Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Зачараваныя смерцю

Алексиевич Светлана Александровна

Шрифт:

Так, дык вось, ён быў тыповы партработнік, яму больш за ўсё падабаўся брэжнеўскі час. Ён мог вынесці пытанне на бюро абкама, на сакратарыят… Напісаць пастанову… Засакрэціць дакумент… Пакласці пад сукно… Выканаць любую каманду… Але ў ягонай галаве не магла нарадзіцца аніводная ідэя, бо ён — па сваёй прыродзе — толькі выканаўца: як быў некалі інжынерам на заводзе, так ім і застаўся. Загадаюць — зробіць, даложыць. А пачалася перабудова… Па тэлевізары выступаў Гарбачоў і абяцаў народу дэмакратыю… Народ выходзіў на цэнтральную плошчу горада і патрабаваў то хлеба, то волі, то мяса, то курыва… Такога народа ніхто з нас не ведаў. Мы прывыклі да арганізаваных майскіх калон.

Ён адказваў у абкаме партыі за навуку і культуру… І вось гэты чалавек прыходзіў да мяне ў кабінет і пытаўся: ці трэба яму чытаць

«Дзяцей Арбата» Анатоля Рыбакова. І што адказваць, калі на сустрэчы ў тэхнікуме ці ў інстытуце ў яго спытаюць пра Салжаніцына? Якая на гэты конт паступіла каманда зверху? Грымнулі такія дні, калі для яго нічога не было страшнейшага, чым выехаць куды-небудзь з дакладам, сустрэцца з людзьмі. Ён прыходзіў з ранку на працу і сядзеў, не выходзіў са свайго кабінета. Ён баяўся тэлефонных званкоў… Яны вымагалі імгненных рашэнняў, яго ўмяшальніцтва: у школе забаставалі настаўнікі, у тэатры малады рэжысёр рэпеціруе забароненую п'есу… Выйшлі на мітынг старыя — ахвяры сталінскіх рэпрэсій… Па-мойму, вайскоўцы — гэта былі адзіныя людзі, якіх ён яшчэ неяк разумеў. Сістэма каардынат тут супадала…

Пра што мы гаварылі? Я быў нашмат маладзейшы, але нават не гэта, а тое, што я знаходзіўся як бы паблізу ад улады, яго да мяне прываблівала. І тое, што я быў малады, значыцца, я быў бліжэй да таго, што рабілася на вуліцы, я толькі што з таго жыцця прыйшоў сюды. Мяне ўзялі на работу ў абкам з абласной газеты. «Вось вы — маладыя», — пачынаў ён. Маладыя — значыць, адказныя за тое, што адбываецца, пераварочваецца. Ён гаварыў аб цвёрдай руцэ, аб парадку, аб тым, што ўсё развальваецца. Іншых пытанняў ён сабе не задаваў. Ён ніколі не чытаў Маркса, зрэшты, як і я. У ВНУ мы калісьці ўсё гэта пралісталі перад экзаменамі. Маркса і Леніна я стаў чытаць цяпер, калі зносяць помнікі ім, валакуць на звалку…

Я яго бачыў тым днём… За некалькі хвілін, як ён выскачыў… Выходжу ў калідор: ён ходзіць без пінжака, адчынены дзверы ў туалет, а там вокны — насцеж… Неяк вінавата ўсміхнуўся мне… Пінжак вісіць на ручцы дзвярэй… Мільганула: чаму ён тут, на восьмым паверсе? Быццам ніхто яго не выклікаў… На восьмым паверсе быў кабінет першага сакратара абкама, сюды ці выклікалі, ці запрашалі. Уявіць, каб хто-небудзь проста так падняўся туды і паходжваў, немагчыма. Ніхто нават са сваіх работнікаў не заходзіў, акрамя мяне, яго памочніка, і сакратар-машыністкі. Мы былі побач, нашы кабінеты. Існаваў этыкет, які не парушаўся. Краем свядомасці прабегла думка: быццам ніхто яго не выклікаў… Я забраў у прыёмнай аддрукаваныя старонкі (якраз пісаў даклад першаму сакратару) і вярнуўся да сябе. Праз некалькі хвілін чую крыкі ў калідоры…

Нядаўна я недзе прачытаў, што раб згадвае не толькі бізуны ланцугі, якімі ён быў прыкаваны да галераў, але і прыгажосць мора, і салёны вецер у твар… Дзеля чаго я пра гэта? Гэта ўжо зусім пра іншае. Ці не?.. Пра тое ж. Ва ўніверсітэце я думаў пра сябе, што я — незалежны. А ў арміі спаймаў сябе на думцы, што шчаслівы стаяць у шарэнзе па стойцы «смірна», і ўзнікла жаданне страляць… Гэта ўжо пра іншае… Гэта ўжо пачуцці, эмоцыі… А нам патрэбны факты…

