БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ
Шрифт:
У сэньсе арганізацыйным і ідэялёгічным беларускі рух у Заходняй Беларусі выглядаў вельмі рознаяка. Беларускае грамадзянства ў Заходняй Беларусі мела розныя ідэялёгічныя пагляды і перакананьні, але, апынуўшыся пад польскай уладай, спачатку трымалася аднаго беларускага фронту. Выдзялілася з яго толькі група Аляксюка, якая выконвала тое, чаго вымагала ад яго польская палітыка, не разважаючы, ці гэта для беларускага народу будзе карысна ці не, і якая ня мела большага значаньня ды хутка зусім збанкрутавала. Цэнтралізаваўся беларускі рух у Вільні, каля Беларускага Нацыянальнага Камітэту. У склад Камітэту ўваходзіла каля 40 прадстаўнікоў ад розных беларускіх арганізацыяў і ўстановаў, сярод якіх галоўную ролю адыгравалі: Б. Тарашкевіч, кс. А. Станкевіч, А. Луцкевіч, Ф. Ярэміч, В. Багдановіч, С. Рак-Міхайлоўскі і інш. Апрача таго, былі Беларускія Нацыянальныя Камітэты ў Варшаве і Горадні. У Варшаве існавала таксама Беларускае Таварыства Помачы Ахвярам Вайны. На чале Таварыства і Беларускага
Беларускія арганізацыі ў Варшаве і Горадні, аднак, ня доўга працавалі і былі зьліквідаваныя. Цэнтрам беларускага руху сталася тады вылучна Вільня, дзе была найбольшая колькасьць беларускай актыўнай інтэлігенцыі і ўспомнены Беларускі Нацыянальны Камітэт, што зьяўляўся беларускім народным прадстаўніцтвам. Камітэт кіраваў усю беларускую працу, бараніў інтарэсы беларускага народу, а калі ў 1922 годзе былі абвешчаны выбары ў польскі сойм і сэнат, дык вёў перамовы з прадстаўнікамі іншых нацыянальных мяншыняў у Польшчы і стараўся, каб у польскі парлямэнт прайшло як найбольш беларускіх прадстаўнікоў. Пасьля выбараў і стварэньня Беларускага Пасольскага Клюбу — беларускага парлямэнтарнага прадстаўніцтва значэньне Нацыянальнага Камітэту зьменшылася, але і далей яно было паважным, бо ў прынцыпе паслы і сэнатары мусілі падпарадкавацца Камітэту.
Аднак у меру таго як беларускае жыцьцё разьвівалася і спатыкала розныя перашкоды, адзіны фронт беларускага грамадзянства начынаў трашчэць. Гэта адбывалася асабліва таму, што ў гэтым кірунку вялася адпаведная работа як з боку польскіх палітыкаў, так і з боку бальшавікоў. Як польскім палітыкам, так і бальшавіцкім хацелася разьбіць беларускае адзінства. Палякі, каб дасягнуць свае мэты, перацягвалі на свой бок слабейшых беларускіх дзеячоў, абдароўвалі іх матар'яльнымі сродкамі і пры іхнай дапамозе тварылі розныя арганізацыі, выдавалі газэты і часапісы, служачыя ў бальшыні польскім інтарэсам.
Беларускія палёнафілы выступалі пад рознымі шыльдамі. Так, прыкладам, пасьля банкроцтва Аляксюка зьяўляліся: Беларуская Народная Рада, Беларуская Нацыянальная Партыя, Таварыства «Прасьвета», Таварыства «Беларуская Хатка» і Беларускі Камітэт для самаўрадавых справаў у Вільні. На чале іх стаялі д-р А. Паўлюкевіч і Т. Вернікоўскі. Іхнымі ворганамі былі газэты «Беларускае Слова», «Грамадзянін», «Беларускі Радны» і літаратурны часапіс «Досьвіткі», якога выйшаў толькі адзіны нумар. Палёнафільскай арганізацыяй была таксама Радыкальна-Народная Беларуская Партыя на чале з Фр. Умястоўскім. Яна выдавала тыднёвую газэту «Беларускі Дзень». Ейным коштам выйшла таксама два нумары літаратурна-навуковага часапісу п. н. «Беларуская Культура».
