БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ
Шрифт:
Ня лепшымі былі дачыненьні польскіх уладаў да беларусаў і ў галіне рэлігійнай. Польскае каталіцкае духавенства на беларускіх землях на працягу многіх вякоў пад рознымі прыкрыўкамі выкарыстоўвала і выкарыстоўвае сваё становішча і каталіцкі касьцёл для палёнізацыі беларусаў.Калі Заходняя Беларусь апынулася пад Польшчай і як толькі там умацавалася польская ўлада, хутка пачалі варочацца ўсе тыя ксяндзы, палякі, якія яшчэ нядаўна пад націскам бальшавікоў, ідучых у 1920 годзе на захад, адсюль уцякалі, і пачалі нанова сваю палёнізатарскую работу. Яны, маючы большасьць у кіраўнічых кругох каталіцкага касьцёлу ў нашым краі, а таксама помач фізычнае паліцыйнае сілы, акцыю сваю павялі хуткім тэмпам. Палёнізатарская акцыя найбольш, аднак, завастрылася ў віленскай дыэцэзіі, калі на яе чале стаў арцыбіскуп Р. Ялбжыкоўскі. Узяўшы ўладу над Віленскай дыэцэзіяй, ён бязьлітасна вынішчаў беларускасьць ва ўсіх касьцёлах, дзе яна была ўведзеная перад ягоным прыездам у Вільню з дазволу арцыбіскупаў Эдварда Роппа і Юрага Матулевіча. Ён скасаваў беларускую мову ў касьцёлах у Жодзішках, Барадзенічах, Друі, Задарожжы
Не бяз помачы арц. Ялбжыкоўскага былі выселены з мястэчка Друі і з Беларусі ў 1937 годзе ведамыя беларускія законьнікі айцы Мар'яне, якіх прымусілі эміграваць і працаваць на чужыне. Арц. Ялбжыкоўскі ўзмоцніў польскасьць у Віленскай Духоўнай Сэмінарыі, узгадоўваючы маладых ксяндзоў у польскім шовіністычным духу. Ён, як ужо гаварылася, з матываў палітычных забараніў належаць беларусам-каталіком да Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі і чытаць «Беларускую Крыніцу», а сам адкрыта і сыстэматычна праводзіў палёнізацыю беларусаў пры помачы псэўдакаталіцкіх арганізацыяў і часапісаў на чале з «Стоважышэньнем Млодзежы Польскей» і «Нашым Пшыяцелем».
Пры кажнай бадай парахвіі па загадзе арц. Ялбжыкоўскага існавалі гурткі каталіцкае акцыі і «Стоважышэньня Млодзежы Польскей», хоць гэтае моладзі на Беларусі ня было і хоць гурткі і часапіс «Наш Пшыяцель» ня мелі нічога супольнага з рэлігійным жыцьцём беларускага каталіцкага народу і служылі выключна польскім шовіністычным імкненьням.
Ня лепш было і ў другой беларускай дыэцэзіі Пінскай, дзе таксама над каталіцкасьцяй мела верх польшчына і дзе беларускае духавенства біскуп Букраба назначаў на парахвіі небеларускія Так было з ксяндзамі. Татарыновічам, Дулінцам, Бакшоўскім і іншымі. Прасьледавалася беларушчына і ў духоўнай сэмінарыі ў Пінску, дзе яе дапусьціў папярэднік Букрабы арц. Лазінскі.
Праз касьцёл праводзілася палітыка варожая для беларускага народу. Беларускія казаньні асталіся толькі ў касьцеле сьв. Мікалая ў Вільні, дзе адбываліся набажэнствы для каталікоў — летувісаў і беларусаў. Беларусы-каталікі многа разоў прасілі польскія духоўныя ўлады даць ім асобны касьцёл, аднак усе просьбы былі дарэмныя. Беларусы -каталікі ў Вільні, ня гледзячы на такія дачыненьні да іх польскае каталіцкае духоўнае ўлады, моцна трымаліся свайго. Яны ладзілі беларускія рэлігійныя пілігрымкі ў Кальварыю каля Вільні, на якія прыходзілі і прыяжджалі беларусы з розных старой Заходняй Беларусі, каб пачуць у часе іх казаньні ў роднай беларускай мове, публічна прапяяць беларускія рэлігійныя песьні і гэткім спосабам задэманстраваць і паказаць свае беларускае аблічча, выдавалі беларускую рэлігійную літаратуру, усьведамлялі народ належна разумець і шанаваць рэлігію ды не мяшаць з паняцьцем нацыі.
