Крыніцы
Шрифт:
Бародка хітра ўсміхнуўся, відаць, усё разумеючы, — ён любіў здзіўляць людзей.
— Возьмем i рэчы… Цяжка хіба…
Рэчы — два пакункі кніг, якія Лемяшэвіч, каб не наешь, здаў у камеру ручной паклажы.
Калі ён прынёс пакункі i кінуў у машыну, Бародка сказаў:
— Кнігі? — i, пасля працяглай паўзы, калі ўжо ад'ехалі ад вакзала, спытаў: — Пішаце сваю дысертацыю?
— Не, не пішу, але думаю… Збіраю матэрыял.
— Зайздрощчу я вам… Спакойная ў вас работа… чытай, пішы.
Лемяшэвіч не вытрымаў i засмяяўся; яго развесяліла яўнае жаданне сакратара паскардзіцца на свой лёс.
— Не вельмі яна спакойная.
Бародка павярнуўся, ён сядзеў побач
— Вядома, спакойных работ няма… — але сказаў гэта з такой інтанацыяй, з якой напрошваўся вывад: «спакойных работ няма, але ваша — не тое, што, напрыклад, мая».
Ён моўчкі дастаў папяросы, прапанаваў Лемяшэвічу, сам прагна зацягнуўся i задумліва ўгледзеўся ў снежную каламуць.
Снег пайшоў больш густы. Ён залепліваў ветравое шкло машыны. Старанна матляліся «дворнікі», зграбаючы снег. Шафёр збавіў хуткасць і, нахіліўшыся да штурвала, пільна ўглядаўся ў дарогу. Разнастайныя па форме, па велічыні сняжынкі ляцелі, кружыліся перад машынай, віхрыліся збоку. Дзівосная i прываблівая прыгажосць была ў гэтым ix палёце i кружэнні. Яна зачароўвала, напаўняла адчуваннем няспыннасці руху, нараджала простую i зразумелую ўрачыстасць у душы i адначасова — нейкія неасэнсаваныя ўяўленні, казачныя ілюзіі, быццам, узіраючыся ў гэтую белую каламуць, Лемяшэвіч задрамаў i праваліўся ў нейкі іншы, нерэальны свет. Але i ад гэтага было таксама добра, як i ад адчування руху. І настрой рабіўся лагодны-лагодны, забываліся ўсе непрыемнасці, усе турботы жыцця. Не хацелася парушаць такой урачыстасці словамі. Мабыць, гэта ж адчуваў i Бародка. Яны моўчкі курылі.
Праз белую заслону мільгалі збудаванні прыгарадаў: невыразныя абрысы цагляных будынкаў, коміны, парніковыя рамы каля самай дарогі, коўш экскаватара, што выглядаў з заснежанага кар'ера, нейкія чорныя штабялі, мачты высакавольтнай лініі, старый сялянскія хаты.
Чалавеку, які не ведаў гэтых мясцін, як Лемяшэвіч, нельга было зразумець, дзе канчаўся горад, рабочы пасёлак i пачыналася веска, палі. Але Бародка ведаў тут усё да драбніц.
Уехалі ў лес, i сняжынкі раптам як бы запаволілі сваё імклівае кружэнне. Паабапал дарогі пацягнуўся бор з высокімі старымі соснамі, галіны якіх павіслі над шашой. На галінах асядалі, разбураліся зоркі сняжынак, i на дол павольна церусіўся снег, рэдкі, лёгкі. Адразу знікла адчуванне імклівасці руху, палёту, але з'явілася новае пачуццё — захапленне веліччу i хараством лесу. Паважна i ўрачыста кланяліся машыне рэдкія бярозы i дубы, на якіх дзе-нідзе звісала пад цяжарам снегу карычневае лісце. Сосны, падобныя адна на адну, як сёстры, стваралі ўзбоч дарогі суцэльныя сцены, велічна ўздымалі ў белае неба свае заснежаныя густыя шапкі. Уяўлялася, што пад гэтымі соснамі неяк асабліва ўтульна i нават цёпла. Не, не ўяўлялася, a ўспаміналася абодвум былым партызанам, бо некалі такі вось лес быў для ix сапраўды самым жаданым i надзейным прытулкам.
Арцём Захаравіч адчыніў бакавое шкло, выкінуў недакурак, сняжынкі халодным струменем уварваліся ў машыну.
— Добрая пароша заўтра будзе, — заўважыў Лемяшэвіч, выкідаючы свой недакурак.
Бародка хутка павярнуўся, у вачах яго бліснулі азартный агеньчыкі.
— Вы паляўнічы?
— Без стажу. Гады два як стрэльбу маю. Не забіў яшчэ ніводнага зайца, калі шчыра… На цецерукоў, праўда, хадзілі ўвосень…
— Заўтра субота, так? Слухайце, давайце ў нядзелю пойдзем на зайцаў. Цудоўныя мясціны ведаю.
