БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ
Шрифт:
Адначасна Рада і Урад Беларусі пацьвердзілі важнасьць акту 25.Ш.1918 г. і вынесьлі пратэст проці незаконнага гаспадараваньня палякоў на Беларусі і проці ладжаньня імі розных «плебісцытаў» аб «добраахвотным» далучэньні Беларусі да Польшчы.
Гэткім спосабам урад А. Луцкевіча быў уняважнены, а ягоныя пляны разьбітыя. Ён, аднак, не паддаваўся, а з сваймі прыхільнікамі-палёнафіламі стараўся выявіць сваю жыцьцёвасьць і зарганізаваў «Найвышэйшую Раду», пры дапамозе якое праводзіў сваю палёнафільскую палітыку, аднак яна нічога карыснага не дала.
Рада БНР сваёй пастановай выклікала жорсткі перасьлед з польскага боку. Палякі зараз-жа абвесьцілі, што яны не прызнаюць Рады БНР і сяброў Прэзыдыуму П. Бадунову, Козіча і Мамоньку, а таксама Старшыню Рады Міністраў Ластоўскага арыштавалі і пратрымалі ў вастрозе па паўтара месяцы.
Toe самае чакала іншых беларускіх міністраў і дзеячоў незалежніцкага кірунку, але яны, доўга не чакаючы, неафіцыйна выехалі за межы, дзе зноў згуртаваліся і праводзілі сваю працу, змагаючыся
Паход бальшавікоў на Варшаву, дзякуючы вялікай дапамозе палякам з боку французаў, ня ўдаўся. Бальшавікі былі прымушаныя адступаць Але палякі таксама не маглі хваліцца сілай, хоць і мелі вялікую дапамогу, і таму і яны, і бальшавікі хацелі замірыцца. Перамовы пачаліся ў Барысаве і ў Менску і доўга цягнуліся. У мірным праекце зьявіўся падзел Беларусі між Саветамі і Польшчай. Бальшавікі на тэй беларускай тэрыторыі, што была пад іхнай уладай, арганізоўвалі далей Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку. Нешта падобнае хацеў зрабіць і Пілсудзкі на беларускіх землях, занятых польскім войскам. У дадатак да гэтага ён хацеў адабраць ад летувісаў Вільню і абвесьціць там незалежную Беларусь.
Усё ўжо было падрыхтавана для ўтварэньня беларускае ўлады ў Вільні і ў Заходняй Беларусі. Але пад націскам Варшавы пляны зьіначыліся. 9 кастрычніка 1920 г. палякі штучна зарганізавалі «бунт» гэнэрала Жэлігоўскага, які з сваймі аддзеламі заняў Вільню, выганяючы летувісаў, і заміж Беларусі стварылі «Сярэднюю Літву» і неўзабаве далучылі яе да Польшчы.
Беларусы, бачачы польска-бальшавіцкія пляны падзелу Беларусі, не сядзелі ціха. Нездаволеньне выяўлялася нават сярод беларусаў-бальшавікоў. У вышку гэтага ў лістападзе месяцы 1920 г. у Случчыне выбухла збройнае беларускае паўстаньне.
Трэба ведаць, што Случчына заўсёды захоўвала свой беларускі характар, не паддавалася чужым уплывам. I калі ў 1918 годзе разыйшлася па ўсёй нашай Бацькаўшчыне вестка пра абвешчаньне незалежнасьці Беларусі, дык случчакі першыя стараліся стварыць сваю беларускую ўладу. У Слуцку ў 1918 годзе паўстаў Беларускі Нацыянальны Камітэт (на чале з старшынёй інж. Яніслаўскім, віцэ-старшынёй Р. Астроўскім, сакратаром С. Петрашкевіч, скарбнікам М. Асьвецімскім), які зараз-жа прыступіў да творчае дзяржаўнае беларускае працы. Працу гэту спынілі бальшавікі, якія пасоўваліся з усходу на захад, занялі Случчыну. Беларускі Камітэт зьліквідавалі, а старшыню арыштавалі. У сувязі з польска-бальшавіцкай вайной і ў сувязі з наступам палякоў на ўсход у 1920 годзе Случчына апынулася пад польскай уладай. У гэтым часе якраз удалося ўцячы ад бальшавікоў П. Жаўрыду і Беларускі Нацыянальны Камітэт у Слуцку ізноў працаваў. Прычым дзеля арганізацыі самаабароны сарганізавалася народная міліцыя ў ліку 500 чалавек. Нажаль, сярод слуцкага беларускага актыву пачаў выяўляцца разлад. Невялікая група беларусаў на чале з Паўлюкевічам, якому