Пляц Волі
Шрифт:
У вестыбюлі сустрэў толькі Бараноўскага з высокім незнаёмцам.
– Вітай — Юрка Лістапад, накіраваны да нас Школьнай радаю для арганізацыі беларускіх школак. — Андрэй навідавок быў стомленым.
– Алесь… Алесь Яцкевіч, — ён парукаўся з абодвума і, зірнуўшы на Андрэя, спытаў: — Што-небудзь кепскае?
– Ды вось… Чалавек па справе першы дзень у Слуцку, а яго з раніцы пратрымалі ў пастарунку… За агітатара-бальшавіка, бачыце, прынялі. Асьвяцімскі, дзякуй, дапамог. А ты што такі ўзбуджаны прышыбаваў?
Алесь хацеў спачатку спытаць сябра пра Люду — можа, дзе бачыў, але ў час стрымаўся, вінавацячы сябе
– У Менск мушу тэрмінова ад'язджаць, на працу…
– Куды? — разгублена перапытаў Андрэй.
– Ігнатоўскі ў тую ж Школьную раду запрасіў…
– На табе… Мы тут адзін да аднаго, тут работы непачаты край, а ён у Менск бяжыць. — Андрэй усміхнуўся, нібы яшчэ не верачы пачутаму.
– Ды не бягу я. Мне б падвучыцца трохі… Пісаць я хачу. Там жа і кніг паболей, і пісьменнікаў шмат сабралася.
– Пісаць?.. — сябар хацеў абурыцца, але яго нечакана абарваў Лістапад:
– Што наваліўся? Хай і сапраўды з'ездзіць падвучыцца. Ды і работу ж адну — ці тут, ці там — робім. І хіба кепска, што ў сталіцы больш нашых слуцакоў будзе? Вось толькі — як на маё — не гожа туды пустым ехаць… — Лістапад перахапіў неўразумелыя погляды абодвух і, устапырыўшы пышную чупрыну, дадаў: — У Школьнай радзе цяпер мала ведаюць пра сітуацыю з беларускім школьніцтвам на месцах. За тры дні я ўжо абышоў некалькі вёсак поўначы павета, а на ўсходзе — за Падзерам і Вясеяй — яшчэ не быў. Можа цябе, калі ахвота, і напрашу ў спадарожнікі?
– Чаму ж не… Заўтра можам і з'ездзіць. — Алесь убачыў, як ажывіўся Лістапад, як недаверлівая хмурасць сышла з жытнёвых брывін Андрэя.
Яны яшчэ крыху пагаварылі і разышліся. Люды Алесь так і не пабачыў і злаваўся на сябе, што столькі часу не абзываўся. Штось пякуча знібела ўнутры, праз тое ўсю ноч круціўся, доўга не мог заснуць.
А раніцай выпрасіў у бацькі каня і аднавоську ды, як і дамовіліся, сустрэўся з Лістападам на кватэры Бараноўскага, у якога той застаўся начаваць.
Вулкі Слуцаку мінулі моўчкі, і толькі за рэчкаю, за вярсты дзве ад горада, разгаварыліся: Алесь — пра сябе і сяброў, Юры — пра менскія справы.
Дарога, якой ехалі, здаўна звалася Кацярынскай або Варшаўкай. Імператрыца выбіралася гэтым шляхам з Пецярбурга ў Варшаву (праз Бабруйск, Слуцак, Ляхавічы), — як расказвалі, да каханка. Праз дваццаць-трыццаць кіламетраў і цяпер яшчэ пазаставаліся каменныя пастаялыя двары, стайні, пафарбаваныя ў белы колер — у дамкі заходзілі пагрэцца, падсілкавацца, здаралася, і начавалі нават; на «станцыях» мянялі стомленых коней. Па ўсёй імперыі гэта была, бадай, адна дарога, якую належна ўтрымлівалі. Яна не мела паваротаў амаль да Амухавічаў. Да вайны і рэвалюцый раз на суткі па ёй правозілі пошту. Яшчэ за іхняй памяццю з Ляхавічаў на Слуцак і далей хадзілі старасвецкія «дыліжансы», запрэжаныя чацверыком коней. З Менскам Слуцак злучаў сціплейшы гасцінец, у разводдзе правезці цяжкае па ім было немагчыма — гасцінец раскісаў, мякчэў. Але ў сушэйшы час па такіх дарогах ездзілі ахватней, асабліва ўлегцы: і не трасе (бо камянёў не насыпана), і каню лацвей ступаць, і калёсы не б'юцца…
Яны пераехалі яшчэ адзін мост, пад якім сцішылася халодная змейка — рэчка Вясейка. Мінулі ўкруга абсаджаны магутнымі ліпамі
Вырашылі звярнуць у якую-небудзь вёску за ўзгоркам, але да яго не даехалі. Каля Белага дома (так і тут называлі былы пастаялы двор на Варшаўцы) сустрэлі гадоў васьмі малога — з торбай цераз плячо. Шлёпаючы разношанымі чаравікамі-вазюрамі, ён ужо збочыў з дарогі, як Лістапад, саскочыўшы з «аднавоські», паклікаў яго. Малы ўзбіў набакір аблавушку, спадылба падазрона агледзеў незнаёмцаў, але ўсё ж падышоў.
