Quo Vadis
Шрифт:
— Завузкая ў клубох, — пацвердзіў з прыжмураным вокам Нэрон.
Па губах Пятронія прабег ледзь прыкметны смяшок, а Тулій Сэнэцый, які заняты быў дасюль чаўпнёю з Вестам, расказваючым пра свае сны, зварочваецца да Пятронія і, хоць не ведаў, у чым рэч, кажа: — Махлюеш! Я веру цэзару.
— Добра, — адказаў Пятроні. — Я цвярдзіў іменна, што ты маеш крошку розуму, а цэзар цвердзіць, што ты асёл без дамешку… — Habet! [22] — кажа Нэрон, смяючыся й звяртаючы ўніз вялікі палец рукі, як гэта робіцца ў цырках на пагібель гладыятару, які атрымаў удар ды меў быць дабіты.
22
Атрымаў (балазе) (лац.)
Вестын
— Снілася мне апошняе ночы, быццам сталася я вясталкаю, — умяшалася, перагінаючыся праз стол, Кальвія Крыспініла.
У адказ на гэта Нэрон пачаў пляскаць у далоні, іншыя паўтаралі тое самае, і за хвіліну навакол разлягаліся ладкі, Крыспініла бо, колькіразовая разводка, была ведамай з свае нечуванае распусты ў цэлым Рыме.
Але яна, не засаромеўшыся ані крошкі, казала: — І што ж? Усе яны старыя й брыдкія. Адна Рубрыя да людзей падобна, і так было б нас дзве, хоць і Рубрыя мае рабаценне летам.
— Дазволь, аднак, прачыстая Кальвія, — кажа Пятроні, — вясталкаю магла ты стацца хіба толькі праз сон.
— А калі цэзар загадае?
— Уверыў бы, што збываюцца сны нат найдзівачнейшыя.
— Бо й спраўджаюцца, — дакінуў Вестын. — Разумею людзей, якія не вераць у багоў, але як можна не верыць у сны?
— А варожбы? — спытаў Нэрон. — Варажылі мне калісь, што Рым перастане існаваць, а я панавацьму над цэлым Усходам.
— Сны і варожбы — гэта мае з сабою сувязь, — талкуе далей Вестын. — Раз адзін праконсул, вялікі недаверак, паслаў нявольніка з апячатаным лістом да святыні Мопса, якога не дазволіў адкрываць, каб зверыцца, ці бажок патрапіць адказаць на пытанне, пастаўленае ў лісце. Нявольнік праспаў у святыні, каб прысніць варожбны сон, пасля вярнуўся й кажа так: сніўся мне ясны, як сонца, юнак, каторы вымавіў мне адно толькі слова: «Чорнага».
Праконсул, пачуўшы гэта, збялеў і, звяртаючыся да сваіх гасцей, роўных яму недаверкаў, сказаў: «Ці ведаеце, што было ў лісце?»
Тут Вестын перарваў і, падняўшы чару з віном, пачаў піць.
— Дык што было ў лісце? — дапытваецца Сэнэцый.
— У лісце было пытанне: «Якога быка маю ахвяраваць: белага ці чорнага?».
Але зацікаўленне, разбуджанае расказам, перарваў Вітэлій, які, прыйшоўшы на банкет ужо падпіўшым, раскаласіўся нагла — без ніякае прычыны — пустым смехам.
— Чаго гэта бочка лою рагоча? — пытае Нэрон.
— Смех, бач, адрознівае людзей ад быдлят, — тлумачыць Пятроні, — а ён жа не мае іншае адметкі, напрыклад, ад парсюка.
А Вітэлій перарваў нагла смех і, цмокаючы аслізлымі ад жыжкі ды тлустасці губамі, пачаў таропіцца на прысутных так, як бы іх ніколі перад гэтым не бачыў.
Пасля падняў сваю падобную да падушкі далонь ды адазваўся хрыплым голасам: — Зваліўся мне з пальца рыцарскі пярсцёнак па бацьку.
— Які быў шаўцом, — дасказаў Нэрон.
І Вітэлі зноў зайшоўся рогату ды пачаў шукаць згубы ў… пеплюме Кальвіі Крыспінілы.
На гэта Ватыні давай пішчаць — прыкідацца быццам перапалоханай жанчынай. Нігідыя ж, таварышка Кальвіі, маладая ўдава з дзіцячым тварам ды распуснымі вачыма, уголас падхватвае: — Шукае таго, чаго не згубіў.
— Ды што на нівошта яму не прыдасца, хоць бы й знайшоў, — дакончвае паэт Люкан.