Для палёнізацыйнае акцыі польскія ўлады стараліся выкарыстаць і праваслаўную Царкву на Беларусь У сувязі з гэтым выходзілі загады праваслаўным сьвяшчэньнікам гаварыць у царкве казаць не пабеларуску і не парасейску, як шмат дзе было, але папольску. Палякі нават жадалі, каб і набажэнствы (літургія) адпраўляліся папольску, і стараліся ўзгадоўваць у польскім духу новых праваслаўных сьвяшчэньнікаў.Супроць гэтай акцыі ў народзе паўставала вялікае абурэньне. Праваслаўнае духавенства ня ўсё ішло таксама на палёнізаваньне царквы, але ня ўсё праваслаўнае духавенства хацела і беларушчыны. Большасьць праваслаўнага духавенства па старой прывычцы хацела, каб у царкве на Беларусі далей панавала расейшчына, як за царскіх часоў, і каб праз. царкву далей праводзілася русыфікацыя беларускага народу. Дзеля таго за беларусізацыю царквы беларусам прыходзілася змагацца на два фронты: і з расейцамі, і з палякамі. Няроўная гэткая барацьба вялася праз увесь час рознымі беларускімі праваслаўнымі камітэтамі, часапісамі і палітычнымі беларускімі нацыянальнымі арганізацыямі, якія таксама дамагаліся, каб беларуская мова была на Беларусі ў касьцёлах і ў цэрквах.
Агулам трэба сказаць, што сярод беларусаў пад польскай уладай не адчувалася падзелу на праваслаўных і каталікоў, Між сьведамымі беларусамі — праваслаўнымі і каталікамі панавала поўная згода і салідарнасьць. Адны другіх падтрымвалі, адны другім памагалі, а на розных нацыянальных урачыстасьцях у Вільні бывала так, што ўсе разам праваслаўныя і каталікі ішлі і ў касьцёл, і ў царкву, каб супольна маліцца за зьдзейсьненьне беларускіх нацыянальных ідэалаў.
Беларускіх школаў у заходняй частцы Беларусі за часоў нямецкае ўлады ў 1918 г., як падаваў польскі друк, было 350.
На самой рэчы лік гэны быў далёка большы. Былі гэта пераважна народныя пачаткавыя школы і настаўніцкая сэмінарыя ў Сьвіслачы. За часоў гэтак званае «Сярэдняе Літвы» ў Віленшчыне паўстала больш за 200 народных беларускіх школаў і настаўніцкая сэмінарыя ў Барунах. У між часе, калі ўлада на Беларусі пераходзіла з адных рук у другія і калі польскія ўлады яшчэ больш-менш бралі на ўвагу беларускія дамаганьні, беларусы зарганізавалі беларускія гімназіі ў Вільні, Будславе, Горадні, Нясьвіжы, Радашкавічах, Гарадку каля Маладэчны, Наваградку, Клецку і ў 1930 годзе была адчыненая беларуская настаўніцкая сэмінарыя ў Вільні.
Польская ўлада ўсе бадай народныя беларускія школы зьліквідавала або паперарабляла іх на польскія. У 1922 годзе з усяго гэнага ліку беларускіх народных школаў засталося толькі 47, у 1923/24 гг.
– толькі 29, а з пачаткам 1924/25 шк. г. не засталося ўжо ніводнае беларускае народнае школы. Зьліквідаваныя былі таксама беларускія настаўніцкія
Беларусы, хоць бачылі варожыя дачыненьні польскіх уладаў да беларускага школьніцтва і хоць за дамаганьні беларускіх школаў сыпаліся на іх розныя кары, арышты, біцьцё і іншыя няпрыемнасьці, як прыкладам вырываньне валасоў з галоваў бацькоў, што было з селянінам Вярбіцкім у вёсцы Акунінава Дзявятніцкае воласьці Слонімскага павету ў 1936 годзе,— усё-ж-ткі дамагаліся сваіх родных беларускіх школаў. У 1923 годзе былі пададзеныя просьбы на адчыненьне 192 беларускіх народных дзяржаўных школаў, у 1924 годзе — на 254 школы, у 1925 годзе — на 412, а ў 1926 і 1927 гг.— на 1229 школаў. Апрача таго, Беларускі Інстытут Гаспадаркі і Культуры ў 1926 годзе прасіў дазволу адчыніць прыватныя беларускія школы ў 18 мясцовасьцях, а Таварыства Беларускае Школы ў 1927 годзе прасіла дазволу адчыніць прыватныя беларускія школы ў 109 мясцовасьцях. Школьныя ўлады далі Інстытуту дазвол адчыніць толькі 5 школаў, а Таварыству Беларускае Школы — 10. Аднак гэтыя дазволы ня былі выкарыстаныя, бо школьныя ўлады не зацьвердзілі кандыдатаў на настаўнікаў. Працавала толькі адна прыватная беларуская школа ў Шаўлянах (Браслаўшчына), але і яе^па 6 гадох зьліквідавалі, бо ў 1932/33 гг. ейная настаўніца Мар'я Булыга не атрымала пасьведчаньня аб палітычнай лёяльнасьці да Польскае дзяржавы. Прыватна ў 1928 г. існавалі яшчэ беларускія гімназіі ў Вільні, Наваградку, Радашкавічах і Клецку, але і над імі вісела ліквідацыя, і яны ня мелі правоў дзяржаўных польскіх школаў, іхныя абсальвэнты ня мелі права доступу да польскіх унівэрсытэтаў без спэцыяльных экзамэнаў. З гэтае прычыны шмат беларусаў, што канчалі беларускія гімназіі, выяжджалі на вышэйшыя навукі за межы, у Бэрлін, Прагу, Парыж. Усе беларускія просьбы адчыняць беларускія народныя школы і зрабіць беларускія гімназіі дзяржаўнымі заставаліся бяз водгуку. Пасьля ўсіх дамаганьняў і просьбаў, згодна з польскімі афіцыяльнымі дадзенымі, у 1928 годзе існавала толькі 25 беларускіх школаў і 44 школы беларуска-польскія. Пазьней бадай усе гэтыя школы і беларускія гімназіі ў Клецку, Радашкавічах, Наваградку ды Беларуская Настаўніцкая Сэмінарыя ў Вільні былі зьліквідаваныя. Засталася адна Віленская Беларуская Гімназія. Ёй прызналі нават дзяржаўныя правы, але ў 1937 годзе, у сувязі з польскай школьнай рэформай, зачынілі вышэйшыя клясы і на іхнае месца не адчынілі ліцэю, як гэта было ў польскіх гімназіях. Пры тым беларуская гімназія перастала быць самастойнай школай, а сталася філіяй польскае гімназіі імя Ю. Славацкага. Прыйманьне большае колькасьці вучняў таксама абмежавалі. Так, прыкладам, у 1937 годзе ў 1-ю клясу беларускае філіі ў Вільні здалі экзамэн 80 кандыдатаў, а прынята толькі 40. Роўналежную -ж клясу ўлады не дазволілі адчыніць.