Ён прыйшоў тым днём на працу ў старым касцюме… У старых чаравіках… Я пасля думаў, што ён ішоў і ўяўляў, як будзе гэта рабіць… Вось гэтую паслядоўнасць: дзе, як, калі? Адчыніць, падняцца, ступіць… Хто б мог падумаць, што ён будзе на гэта здатны? Паслушнік па сваёй прыродзе… Ён парушыў усе правілы гульні…

Загадчык аддзела абкама партыі — наменклатура цэка. І раптам ён кідаецца з восьмага паверха, разбіваецца насмерць… Гэта ўсё роўна, што ісці на маршы і ўхітрыцца павесіцца. Быў пярэпалах. Неўразуменне. Прыязджалі камісіі…

Я магу пераказаць вам тэкст нашых тлумачальных запісак, нават з захаваннем стылю партыйных дакументаў, я іх нямала ў свой час напісаў. Нешта накшталт таго, што некалькім работнікам абкама партыі было прапанавана падшукаць іншую працу ў сувязі з тым рэфармаваннем партыі, якое адбываецца ў краіне. У ліку іх быў і Ігнат С. Былі варыянты: пасада дырэктара кінатэатра ці начальніка «Саюздруку», выкладчыцкая работа ў Сельгасакадэміі. І гэтак далей. У службовай паперы выкладалася службовая праўда… У ёй не было нашых гаворак і яго разгубленасці, неразумення таго, што адбываецца наўкол. Ён служыў партыі, як ён лічыў, верай

і праўдай, ні разу не свавольнічаў, заўсёды быў пад рукой, напагатове, і раптам яна яго выганяе. Яна яму здраджвае. Інакш, чым здраду, ён гэта расцаніць не мог. Ён жа быў такі, якім партыя хацела, якім яна яго зляпіла і ўціхамірыла, ён стаў яе атамам, яе, жывой клеткай. Яму падабалася гэта вялікая, бязлітасная машына. Аднойчы ён мне прызнаўся, што марыў быць вайскоўцам, але не прайшоў па конкурсе ў вайсковую вучэльню.

Як гэты чалавек узбунтаваўся? Гэты паслушнік. Я дагэтуль зразумець не магу. Ён заўсёды рабіў тое, што яму загадаюць…

У яго была прыгожая жонка. Бухгалтар у будтрэсце. Двое сыноў. Ён атрымаў для кожнага кватэру. Купіў ім машыны. Але, але, усё гэта было, і ён гэта ўсё ўмеў — узяць, атрымаць, пазваніць, папрасіць, націснуць, выбіць. Казённая дача… Прадуктовыя заказы ў абкамаўскім буфеце… Але не з-за гэтага са стометровай вышыні — на камень? Не з-за сыравэнджанай кілбасы і ікры…

Яго выгналі, яму здрадзілі… Ён не мог з гэтым прымірыцца…

Была яшчэ адна акалічнасць. Хатняя. Інтымная. Я не ўпэўнены, што маю права прыадкрываць яе. Але калі без імя… Інкогніта… Калі жонка даведалася, што ён ідзе з абкама, прыгразіла: «Забірай сваю старую маці! Вязі назад у вёску! Мне абрыдла з-пад яе гаршкі насіць…» Маці цяжка хварэла… Ён папрасіў у абкаме машыну, і шафёр расказваў, як яны адвозілі ў вёску яго хворую маці. Праедуць дзесяць кіламетраў:

— Стой! Паварочвай назад.

Выйдзе. Папаліць.

— Едзем далей.

Пакінуў ён маці ў старой, халоднай хаце. На чужых людзей. Плакаў. Прасіў. Гэта ён, да каго ўся вёска прыязджала шукаць справядлівасці?! Гэта ён, хто быў — улада.

Чалавек зламаўся. Я думаю, ён канчаткова зламаўся там, у машыне, калі ён сядзеў у кабіне, а напаўспаралізаваная маці ляжала ў кузаве, у кабіну яна не ўлезла. Усё ў жыцці перамешана: сыравэнджаная кілбаса, ікра, улада і смерць. Я не спрабую выклікаць у вас спачуванне. Гэта наша вар'яцкае, безразважнае наша жыццё… Па Бібліі чалавек жыве не пры капіталізме, не пры сацыялізме, а на Зямлі. Я павінен вытлумачыць гэтае жыццё сваім вучням…

