Пляц Волі
Шрифт:
– І што?
– Пыталі, ці праўда, што ў польскіх урадах прыпрацоўваў у Менску…
– Што? — у яго ледзь лыжка з рук не выпала. — Як гэта?
– А вось так! І на мяне наракалі, што белапалякаў лекаваў… Дык я іх адразу абрэзаў: лячыць — лячыў, толькі сваіх павятоўцаў, а ў палякаў і дактары, і кухары былі свае… — Бацька ўздыхнуў і выйшаў, бразнуўшы дзвярыма, на двор. А дзед цмокнуў бяззуба, і нібыта сам сабе:
– Пэўна, хтось навёў, агаварыў цябе… А то б скуль ім ведаць?
А раніцай паплёскаўся Алесь пад рукамыйнікам, чуб наставіў — і да люстэрка, што над прыпекам у гліну ўлеплена было. А на ім — павута трэшчын.
Тады дзед і дарасказваў, што гэта адзін з чырвонаармейцаў, з жалезным верхнім зубам, доўга ў яго ўглядваўся, якуюсь больку на шчацэ ціскаў, а потым, выходзячы, плюнуў — і ні з таго ні з сяго заехаў у люстэрка тронцам нагана…
Як жывога, шкада стала люстэрка. Канешне, рэч простая,
Як і прадчуваў дзед, нагаварылі на Алеся аднавяскоўцы. І хто б мог падумаць — суседзі ягоныя, Гаўрылевічавы хлопцы… Пазайздросцілі, ці што?.. Алесь пра тое пазней даведаецца. А тае раніцы прывядзе суседзям Гаўрылевічам сваю Каштанку, «адбітую» ў паляка, — трэба ж неяк жыць хлопцам, апошняга падсвінка «апісалі». А ў яго ж, Алеся, яшчэ адзін конь застаўся…
«1 жніўня 1920 года выйшла дэкларацыя пра абвяшчэньне незалежнасьці Савецкай Беларусі.
«Імем паўстаўшых рабочых і сялян, — гаварылася ў ёй, — абвяшчаецца незалежная Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусі. <…> Усе законы і пастановы польскай акупацыйнай улады аб узнаўленьні прыватнай уласнасьці ў Беларусі касуюцца. <…> Усе народныя багацьці пераходзяць у рукі дзяржаўных органаў рабоча-сялянскага народу. Рабоча-сялянскія арганізацыі, імем паўстаўшых працоўных мас, абвяшчаюць Беларускую «найвышэйшую раду» і ўсе белагвардзейскія і буржуазна-памешчыцкія ўрады Беларусі скінутымі і падлеглымі суду рабоча-сялянскага народу. <…> Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусі будуецца на прынцыпах бязьлітаснай дыктатуры пралетарьяту і выкарыстаньня ўсяе практык Савецкай Расіі…»
Пад гэтым дэкрэтам, сярод іншых, будзе стаяць і подпіс Усевалада Ігнатоўскага. Яшчэ ў студзені ён з Каранеўскім, Алесем і Васілём Сташэўскімі, Булатам і іншымі стварылі Беларускую камуністычную арганізацыю. Беларуская камуністычная арганізацыя адыграла значную ролю ў антыпольскім супраціве. Прызнаючы бальшавіцкую праграму, яна ўсё ж адстойвала ідэю стварэньня самастойнай беларускай дзяржавы.»
(З запісаў Алеся Ваяра.)
У тую жудасную ноч з 12 на 13 кастрычніка 1920-га — ці змог Купала заснуць? Злосна гохкалі ад ветру незачыненыя аканіцы, раз'юшаны дождж лупцаваў па шыбінах, у непрапаленай хаце — сыра і холадна. А як маркотна, як балюча на душы — хто прачуе, хто перадасць?
Калі ён дазнаўся аб падпісанні дамовы «пра перамір'е і прэлімінарных (папярэдніх) варунках міру», паводле якога Расія адмовілася на карысць Польшчы ад Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны, па-праўдзе — не паверыў у пачутае… Так нахабна гандляваць лёсамі краінаў, народаў, якім столькі абяцала!? Штосьці страшнае ён прадчуваў яшчэ ў ліпені — калі прыпыніўся выхад «Руні», калі бальшавікі выціснулі палякаў з Менску, а праз колькі тыдняў склаўся Ваенрэўком БССР на чале з Алесем Чарвяковым. Пра «ЛітБелію» ўжо не ўзгадвалася — літоўскі народ стварыў ужо сваю асобную дэмакратычную рэспубліку… На Беларусі ж толькі пачынала разыгрывацца трагедыя. Яшчэ 12 ліпеня ангельскі міністр замежных справаў Керзан прапанаваў ваюючым бакам размежаванне па лініі Горадня - Ялаўка - Няміраў - Брэст. Вось тады і бліснула яму першае прадчуванне блізкай навальніцы…
Ішоў злосны контрнаступ польскіх войскаў — яны зноў былі пад Полацкам, Менскам, Слуцкам. А на паўднёвым фронце бальшавікоў ціснула Белая армія. Таму Ленін і захацеў перадыху, а разменнай манетай сваёй гульні зрабіў Беларусь… У верасні ў Рызе пачаліся перамовы — паміж савецкай расійска-ўкраінскай і польскай дэлегацыямі. Кіраўнік савецкага боку Іофэ не дапусціў да працы Чарвякова — ад беларусаў, сказаўшы яму, што перадасць Польшчы, калі спатрэбіцца, усю тагачасную БССР (у межах былой Менскай губерніі). Ды палякі (Домскі і Грабскі), каб не мець у сябе клопатаў з «беларускім пытаннем», ад Меншчыны адмовіліся. 12 кастрычніка была падпісана
Зрэшты, штось падламалася ў Купалу і пасля смерці Гаруна — як у мройным сне ўсё часцей узгадваліся словы гэтага мудрага гаротніка, які пра Леніна адкрыта выкрывальнае пачаў гаварыць першым. Ад яго даведаўся пра бальшавіцкія хітрыкі яшчэ «міру» Брэст-Літоўскага, калі Ленін згадзіўся з патрабаваннем Нямеччыны добраахвотна выдаць чэшскія часці. Да заключэння Брэсцкага міру чэхі кватаравалі на Украіне. Ратуючыся ад нямецкай акупацыі, іхнія эшалоны адыходзілі і расцягнуліся па чыгунцы ад Пензы да Уладзівастока. Па дагавораным з кіраўніцтвам Антанты плане яны павінны былі пагрузіцца на караблі і адплыць у Францыю. І як гром — загад з Масквы аб раззбраенні і затрымцы эшалонаў. Матывіроўка: Уладзівасток заняты японцамі, і тыя могуць перашкодзіць адплыццю чэхаў… Але ж ці пад сілу было малаколькасным такійскім падраздзяленням тузацца з моцным корпусам рэгулярнага абстралянага войска, якое намагалася адно патрапіць на радзіму?