Гэткія дачыненьні польскіх уладаў да беларускага школьніцтва і наагул да асьветы ў беларускай мове прымусілі беларусаў арганізаваць навучаньне моладзі беларускае граматы ўпотайку па хатах. У дапамогу патаёмнага навучаньня быў выдадзены беларускі лемантар «Першыя зярняткі» (кірыліцай) і «Засеўкі» (лацінікай). Калі згледзелі гэта ўлады, дык лемантар «Засеўкі» сканфіскавалі, а «Першыя зярняткі» па вёсках паліцыя нішчыла.
У праводжаньні акцыі пазашкольнай асьветы моцна дапамагала беларуская прэса і розныя беларускія выданьні. Тут вялікія заслугі мела Беларускае Выдавецтва ў Вільні, якое выдала даволі шмат розных беларускіх падручнікаў, кніжок, і беларуская прэса, якая першымі гадамі польскае ўлады на Беларусі была даволі багатая. Выходзілі пераважна розныя беларускія тыднёвыя, двутыднёвыя і месячныя часапісы і ў іх заўсёды рэдакцыі прысьвячалі вялікую ўвагу беларусаведзе, хоць выразна гэтага не акцэнтавалі. З раней выдаваных беларускіх газэтаў і часапісаў выходзілі ў Вільні «Беларуская Крыніца» (1917—1937) і сельскагаспадарскі часапіс «Саха». Беларускі Сялянскі Саюз выдаваў газэту «Сялянская Ніва», Праваслаўнае Аб'яднаньне — «Праваслаўная Беларусь», Беларуская Сялянская Партыя — «Народ», а «Грамада» і «Змаганьне» выдавалі стала свае газэты пад рознымі назовамі: «Праца», «За працу», «Наша Праца» і падобныя. Праваслаўныя беларусы выдавалі свае рэлігійныя часапісы: «Беларуская Зарніца», «Сьветач Беларусі», «Царква і народ». Беларусы-каталікі выдавалі свой рэлігійны часапіс «Хрысьціянская Думка» (лацінікай). Выходзілі і беларускія навуковыя, мастацкія ды літаратурныя часапісы: «Родныя Гоні», «Родная мова», «Нёман», «Летапіс» і «Калосьсе». Для дзяцей выходзіў час. «Заранка», «Пралескі» і «Снапок», а для моладзі «Шлях Моладзі». Каапэратары выдавалі час. «Самапомач», а пчаляры — «Беларускую Борць». Нейкі час выходзілі і гумарыстычныя беларускія часашсы «Авадзень» і «Маланка». Вонкава ўсе беларускія часапісы выглядалі сьціпла, бо матар'яльныя выдавецкія магчымасьці былі вельмі абмежаваныя. Выходзілі пераважна неакуратна і часта ўлады іх канфіскавалі. Пэрспэктываў шырэйшага разьвіцьця ня было, бо канфіскацыі, пакараньні рэдактароў, суды прыносілі вялікія матар'яльныя страты і, што найважнейшае, беларускіх часашсаў і газэтаў паліцыя не дапушчала да чытачоў, а пошта не аддавала падпішчыкам. За выпісваньне і чытаньне беларускіх газэтаў пад рознымі прычынамі сыпаліся штрафы, біцьцё, як і за дамаганьне беларускіх школаў. Свайго кальпартажу, свае пошты для распаўсюджаньня газэтаў беларусы ня мелі магчымасьці зарганізаваць, бо наагул цяжка было беларусам выяжджаць куды-небудзь (усе бадай былі пад паліцыйным наглядам і ў часе выездаў ім пагражалі арышты).