Зачараваныя смерцю
Шрифт:
Гісторыя чалавека, які ляцеў, бы птушка. Іван Машавец — аспірант філасофскага факультэта, 33 гады
З аповеду сябра, аспіранта філасофскага факультэта Ўладзіміра Станюкевіча:
— …Ён, вядома, хацеў адысці непрыкметна. Быў вечар. Прыцемкі. Але некалькі студэнтаў з суседняга інтэрната бачылі, як ён скокнуў. Ён расчыніў акно ў сваім пакоі насцеж, стаў на падваконнік і доўга глядзеў уніз. Пасля павярнуўся спінаю, вельмі моцна адштурхнуўся і паляцеў… Ён ляцеў з дванаццатага паверха…
Ішла міма жанчына з малым хлопчыкам. Малое падняло ўгору галаву:
— Мама,
Ён ляцеў пяць секунд…
Усё гэта мне расказаў участковы міліцыянер, калі я вярнуўся ў інтэрнат. (Я аказаўся адзіным, каго ў нейкай меры можна было назваць ягоным сябрам.) На другі дзень у вячэрняй газеце я ўбачыў здымак: ён ляжаў на асфальце тварам уніз… У позе чалавека, які ляціць…
Вядома, я магу паспрабаваць сёе-тое сказаць… Хоць усё няпэўнае… Мы з вамі не выберамся з гэтага лабірынта… Гэта будзе вытлумачэнне частковае, вытлумачэнне фізічнае, а не духоўнае. Існуе, напрыклад, служба даверу. Чалавек звоніць туды і прызнаецца: «Я хачу накласці на сябе рукі». За пятнаццаць хвілін яны яго адгаворваюць. Яны высвятляюць прычыну. Але гэта — не прычына, а спускавы кручок…
За дзень перад гэтым ён напаткаў мяне на калідоры:
— Зайдзі абавязкова. Трэба пагаварыць.
Увечары некалькі разоў я стукаўся да яго, ён не адчыняў. Праз сцяну (нашы пакоі побач) я чуў: ён — там. Ходзіць. Туды-сюды. Мітусіцца. «Ну, — думаю, — зайду заўтра». Заўтра я размаўляў з міліцыянерам.
— Што гэта? — міліцыянер паказаў мне быццам знаёмую папку.
Я нахіліўся над сталом:
— Гэта яго дысертацыя… Вось тытульны ліст: «Марксізм і рэлігія».
Усе старонкі былі перакрэслены. І чырвоным алоўкам — па дыяганалі, наводмаш: «Глупства! Трызненне! Хлусня!!» Яго почырк… Я пазнаў…
Ён увесь час баяўся вады… Яшчэ са студэнцтва я памятаю, што ён баяўся вады. Але ніколі не гаварыў, што баіцца вышыні…
Не атрымалася дысертацыя, ну і ліха з ёй! Трэба прызнаць сябе палоннікам утопіі… Ці ж скакаць з-за гэтага з дванаццатага паверха? Колькі людзей сёння перапісваюць свае кандыдацкія, доктарскія, а колькі баяцца прызнацца ўслых, як яны ў іх называліся. Сорамна, няёмка… Можа, ён вырашыў: я скіну і гэтыя апраткі, і гэтую фізічную абалонку…
Логіка паводзін не вяла да гэтага, а дзеянне адбылося… Ёсць такое паняцце, як лёс. Табе дадзена праграма… Ты ўзышоў… Чалавек ці ўзыходзіць, ці апускаецца… Я мяркую: ён верыў, што ёсць другое жыццё… У тонкім пласце… Ці быў ён вернікам? Тут ёсць запытанне… Калі была ў яго вера, дык без пасрэднікаў, без культавых устаноў, без самога абраду. Але для верніка самазабойства немагчымае, ён не адважваецца парушыць план Бога… Перарваць нітку… У атэіста пускавы механізм спрацоўвае прасцей. Ён не верыць у другое жыццё, не палохаецца. Што такое семдзесят ці сто гадоў? Нейкае імгненне, пясчынка. Малекула часу…
Аднойчы мы з ім размаўлялі аб тым, што сацыялізм не вырашае праблему смерці ці хоць бы старасці. Праходзіць міма…
Я быў сведкам, як у букіністычнай краме ён пазнаёміўся з нейкім ненармальным. Той таксама корпаўся ў старых кнігах аб марксізме, як і мы. Потым мне расказаў: «Паслухай, што ён сказаў: «Гэта я — нармальны, а ты — пакутнік». Ты ведаеш: яго праўда». Я думаю: ён быў шчырым марксістам і прымаў марксізм як гуманітарную ідэю, для якой «мы» — куды больш, чым «я». Як нейкую адзіную планетарную цывілізацыю ў будучым… Зойдзеш да яго ў пакой, ён ляжыць, абклаўшыся кнігамі: Пляханаў, Маркс, біяграфіі Гітлера, Сталіна, казкі Андэрсэна, Бунін, Біблія, Каран. Усё гэта ён чытае адначасова. У памяці зберагліся абрыўкі ягоных думак, але толькі абрыўкі. Я ўзнавіў іх пасля ўжо… Шукаю сэнс ягонай смерці… Не зачэпку, не прычыну… Сэнс! У ягоных словах…
— У чым розніца паміж вучоным і святаром? Святар тое,
Мы, марксісты, узялі на сябе ролю царкоўных служак. Мы сказалі, што ведаем адказ на пытанне: як зрабіць усіх шчаслівымі. Як?! Любімая кніга майго дзяцінства — «Чалавек-амфібія» А. Бяляева. Я нядаўна яе перачытаў. Гэта ж адказ усім утапістам свету… Бацька робіць з сына чалавека-амфібію. Ён хоча падараваць яму сусветны акіян, ашчаслівіць, змяніўшы чалавечую прыроду. Геніяльны інжынер… Яму мроіцца, што ён пранікнуў у тайну… Што ён — Бог! Але ён зрабіў сына самым няшчасным сярод людзей… Прырода не адкрываецца чалавечаму розуму… Яна яго толькі заманьвае…
Ці вось яшчэ некалькі ягоных маналогаў. Як я іх запомніў…
— Феномен Гітлера яшчэ доўга будзе трывожыць чалавечы розум. Узбуджаць. Усё-такі, як запускаецца механізм масавага псіхозу? Мацяркі на выцягнутых руках неслі дзяцей: «На, фюрэр, вазьмі!!»
