Страчаная спадчына
Шрифт:
Ландшафтная сітуацыя спрыяла цэнтрычнай ролі Верхняга і Ніжняга замкаў у агульным плане горада. Па меры аддалення ад іх мясцовасць паступова павышалася, што вызначала магчымасць панарамнага агляду цэнтральнай часткі горада з боку слабод. Асаблівасцю кампазіцыі служыла таксама тое, што цэнтр горада ўспрымаўся на вялікай працягласці ўздоўж далін Дзвіны, Віцьбы і ручая Дуная, які ўпадаў у пратоку Віцьбы, зрокава завяршаючы іх прыродныя прасторы.
У канцы XVI ст. частка пасада паміж Дзвіной і Віцьбай (Узгор'е) была абнессна драўлянымі сценамі і ў якасці трэцяга звяна ўвайшла
У значнай меры структура горада фармавалася абарончымі збудаваннямі — драўлянымі сценамі і шматлікімі вежамі, сярод якіх вылучаліся праезныя вежы. Агульная даўжыня ўмацаванняў складала каля 1510 сажняў, г. зн. больш за тры кіламетры дзвесце метраў. Акрамя Вялікай вуліцы ў Ніжнім замку другім важным напрамкам была перпендыкулярная ёй вуліца Ўзгорскага замка. Кожны з замкаў меў самастойны архітэктурна-планіровачны цэнтр. У Ніжнім замку ім з'яўляўся Аляксееўскі манастыр, перабудаваны ў 1654 г. з езуіцкага калегіума (1640–1644). Яшчэ раней гэты ўчастак займала праваслаўная драўляная царква святой Параскевы.
Ва Ўзгорскім замку грамадскі цэнтр фармаваўся драўлянай ратушай (1644), крамамі, гасціным дваром, Васкрасенскай царквою сярэдзіны XVII ст., іншымі будынкамі і размяшчаўся на перакрыжаванні асноўных вуліц. Цэнтры Ўзгорскага і Ніжняга замкаў звязваліся паміж сабою драўляным мостам цераз Віцьбу (т. зв. Рынкавы, альбо Гарадскі, пазней Езуіцкі). У забудову абодвух цэнтраў уваходзіла галоўная ў Віцебску праезная вежа, так званы Валконскі круглік, якая адрознівалася ад астатніх вежаў памерамі і манументальным архітэктурным абліччам.
Цэнтрам Верхняга замка служыла група пабудоў: дом ваяводы, Міхайлаўская царква, будынак прыказа і іншыя, якія таксама размяшчаліся паблізу Рынкавага моста. Ад Вялікай праезнай брамы ў паўднёвай крапасной сцяне да варот у паўночнай сцяне праходзіла вуліца, якая дзяліла тэрыторыю Верхняга замка на дзве часткі — усходнюю, дзе знаходзіліся, у асноўным, адміністрацыйныя і культавыя будынкі, і заходнюю з жылымі дамамі. Кожная з іх мела свабодную планіроўку, якая падпарадкоўвалася рэльефу мясцовасці і паўтарала абрыс абарончых сцен.
Індывідуальнае архітэктурнае вырашэнне кожнага з замкаў дасягалася, у прыватнасці, перавагай пэўнага тыпу драўляных вежаў. Напрыклад, усе вуглавыя вежы Верхняга і Ніжняга замкаў былі «круглікамі», г. зн. васьміграннымі; гэты тып вежаў тут больш не паўтараўся. Ва Ўзгорскім жа замку, наадварот, вуглавыя вежы былі простакутныя, а васьмігранная размяшчалася на прамым участку сцяны.
Архітэктурнае аблічча Віцебска ў XVII ст. у многім вызначалася разнастайнай драўлянай жылой забудовай, якая, як і абарончыя збудаванні, да нашага часу цалкам страчана. Сярод будынкаў, паказаных на малюнку 1664 г., лёгка распазнаць жыллё бедных гараджан, дамы ўласнікаў сярэдняй заможнасці і палацы гарадской знаці (дом Агінскага, дом Горскага, дом Шапкіна і інш.).