Тэатр абсурду! Самае галоўнае здарылася потым, пасля яго… Праз некалькі месяцаў мы ўсе шукалі іншую работу. Партыя, якая на момант яе закрыцця мела трынаццаць мільёнаў сябраў, перастала існаваць аб адным дні. Мне пазванілі раніцай: «Абкам зачыняюць. У нас дзве гадзіны, каб забраць свае рэчы». Узвінчаны натоўп ля будынка абкама… Крыкі і абразы… Прымусілі раскрыць партфель… Вывернуць кішэні і зняць паліто… Кабінеты апячатвала камісія: нейкі слесар, няўдачнік-журналіст, маці пяцярых дзяцей… Яе я запомніў па мітынгах, яна заўсёды выступала і расказвала, што жыве ў шматсямейным бараку, з дзецьмі, патрабавала кватэру. У маім кабінеце ўсё перавярнулі, прапала попельніца і запальнічка… Дарэчы сказаць, праз год я спаткаў тую жанчыну, спытаў: «Ці атрымалі вы кватэру?» Яна пагразіла кулаком у бок будынка былога абкама партыі: «І гэтыя падлюгі мяне падманулі!» Першы сакратар абкама зараз — намдырэктара саўгаса, ён — неблагі інжынер. Другі сакратар — дырэктар кінатэатра… Я — настаўнік… Ніхто не адчувае сябе катам… Усе адчуваюць сябе ахвярамі… І ўнізе, і наверсе… Усіх асудзілі на здраду… Хто? Адны кажуць, што ідэя нам здрадзіла… Другія, што мы ёй здрадзілі…

Усё адбываецца па знаёмым сцэнарыі… Вы чалавека не пераменіце… І без намаганняў сістэмы чалавек хоча знікнуць у масе. Здаецца, гэта словы Оруэла. Калі чалавек у масе, ён невідочны, але ён бессмяротны. Сацыялізм змушаў чалавека жыць у гісторыі, тварыць гісторыю… Ён гуртаваў, з'ядноўваў адным дзеяннем, адным накірункам руху. Вялікая ідэя падпарадкоўвала хаос… Яна ззяла з вышыні, няхай недасяжная, і нават лепш, што недасяжная. Народ адчуваў сябе ў гісторыі, што ён здзяйсняе гістарычныя ўчынкі, што ён пры чымсьці вялікім прысутнічае… Такое пачуццё ён зведваў яшчэ толькі ў вайну… А што вы яму дасце? Сытае жыццё? Дабрабыт? Яны ніколі не будуць для нас вышэйшай мэтаю. Іншы замес. Нам патрэбны трагічны ідэал… Быў абрад — светлая будучыня… І быў гэты трагічны ідэал… Вы яго не растопчаце. Не адбераце. Ён будзе жыць. Ну што ж, пішыце. Цяпер усё можна пісаць, і ўсе пішуць, а дзе літаратура? Дзе што-небудзь адпаведнае таму, што з намі адбываецца? Хоць бы вось адна яго смерць… Гэтая смерць…

Поделиться:
Популярные книги

Мужчина моей судьбы

Ардова Алиса
2. Мужчина не моей мечты
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
8.03
рейтинг книги
Мужчина моей судьбы

Черный маг императора 3

Герда Александр
3. Черный маг императора
Фантастика:
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Черный маг императора 3

Тайны ордена

Каменистый Артем
6. Девятый
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
7.48
рейтинг книги
Тайны ордена

Измена. Он все еще любит!

Скай Рин
Любовные романы:
современные любовные романы
6.00
рейтинг книги
Измена. Он все еще любит!

Эволюционер из трущоб. Том 2

Панарин Антон
2. Эволюционер из трущоб
Фантастика:
космическая фантастика
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Эволюционер из трущоб. Том 2

Купец VI ранга

Вяч Павел
6. Купец
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Купец VI ранга

Связанные Долгом

Рейли Кора
2. Рожденные в крови
Любовные романы:
современные любовные романы
остросюжетные любовные романы
эро литература
4.60
рейтинг книги
Связанные Долгом

70 Рублей

Кожевников Павел
1. 70 Рублей
Фантастика:
фэнтези
боевая фантастика
попаданцы
постапокалипсис
6.00
рейтинг книги
70 Рублей

Облачный полк

Эдуард Веркин
Старинная литература:
прочая старинная литература
5.00
рейтинг книги
Облачный полк

Достигая Вершин

ZerKo
1. Достигая Вершин
Фантастика:
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Достигая Вершин

Дочь моего друга

Тоцка Тала
2. Айдаровы
Любовные романы:
современные любовные романы
эро литература
5.00
рейтинг книги
Дочь моего друга

Надуй щеки! Том 6

Вишневский Сергей Викторович
6. Чеболь за партой
Фантастика:
попаданцы
дорама
5.00
рейтинг книги
Надуй щеки! Том 6

Третий. Том 2

INDIGO
2. Отпуск
Фантастика:
космическая фантастика
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Третий. Том 2

(Не)свободные, или Фиктивная жена драконьего военачальника

Найт Алекс
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
(Не)свободные, или Фиктивная жена драконьего военачальника