Пляц Волі
Шрифт:
Некалькі кайзераўскіх калонаў вышыхціліся перад Губернатарскім домам, афіцэры коратка адрапартавалі худому вусачу ў зіхоткім шлеме з вострай пікаю ўверсе і заліхвацка, чвакаючы лёгкімі — хоць і да каленяў — скуранымі ботамі па раскіслым снезе, прамаршыравалі да сваіх узводаў. З Губернатарскага дома выйшлі яшчэ тры афіцэры… Мінулай ноччу з яго нямецкі камендант выселіў Народны сакратарыят і канфіскаваў ягоную касу - каля 300000 рублёў, большай часткай у думскіх білетах. Варонка са Скірмунтам і Езавітавым раніцай наведалі капітана фон Пільца — і ўся канфіскацыя была аддадзена назад. Немцы не распусцілі беларускага ўрада, але ізалявалі яго
Вусач кіўнуў аднаму з іх, з залатым пенснэ на вострым носе (як потым высветлілася, нямецкаму каменданту горада), «пенснэ» коратка гергетнуў штось свайму даўгалыгу-ад'ютанту — і той торапка ўбег у Губернатарскі дом і праз хвілю з'явіўся на балконе, на якім ужо тыдзень лунаў вялікі бел-чырвона-белы сцяг. Як толькі даўгалыгі ад'ютант пачаў адрываць сцягавае дрэўца, на балкон выбег Апанас Новік — і каршуком да немца:
– Ня руш!
Даўгалыгі напачатку нават зніякавеў. З пляца — усё было навідавоку — дакаціліся вокрыкі, хтось з жаўнераў тыкаў на іх пальцам… Даўгалыгі зноў ірвануў сцяг, і тады Апанас наскочыў на яго і хапіў за рукі…
Спадужнікі былі няроўных сілаў, і яшчэ праз хвілю Апанаса ўжо цягнулі да задняга выхада Губернатарскага дома.
Сцяг сарвалі і скінулі на снег [20] .
– А з гэтага малога можа атрымацца добры салдат, — нібы сам сабе пратараторыў нямецкі камендант, лена працёр шкельца свайго пенснэ і выкрыкнуў да худога вусача: — Пачынайце парад!
Беларускі Дом
9 сакавіка Выканаўчы камітэт выдаў Другую Устаноўчую грамату, якая акрэсліла асноўныя пункты канстытуцыі краю і абвесціла Беларусь Народнай Рэспублікай. Выканаўчы камітэт уключыў у свой склад гарадскія і земскія органы самакіравання — і, узросшы да сямідзесяці аднаго сябры, ператварыўся ў Раду Беларускай Народнай Рэспублікі, першы нацыянальны парламент.
20
Пра гэтае ганьбаванне нацыянальнага беларускага сцяга Народны сакратарыят абуральна выкажацца ў сваім Мемарандуме ад 28 лютага, накіраваным прадстаўніку вышэйшай нямецкай акупацыйнай улады.
Але БНР афіцыйным Берлінам не была прызнана — вельмі ж вялікімі былі тыя «барышы», што дзяліліся паміж ім і Масквой… Беларусь засталася задаткам пад ваенную кантрыбуцыю, якую мусіла выплочваць Савецкая Расія. Не дыпламатнічалі немцы і з палякамі: корпус Доўбар-Мусніцкага пасля абароны фронта ўздоўж Дняпра — калі стаў непатрэбным — быў раззброены.
Незакончаная вайна кроіла зямлю Беларусі: апрача лініі расійска-нямецкага фронта, што падзяляла краіну на дзве няроўныя часткі — усходнюю і заходнюю (немцы ўтрымлівалі лінію «імперыялістычнага» фронта), утварыўся новы нямецка-бальшавіцкі з лініяй каля Воршы. Па дамове немцаў з украінцамі і літоўцамі некаторыя беларускія паветы перайшлі да Украіны і Літвы. У Менску не ведалі, што рабілася ў Вільні, да Вільні даходзілі супярэчлівыя навіны пра падзеі ў Менску…
Толькі прачнуліся, як у дзверы падрагаў Апанас Новік, — пасля хадайніцтва Рады яго вызвалілі з-пад арышту. Адкрыў Езавітаў (некаторы час ён кватараваў
— Дзядзька Кастусь! З Вільні дэлегаты прыехалі. У памяшканні Рады ўсе збіраюцца…
— А хто прыехаў? — пацікавіўся Ядвігін Ш.