Мы — спажыўцы марксізму. Хто можа сказаць, што ён ведае марксізм? Ведае Леніна, Маркса? Ёсць ранні Маркс… І Маркс у канцы жыцця… Гэтыя паўтоны, адценні, уся гэтая квітнеючая складанасць нам невядомая. Ніхто прыросту ведаў не дае. Мы ўсе — інтэрпрэтатары…
Цяпер мы завязлі ў мінулым, як раней у будучыні. Мне таксама здавалася, што я ўсё жыццё гэта ненавідзеў, а выходзіць, любіў. Люблю?.. Няўжо можна любіць гэтую лужыну крыві? Гэтыя могілкі? З якога бруду, з якога кашмару… На якой крыві ўсё замешана… Люблю!
Прапанаваў нашаму прафесару новую тэму для сваёй дысертацыі: «Сацыялізм як інтэлектуальная памылка». А ён адказаў: «Блюзнерства». Маўляў, з такім жа поспехам я магу ўзяцца за расшыфроўку Бібліі ці Апакаліпсіса. Што ж, блюзнерства — таксама творчасць… Стары ў разгубленасці. Ты ж ведаеш: ён не з далдоншчыкаў, але тое, што адбылося, для яго асабістая трагедыя. Мне трэба перапісаць дысертацыю, а як яму перапісаць жыццё? Зараз кожны з нас павінен рэабілітаваць сябе. У псіхіятрыі ёсць такая хвароба — раздваенне-растраенне асобы. Хворыя на яе забываюць сваё прозвішча, сацыяльнае становішча, сваіх знаёмых і нават дзяцей, сваё жыццё. Растраенне асобы… Гэта калі чалавек не можа спалучыць свой пункт гледжання, афіцыйны погляд ці дзяржаўную веру і свае сумненні, наколькі слушна тое, што ён думае, і тое, што ён гаворыць… Асоба дваіцца, траіцца… У псіхбальніцах процьма настаўнікаў гісторыі, выкладчыкаў ВНУ… Чым лепш яны навучалі, тым больш разбэшчвалі… Сама меней, тры пакаленні… І яшчэ некалькі заражана… Але як таемна ўсё выслізгвае ад вызначэння… Спакуса ўтопіі…
Як у Джэка Лондана… Памятаеш ягонае апавяданне пра тое, што жыць можна і ва ўціхамірвальнай сарочцы? Трэба толькі скурчыцца, уціснуцца і прывыкнуць… І нават будзеш бачыць сны…
Цяпер я аналізую… Спрабую прасачыць ход яго думак… І я разумею, што ён рыхтаваўся да адыходу…
П'ём гарбату, ён знячэўку кажа:
— Я ведаю свой тэрмін…
— Ваня, ты што! — не стрымалася мая жонка. — Мы цябе толькі ажаніць сабраліся.
— Я пажартаваў. А вось жывёла ніколі не канчае жыццё самагубствам. Не парушае ходу…
Назаўтра пасля гэтай гаворкі кастэлянка знайшла ў бачку для смецця яго амаль новы касцюм, і пашпарт ляжаў у кішэні. Прыбегла да яго. Ён збянтэжыўся, прамармытаў нешта накшталт таго, што быў п'яны. А ў рот жа не браў! Пашпарт пакінуў сабе, а касцюм ёй падараваў: «Ён мне не патрэбны ўжо».
Ён вырашыў скінуць гэтыя апраткі, гэтую фізічную абалонку. Але ён танчэй і падрабязней за нас ведаў, што яго чакае там. Ды яму падабаўся ўзрост Хрыста…
Можна падумаць, што ён звіхнуўся. Але за некалькі тыдняў да гэтага я слухаў ягоны рэферат… Жалезная логіка… Бліскучая абарона!