Палёнафільскія арганізацыі найбольш шырака разьвівалі сваю дзейнасьць у 1925, 1926 і 1927 г. г., калі беларускі рух у Заходняй Беларусі меў найбольшы размах. Але дарма, палёнафільскія беларускія арганізацыі не здабылі ніякае папулярнасьці і зусім збанкрутавалі.
Іначай было з бальшавіцка-камуністычнай работай. Бальшавікі дзякуючы сваёй спрытнай прапагандзе, дзякуючы непрыхільнай польскай палітыцы ў дачыненьні да беларусаў, цяжкому палажэньню беларускага сялянства і ўрэшце дзякуючы таму, што тады ў Савецкай Беларусі для беларусаў часова былі магчымасьці праводзіць сваю культурную працу і адбудоўваць край, аб чым весткі даходзілі ў Заходнюю Беларусь,— здабывалі сярод беларускага народу пад Польшчай даволі вялікія ўплывы. Праўда, гэта ня былі ўплывы камунізму. Гэта проста было шуканьне выхаду і ратунку з цяжкога палажэньня, якое бальшавікі, ці лепш розныя бальшавіцкія агенты, ды Камуністычная Партыя Заходняй Беларусі, што існавала нелегальна спрытна выкарыстоўвалі Бальшавікі рабілі спробу выкарыстоўваць для сябе настроі народу і праз легальныя беларускія арганізацыі і праз беларускае парлямэнтарнае прадстаўніцтва. На гэта ўсё ж не згадзіліся ўсе беларускія паслы і сэнатары. У Беларускім Пасольскім Клюбе ў канцы 1925 г паўстаў разлом. Падобны разлом паўстаў таксама і ў Беларускім Нацыянальным Камітэце ў Вільні. Група паслоў на чале з Тарашкевічам, Рак-Міхайлоўскім Ю. Сабалеўскім, Мятлом і Валошынам выступіла з Беларускага Пасольскага Клюбу і на пачатку 1926 г стварыла асобны Пасольскі Клюб і палітычную арганізацыю пад назовам Беларуская Сялянска -Работніцкая Грамада.
Беларуская Сялянска-Работніцкая Грамада мела характар радыкальна палітычнае партыі. Галоўны націск у сваёй дзейнасьці. Грамада клала на справы сацыяльна эканамічныя і кідала багата клічоў, як прыкладам вызваленьне з пад польскага панскага панаваньня, стварэньне сялянска-работніцкага ўраду, злучэньне беларускіх земляў у вадну дзяржаву, зямлю сялянам бяз выкупу, а работнікам на фабрыках работніцкія камітэты з правам нагляду над прадукцыяй і г. д.
Беларускі Пасольскі Клюб, запраўдны Беларускі Нацыянальны Камітэт і ягоныя сябры, што пасьля стварэньня Грамады падзяліліся на тры трупы прыхільнікаў Беларускае Хрысьціянскае Дэмакратыі і новаствораных партыяў — Беларускага Сялянскага Саюзу ды Беларускага Дэмакратычнага Праваслаўнага Аб'яднаньня, большую ўвагу бралі на нацыянальныя справы і імкнуліся шляхам легальнага змаганьня і канкрэтнае пазытыўнае беларускае працы
Беларускі Нацыянальны Камітэт і Беларускі Пасольскі Клюб выступалі ня толькі супроць польскіх парадкаў і панаваньня на Беларусі, але і супроць бальшавікоў Сялянска -Работніцкая ж Грамада супроць бальшавікоў не выступала і супрацавала нават з польскімі левымі пасламі і дзеячамі Пры тым ейныя прадстаўнікі хвалілі савецкія парадкі і заяўлялі, што ў Савецкай Беларусі пад апекай бальшавікоў будуецца беларускі дом Гэткае становішча Грамады было фактычна прычынай разлому і падзелу адзінага беларускага фронту ў Польскай дзяржаве.
Кіраўнікі Грамады, не зважаючы на выразна нацыянальнае беларускае становішча Беларускага Пасольскага Клюбу, Беларускага Нацыянальнага Камітэту, Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі, Сялянскага Саюзу і Праваслаўнага Аб'яднаньня, называлі ўсіх прыхільнікаў гэтых арганізацыяў зраднікамі беларускага народу і адначасна высоўвалі сябе на першае месца як адзіных абаронцаў беларускіх масаў. Масы, не арыентуючыся добра, а бачачы і чуючы шумныя клічы і праграму Грамады ды слухаючы добра зарганізаванае грамадаўскае прапаганды, ішлі за ёю. Грамада ад дня на дзень расла і ўзмацнялася. За кароткі час свайго існаваньня, бо толькі за адзін год Грамада мела больш 100 000 сяброў. Адны беларусы ішлі ў ейныя рады, верачы. што гэтая арганізацыя запраўды беларуская і што сваім належаньнем да яе яны прычыняцца да палепшаньня долі беларускага народу, а іншыя ішлі, каб згодна з камуністычнай інструкцыяй уводзіць у беларускае нацыянальнае жыцьцё закалот, праводзіць камуністычную прапаганду сярод беларусаў і рыхтавацца да рэвалюцыі.