Апанас зніякавела ціскануў плячыма:
— Я й не запомніў… Браты там двое… Яшчэ некалькі дзядзькоў з вусамі…
— Браты двое? То мо Луцкевічы? — Ядвігін Ш. пачаў апранацца. — Ты, Апанаска, пакуль мы збіраемся, там во пірага з малаком пакаштуй.
— Вы б паляжалі яшчэ, — Езавітаў ведаў, што гаспадар не адгробся ад прасгудьі.
— Ды што там! — толькі адмахнуўся той.
Амаль адразу пашэнціла спыніць рамізніка, і праз некалькі хвілінаў яны ўжо былі каля дома № 43 на Захараўскай, дзе цяпер месцілася Рада і Народны сакратарыят, — каля былога Юбілейнага дома.
— Эх, Кастусь! — Ядвігін Ш. затрымаўся перад уваходам. — Здаецца, толькі ўчора было: і Вільня, і «Наша Ніва», і тыя ж Луцкевічы, а ўжо такі кус жыцця з'едзены…
— А вы верце, што ўсё смачнейшае — наперадзе! — звёў на гумар Езавітаў. — Хадземце.
Віленскія беларусы на канферэнцыі 25 студзеня 1918 года абралі Віленскую беларускую раду, якая адразу ж пачала дамагацца ад нямецкіх уладаў дазволу на прыезд сваёй дэлегацыі ў Менск. На дазвол спатрэбіўся… месяц — канферэнцыя не апраўдала спадзевак акупантаў. У дэлегацыю з Віленшчыны ўвайшлі Іван і Антон Луцкевічы, Вацлаў Ластоўскі, Янка Станкевіч, Язэп Туркевіч, віленскі работнік, і Дамінік Сямашка, віленскі брандмайстар. Выехалі адразу ж, як атрымалі прапускі — не зважаючы, што ў люты мароз трэба было праседзець у неацепленых вагонах дваццаць чатыры гадзіны — і нават кіпеню нельга было адшукаць па ўсёй дарозе. Іван Луцкевіч, да ўсяго, быў хворым на сухоты, кашляў крывёй…
…- Дык што там у вас з літоўска-беларускай дзяржавай атрымалася? — перапыніў Станкевіча Ядвігін Ш.
– Тарыба, як толькі немцы пацвердзілі літоўскую незалежнасць, ад гэтае ідэі адмовілася…
Сумнае маўчанне пасля слоў Антона Луцкевіча перарваў Варонка:
– То ці не да лепшага? Калі былое супольнае Вялікае княства не вярнуць, то ці не час абвясціць пра народзіны свайго?
– Вось дзеля гэтага мы ў Менск і дабіраліся! — узбадзёрыўся Іван Луцкевіч. — Трэба збіраць Раду…
Пасля сустрэчы абодва Луцкевічы паехалі на гарадскія могілкі. У студзені ў Менску памерла маці — а змаглі даехаць у горад толькі зараз…
Ластоўскага Ядвігін Ш. запрасіў да сябе. З Езавітавым утрох вырашылі прайсціся пешкі.
– Хоць горад маладавясновы разгледжу, — узрадаваўся Ластоўскі.
– Я, Вацлаве, цябе даўно такім маўклівым не бачыў… - насцярожыўся Ядвігін Ш.
– Ды я болей слухаў. А дома з Луцкевічамі крыху быў паспрачаўся… Супраць я тога саюзу з Літвою адразу выступаў. Яны не ўзгадалі сёння… Як аказалася, за мною праўда была.
– Дык чаго ж ты там у Вільні дамагаўся? — Ядвігін Ш. спыніўся, агледзеў шапку прыдарожнага каштана (які, здавалася, так і меціў выпхнуцца на тракт), памацаў ажывелую пупаўку.
Ластоўскі таксама падышоў да каштана, пастукаў даланёю па вільготным камлі:
– А я вось як і ён — за незалежнасць…
– А калі й залежнасць, то ад сонца вясновага, а не ад сякеры дворніка… — усміхнуўся Езавітаў.
– Цябе, Кастусь, нібыта й не на вайскоўца вучылі, а на Сакрата! — усміхнуўся на тое і Ластоўскі.