Quo Vadis
Шрифт:
І пачаў пяяць, а вярней — спешна й рытмічна дэклямаваць свой гімн у гонар Венус пры водгаласе дзвёх лютняў. Ані голас, хоць крыху мутны, ані верш не быў благі, дык бедную Лігію пачало зноў турбаваць сумленне, гімн бо, паміма велічання нячыстае паганскае Венеры, выдаваўся аж надта прыгожым; дый сам цэзар з сваім лаўровым вянком на галаве і ўзнесенымі вачыма выглядаў менш страшным і агідным, а дастайнейшым, чым на пачатку банкету.
Бяседнікі адазваліся громам воплескаў. Водгукі «О нябесны голасе!» разлягаліся навакол. Некаторыя з жанчын застывалі ў позе з паднятымі рукамі на знак захаплення нат пасля спеву, іншыя выціралі слёзы. Ва ўсёй залі загуло, бы ў вуллі. Папея, накланіўшы сваю залатавалосую галоўку, прытуліла да вуснаў руку Нэрона і трымала яе доўга маўкліва. А малады грэк Піфагор, цуднае красы юнак, з якім пазней паўпрытомны ўжо Нэрон загадаў фламінам даць сабе
Люкан ані думаў за гэта гневацца, наадварот, кінуў вокам на Пятронія з удзячнасцю і, нібыта нахмурыўшыся, пачаў мармытаць: — Праклятая доля судзіла мне жыць адначасна з такім паэтам, астаўся б чалавек у людзей у памяці ды на Парнасе, а так знікне, бы тая газоўка пры сонцы.
Пятроні, аднак, які меў годную подзіву памяць, пачаў паўтараць уступы з гімну, цытаваць асобныя вершы, адзначаць ды разбіраць удалейшыя сказы. Люкан, быццам забыўшыся аб зайздрасці з прычыны чару паэзіі, патураў ягоным словам ды захапленням. Воблік Нэрона заяснеў адчуццём пустое ды глупае раскошы. Сам падсуляў ім вершы быццам прыгажэйшыя, а ўрэшце паддаваў пацехі й адвагі быццам сумнаму Люкану, бо хоць чалавек тым астаецца, кім уродзіцца, то аднакава ж чэсць, аддаваная праз людзей Ёвішу, не выключае чэсці й іншым багом.
Потым устаў, каб адвесці Папею, якая сапраўды недамагала й хацела адыйсці. Бяседнікам усё ж дазволіў садзіцца, пацяшаючы, што неўзабавак вернецца. І праўда, цераз момант вярнуўся, каб у адураючым кадзідламі дыме любавацца далейшымі відовішчамі, якія ён сам, Пятроні або Тыгэлін прыгатавалі на банкет.
Зноў чыталі вершы, слухалі дыялогаў, у якіх пустая чаўпня заступала разумны гумар. Пасля слаўны мімік Парыс прадстаўляў прыгоды Іёны, Інахавай дачкі. Гасцям, асабліва Лігіі, не прывыкшым да гэных відовішчаў, здавалася ўсё цудамі ды чарамі. Парыс рухам цела й рук вытвараў такія рэчы, якія, казаў бы, у танцу выказаць было немагчыма. Далоні ягоныя замуцілі паветра, наганяючы быццам святлістую хмару, жывую, поўную дрыготаў, любошчаў, ахапляючую, млеючы, дзявочы стан уздрыганы спазмамі раскошы. Гэна быў жывы абраз, не танец, абраз ясны, адсланяючы тайніцы кахання, чароўны бессаромны абраз. А калі на канцы яго ўвайшлі карыбанты й пачалі пад музыку цытраў, флейтаў, цымбалаў ды бубянцоў з сірыйскімі малодухнамі бахічны танец, поўны дзікага вераску й дзічэйшае шчэ распусты — Лігіі здалося, што паліць яе жывы агонь, што пярун зара ўдарыць у гэны дом, або скляпенне заваліцца на галовы банкетнікаў… Але з залатога неваду, распятага пад скляпеннем, падалі толькі ружы, а паўп’яны Вініць шаптаў ёй: — Спаткаў я цябе ў Аўлаў пры вадаліве й пакахаў. Світала раніцаю, і ты думала: ніхто не бачыць. Я, аднак, цябе бачыў… І бачу цябе такою дасяння, хоць закрывае мне цябе гэты пеплюм. Скінь пеплюм, як Крыспініла. Бачыш! Багі й людзі шукаюць кахання. Няма апроч яго на свеце нічога! Прытулі галоўку мне да грудзей ды заплюшч вочанькі.
А ёй сэрца аж выскаквала. Здавалася ёй, ляціць у нейкую пропасць, а той Вініць, што нядаўна выдаваўся ёй так блізкім і пэўным, замест ратаваць, цягне яе туды. Парваў жаль на яго. Пачала зноў баяцца і таго банкету, і сябе самое. Нейкі голас, моў Пампоніі, чула ў душы: «Лігія, ратуйся!» — але штось падказвала ёй адначасна, што быццам ужо запозна, ды каго авеела падобнае полымя, хто ўсе дзеі падобнага банкету бачыў, у кім сэрца так скакала, як у ёй, слухаючы словы Вініція, ды каго праймалі такія дрыготы, як праймалі яе падчас прытуляння — той ужо прапаў, той ужо без ратунку. Пачало ёй рабіцца млосна. Часамі здавалася ёй, што абамлее, і пасля станецца нешта страшнае. Ведала, што нікому не можна ўстаць, пакуль не падымецца цэзар, але без яго яна ўжо ўстаць не ўздужае.
Тым часам да канца банкету было яшчэ далёка. Нявольнікі падносілі ўсцяж новыя стравы, напаўнялі кружы віном, а перад сталом, устаўленым у форме падковы, з’явіліся два сілачы, каб пацешыць гасцей баруканнем.
І ўміг пачалі барукацца. Магутныя, блішчастыя ад алівы мускулы склубіліся ў вадну брылу, аж косці пачалі трашчаць ды скрыгітаць сківіцы. Час ад часу чутны былі глухія ўдары іхніх ступоў аб прытрэсеную шафранам падлогу, то зноў застывалі ў заядлай скамянеласці, моў выкананая з каменя мастацкая група. Вочы рымлян з любасцю слядзілі йгру напружаных хрыбтоў, лыдак і плечукоў. Ды не доўга трывала змаганне, бо настаўнік школы гладыятараў Кратон нездарма
Громы воплескаў укаранавалі змаганне, а Кратон, паставіўшы ступу на плячах пакананага ды ўзяўшыся пад бокі з відам трыўмфатара, вадзіў вокам па залі.
Увайшлі пасля гэтага прадстаўляцелі звярат і галасоў іхніх, балаўнікі й блазны, але на іх мала ўжо звярталі ўвагу, віно бо ўжо марочыла вочы глядзельнікаў. Банкет паступова ператвараўся ў прайдацкую папойку. Сірыйскія баханткі палезлі за сталы. Музыка змянілася ў бязладны дзікі бразг цытраў, лютняў, армянскіх цымбалаў, егіпскіх цытраў ды труб, а хто жадаў пачаць гутарку, дык выў на музыкантаў, каб ішлі прэч. Паветра, перасычанае пахам кветак, водарам алівы, якою прыгожыя дзетанькі скраплялі бяседнікам ногі, бо паветра, насычанае людскім потам і шафранам, пачынала аж душыць. Прыцьміліся лямпы, пакрывіліся вянкі на галовах, твары пабляднелі ды папацелі.
Вітэлі пакаціўся пад стол. Нігідыя, абнажыўшыся да паясніцы, прытуліла сваю дзяцінаватую галаву да грудзей Люкана, а той, не менш п’яны, пачаў здзьмухваць з ейных валасоў залатую пудру, вывернуўшы з уцешлівасці вочы ўгару. Вестын упорыста паўтараў дзесяты мо ўжо раз адказ Мопса на праконсулаў ліст, а Тулій, бязбожнік, трызніў, чхаючы: — Бо калі сфэра Ксэнафонэса круглая, дык такога бога, ведаеш, можна каціць перад сабой нагою, моў бочку.
