Quo Vadis
Шрифт:
Цёмная хмара легла на чале Пятронія. Уявіў сабе небяспеку, якая завісла над Лігіяй, над Вініціем, якога любіў, ды над усімі тымі людзьмі, навукі якіх не прызнаваў, але аб нявіннасці якіх быў перакананы. Уяўляў сабе таксама тыя крывавыя шаленствы, якіх ягоныя вочы эстэты не зносілі. Перад усім казаў сабе: «Мушу ратаваць Вініція, які ашалее, калі дзяўчо ягонае згіне», — і гэная думка пераважыла ўсе іншыя, бо Пятроні разумеў, што зачынае такую гульню, якой не меў шчэ ў жыцці.
А ўсё ж гаварыў свабодна й абыякава, як заўсёды, калі крытыкаваў або выкпіваў неэстэтычныя помыслы цэзара і аўгустыянаў.
— Дык, знача, знайшлі ахвяры? Добра!
Будзьце ж сапраўды багамі й каралямі, бо кажу вам, што можаце сабе на гэта дазволіць. Пагражаў ты, цэзар, нядаўна судам патомных вякоў, але не забудзь, што яны выдадуць прысуд і на цябе. На боскую Кліо! Нэрон, валадар свету! Нэрон-бог спаліў Рым, бо быў так магутным на зямлі, як Зэўс на Алімпе! Нэрон-паэт любіў так паэзію, што ахвяраваў ёй айчыну! Як свет ёсць светам — ніхто нічога падобнага не даканаў, на нішто падобнае не адважыўся. Заклінаю цябе ў імя дзевяці Лібетрыд, не выракайся такое славы, бо песні цябе апявацімуць да сканчэння вякоў. Кім жа ў параўнанні з табою будзе Прыям? Кім Агамемнан? Кім самыя богі? Гэта не важна, ці падпал Рыму ёсць рэчай добрай, важна тое, што ёсць рэчай вялікай, незвычайнай! А пры тым заручаю табе, што народ не падыме на цябе рукі!
Гэта няпраўда! Будзь адважны! Высцерагайся праступкаў, не годных цябе, табе пагражае толькі тое, што патомныя вякі некалі магчымуць сказаць: «Нэрон спаліў Рым, але як труслівы цэзар і маладушны паэт не прызнаўся да вялікага чыну са страху і зваліў віну на нявінных!»
Словы Пятронія звычайна рабілі моцнае ўражанне на Нэрона, але гэтым разам сам Пятроні не пацяшаўся надзеяй, бо сцяміў, што выказаныя нядаўна словы — гэта апошні спосаб, які пад шчасце і ўратаваў бы хрысціян, ды загубіў бы яго самога. Не хіснуўся аднак, бо расходзілася яму поспал і пра Вініція, якога мілаваў, і пра азарт, які яго забаўляў. «Косці кінуты, — казаў сабе, — і паглядзімо, наколькі ў малпе страх пра собскую скуру пераважыць прагу славы».
І ў душы не сумняваўся, што, аднак, пераможа страх. Прымеж таго, па словах ягоных залягло цяжкае маўчанне. Папея і ўсе прысутныя глядзелі ў вочы Нэрону, бы ў абраз, а той закапыліў губу аж пад самыя ноздры, як рабіў заўсёды, калі не ведаў, што пачаць; цяжкая турботлівасць і знеахвота маляваліся ў ягоным твары.
— Доміне! — адазваўся, бачачы гэта, Тыгэлін. — Дазволь мне адыйсці, бо, калі хочуць выставіць на згубу тваю асобу, а пры тым завуць маладушным цэзарам, маладушным паэтам, вушы мае не могуць знесці такіх слоў.
«Прайграў», — падумаў Пятроні.
Але звярнуўся да Тыгэліна, пранізаў яго вокам, у якім іграла вялікапанская пагарда, пагарда вытанчанае асобы для нікчомніка, і кажа: — Тыгэлін, цябе я назваў камедыянтам, бо ты камедыянт нат і цяпер.
— Ці таму, што не хачу слухаць тваіх зняваг?