Польскія ўлады з трывогай глядзелі на разьвіцьцё Грамады. Яна запраўды пагражала супакою і парадку ў Заходняй Беларусі. Але адначасна польскія ўлады цешыліся, што ў Беларускай Грамадзе пашыралася камуністычная прапаганда, бо яна ўводзіла дэструкцыю ў беларускае жыцьцё, была забароненая законам ды давала добрую прычыну да разгрому Грамады.
Скончылася ўсё-ж тым, што ў студзені 1927 г. сярод найактыўнейшых грамадаўцаў паліцыя правяла масавыя арышты, а 21 сакавіка 1927 году польскія ўлады абвесьцілі Беларускую Сялянска-Работніцкую Грамаду зьліквідаванай. Сярод арыштаваных знаходзіліся ўсе грамадаўскія паслы: Тарашкевіч, Рак-Міхайлоўскі, Мятла, Валошын, дырэктар Беларускага Музэю ў Вільні Антон Луцкевіч, які супрацаваў з некаторымі грамадаўцамі, Бурсэвіч і колькі сот іншых актыўных беларускіх дзеячоў-грамадаўцаў. Усіх іх абвінавачвалі за стварэньне Грамады дзеля арганізацыі перавароту і зьмены польскіх парадкаў з тым, каб устанавіць дыктатуру пралетарыяту, савецкі лад, а беларускія землі адарваць ад Польшчы і далучыць іх да Савецкага Саюзу. Абвінавачваліся яны і за тое, што абавязаліся даць Саветам збройную дапамогу супроць Польшчы на выпадак ваеннага канфлікту між гэтымі дзяржавамі, дзеля чаго мелі ўжо склады зброі.
Суды над арыштаванымі грамадаўцамі адбываліся ў розным часе і ў розных мясцовасьцях, а найважнейшым з іх быў суд, на якім разглядаліся справы галоўных правадыроў, паслоў і дзеячоў Грамады у ліку 56 асобаў. Суд гэты адбываўся ў Вільні ў 1928 годзе ўвесну і трываў тры месяцы. У выніку яго 19 абвінавачаных былі апраўданыя, а іншыя, у тым ліку паслы Тарашкевіч, Рак-Міхайлоўскі, Валошын і Мятла, засуджаныя на 12—13 гадоў у вастрог. Сярод апраўданых знаходзіўся і Антон Луцкевіч.
Польская і бальшавіцкая падрыўная акцыя ў беларускім нацыянальным руху ў Заходняй Беларусі пасьля ліквідацыі Грамады яшчэ ня скончылася. Бальшавікі ізноў знайшлі сабе сярод беларускіх паслоў у сойме (выбраных у 1928 годзе) людзей, якія думалі, што пры бальшавіцкай помачы ўдасца больш актыўна праводзіць беларускую работу і што пад бальшавіцкай апекай беларусы здабудуць лепшую долю. Былі гэта паслы Дварчанін, Гаўрылік, Валынец, Грэцкі і Крынчык (увайшоўшы на месца выбыўшага пасла Стагановіча). Яны стварылі Беларускі Пасольскі Клюб «Змаганьне», які, падобна як і Грамада, разьвіў шырокую акцыю, аж пакуль яго польскія ўлады не зьліквідавалі, а паслоў не пасадзілі на доўгія тэрміны ў вастрог. Пасьля ліквідацыі Грамады і «Змаганьня» паўставалі яшчэ розныя беларускія радыкальныя аб'яднаньні, выдавецтвы, але і іх хутка польская ўлада ліквідавала. Засуджаных паслоў з «Змаганьня» бальшавікі вымянялі на польскіх палітычных вязьняў і забралі ў Саветы, дзе іх пазьней зьліквідавалі як ворагаў народу.