— Я гатовы заўсёды, — згадзіўся Лемяшэвіч.
Шафёр з усмешкай паківаў галавой.
— У нядзелю парада льнаводаў, Арцём Захаравіч.
Бародка стукнуў
— Ах, чорт вазьмі! Я забыўся… І вось так кожны раз! Два гады не магу вырвацца. А я якраз паляўнічы ca стажам. З маленства.
Ён адвярнуўся, зноў закурыў i, не паварочваючы галавы, углядаючыся ў дарогу, сказаў:
— Вось… А вы кажаце… Для вас гэта проста — накупіў кніг i чытай… Надумаў на паляванне пайсці — пайшоў… A ў мяне тысячы спраў, i за ўсё б'юць. Усё ў галаве не месціцца… Вы, відаць, упэўнены, што я знарок зрабіў гэта? Прызнайцеся. — Ён зірнуў на спадарожніка цераз плячо.
Лемяшэвіч адказаў шчыра:
— Да пасяджэння не думаў, на пасяджэнні мяне пераканалі…
— Пераканалі? — Бародка ажно крактануў.— Кх-м… І вы рады перамозе?
— Я не аб сабе думаю. Паклёп быў узведзены на трох камуністаў i… на імя настаўніка… На імя! Помніце, мы гаварылі з вамі… A ўвогуле мне крыўдна за свайго партыйнага кіраўніка…
— Вы не будзьце ханжой, Лемяшэвіч. І не разважайце ў такім высокім стылі. Не люблю. Гэта — ад жадання паставіць сябе ў больш выгоднае i зручнае становішча ў спрэчцы з чалавекам, які не можа, не мае права, калі хочаце, даводзіць сваё на такіх жа высокіх нотах. Станьце на мае месца!
— А я вам скажу, што гэта не адзнака сілы — выстаўляць сябе пакутнікам: я адзін усё раблю i мяне аднаго б'юць…
Бародка рэзка павярнуўся, узлёг грудзьмі на сядзенне, у вачах яго бліснулі знаёмыя іскры гневу.
— Вы бязлітасны чалавек, Лемяшэвіч… Але не праніклівы, не аб'ектыўны… Ніколі ў жыцці я не скардзіўся, i ніхто, акрамя вас, мяне ў гэтым не папракнуў яшчэ! Вы пацэлілі пальцам у неба… Я пра іншае хацеў сказаць… Усе, хто вас пераканаў… усе ix доказы — алагічны… Я таксама мог пераконваць i даказаць, што ўсё — глупства, што нельга валіць усё ў адну кучу, як зрабіў паважаны Пётр Андрэевіч. Але я адказваю i за ваша імя, i за гонар Полаза, i за ўсё іншае ў раёне! Значыдца, ускосна — i за фельетон, за яго з'яўленне. Ускосна… Але паверце мне, як чалавек чалавеку, што я сапраўды не помню зместу размовы з рэдактарам; ён хлусіць, сукін сын, што ўсё чытаў. Паверце, што ў мяне i ў думцы ніколі не з'яўлялася адпомсціць вам за нашы спрэчкі. Я вышэй гэтага… Можаце вы паверыць?
— Хачу паверыць… Мне больш, чым каму іншаму, непрыемна ўся гэта гісторыя. Але… не верыць усім, хто выступаў на пасяджэнні… Не магу!
Бародка адвярнуўся, умясціўся на сядзенні зручней, i Лемяшэвіч бачыў, як налівалася густой чырванню яго шыя. «Няўжо гіпертонік?» — падумаў Лемяшэвіч, пачалавечаму шкадуючы гэтага на выгляд здаровага i дужага мужчыну.
Больш яны не вярталіся да гэтай размовы. Гутарылі пра іншае: пра паляванне, пра калгасы, паўз якія праязджалі.
У Крыніцах, мінуўшы школу, Бародка падвёз Лемяшэвіча да калгаснай канцылярыі, дзе якраз былі Валатовіч, Полаз, калгаснікі.
27
Лемяшэвіч так вывучыў дзесяты клас, што адразу пазнаваў настрой вучняў. А гэта надзвычай складаная i цікавая з'ява — калектыўны настрой. Асабліва складаны ён у юнацкім калектыве, дзе заўсёды мноства самых нечаканых адценняў радасці i ўзрушанасці, весялосці i смутку, трывогі i насцярожанасці.
Ён прыйшоў на ўрок i адразу ўбачыў: клас усхваляваны. Здараецца, што клас хавае свой настрой, i ніякія дапытванні ў такіх выпадках не памагаюць даведацца, што здарылася. Але гэты раз Лемяшэвіч адразу адчуў, што вучням хочацца расказаць яму пра прычыну сваёй узрушанасці. Сапраўды — даволі яму было ў канцы ўрока пачаць размову на агульныя тэмы, як Лявон Цялуша адразу паведаміў: