БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ
Шрифт:
Беларускі Пасольскі Клюб, спачатку бачачы агульнае цяжкое палажэньне беларускага народу і падзел яго ды чуючы прыгожыя польскія заявы аб імкненьні да брацкага сужыцьця з беларусамі, хацеў верыць ім і ў дачыненьні да польскае дзяржаўнасьці заняў пазытыўнае становішча. Выявілася яно насамперш у тым, што беларускія паслы ўзялі ўдзел у выбарах першага прэзыдэнта Польскае дзяржавы і галасавалі за Габрыеля Нарутовіча, які і быў абраны. Пасьля беларускія паслы падтрымвалі адзін з польскіх урадаў, каторы суліў беларусам прыгожыя абяцанкі. З гэтага, аднак, на беларускую карысьць нічога ня выйшла. Прэзыдэнта Нарутовіча польскія шавіністыя забілі за тое, між іншага, што яго выбралі прадстаўнікі нацыянальных мяншыняў, а гэны ўрад, што багата абяцаў і на чале якога стаяў гэнэрал Сікорскі, нічога не зрабіў і пад прымусам тых-жа шавіністых падаўся ў вадставу.
Беларускія
Мала таго, 31 ліпеня 1924 году ўрад Ст. Грабскага выдаў гэтак званы «моўны закон», які зусім абмежаваў магчымасьці адчыненьня беларускіх школаў. На паперы закон гэны не выглядаў страшна. Паводле яго, беларускія школы маглі паўставаць у тых мясцовасьцях, дзе беларускага жыхарства было больш за 25%. Ініцыятыва адчыненьня школы магла выйсьці з боку самога мясцовага жыхарства. Бацькі ня менш як 40 дзяцей павінны былі падаць адпаведныя заявы, пасьведчаныя адміністрацыйнай уладай аб тым, што яны жадаюць беларускае школы і што яны беларусы. У законе, аднак, была засьцярога, дзе гаварылася, што калі апрача 40 беларусаў у дадзенай мясцовасьці знаходзілася яшчэ 25 бацькоў, жадаючых вучыць дзяцей папольску, дык тады школа мусіла быць двумоўнай (утраквістычнай) беларуска-польскай. Але гэта ўсё яшчэ ня было-б такім страшным, каб ня тое, што польскія ўлады ў практыцы і ў часе перапісу жыхарства ўсялякімі спосабамі стараліся давесьці, што беларусаў наагул няма і ня можа быць, а за падаваньне дэклярацыяў на адчыненьне беларускіх школаў сыпаліся розныя кары: штрафы, арышты, біцьцё і падобныя перасьледваньні.
Але на гэтым ня скончылася абмежаваньне правоў для беларусаў. У 1925 годзе сойм прыняў закон аб зямельнай рэформе, на аснове якога адбывалася пачатая яшчэ да выданьня гэтага закону польская калёнізацыя беларускіх земляў. Зямлю на Беларусі атрымвалі толькі польскія вайсковыя калёністыя і розныя прыежджыя з Польшчы палякі.
Мала таго, пры дапамозе школаў, польскіх калёністых, прэсы, касьцёлаў, духавенства, паліцыі, урадаўцаў праводзілася палёнізацыйная акцыя сярод беларусаў. З усіх касьцёлаў, дзе адбываліся казаньні і дадатковыя набажэнствы пабеларуску, беларускую мову выгналі, а ксяндзоў-беларусаў павысялялі ў парахвіі польскія. Прыгожыя пачаткі беларускае каапэрацыі былі зьліквідаваныя. Адбывалася таксама эканамічная эксплёатацыя беларускіх земляў і беларускага жыхарства, коштам якога прамысловасьць разбудоўвалася толькі ў цэнтральнай Польшчы. Беларускія землі не называліся нават сваім імём. Іх проста называлі «Крэсы Всходне». Словам, дачыненьні польскіх уладаў да беларусаў рабіліся штораз больш крыўднымі, несправядлівымі і бяспраўнымі. Некаторыя нават палякі прызнавалі, што польскія ўлады адносіліся да беларусаў несправядліва. Так, прыкладам, ведамы польскі публіцысты Константы Сроковскі ў сваёй кніжцы «Нацыянальная справа на Крэсах Усходніх», выдадзенай у Кракаве ў 1924 годзе, між іншага, пісаў гэтак:
«У часе, калі адступалі немцы, а ў глыб беларускае тэрыторыі пасоўваліся палякі, існавала там 350 беларускіх пачаткавых школаў. З гэтага ў ваднэй Гарадзеншчыне было гэтых школаў 153, пры тым настаўніцкая сэмінарыя ў Сьвіслачы. Польскія ўлады ўсе гэныя школы і сэмінарыю зьліквідавалі скандальным спосабам. У Наваградзкім ваяводзтве ўсе наяўныя там за часоў нямецкіх беларускія школы ў ліку 50 зачыненыя, загадам-жа ад 15 лістапада 1921 году наагул забаронена ўжываць у школах беларускую мову ня толькі як мову навучальную, але нават як дапаможную».
Беларусы на такую польскую палітыку, на такія дачыненьні адказалі войстрай апазыцыяй. Беларускія прадстаўнікі ў сойме і сэнаце выступалі супроць усіх польскіх варожых для беларусаў імкненьняў, былі ў апазыцыі да ўсіх польскіх урадаў, складалі інтэрпэляцыі ў сойме і сэнаце, пасылалі мэмарыялы ў Лігу Нацыяў і кіраўніком польскае палітыкі, а народ і моладзь змагаліся з палякамі, часта нават фізычна. Гэтая войстрая і тэрарыстычная акцыя была выкліканая імкненьнем да абароны беларускай зямлі, да абароны правоў беларускага народу, да абароны беларускіх паслоў, на якіх польскія асаднікі арганізавалі пагромы ў часе беларускіх пасольскіх мітынгаў.