На гэта Даміцый, стары шэльма і даношчык, абурыўся і з абурэння на такую чаўпню абліў сабе туніку фалернам. Ён заўсёды ў багоў верыў. Людзі кажуць: Рым згіне, ды ёсць нат такія, якія перакананы, што ўжо гіне. Пэўна!.. Але таму так дзеецца, што моладзь не мае веры, а без веры няма й цноты. Забываюць таксама й пра даўнейшыя суровыя звычаі, а нікому й у голаў не прыйдзе, што эпікурэізм не ў змозе будзе проціставіцца барбарству. Дарэмная гутарка! Ён жа каецца, што дажыў такіх часаў ды што лякарства ад маркотлівасці змушаны вось шукаць у банкетах.
Гэта вымавіўшы, прыгарнуў да сябе сірыйскую бахантку і бяззубымі губамі пачаў цалаваць яе шыю й плечы. Бачачы гэта, консул Рэгул пачаў рагатаць і, начупырыўшы прыхарошаную ў вянок лысіну, пытае: — Хто кажа, што Рым гіне?.. Дрэнь!.. Я, консул, найлепш ведаю… Videant consules!.. [24] Трыццаць легіяў старожыць нашую pax romana!.. [25] Тут падняў кулак ды давай крычаць на цэлую залю: — Трыццаць легіяў!.. Трыццаць легіяў!.. Ад Брытаніі да граніцы партаў!..
24
Хай консулы пільнуюць!.. (лац.).
25
Мір рымлянам!.. (лац.).
Але раптоўна апамятаўся і, уставіўшы ў лоб палец, паправіў: — А бадай што й трыццаць дзве… І асунуўся пад стол ды пачаў аддаваць назад языкі фламінгаў, печаныя рыжкі, марожаныя грыбы, жамяру на мёдзе, рыбу, мяса і ўсё, што еў ці піў.
Даміцыя, аднак, не супакоіла колькасць легіяў, гарантуючых рымскі мір: — Не, не! Рым прападзе, бо згінула вера й суровыя звычаі! Згіне Рым, а шкада! Жыццё бо ёсць, аднак, прыемнае, цэзар ласкавы, віно добрае… Ой, шкада, шкада!..
І, утуліўшы голаў у лапаткі сірыйскае баханткі, расплакаўся: — Што там жыццё загробнае!.. Ахілес праўду казаў, што лепш быць парабкам у падсонечным свеце, чым панаваць у кімэрыйскіх прасторах. Дый то пытанне, ці існуюць якія багі, бо ж бязвер’е губіць моладзь.
Люкан тым часам раздзьмухаў увесь пыл з валасоў Нігідыі, якая ад п’янасці заснула. Пасля зняў перавяслы зялёнае поўсці з вазаў вобак ды абкруціў імі заснуўшую, а даканаўшы гэта, рассмяяным ды пытаючым вокам вадзіў па прысутных. Потым і сам убраўся ў зелень, прыгадваючы быццам з перакананнем: — Ці ж я чалавек? Я фаўн… Пятроні не быў п’яны, затое Нэрон, які спачатку мала піў, шкадуючы свайго «нябеснага» галаска, пад канец перакідаў чару за чарай, пакуль не ўпіўся. Хацеў нат далей пяяць свае вершы, гэтым разам грэцкія, ды, на жаль, забыў іх і праз памылку запяяў песеньку Анакрэонта. Акампаніяваў яму Піфагор, Дыядор і Тэрпнас, але кінулі, бо не ўдавалася. Нэрон замест таго пачаў захапляцца, як знаўца і эстэта, чароўнаю ўрадлівасцю Піфагора ды цалаваць ягоныя рукі. Так пекныя рукі ён бачыў толькі калісь… у… некага… І, прылажыўшы далонь да мокрага чала, пачаў сабе прыпамінаць. Нараз жахнуўся: — Ага! У маці! У Агрыпіны!..