п'есы Міхаіла Шатрова аб рэвалюцыі, іх забаранялі, за іх ваявалі, пра іх спрачаліся… (Запальвае.) Кідаю паліць, цыгарэты ад сябе хаваю… А за ноч сёння паўпачка… Не магла дачакацца ранку, калі вы прыйдзеце… Мне важней самой у сабе разабрацца, пахілілася нешта ў душы, не выпрамляецца. Бязлітаснае адчуванне паражэння… І нават не падману, а самападману… Дык пра што мы?
Дзеці красавіцкай адлігі! Наша смеласць ужо не смеласць, нашы ісціны ўжо не ісціны. Якія мы былі наіўныя: Ленін добры, Сталін благі… Пабудуем «камунізм з чалавечым абліччам»… Сама ідэя не падвяргалася сумненням, яна выдавала непарушнай, вечнай, як неба. Мы — авангард… Велізарная палаючая домна… І кожны з нас — часцінка гэтай палаючай, кіпячай лавы… Сядзець дома ў шыкоўнай кватэры?! Ніколі! Шчаслівае самаадрачэнне, апантанасць… Аддаць сваё жыццё дзеля чагосьці велічнага, не асабістага, а агульнага. Дзеля ўсіх! Паехала з Ленінграда пад выкрыкі сяброў: «Дурніца, пашкадуеш… Іншыя ўсімі праўдамі і няпраўдамі, ажно да фіктыўных шлюбаў, размеркаваліся ў Ленінград, а ты — куды?» У Менск, «самы сацыялістычны горад», як ахрысціў яго мой прафесар. Занесла ў ЖЭК ключы ад ленінградскай кватэры (памёр бацька, праз месяц пахавала маці — яна жыла жыццём бацькі, без яго ёй гэты свет быў незразумелы і не патрэбны). Я падабалася сабе! Патрэба ахвяраваць… Пакланяцца… У нас гэта ў крыві… Трэба быць Зігмунтам Фрэйдам, каб знайсці адлюстраванне… Ці то гэта ад нашай любві да рабства, ці да смерці, як вышэйшага сэнсу? Да беднасці, да аскезу…