Quo Vadis
Шрифт:
— О, незраўняны! — адазвалася некалькі галасоў.
Нэрон запісаў верш і кажа: — Так, помста дамагаецца ахвяры.
І вадзіў вачыма па прысутных.
— Ну, а каб распусціць вестку, што гэта Ватыні падпаліў горад, і выставіць яго на гнеў народу?
— О, боскі! Хто ж я такі? — адазваўся Ватыні.
— Праўда, трэ каго-небудзь большага за цябе… Вітэлія?..
Вітэлі збялеў, але пачаў рагатаць.
— Маё сала, — адказвае, — магло б нанава разняціць пажар.
Але Нэрон меў што іншае на думцы, бо шукаў у душы ахвяры, якая б сапраўды магла супакоіць
— Тыгэлін! — адазваўся па хвіліне. — Ты спаліў Рым?
Дрыготы скаланулі прысутнымі. Сцямілі, што цэзар у даным моманце не жартуе, ды што надыходзіць хвіліна грозная.
Твар Тыгэліна зморшчыўся, бы пашча кусашчага сабакі.
— Я спаліў Рым з твайго загаду, — бароніцца.
І пачалі пранізвацца зекрамі, моў два дэманы. Настала такая цішыня, што зык мухі быў чуцён, пралятаючай праз атрыюм.
— Тыгэлін, — адазваўся цэзар, — ці ты любіш мяне?
— Табе ж ведама, уладару.
— Дык ахвяруйся для мяне!
— Боскі цэзару, — выкручваецца Тыгэлін, — чаму падаеш мне салодкі нектар, якога да вуснаў не можна прыткнуць? Народ абураецца й наракае, ці хочаш, каб пачалі абурацца й прэторыяне?
Жах скаваў сэрцы прысутных. Тыгэлін быў прэфектам прэторыі, і словы ягоныя мелі значэнне папросту пагрозы. Сам Нэрон сцяміў гэта і збялеў.
Нараз уваходзіць Эпафрадыт, цэзараў вызвольнік, з дакладам, што боская аўгуста жадае бачыць Тыгэліна, бо ёсць у яе людзі, якіх прэфект мусіць выслухаць.
Тыгэлін схіліўся й выйшаў з мінаю спакойнаю й абрызглаю. Калі вось маніліся яго ўдарыць, паказаў зубы, паказаў, кім ёсць, і, ведаючы палахлівасць Нэрона, быў пэўны, што гэны валадар свету ніколі не наважыцца падняць на яго рукі.
А Нэрон сядзеў праз момант моўчкі, але, бачачы, што прысутныя чакаюць ад яго слова, кажа: — Выгадаваў сабе вужа на грудзях.
Пятроні зрабіў жэст плячыма, як бы хацеў сказаць, што такому вужу не цяжка й голаў адарваць.
— Ну, што ты скажаш? Рай, кажы! — адзываецца Нэрон, скеміўшы ягоны манер. — Табе аднаму давяраю, бо ты маеш болей розуму за іх усіх ды любіш мяне!
Пятроні трымаў ужо на канцы языка: «Назнач толькі мяне прэфектам прэторыі, а я выдам народу Тыгэліна і ў вадным дню уціхаміру горад». Але лянівая ўдача ягоная перамагла. Быць прэфектам — гэта значыла фактычна несці на сваіх плячах асобу цэзара і тысячы публічных справаў. Нашто яму гэты цяжар? Ці ж не лепш чытаць сабе ў раскошнай бібліятэцы вершы, любавацца мастацтвам або песціць-галубіць, трымаючы на каленях, боскае цела Эўнікі ды цалаваць яе? Дык адказвае: — Я раю ехаць у Ахайю.
— Эх, — гаворыць Нэрон, — я спадзяваўся ад цябе чаго большага! Сенат ненавідзіць мяне. Як выеду, хто мне заручыць, ці не ўзбунтуюцца супраць мяне ды не агалосяць каго іншага цэзарам? Народ быў мне даўней верны, але сяння пойдзе за імі… На Гадэса! Каб гэты сенат ды гэты народ меў адну галаву!..
— Дазволь адцеміць сабе, о боскі, што, жадаючы захаваць Рым, трэба захаваць хоць некалькі рымлян, — сказаў, усміхаючыся, Пятроні. Але Нэрон наракаў далей: — Што мне з Рыму ды рымлян! Послух меў бы я толькі ў Ахайі. Тут акружае мяне толькі
Ведаю гэта, ведаю!.. Вам нат і не думаецца, што скажуць пра вас патомныя вякі, калі апусціце такога мастака, як я!
Тут нагла ўдарыў сябе ў лоб і падносіць голас: — Праўда!.. У гэным матавіле турботаў і сам забываюся, кім я.
Гэта сказаўшы, звярнуўся да Пятронія з мінай цалкам ужо распагоджанай: — Пятроні, — кажа, — народ гудзе, а што, каб я ўзяў лютню ды выйшаў з ёю на Марсавае поле, каб запяяў ім тую песню, што пяяў вам падчас пажару, як мяркуеш, няўжо не расчуліў бы дзікія звяраты?
На гэта Тулій Сэнэцыё, які спяшаўся да сваіх нявольніц, свежа прывезеных з Анцыюма, і які рваўся дамоў даўно, адзываецца: — Бессумніўна, цэзару, каб анно толькі дазволілі табе пачаць.
— Едзьма ў Гэлладу! — вырашыў знеахвочаны Нэрон.
У гэнай хвіліне ўваходзіць Папея, а за ёю Тыгэлін. Вочы ўсіх мімахоць пабеглі на спатканне да яго, бо ніколі ніякі трыумфатар не ўязджаў з такім гонарам на Капітоль, з якім стаяў ён перад цэзарам.
Важна й дабітна, голасам, падобным да скрыгіту жалеза, пачаў даклад: — Будзь ласкавы мяне выслухаць, цэзару, бо магу сказаць табе: знайшоў!
Народу трэба помсты й ахвяры, ды не аднае, а сотні й тысячы. Ці чуў ты калі, спадару, хто такі быў Хрыстус, той, праз Понція Пілата ўкрыжаваны? І ці ведаеш, хто такія хрысціяне? Ці ж я табе не даносіў пра іхнія злачынствы й бязглуздыя абрады, пра вяшчунствы аб канцы свету з агню? Народ ненавідзіць іх і падазрае. Ніхто іх не бачыць у святынях, бо багоў нашых завуць злымі духамі; няма іх і на Стадыёне, бо не цікавяцца спортам. Ніколі не чутно было іхніх воплескаў на твой гонар. Ніводзін з іх ніколі не назваў цябе богам.
Гэта непрыяцелі чалавецтва, непрыяцелі гораду, непрыяцелі твае. Народ гудзе супраць цябе, але ж не ты мне, цээару, загадаў спаліць Рым, і не я спаліў яго… Народ прагне помсты — дамо яе. Народ прагне гульні й крыві — дамо яе. Народ падазрае цябе — хай падазронасць ягоная адвернецца ў іншы бок.
Нэрон слухаў спачатку сумеўшыся. Але, чым далей гаварыў Тыгэлін, акторская міна ягоная ўсё больш змянялася, пачала наперамену выяўляць то гнеў, то жаль, спачуццё, то абурэнне. Нараз устаў, скінуў з сябе тогу, што апала яму пад стопы, выцягнуў абедзве рукі ўгару і праз хвіліну стаяў так непарушна, бязмоўна. Урэшце адзываецца тонам трагіка: — Зэўсе, Апалоне, Гера, Афіна, Пэрсафона і вы ўсе, несмяротныя боствы, чаму не прыйшлі да нас на помач? Якую крыўду зрабіў горад тым людаедам, што яго так дзіка спалілі?
— Ворагі людства і твае, — дадае Папея.
Іншыя падхапілі: — Пакажы справядлівасць! Пакарай падпальвачоў! Багі дамагаюцца помсты!
А ён сеў, звесіў голаў на грудзі ды зноў замоўк, так, як бы, не ўрокам кажучы, тое ліхадзейства, пра якое чуў, яго аглушыла. Цераз момант устрасянуў рукамі й адазваўся: — Якія ж кары, якія ж пакуты зраўнаважаць такое злачынства?.. Але багі сашлюць мне натхненне, і пры дапамозе сілаў Тартару дам беднаму народу майму такое відовішча, якое навекі мяне ўславіць.