У XVII ст. развіваецца сістэма культавых будынкаў,
Малюнак 1664 г. яскрава перадае асаблівасці гарадскога сілуэта, які фармаваўся шматлікімі крапаснымі вежамі, культавымі будынкамі, буйнымі жылымі дамамі. Пераважалі тыповыя для дойлідства XVII ст. шатровыя чатырох- і васьмісхільныя дахі, часта ўвенчаныя вежачкай са шпілем, ярусныя аб'ёмы шматкупальных драўляных цэркваў, завершаныя разнастайнымі купаламі, высокія двухсхільныя дахі. Найбольш буйнымі сярод культавых будынкаў былі Аляксееўская і Праабражэнская цэрквы, з абарончых вежаў — брамы і васьмігранныя вежы; па кампазіцыйнай ролі ім не ўступала ратуша.
У XVIII ст. памеры горада павялічыліся за кошт пашырэння слабод. Перасечаны рэльеф мясцовасці, разгалінаваная сістэма яраў і ручаёў абумовілі складаную вулічную сетку, якая паступова, свабодна складвалася на працягу стагоддзяў. Вуліцы мелі ломаныя ці крывалінейныя абрысы і пераменную шырыню, плошчы і кварталы — няправільную канфігурацыю.
Калі ў XVI–XVII стст. гарадскія ўмацаванні, якія акружалі асобныя раёны, абумоўлівалі пэўную аўтаномнасць успрыняцця забудовы ў межах крапасных сцен, то пасля разборкі апошніх у XVIII ст. з'явіліся новыя зрокавыя сувязі, якія ахоплівалі ўсю тэрыторыю Віцебска.
Важнай асаблівасцю горада XVIII ст. з'яўляўся грамадскі цэнтр, ядро якога ўтваралі дзве плошчы — ратушная ва Ўзгорскім замку і плошча перад езуіцкім калегіумам, пасля адміністрацыйная ў Ніжнім. Арганізацыя дзвюх плошчаў вызначылася самастойным фармаваннем у XVI–XVII стст. цэнтраў гэтых замкаў. Пры разборцы гарадскіх умацаванняў цэнтры аб'ядналіся ў цікавы па планіроўцы і прасторавым вырашэнні архітэктурны ансамбль. Да 1814 г. плошчы злучаў драўляны на ражавых апорах мост, пасля — манументальны мураваны.
Езуіцкі калегіум, пабудаваны на месцы Аляксееўскага манастыра ў 1716–1731 гг., уключаў касцёл, жылыя і падсобныя карпусы, званіцу, езуіцкую школу (1799). У 70-ых гг. XVIII ст. за кошт нівеліроўкі часткі Замкавай гары вуліца перад калегіумам пашырылася да памераў плошчы. Насупраць яго пабудаваны гандлёвыя крамы і адміністрацыйны будынак (паліцыя, дом ваяводы, пошта), дзе пасля размяшчалася жыллё віцэ-губернатара. Пры ўзвядзенні гэтага будынка выкарыстаны ўзорны праект паштовай станцыі, распрацаваны ў 1772 г. вядомым расейскім дойлідам І.Я. Старовым. У 1780 г. сіметрычна гэтаму будынку побач паўстаў дом губернатара, дзякуючы чаму ўтварыўся працяглы, сіметрычны фасад усяго заходняга боку плошчы.
Плошча ва Ўзгорскім замку фармавалася бернардзінскім кляштарам 1737–1768 гг., Васкрасенскаю царквою 1772 г. і ратушай. У XVII–XVIII стст. драўляная ратуша неаднаразова гарэла і аднаўлялася — у 1680, 1708, 1733, 1753 гг. У 1775 г. пабудаваная на месцы старой новая мураваная ратуша стала галоўным будынкам ансамбля. У канцы XVIII ст. былі знесены драўляныя гандлевыя крамы, што месціліся пасярэдзіне плошчы. Комплекс дапоўніўся двума карпусамі гасцінага двара, якія з заходняга і ўсходняга бакоў абмежавалі прастору перад ратушай.