Крыніцы
Шрифт:
Стукаў, калі яму далі слова, падхапіўся, як школьнік, i пачаў выцягваць з кішэняў нейкія паперкі, газетныя выразкі i цэлыя газеты, нібы рыхтаваўся да доўгага даклада.
— Вы не ўздумайце апраўдвацца, — папярэдзіў яго Малашанка. — А то ў вас ёсць такая прывычка — даказваць, што чорнае — белае.
— Не, я не думаю апраўдвацца, — хутка запэўніў ён i як бы ў доказ адсунуў ад сябе ўсе свае паперы на сярэдзіну стала. — Усё, што сказаў таварыш Кандыба, правільна ад пачатку да канца. Вінавата рэдакцыя. Я… я, таварышы, вінаваты. Я абмежаваўся тым, што пазваніў таварышу Бародку. Але я паверыў яму, паверыў слову першага сакратара райкома, — з крыўдай i папрокам у голасе
— Нервы, таварыш рэдактар…
— Але, Арцём Захаравіч, нервы, — сумна згадзіўся Стукаў i сеў.
— Таварыш Бародка, ваша слова.
Арцём Захаравіч устаў, паправіў гальштук i акуратна паставіў шклянку побач з графінам.
— Не адмаўляю, што таварыш Стукаў званіў мне. Помню — была такая размова ў нас. Але ў мяне ў гэты час i шло пасяджэнне бюро, было поўна людзей, здаецца, я нават выступаў у той момант, калі зазваніў тэлефон. Адным словам, быў заняты важнымі справамі…
— А лес чалавека — для вас няважная справа? — спытаў Малашанка.
Бародка хутка павярнуўся да яго.
— Не аб лесе ішла размова, Пётр Андрэевіч! Размова ішла аб крытычнай заметцы, якіх дзесяткі ў кожнай газеце. Рэдактар паведаміў, што ёсць пісьмо настаўнікаў, у якім крытыкуецца дырэктар. A ў таварыша Лемяшэвіча былі памылкі… былі, ён сам не будзе адмаўляць. Мне расказвалі камуністы, калгаснікі. Браў таварыш i чарку зрэдку, з былым старшынёй калгаса, са старшынёй сельсавета… І ў краме зачыняліся — быў такі факт… Мне таксама пра гэта расказвалі… Дык чаму, разважыў я, для карысці справы не пакрытыкаваць маладога работніка? Няўжо адразу трэба арганізацыйныя вывады? Крытыка — найлепшы метад выхавання…
— Дзіўна вы выкарыстоўваеце гэты метад, — сказаў Жураўскі, які знарок прыехаў на пасяджэнне бюро, бо пісьмы пра фельетон прыйшлі не толькі ў абком, але i ў ЦК. Гэта i шло не па яго аддзелу, але ён паехаў сам, калі даведаўся. Раман Карпавіч падняў газету з фельетонам. — А каб усё гэта была праўда — вы што ж, не рабілі б вывадаў?
— Таварышы! — Бародка легка паляпаў далоняй сябе па грудзях i сказаў з большай палымянасцю i пераканальнасцю: — Я не ведаў зместу ўсяго фельетона, я меў на ўвазе звычайную заметку.
— Няпраўда! — абурана выгукнуў Стукаў.— Я чытаў табе ўвесь фельетон!
Бародка паціснуў плячамі.
— Не помню. У мяне было бюро. Дарэчы, я не прывык вырашаць справы па тэлефоне.
— Пра нервы ты помніш…
— Пра якія нервы?
— Ты лаяўся, што не даюць спакою, што i без гэтага хапае клопатаў. Я раіў табе палячыць нервы…
— Глупства, палячыце свае, таварыш Стукаў. Фантазія ў вас журналісцкая… Не выдавайце плады сваёй фантазіі за факты… А мне сапраўды не да вашых рэдакцыйных спраў!
Стукаў расхваляваўся яшчэ больш, успацеў, падсунуў да сябе свае паперы, хапаючыся за ix, як за ратунак.
— І не веру я, што ў вас ішло бюро, у прысутнасці людзей так не размаўляюць!..
— Супакойцеся, таварыш Стукаў,— перапыніў яго Жураўскі, які спачатку ўважліва слухаў спрэчку паміж імі.
Стукаў зноў адсунуў паперы i выцер лысіну. Бародка злосна кінуў яму:
— Вам хочацца зваліць з хворай галавы на здаровую…
— Галовы аднолькавыя, — заўважыў сакратар абкома i сурова спытаў: — У вас усё, таварыш Бародка?
Арцём Захаравіч здзіўлена паглядзеў на Малашанку i сеў на месца.
