Пляц Волі
Шрифт:
3 снежня частка Рады і ўрад БНР накіраваліся ў Вільню…
«Зялёнаатрадаўцы» Лукаша Сяменіка
Толькі абышоўшы некалькі валасцей Барысаўшчыны, Васіль Муха зразумеў складанасць сваёй задачы — ніхто не ведаў, дзе сустрэцца з «зялёнымі» (так сяляне называлі партызан). І вось на нейкім закінутым хутары гаспадар — сухі маршчыністы дзед з густой шчэццю сівых валасоў на барадзе — пусціў яго пераначаваць і за сталом, абіраючы звараную бульбіну, стуліўшы бровы, падазрона запытаў:
– А сам хто, чалавеча,
– Пры цары служыў матросам, — проста пачаў Муха.
– Гэта на карабелях плаваў?
– Плаваў. А вось зараз разам з іншымі вайскоўцамі вырашыў сваю армію стварыць, беларускую.
– А нашы «зялёныя» табе навошта?
– То ж як? Каб разам згуртавацца і ворагаў сваіх пагнаць.
– Ну а чым жа ты ганяць збіраесса?
Муха зірнуў у хітраватыя дзедавы вочы, усміхнуўся:
– У Менску збіраецца полк, кавалерыя ёсць, гарматы… — Але бачыў, што дзед не змяніўся ў твары, і тады толькі знайшоўся: — Ну а я асабіста пакуль маю з сабой вось гэта… — дастаў з кішэні курціка рэвальвер і паклаў каля чыгунка з бульбай. І гэта ўрэшце падзейнічала на дзеда:
– Вось гэта я разумею! — зашамкаў бяззуба. — Ты, чалавеча, ідзі нараніцы ў Траянаўку, там і запытай, як сустрэцца з Лукашам Сяменікам. Скажы, што Ўлас з Крывога хутара паслаў.
Праз дзень Васіль Муха быў у атрадзе «зялёных»…
На той час погалас пра паўстанцкі аддзел Лукаша Сяменіка разышоўся па суседніх Менскай, Магілёўскай і Віцебскай губернях (па абмылцы некаторыя называлі камандзіра «зялёных» Семенюком).
«Пайду да Семенюка!» — вырашалі некаторыя пакрыўджаныя нямецкімі салдатамі мужыкі.
А партызаны баяліся правакатараў — таму й мусілі прыхоўвацца.
У Траянаўцы Халопеніцкай воласці жыў бацька Лукаша — стары Сяменік, сярэдні гаспадар на шасці дзесяцінах зямлі. Калі воласць занялі немцы і пачалі чыніць здзек з мясцовага люду, траянаўцы ўзбунтаваліся, забілі двух салдат, — што на кані прыехалі ў вёску па харч і шомпалам зрэзалі Сяменікавых суседзяў, - і збеглі ў лес. Тайком па ўсёй воласці для іх пачалі збіраць зброю…
Генерал Фалькэнгайн як у ваду глядзеў: на пачатку жніўня ягонаму войску давялося «паварочваць кулямёты». Партызанскі аддзел «зялёных» — амаль паўтары сотні паўстанцаў — пад кіраўніцтвам Лукаша Сяменіка на невялікай плошчы ад вёскі Сянно да вёскі Пупелічы ў Лісічынскай, Халопеніцкай і Зачысценскай валасцях пачалі атакаваць нямецкую частку - і адсунулі яе на шэсць кіламетраў, «параўняўшы» мяжу паміж нямецкім і бальшавіцкім фронтам (названыя воласці выступалі на ім клінам).
Вечарам адбілі першую варожую контратаку, і поспех акрыліў паўстанцаў. Раніцай немцы пайшлі ў наступ зноў.
Зладжана сакаталі на флангах два трафейныя кулямёты, прыцэльна гохкалі са старога акопа вінтоўкі — як раптам зямлю ўскаланулі два выбухі, за імі яшчэ, яшчэ… Калі ўсё аціхла й асеў пыл — зноў на полі, але ўжо нашмат бліжэй, паўсталі шэрыя постаці ў шынялях. Адзываўся ўжо адзін правы кулямёт.