— Таму, што прыкідваешся безгранічным прыяцелем цэзара,
Тыгэлін, які не спадзяваўся, што Пятроні асмеліцца кінуць яму на стол гэткія косці, збялеў, абязглуздзеў і занямеў. Але была гэта апошняя перамога арбітра элеганцыі над праціўнікам, бо ў тым жа моманце Папея адазвалася: — Доміне, як можаш дазволіць, каб нат думка такая прайшла праз чыюсьці галаву, а тым больш, каб хто асмеліўся выказаць яе ўголас у тваёй прысутнасці!
— Спыні рызыканта! — азваўся Вітэлі.
Нэрон зноў падняў губу і, скіраваўшы на Пятронія свае шклястыя вочы блізагляда, сказаў: — Дык так ты адплачваешся мне за любасць, якою я цябе ганараваў?
— Калі няпраўду гавару, дакажы мне гэта, — адказвае Пятроні, — але ведай, што гавару гэта з наказу любові да цябе.
— Пакарай рызыканта! — паўтарае Вітэлі.
— Зрабі гэта! — адзываецца шчэ некалькі галасоў.
У атрыюме зрабілася сумятня і шум, бо людзі пачалі адыходзіць ад Пятронія. Адыйшоў нат Тулій Сэнэцыё, ягоны сталы прыдворны таварыш, і малады Нэрва, які аказваў яму дагэтуль найжывейшую прыязнь. Незабаўна Пятроні сам застаўся з левага боку атрыюма і, разгортваючы са смехам хванды тогі, чакаў, што скажа ці рабіціме цэзар. А цэзар адзываецца: — Дамагаецеся кары, адыж гэта мой прыяцель і таварыш, дык хоць зраніў мне сэрца, хай ведае, што гэнае сэрца для прыяцеляў мае толькі… прабачэнне.
«Прайграў і прапаў!» — падумаў Пятроні.
Цэзар устаў, нарада была скончана.
L
Пятроні пайшоў, а Нэрон з Тыгэлінам перайшлі да атрыюма Папеі, дзе чакалі на іх людзі, з якімі прэфект нядаўна гутарыў. Было там двух рабінаў з Затыбра, апранутых у доўгія ўрачыстыя шаты, з мітрамі на галавах, малады пісар, іхні памочнік, і Хілон. Убачыўшы цэзара, святары пабялелі і, падняўшы на вышыню пляча рукі, пахілілі галовы аж да рук.
— Авэ, манарх манархаў, кароль каралёў! — адазваўся старэйшы. — Вітай, валадару зямлі, апякуне выбранага народу і цэзар, льве між людзьмі, панаванне якога — гэта сонечная светласць, гэта цэдр лібанскі, свежая крыніца, пальма цяністая, бальзам ерыхонскі!..
— А богам мяне не называеце? — спытаў цэзар.
Святары збялелі яшчэ мацней; старшы зноў адазваўся: — Твае словы, уладару, салодкія, моў вінаграду гронка, моў спелая фіга, бо Егова напоўніў дабрынёю тваё сэрца. Але папярэднік айца твайго, Кай Цэзар, быў звераваты, а аднак пасланцы нашы не называлі яго богам, гатовыя былі хутчэй прыняць смерць, чым абразу Закону.
— І Калігула загадаў іх кідаць львом?
— Не, уладару. Кай Цэзар засцярогся гневу Еговы.
І паднялі галовы, бо імя магутнага Еговы дадало ім адвагі. Веручы ў моц ягоную, смялей глядзелі ў вочы Нэрону.
— Абвінавачваеце хрысціян, што спалілі Рым? — спытаў цэзар.
— Мы, доміне, абвінавачваем іх толькі за тое, што яны ворагі Закону, ворагі чалавечага роду, ворагі Рыму й твае, яны даўно пагражалі гораду і свету агнём. Астатняе даскажа табе гэты вось чалавек, вусны якога не знячышчаны лгарствам, бо ў жылах маткі ягонай плыве кроў выбранага народу.
Нэрон звярнуўся да Хілона: — Хто ж ты такі?
— Абажацель цябе, Озырысе, а пры тым убогі стоік… — Ненавіджу стоікаў, — кажа Нэрон, — ненавіджу Трэзэя, ненавіджу Мусонія і Корнута. Гідзіць мяне іхняя мова, іхняя пагарда мастацтва, іх самахотная абнегацыя жыцця ды няхлюйства.