Банкет станавіўся штораз весялейшым. Тоўпы нявольнікаў разносілі штораз новыя стравы; з вялікіх вазаў, напоўненых снегам ды абвітых зеленню, штораз часцей даставалі кратэры розных гатункаў віна. Пілі ўсе ўдоваль. А згары на стол ды на бяседнікаў падаў ружовы
Пятроні пачаў, аднак, прасіць Нэрона, каб цяпер, калі госці яшчэ не панапіваліся, ушляхотніў банкет сваёю песняй. Госці падхапілі хорам просьбу, але Нэрон пачаў адказвацца. Не пра самую адвагу тут расходзілася, хоць заўсёды яе было ў яго недахоп. Багі ведаюць, колькі каштуюць яму ўсялякія выступы… Не адказваецца, праўду сказаўшы, ад іх, трэба ж бо што-небудзь зрабіць для мастацтва, дый калі Апалон надарыў яго голасам, дык нельга дараў божых марнаваць. Разумее нават, што гэта ж ёсць ягоны абавязак адносна дзяржавы. Але сяння сапраўды нейкі ён ахрыплы. Ноччу клаў сабе на грудзі валавянныя цяжаркі, але й гэта не дапамагло… Падумоўвае аб выездзе да Анцыюма, каб аддыхнуць марскім паветрам… Але пачаў маліць яго Люкан у імя мастацтва й чалавецтва. Усе ж бо ведаюць, што боскі паэт і пяюн улажыў новы гімн на чэсць Венеры, у параўнанні з якім Лукрэцыявы выглядае бы скавытанне белагубага ваўчаняці. Так добры ўладар не павінен задаваць мукаў такіх сваім падданым: «Не будзь лютым, цэзару!»
— Не будзь мучыцелем! — адгукнуліся ўсе сядзячыя бліжэй.
Нэрон развёў рукамі на знак, што здаецца. Тады ўсе распрамянелі радасцяй ды пачалі звяртацца да яго. Але ён згадаў паведаміць аб тым Папеі, што спяваціме, прысутным жа асведчыў, што не прыйшла яна на банкет дзеля пэўнага недамагання; а таму, што ніякае лякарства не робіць ёй такое палёгкі, як ягоная песня, дык шкада было б пазбавіць яе гэтае нагоды.
Незабаўна з’яўляецца й Папея. Валадала яна дагэтуль Нэронам, бы падданым, ведала, аднак, што ў справах ягонага «мастацкага самалюбства» жартаваць з ім нельга. Дык з’явілася прыгожая, моў боства ўбраная, падобна як Нэрон, у аметыставыя ўборы, у пацеркі з буйных перлаў, заграбленых калісь у Масынісы, залатавалосая, салодкая і, паміма трэцяга ўжо замужжа, з дзявочым абліччам.
Вітаюць яе воклічамі, называючы «боскай аўгустай». Лігія ніколі яшчэ не бачыла такое красы, яна не хацела верыць сваім вачам, ведама бо было, што Папея Сабіна ёсць адной з нягоднейшых жанчын на свеце. Ведала ад Пампоніі, што яна давяла цэзара да маткабойства ды жонкабойства, знала яе з расказаў Аўлавых гасцей і службы; чула, што гэта ейныя статуі ноччу ў горадзе разбівалі; чула аб напісах, якія, паміма найстрашнейшых караў, з’яўляліся ўсцяж пасля ночы на сценах. І вось цяперака, калі глядзела на гэну аслаўленую Папею, уважаную праз хрысціян за ачалавечанне зла й праступку, выдавалася ёй, што так толькі выглядаць можа анёл ці які нябесны дух. Проста не магла адарваць ад яе вачэй, а з вуснаў мімаволі вырвалася пытанне: — Ах, Марку, ці гэта можа быць?..
А ён, падагрэты віном і крыху як бы незадаволены з ейнае на яго няўвагі, гаварыў: — Так, яна прыгожая, але ты ў сто разоў прыгажэйшая. Каб ты толькі ведала, то б закахалася сама ў сябе, моў Нарцыс… Яна купаецца ў малацэ асліц, а цябе не йначай Венус выкупала ў сваім. Ты нясведамая, оcelle mi!.. [23] 1 Не глядзі на яе. Абярні вочы да мяне, оcelle mi!.. Дакраніся вуснамі гэнай кружы віна, а пасля я прытулю свае да гэтага самага мейсца… І прысоўваўся штораз бліжэй, а яна пачала адсоўвацца да Актэ. Але ў тым моманце запанавала цішыня. Цэзар устаў. Мастак Дыядор аддаў яму лютню, званую «дэльта», другі — Тэрпнас — які меўся яму акампаніяваць, збліжыўся з інструментам, званым «набліюм». Нэрон, абапёршы дэльту аб стол, падняў вочы ўгару, і за хвіліну залягла ў трыклініюме абсалютная цішыня, парушаная толькі ціхусенькім шорахам спадаючых згары ружаў.
23
Радасць мая! (лац.).