Здаць зброю чэхі адмовіліся. Пачаўся мяцеж. 25 мая 1918-га эшалоны Гайды ў Сыбіры выступілі супраць бальшавікоў. На другі дзень брыгада Вайцахоўскага заняла Чалябінск. Эшалоны Чэчкі выбілі бальшавікоў з Пензы і Саратава і пайшлі на ўсход. 7 чэрвеня Вайцахоўскаму скарыўся Омск, 8-га Чэчку здалася Самара. Паўстанцы аб'ядналіся і пачалі адыходзіць да Уладзівастока, пасля чаго і быў утвораны ўсходні фронт, задача якога напачатку заключалася адно толькі ў супрацьдзеянні чэхам, міжволі ўцягнутым у грамадзянскую вайну ў Расіі. А не хацелі б яе бальшавікі, не перастрахоўваліся б перад немцамі — ім проста не трэба было б пярэчыць адыходу чэхаў…
Каб немцы сталі больш згаворлівымі, не пашкадавалі Ленін з Троцкім, як распавядаў Гарун, і вагонаў золата [7] , як не пашкадавалі палякам Беларусі…
Па-ранейшаму за вокнамі ліў дождж, вецер гнуў дрэвы і ляскаў аканіцамі, аціхаў на момант — і налятаў з большай моцаю. І Купала не ўтрымаўся, накінуў плашч і выйшаў на двор. Хацеў закрыць аканіцы, але, забыўшы на іх, голымі ліпавымі прысадамі спусціўся да рэчкі.
Вецер тут лютаваў яшчэ больш. Гнуў да долу кустоўе крушынніку, рваў з карэннем перасохлыя купкі крапівы і бадылля, шпурляў іх у ваду, свістаў пад цяжкімі хмарамі. Але Свіслач… Свіслач, пакрытая рабаціннем ад дажджу, Свіслач, сціснутая навалай цемры, Свіслач, выстуджаная начным сіверам, — заставалася спакойнай, ціхай, толькі каля берагоў пужліва разбягаліся мітуслівыя хвалі — і знікалі ў няскошанай летам берагавой траве.
7
Праз 80 гадоў гэта пацвердзяць адшуканыя тэлеграмы і банкаўскія дакумэнты. 27 жніўня 1918 года ў Берліне як сакрэтны дадатак да Брэст-Літоўскага міру быў падпісаны «Дадатковы фінансавы пратакол», па якім бальшавікі куплялі ваенны нейтралітэт Нямеччыны за 250 тон (!) золата і пастаўкі сгратэгічнай сыравіны. У верасні-кастрычніку 1918-га 93 тоны 542 кілаграмы золата на 120 мільёнаў залатых «царскіх» рублёў (322 мільёны залатых франкаў) у двух эшалонах Леніным і Троцкім былі накіраваны ў Берлін, у лістападзе золата здалі на захаванне ў сутарэнні Французскага банка, папярэдне адправіўшы міністру фінансаў Францыі Л. Клотцу і маршалу Фошу шыфраваную тэлеграму пад № 43:
«...Нямецкія прадстаўнікі прапануюць перадаць французскаму кіраўніцтву на рахунак саюзнікаў сум ў памеры 322 млн. (залатых франкаў), якую склалі два ўзносы Расіі, прадугледжаныя Брэст-Літоўскім дагаворам... Золата будзе пастаўлена вагонамі ў Францыю чыгункай Майнц-Саарбрукэн...»
Нечаканы спакой перадаўся тады і Купалу. Яшчэ з гадзіну блукаў мокрымі прысадамі, узіраўся ў кволыя агні па той бок рэчкі, пакуль — так і не закрыўшы аканіц — не вярнуўся, мокры і стомлены, дамоў, - але ўсё ж ці заснуў ён гэтай ноччу?
Раніцай Алеся разбудзіў Юрка Лістапад:
— Збірайся, браце! Годзе вылежвацца. У дарогу рушым…
Учарашняе паседжанне Нацыянальнага камітэта Случчыны вырашыла разаслаць па павеце інструктараў, каб склікаць валасныя сходы, абраць органы мясцовага самакіравання і дэлегатаў на з'езд Случчыны. Лістапад накіроўваўся (па сваёй просьбе) «у звязцы» з Алесем. Мясцовасці патрапілі не самыя далёкія: Падзера, Прошчыцы, Вясея.