– Васіль! — крыкнуў Сяменік Муху. — Агледзь, што там з кулямётам! — ведаў, што Васіль — ці не адзін з атрада — умее гэтыя жалязакі давесці да ладу.
Муха
– Лукаш! Могуць акружыць! — а Лукаш, сціскаючы акрываўлены плячук, крывіўся ад болю…
– То ж бальшавікі панцырнікі на нас з задоў пусцілі! — закрычаў хтось зблізу.
Муха агледзеўся: справа, там, дзе не сціхаў іхні кулямёт, падціскаў поле невялікі лапік кустоўя, за ім — метраў праз сто — пачыналася выратавальная стужка лесу…
– Хлопцы! Адыходзьма ў лес! — і Муха дапамог узняцца Сяменіку — і разам з ім, прыгінаючыся, дабеглі да канца траншэі. Напярэсткі кінуліся немцы, але па іх залескатаў кулямёт — селянін Мікіта з Лукашавай Траяноўкі прыкрываў адыход атрада.
Толькі схаваліся — кулямёт заціх.
– Можа, Мікіта паўзе да нас? — Васіль вызірнуў з кустоўя — і акамянеў: на месцы, дзе стаяў іх кулямёт, вуркатаў панцырнік…
Хто ацалеў — падаліся ўглыб кустоўя. Перад Васілём хітнулася шэрая сцень, і ён стрэліў у яе. Немец, не выпускаючы з рук вінтоўкі, паваліўся ў траву. Следам за ім забегчы ў кустоўе ніхто не рызыкаваў. Васіль падпоўз да немца — той быў яшчэ жывы; хрыпла ўздрыгвалі акрываўленыя грудзі, ашклянелыя зрэнкі сполашна азіралі партызана.
Каля леса, куды адыходзілі рэшткі атрада, затраскатаў другі панцырнік.
– Такі паспеў… - выціснуў Васіль, схіліўся да параненага і адшпіліў ад ягонай дзягі доўгую шэрую гранату.
– Ніхт… Ніхт… — сцяўся немец.
– Ды не дрыгайся… Жыві. — Васіль усунуў у кішэні гранату і свой рэвальвер, схапіў немцаву вінтоўку — і пабег за таварышамі.
Ад узлеску па непакрытым кустоўем лапіку іржышча павольна сунуўся панцырнік. З башні, як дзюба, вытыркала руля кулямёта — і траскацела па кустоўі, па полі, дзе ўжо забітымі ляжалі чацвёра паўстанцаў.
Муха аддаў вінтоўку хлопцу-партызану, які трымаўся побач Сяменіка, па-заліхвацку падміргнуў абодвум — і, прыгінаючыся, што было сілы гізануў па іржышчы. Некалькі секунд яго не заўважалі, а затым стальная башня рэзка павярнулася, і каля самых ног Васіля пырснулі кулі. Ён упаў, колькі разоў крутнуўся й сцішыўся. Перастаў траскацець і панцырнік. Васіль, да болю прыкусіўшы губу, уціскаючыся ў пляснівае ад расы іржышча, колячы-абдзіраючы твар, папоўз далей — жоўтая галава гублялася ў жытніх цырбунах. Набягалі блізка хвалі свінцовых восваў, - ён сцішваўся, зноў поўз некалькі метраў…
Замлела нага, цёплым і ліпкім пачаў запаўняцца бот. Павольна выцягнуў з кішэні гранату, скамянеў. Кулямётная дзюба намагалася ўжо зачапіць каго-небудзь у кустоўі — у панцэрніку, пэўна, ужо думалі, што нейкага вар'ята з жоўтай галавой няма на гэтым свеце… Як раптам тая галава адарвалася ад іржышча, і не паспела башня зноў павярнуцца, як пад ёй ляснуў выбух — і чарапаха-панцэрнік стаў.
Васіль бадзёра свіснуў таварышам і, накульгваючы, пачыкільдаў да ўзлеску. За ім сыпанулі яшчэ некалькі дзесяткаў ацалелых «сяменікаўцаў»…