– Можа падкажаш, добры чалавеча, ці ёсць тут дзе паблізу школа?
– Ну ёсць, а што? — малы шмыгнуў носам.
– А дзе яна?
– Ды там унё, у Красным, праз поле… І вуньдзека, за Заломам — у Набушаве Янка Пашкевічаў вучыць…
– А сам часам ці не туды топаеш? — падаў голас і Алесь.
– Туды… А што? — малы зноў шмыгнуў носам.
– А нічога… Хочам з настаўнікам тваім пазнаёміцца, і, калі раптам вушы табе круціць, заступіцца. — Юрка па-сяброўску паляпаў малога па плечуку. — Сядай, паказвай дарогу…
– Ды не, дзядзька Янка харошы, ён і грошай не бярэ — не тое, што красніцкі. — У малога знікла ўся насцярожанасць, і за пяць хвілін, якія яны сунуліся па ўмерзлых ямах, Цімка (пазнаёміліся адразу) паспеў расказаць і пра заломскіх уюноў, што летам цэлымі торбамі насіў дадому («Вой і баялася іх малодшая сястра!»), і пра бомбу, якая навыварочвала арэшніку, і нават пра сябра Хведзьку — з ім яны злавілі былі вужа і доўга палохалі дзяўчат…
Залом — балотца, зарослае рабіннікам ды калінай, адметнае ўжо тым, што знаходзілася не ў нізіне-лагчыне, а на самым узгорку каля Варшаўкі. Вяскоўцы летам наразалі тут і сушылі торф, восенню жанкі збіралі каліну. Само ж Набушава — някідкае, невялікае — прылегла ўздоўж шляху, ад якога на паўвярсты аддзялялася сенажаццю. За вёскай, падступаючы да ўзбалоткаў, пачынаўся лес.
Укаціліся ў вулку — шырокую, з двума калодзежамі з пачатку і канца, з роўным плотам, дагледжанымі падворкамі.
«Школа» — невялічкая прыбудоўка да звычайнай хаты — была пасярод вёскі і выглядала зусім маленечкай пад аграмаднымі шатамі двух пракаветных вязоў. Хата, было відаць, нядаўна перакрывалася — не паспелі яшчэ выгараць на сонцы дзве ветраніцы, прыбітыя па краях скатаў страхі, - каб не ўзнімалася салома. Уваход у «школку» быў асобны. Пастукалі — ніхто не адказаў. Пасунуліся за Цімкам… Пасярод пакоя — каменная грубка, да сцяны прымацаваны тры самаробныя сталы, доўгая лава і вялікае акно, што глядзела ў сонны хмуры сад…
З настаўнікам, адным з гаспадароў падворка, сустрэліся ў гародчыку — абкладваў капец.
Павіталіся. Разгаварыліся ў хаце — вялікай, на дзве паловы, печка, насупраць ажагоў (вілы, чапляя, мяцёлка) мыцельнік. На падваконнях — гаршкі з геранямі. Жыла тут уся сям'я старога Мітрафана Пашкевіча. Сам жа Янка вучыўся ў Піцеры на медыка, вайной на фронт забралі. Сям'ёй яшчэ не абзавёўся. Ягоны старэйшы брат, Рыгор, таксама быў на фронце, патрапіў у нямецкі палон, дзе і сустрэў рэвалюцыі — і вось толькі нядаўна дайшла ад яго вестка: жывы, вяртаецца дамоў…