Цяпер Лемяшэвічу нарэшце было ясна, як i чаму з'явіўся фельетон. Але пасля гэтага яшчэ больш
Пра гэта ён i сказаў. Сказаў, што цяпер не сумняваецца, што пісалі не двое, a адзін, i што чалавек гэты ў ix калектыве, у Крыніцах, i што тыл такі — страшны, бо калі ён навучыўся так маскіравацца, то напэўна напісаў не адну ананімку, узвёў паклёп не першы раз. Пра свае адносіны з Бародкам ён змаўчаў, палічыў нетактоўным гаварыць пра ix тут, толькі сумленна расказаў пра факт выпіўкі ў краме, які зноў успомніў Бародка, i заўважыў, што сакратар райкома меў даволі часу, каб разабрацца ў гэтым факце. Інструктар абкома адразу разабраўся папартыйнаму, з улікам усіх акалічнасцей. Нельга кіраўніку бясконца папракаць падначаленага за невялікую памылку. Магчыма, што такія папрокі i далі нейкаму паганцу падставы ўзвесці паклёп.
Пакуль Лемяшэвіч гаварыў, Бародка не ўзнімаў галавы, працягваючы рысаваць на паперы вялікія пакручастыя літары. Але калі Лемяшэвіч скончыў, ён глянуў на яго i прыветліва ўсміхнуўся, як бы ўхваляючы ўсё тое, што ён сказаў.
Гаварылі члены бюро, i ўсе моцна крытыкавалі газету i намесніка рэдактара, які тры месяцы замяшчаў хворага рэдактара, крытыкавалі заганны кабінетны стыль работы, успаміналі іншыя памылковыя выступленні газеты.
— У вас жа, таварыш Стукаў, дайшло да таго, што гэты «лепшы» ваш карэспандэнт Курловіч, не выходзячы з уласнай кватэры, даваў пісьмы аб уборцы з Святлоўскага раёна. А на самай справе ён паўгода не быў там! — гаварыў сакратар абкома па прапагандзе. — А, як стала відаць, гэта i ваш стыль работы. І вы збіраеце матэрыял па тэлефоне!
Стукаў сядзеў, панурыўшы галаву, i маўчаў.
Бародку краналі мала, хто-ніхто, між іншым, рыкашэтам, як кажуць. І ён зноў сядзеў, закінуўшы рукі за спінку крэсла, спакойны, самаўпэўнены, глядзеў на выступаючых i зрэдку ў знак згоды ківаў галавой.
Падняўся Малашанка, звыклым жэстам прыгладзіў валасы, напісаў чырвоным алоўкам на паперы нейкія лічбы i пачаў гаварыць, без адступленняў, як некаторыя, без тэарэтычных абгрунтаванняў — адразу аб справе.
— Тут правільна гаварылі аб рэдакцыі, аб стылі работы. Я не буду паўтарацца. Ясна. Газета, наша газета, таварышы, орган абкома — удумайцеся ў гэта! — узвяла паклёп на трох сумленных камуністаў. Гэта выклікала рашучы пратэст інтэлігенцыі, калгаснікаў, вучняў. Пісалі калектыўна i па адным, у рэдакцыю i ў абком… Вось яны, пісьмы! — Ён узяў стос аркушаў з вучнёўскіх сшыткаў i канвертаў, змацаваных сашчэпкай. — Яны — сведчанне, як жыва, з якой актыўнасцю рэагуюць простыя працаўнікі на выступленні друку. Падумайце аб гэтым, таварыш Стукаў. Абмяркуйце пісьмы ў сябе ў рэдакцыі. Але, іменна абмяркуйце! Аднак я хачу сказаць пра іншае… Пра таго, па чыёй віне з'явіўся гэты, з дазволу сказаць, «клеветой», як яго справядліва назвалі ў адным пісьме, — пра вас, таварыш Бародка! — Голас сакратара абкома загучаў сурова.
Бародка прыкметна ўздрыгнуў i ўтаропіў позірк у прамоўцу.
— Вы тут прыкінуліся, што нічога не помніце, што ў вас ішло бюро, што вы вырашалі больш важныя справы. А чалавек, камуніст — для вас гэта не важная справа?.. А каб вам пазванілі, напрыклад, аб арышце Лемяшэвіча, вы таксама адмахнуліся б, санкцыяніравалі б, не ўнікнуўшы ў сутнасць?.. Вы б усё вырашалі «важныя справы»?..
На твары ў Бародкі выступілі чырвоныя плямы.
— Вы забылі, што ўсе справы ў партыі вырашаюцца з людзьмі i для людзей. Няма ў нас спраў абстрактных. А вы, таварыш Бародка, усё робіце толькі ў імя «справы», рэдка думаючы аб людзях.