ўдалося стацца старшынёй Беларускага Нацыянальнага Камітэту, хінулася ў польскі бок. Беларусы-незалежнікі на чале з Пракулевічам, баючыся, каб група гэтая не здабывала для сябе шырэйшай папулярнасьці і каб не праводзіла свае акцыі ў народзе, пастанавілі склікаць зьезд Случчыны. Зьезд адбыўся 14.XI. 1920 году ў Слуцку. У ім брала ўдзел 107 прадстаўнікоў ад гораду Слуцку і 15 розных воласьцяў Слуцкага павету. На зьезьдзе былі таксама прадстаўнікі ад беларускіх аддзелаў гэнэрала Балаховіча і Павал Жаўрыд ужо як камісар ураду БНР на Слуцкі павет і прадстаўнік найвышэйшае Рады Беларускае Народнае Рэспублікі. Зьезд адразу ініцыятыву і кіраўніцтва беларускім рухам перадаў у рукі беларускіх незалежнікаў, адбіраючы яе з рук групы Паўлюкевіча. За старшыню зьезду быў абраны Русак, а за віцэ-старшыню Пракулевіч. Зьезд, прызнаючы сябе найвышэйшым народным прадстаўніцтвам Случчыны, выказаўся, што жыхарства Случчыны не прызнае ніякае чужацкае ўлады і будзе лічыць законным толькі тую ўладу і ўрад, якія выбярэ і паставіць сам беларускі народ. Часовым-жа ўрадам ухвалена ўважаць Раду Случчыны, выбраную на зьезьдзе з 17 асобаў на чале з Пракулевічам.
У рэзалюцыі зьезду ад 14.Х1.1920 году было сказана: «Першы Беларускі Зьезд Случчыны, скліканы ў ліку 107 асобаў, вітае Найвышэйшую Раду Беларускае Народнае Рэспублікі і заяўляе, што ўсе свае сілы аддасьць на адбудову Бацькаўшчыны, катэгарычна пратэстуе супроць заняцьця нашае бацькаўшчыны чужацкімі і самазванчымі савецкімі ўладамі. Хай жыве вольная, незалежная Народная Беларуская Рэспубліка ў яе этнаграфічных межах!»
Незадоўга пасьля зьезду, 21.XI. 1920 году, Рада Случчыны выдала дэклярацыю, дзе гаварылася: «У мамэнт самавызначэньня ўсіх народаў і змаганьня іх за сваю самастойнасьць і свабоду Беларуская Рада Случчыны выконвае волю сялянства, паслаўшага яе і даверыўшага ёй абарону незалежнасьці нашай Бацькаўшчыны Беларусі, заяўляе ўсяму сьвету аб дамаганьнях, намерах беларускага сялянства, аб тым, што Беларусь павінна быць вольнай незалежнай
Ня гледзячы на такое становішча Рады Случчыны, бальшавікі ў 1920 годзе ў канцы лістапада, калі палякі пачалі ізноў адступаць на захад, бяз ніякага папярэджаньня займалі Случчыну. Адважныя случчакі, верныя сваёй пастанове, хапіліся за зброю і самі запынялі бальшавіцкі наступ. У валасьцёх і вёсках паўставалі Беларускія Нацыянальныя Камітэты, арганізавалася самаабарона. Рада Случчыны тварыла рэгулярныя вайсковыя беларускія аддзелы, ядром якіх сталася народная міліцыя. Тымчасам бальшавікі набліжаліся ўжо да Слуцку. Час быў кароткі, і абарона не зарганізавалася; дзеля таго галоўнае вайсковае беларускае камандваньне, створанае пры Радзе Случчыны, выдала загад аддзелам і міліцыі пакінуць Слуцк і зьбірацца ў Семежаве; дзе агулам згуртавалася каля 10 000 паўстанцаў. Тут-жа ў Семежаве стварыўся беларускі Слуцкі полк пад камандваньнем палкоўніка Гаўрыловіча, і зараз-жа, хоць ня меў дастатковае колькасьці зброі і амуніцыі, прыступіў да збройнага змаганьня з бальшавікамі. У міжчасе ў Семежаве паўстаў і другі беларускі Грозаўскі полк, складзены пераважна з моладзі Грозава, пад камандваньнем капітана Семянюка. З Слуцкага-ж і Грозаўскага палкоў стварылася першая Слуцкая дывізія, камандваньне якой спачатку даручылі капітану Анцыповічу, а пасьля капітану Сокал-Кутылоўскаму. Гэтак зарганізаваная першая беларуская дывізія 27 лістапада 1920 году пайшла ў крывавы бой за родную Беларусь. Баі разгортваліся каля вёсак Быстрыцы, Верабейчыцаў, Васільчыцаў, Чарнагубава, Васілішак, Дашнова, Лютавіч, Мацкевічаў, каля Копыля, Цімкавічаў, Вызны ды інш. Шмат дзе паўстанцам удавалася ня толькі паўстрымаць бальшавікоў, але і адбіраць ад іх вёскі і местачкі. Так, прыкладам, паўстанцы адабралі ад бальшавікоў Цімкавічы і іншыя мясцовасьці. Бальшавікі мелі вялікія страты забітымі і параненымі. Шмат чырвонаармейцаў слухалі заклік Рады Случчыны, якая зварочвалася да іх з адмысловымі адозвамі, і здаваліся ў палон або пераходзілі ў шэрагі паўстанцаў. Бачачы гэта, бальшавіцкае камандваньне накіравала супроць паўстанцаў найбольш верныя камуністычныя аддзелы, якія ня так лёгка здаваліся ды праводзілі масавыя арышты і расстрэлы сярод жыхарства. БеларускІя паўстанцы, ня маючы належнае колькасьці зброі і амуніцыі, не маглі далей даваць адпору бальшавіком і мусілі адступаць да ракі Лань. Пасьля ўсё-ж яшчэ колькі разоў паўстанцам удавалася рабіць удалыя контратакі і здабываць перамогі, але абараніць Беларусь ад бальшавікоў яны не маглі. 28 сьнежня 1920 году Слуцкая дывізія прымушана была перайсьці польскую мяжу. Тут яе палякі абяззброілі і інтэрнавалі спачатку каля Сіняўкі, а пасьля ў Беластоку.Частка паўстанцаў, аднак, не аддала зброі паляком. Гэтыя паўстанцы пайшлі ў слуцкія лясы, зарганізаваліся ў аддзелы і яшчэ праз цэлыя гады з нячуванай упартасьцю змагаліся з бальшавікамі, аж пакуль зусім ня былі пераможаныя.
Случчына такім чынам дала Беларусі шмат змагароў за лепшую долю, шмат выдатных дзеячоў.
Учынкі палякоў у дачыненьнях да беларусаў і летувісаў збліжалі гэтыя два народы і 11 лістапада 1920 году Урады Летувы і Беларусі падпісалі новую ўмову аб узаемнай дапамозе.
Паводле гэтае ўмовы, Беларускі Урад абяцаў аддаць усе сфармаваныя ім на летувіскай тэрыторыі беларускія аддзелы для выкарыстаньня Летувіскага Ураду, а ў часе плебісцыту між Летувай і Польшчай далажыць усіх стараньняў, каб беларусы аддалі свае галасы на карысьць Летувы. Справа мяжы між Летувай і Беларусяй мела быць вырашаная шляхам добраахвотнага ўзаемнага паразуменьня. Да гэтага-ж часу месцы, якія знаходзяцца ў Летувіскай Рэспубліцы і маюць перавагу беларускага жыхарства, павінны кіравацца на аснове нацыянальна-тэрытарыяльнай аўтаноміі. Апрача таго, Летувіскі Урад мусіў даць Беларускаму Ураду афіцыяльнае месца прабываньня і памагчы здабыць грашовую замежную пазыку. Пры чужых урадах Беларускі і Летувіскі Урады забавязваліся падтрымліваць сябе ўзаемна.
Беларускія і Летувіскія сілы былі, аднак, заслабыя, каб перашкодзіць рэалізацыі польскіх і бальшавіцкіх плянаў.
18 сакавіка 1921 году прадстаўнікі Польшчы і Саветаў дабілі ў Рызе торг і Беларусь падзялілі. Саветы затрымалі пад сваёй уладай этнаграфічна беларускае тэрыторыі каля 300 000 кв. км з жыхарствам да 10 мільёнаў чалавек. Польшча — больш 100 000 кв. км з жыхарствам каля 4 мільёнаў чалавек. Пры гэтым частка беларускіх этнаграфічных тэрыторыяў з беларускім жыхарствам трапіла ў межы Лацьвійскае і Летувіскае рэспублікаў.
Рыскі трактат і падзел Беларусі ня спыніў дзейнасьці Рады Беларускае Народнае Рэспублікі і Беларускага Ураду. Яны, будучы на эміграцыі, далей дзеілі дыплёматычнымі ходамі, мэмарыяламі, баронячы Беларускую Народную Рэспубліку і беларускі народ ад наступу чужынцаў ды іхнай эксплёатацыі і дэнацыяналізацыйнае работы.
25 —28 верасьня 1921 году ў Празе Чэскай адбылася Беларуская Нацыянальна -Палітычная Нарада, дзе сьцьверджана, што:
«а) Беларусь зьяўляецца краем працоўнага беларускага сялянства, работнікаў і працоўнай інтэлігенцыі, дзеля чаго Беларусь павінна быць дзяржавай працоўнага народу.