Quo Vadis
Шрифт:
Прыцішны гул пакаціўся на ўсе бакі, бы хвалі па вадзе, у якую ўпаў камень: гэна бліжэйшыя пераказвалі словы далейшым. Там-сям адгукнуліся таксама крыкі гневу або патакавання, якія хутка змяніліся ў адзін магутны вераск: — Раnem et circenses!!!.. [66] Пятроні атуліўся ў тогу і праз нейкі час слухаў непарушна, падобны ў сваёй белай вопратцы да мармуровай статуі. Вераск магутнеў, глушыў гук пажару, адзываўся з усіх бакоў, штораз глыбейшы, а высланец усё чакаў, мабыць, яшчэ нешта хацеў сказаць, і, уцішыўшы рукою раскрычанае мора, адазваўся: — Будзеце мець pаnem et circenses,
66
Хлеба й ігрышчаў (лац.).
Гэта сказаўшы, завярнуў каня і, трэплючы злёгку кіем па галовах тых, што стаялі на дарозе, паехаў паволі да шэрагаў прэторыянаў. Незабаўна быў пры вадацягу. Наверсе застаў пярэпалах. Не зразумелі там окрыку: «Хлеба й ігрышчаў!» — думалі, гэта новы гром злосці. Не спадзяваліся, каб Пятроні мог ацалець, дык Нэрон, згледзеўшы яго, падбег аж пад сходы і з бледнаю ад страха мінай пачаў пытаць: — Ну, што? Што там дзеецца? Ці ўжо б’юцца?
Пятроні, набраўшы паветра ў грудзі, зяхнуў глыбока й кажа: — На Палукса! Пацеюць і смярдзяць! Дайце хто эпіліму, а то самлею.
Пасля звяртаецца да цэзара: — Абяцаў я ім, — кажа, — збожжа, аліву, адкрыццё паркаў ды ігрышчы.
Абажаюць цябе зноў і дзяруцца выпятрэлымі вуснамі на віват табе… О, богі! Як жа гэны плебс смярдзіць!
— Я меў прэторыянаў гатовых, — адзываецца Тыгэлін, — і каб не супакоіў крыкуноў ты, дык супакоіў бы я іх навекі. Шкада, цэзар, што не дазволіў ты мне з імі пагуляць.
Пятроні зірнуў на мовячага, паціснуў характарыстычна плячыма й гавора:
— Гэта ж яшчэ не прапашча, вось мо ўзаўтра мусіцімеш спрабаваць свае рэкламаванае сілы.
— Ды не, не! — кажа цэзар. — Загадаю адчыніць ім паркі ды раздаваць збожжа. Дзякую табе, Пятроні! Ігрышчы спраўлю, а гэную песню, што пяяў я вам сяння, адпяю публічна.
Гэта сказаўшы, узяў за плячо Пятронія і па хвіліне маўчання ды апрытомлівання пытае: — Скажы шчыра: як я табе падабаўся падчас пяяння?
— Ты быў годны відовішча, а відовішча — цябе, — адказаў Пятроні.
І, звярнуўшыся да пажару, дадаў: — Прыгледзьмася яшчэ ды развітаемся з старым Рымам.
XLVIII
Словы Апостала ўзмацавалі надзею ў душы хрысціян. Канец свету заўсёды выдаваўся ім блізкі, пачалі аднак верыць, што страшны суд не прыйдзе хутка, што перад гэтым аглядацімуць мо шчэ канец панавання Нэронава, якое яны ўважалі за панаванне антыхрыста, за кару Божую, выкліканую ягонымі ліхадзействамі. Падмацаваўшыся на духу, пачалі расходзіцца, скончыўшы малітвы, і вяртацца да сваіх прытулішч, а нат і на Затыбра, бо прыйшлі весткі, што агонь, падложаны ў колькінаццаці пунктах, закруціў разам з ветрам зноў да ракі і, стравіўшы тут і там, што мог стравіць, перастаў шырыцца.
Апостал разам з Вініціем выйшаў з падзямелля. Хілон валокся за імі. Малады трыбун не смеў перарываць спадарожніку малітвы, дык праз нейкі час ішлі моўчкі, вачыма толькі молячы злітавання. Шмат асобаў падбягала, каб пацалаваць вопратку Апостала, маткі выстаўлялі да яго дзяцей, іншыя кленчылі ў цёмным праходзе і, падыймаючы ўгару святлікі, прасілі
67
Далакопа (лац.).
Вініць захістаўся й абапёрся рукою ля скалы. Падарожжа з Анцыюма, здарэнні ў дарозе, пошукі Лігіі ў гарачым дыме, бяссонніца і страшная трывога пра яе падарвалі ягоныя сілы, а радасная вестка хуткага спаткання свае найдаражэйшае зусім падцяла яму ногі. Аслабелы, асунуўся да ног Апосталавых і, абняўшы калені, трымаў іх, не могучы вымавіць слова.
А Апостал, баронячыся ад пашаны й падзякі, сказаў яму: — Не мне, не мне, толькі Хрысту!
— Што за важнае боства! — адазваўся ззаду голас Хілона. — Але не ведаю, што рабіць з муламі, якія чакаюць недалёка.
— Устань і хадзем са мною, — кажа Пётр, беручы юнака за руку.
Вініць устаў. Пры месячным бляску відаць былі слёзы, сплываючыя па збялелым твары. Вусны дрыжалі, бы ў малітве.
— Хадзем, — кажа.
Але Хілон зноў адзываецца: — Што мне рабіць з муламі, спадару, чакаюць тут? Можа, гэты дастойны прарок захацеў бы пад’ехаць?
Вініць сам не ведаў, што адказаць, але, пачуўшы ад Пятра, што хата фосара тут жа, недалёка, загадаў: — Адвядзі мулы да Макрына.
— Выбачай, спадару, што асмелюся прыгадаць табе дом у Амэр’ёлі. Падчас такога страшнага пажару лёгка забыцца на гэткую дробязь.
— Атрымаеш яго.
— О, унуку Нумы Пампілія, я ніколі не сумняваўся, але цяпер, калі абяцанку чуў і гэты велікадушны Апостал, не нагадваю нат таго, што ты ж абяцаў мне й вінніцу. Pax vobiscum! Я знайду цябе, спадару. Pax vobiscum!
Яны адказалі: — Et tecum! [68] І завярнуліся абодва направа, да ўзгорку. Ідучы, Вініць кажа: — Доміне, абмый мяне вадою хросту, каб мог я ўрэшце называцца сапраўдным вызнавальнікам Хрыста, бо Яго мілую з усіх сіл мае душы. Абмый мяне безадкладна, бо я ў сэрцы ўжо гатовы. І што мне загадае, тое рабіціму, але ты мне скажы, што апрача таго я мушу зрабіць.
68
І табе (мір)! (лац.).
— Любі людзей, як сваіх братоў, — павучае Апостал, — бо толькі любоўю магчымеш Яму служыць.
— Так! Я гэта ўжо разумею і адчуваю. Будучы дзіцём, я верыў у рымскіх багоў, але не любіў я іх, а гэнага Адзінага люблю так, што з радасцю аддаў бы за Яго жыццё.
Вочы падняў да неба і гаварыў з настроем: — Бо Ён ёсць адзіны! Ён адзін добры й міласэрны! Дык хоць бы згінуў цэлы горад гэты, а нат увесь свет, Яму аднаму сведчыціму, Яму вызнаваціму!
— А Ён багаславіціме цябе і дом твой, — дакончыў Апостал.