Беларуска-польскія дачыненьні фактычна зьяўляюцца клясычным прыкладам для
Найбольш войстры перасьлед давялося перажываць беларусам у Польскай дзяржаве пасьля травенскага перавароту ў 1926 годзе, калі ўладу ўзялі ў свае рукі пілсудчыкі і калі на беларускіх землях палітыку кіравалі Мэйштовіч, Костка-Бернацкі, Бацянскі і да іх падобныя польскія шавіністыя. Яны бязьлітасна ліквідавалі ўсе беларускія арганізацыі, беларускія газэты і часапісы, беларускія школы, каапэратывы, не даючы ніякае магчымасьці ня толькі для палітычнай, але і для культурна-асьветнае працы. За чытаньне беларускіх часапісаў, кніжак, за належаньне да беларускіх арганізацыяў сыпаліся войстрыя кары і гумовыя палкі. Палёнізацыя праводзілася ня толькі праз школы, урады, адмысловыя польскія арганізацыі і касьцёл, але і праз царкву.
Адначасна пашыралася дэмаралізацыя, правакацыя і дывэрсія. Вастрогі запаўняліся сотнямі, тысячамі і дзесяткамі тысячаў беларусаў, якія трымаліся свайго беларускага перакананьня, свае мовы, свае культуры і не паддаваліся палёнізацыі. Апрача таго, сотні і тысячы беларусаў ссылаліся ў ваддаленыя мясцовасьці ад сваіх родных старонаў, каб такім парадкам яны не маглі праводзіць ніякае беларускае дзейнасьці сярод беларускіх масаў. Беларусы таксама фактычна пазбаўляліся правоў купляць зямлю, быць выбранымі і засядаць у самаўрадавых інстытуцыях, а выбары ў сойм і сэнат адбываліся гэтак, што беларусам было нават цяжка думаць аб тым, каб мець там сваіх прадстаўнікоў. Так, калі ў 1922 годзе беларусы здолелі выбраць у польскі парлямэнт 14 сваіх прадстаўнікоў, а ў 1928 годзе 13 (паслы: Фабіян Ярэміч, д-р Ян Станкевіч, Альбін Стэповіч, Павал Каруза, Канстантын Юхневіч, Флегонт Валынец, Аляксандар Стагановіч, д-р Ігнат Дварчанін, Язэп Гаўрылік, Іван Грэцкі, сэнатары Вячаслаў Багдановіч, Васіль Рагуля), дык у 1930 годзе толькі аднаго (Ф. Ярэміч) і то пры дапамозе ўкраінцаў, а пасьля ня мелі ўжо ніводнага прадстаўніка. Праўда, былі паслы з нацыянальнасьці беларусы, выбраныя з ініцыятывы некаторых польскіх партыяў, але яны ў беларускім жыцьці не адыгравалі ніякае ролі. Гэта былі проста фігуранты, патрэбныя для польскае палітыкі.
Абмяжоўваньне правоў беларускага народу дайшло ўрэшце да таго, што беларуская моладзь на вёсках ня мела магчымасьцяў сходзіцца на вясковыя таварыскія вечарыны і сьпяваць беларускія песьні. Сярод беларускай інтэлігенцыі, работнікаў і сялян усьцяж пашыралася беспрацоўе, галіта і бяда, бо беларусаў нідзе не хацелі прыймаць на працу, уважаючы іх за нелёяльных. Польскія ўлады не здаволілі ніводнага беларускага дамаганьня, ніводнае беларускае просьбы. Не здавальняліся таксама і мэмарыялы беларускага парлямэнтарнага прадстаўніцтва і беларускіх арганізацыяў да кіраўнікоў польскіх урадаў і ў Лігу Нацыяў, дзе польскія палітыкі таксама праводзілі варожую для беларусаў акцыю.
Не зважаючы на такое цяжкое палажэньне, беларусы ня зыйшлі са шляху апазыцыі. З гэтага шляху ня зьбіў беларусаў і страшны канцэнтрацыйны лягэр Картуская Бяроза, бо гэны тактычны апазыцыйны шлях, можна сказаць, стаўся галоўным прынцыповым беларускім адраджэнскім шляхам. Апазыцыя, апазыцыйныя выступленьні беларускіх арганізацыяў, партыяў, часапісаў, паслоў, дзеячоў у дачыненьні да польскае палітыкі прыцягвалі нават нясьведамых беларускіх сялян да беларускага адраджэнскага руху, бо яны чулі з беларускага боку абарону сваіх інтарэсаў, свайго народу і краю. I наадварот, кажнага палёнафіла сьведамы беларус-селянін байкатаваў.
Апазыцыя ішла ў дружнай пары з культурнай, выдавецкай, асьветнай і ўсьведамленскай беларускай працай і ўзмацоўвала беларускі адраджэнскі рух. Беларуская моладзь рвалася да беларускае працы, да беларускае кніжкі, газэты. У шмат якіх мясьцінах плянава праводзілася акцыя байкоту тытуну і гарэлкі, каб такім парадкам аслабляць прыбыткі польскага скарбу.
Словам, беларускі рух, дарма што цяжкое палажэньнеі розныя перашкоды, разьвіваўся. У гэным цяжкім палажэньні расло і разьвівалася шмат беларускіх пісьменьнікаў і паэтаў, як Аўген Скурка, Натальля Арсеньнева, Сяргей Хмара, Васілёк, Іверс і інш., творчасьць якіх нават польскія літаратураведы ацанялі вельмі высока. Разрасталіся і рады беларускіх культурных працаўнікоў і змагароў.