Зачараваныя смерцю
Шрифт:
Я дайшоў і зразумеў: хачу жыць! Проста жыць! Я нікога не забіў, адзіны чалавек, у якога я страляў, я — сам… Толькі параніў…
Але жыццё больш Феліні, чым Бергман…
Там? Там ніякага святла ў канцы тунеля… І анёлаў я не бачыў… Сядзеў бацька ля чырвонай труны… Труна пустая…
Сон… Жыццё… Гэта жыццё? Ці тое? Як у Меражкоўскага: «Жывём адно мы ценем ценю».
Гісторыя камуніста апошняга пакалення і паасобныя развагі пра абаяльнасць чырвонага ідэалу. Ігнат Валяр'янавіч С. — загадчык аддзела абкама партыі, 54 гады
З размовы з былым памочнікам першага сакратара абкама партыі:
— Навошта вам гэтая гісторыя? Не хачу гаварыць! Дзеля чаго? Усё звалілі на камуністаў… Нацкавалі на нас народ… Семнаццаты год… Па знаёмым сцэнарыі… Яшчэ
Сядаю ў таксі.
— Скора камуністаў біць будзем? — пытаецца ў мяне кіроўца.
— Дык гэта ж зноў кроў?
— А без крыві ў нас нічога не атрымаецца. Я спачатку б усіх камуністаў перастраляў. А пасля брокераў і спекулянтаў. І спаліў бы гэтыя ларкі!
Музыка грае. Добрыя цыгарэты. І страляў бы! Страляў!
Вось яна — радзіма Пугачова і Сценькі Разіна… Падабаецца кроў пусціць… За справядлівасць! Толькі, як дым развеецца, убачаць, што брат забіваў брата. А вы кажаце — народ. Народ сам пра сябе сказаў, што з яго — і дубіна, і абраз.
Не хачу адказваць на вашы пытанні! Не буду! Навошта вам гэтая гісторыя? Ён, як і я, з тых, каго вы збірасцеся судзіць… Наладзіць Нюрнберг… Крычаць на вуліцах: «Давялі краіну! Разрабавалі! Злачынная партыя! Крывёю залілі…» Хочуць судзіць і жывых і мёртвых… У сталіцы б'юць, скульваюць помнікі днём, прынародна, а ў нас, у правінцыі, тайком, уначы. Помнікі Марксу, Леніну… Кажуць, рабочыя сцягнулі Леніна на жалезным тросе ўніз і кукішаў яму надавалі. Уначы скульваюць… Як злодзеі… Навошта? Развітайцеся з бальшавізмам сумленна. Навука прынесла чалавецтву куды больш незлічоныя беды. Давайце тады вынішчым вучоных! Абвесцім анафему бацькам атамнай бомбы… Марксізм, як любая вялікая ідэя, даў сваіх пакутнікаў і сваіх нягоднікаў. У гэтым «чырвоная рэлігія» падобная на ўсе іншыя рэлігіі.
Хто я зараз? Звычайны школьны настаўнік. Выкладаю гісторыю. Па старых падручніках… Новыя яшчэ не напісаны… Адыходзіць адна міфалогія, прыходзіць другая. Ніякіх ідэалаў… Я ўжо не кажу пра ідэалы… Ніякіх ідэй…
Навошта вам гэтая гісторыя? Гэтая недарэчная смерць… Невытлумачальная…
Вы думаеце, што сёння бяспечна быць шчырым? Што змянілася? Ва ўсім абвінавацілі камуністаў. Іх няма ва ўладзе. І што змянілася? Прыйшлі дэмакраты і хутчэй да той жа кармушкі, да рога, з якога многа… Цяпер вы зразумелі, што не ў камуністах справа? А ў кармушцы… А там усё строга па рангу… Як яшчэ і пры Сталіне… Пра гэта хадзіла нямала партыйных легенд… Напрыклад, як пры Сталіне загадчыкам сектараў цэка разносілі гарбату з бутэрбродамі, а лектарам толькі гарбату. Але пасля ўвялі пасады намесніка загадчыка сектара. І вось у кіраўніцтве спраў доўга думалі, як быць. Скончылася тым, што намеснікам пачалі падаваць гарбату без бутэрброда, але на белай сурвэтачцы. Ідэальная вечная схема: спачатку п'ю звычайную гарбату і мару пра гарбату на белай сурвэтцы; атрымаўшы гарбату на белай сурвэтцы, хачу гарбату з бутэрбродам. Хто вам сказаў, што Сталін памёр? Вы што — чалавека зменіце? Вінавацяць ідэю… Пры чым тут ідэя? Вялікая ідэя… Чалавек вінаваты… Ён ані кроплі не змяніўся з часоў Старога Рыма і старажытнага Ерусаліма. Чалавек гісторыяй не жыве… Ідэяй не жыве… Чалавек жыве іншым: нарадзіўся, закахаўся, ажаніўся, машыну набыў, дом паставіў. Кагосьці раўнуе, камусьці зайздросціць, чагосьці ўвесь час хоча. Мы пра ідэю гаворым, пра гэта прынята ў нас гаварыць, але мы ёю не жывём. Вось у мяне хварэе дачка… У яе прамянёвая хвароба… У дзяўчынкі… Я гэтым жыву… Некага жонка кінула… Ніхто не жыве ідэяй, толькі тыя, што розум страцілі. Наіўныя. Я страчаў такіх, але сярод партыйных і прафесіяналаў іх не было.
Я баюся быць шчырым… Я баюся за сваю сям'ю, за дзяцей. Да маёй дачкі, яна вучыцца ў пятым класе, падышлі на перапынку аднакласнікі:
— Мы з табой сябраваць не будзем. Твой тата ў абкаме партыі працаваў.
— Мой тата добры.
— Добры тата не мог там працаваць. Мы ўчора на мітынгу былі.
Я прашу бацькоў: ніколі не бярыце дзяцей на мітынгі! Ці вы хочаце новых Гаўрошаў і Паўлікаў Марозавых? Толькі па іншы бок барыкад…
У камуністаў майго пакалення заставалася мала агульнага з Паўкам Карчагіным. Я так мяркую, што ў нас былі тры пакаленні камуністаў: першае — прафесійныя рэвалюцыянеры, з партфелямі і рэвальверамі, гэтыя хацелі развесці пэўны тып людзей, а ад астатніх пазбавіцца; другое — самыя шчырыя, сумленныя, яны выраслі пасля Кастрычніка, калі ідэя яшчэ была маладая, моцная, і яны верылі ў камунізм,
Як, скажыце, без светлай будучыні мне прыходзіць штодня ў школу? У клас…
Я не пазнаю твары людзей на вуліцы… Яны перамяніліся… Яны перамяніліся вельмі хутка, імгненна. І яны мне не падабаюцца… Мне не падабаюцца гаворкі маіх вучняў пра курс долара і нямецкай маркі…
І вашы пытанні мне не падабаюцца… Дзеля чаго вам гэтая гісторыя?
Праз некалькі гадзін ён сам адшукаў мяне ў гатэлі.
— І ўсё-такі: навошта вам гэтая гісторыя? Хочаце парадаваць абывацеля? Не кожны дзень камуністы канчаюць самагубствам… Тым больш работнік абкама партыі… Абывацель будзе ў захапленні! Гісторыя паўтараецца… Раю перачытаць «Акаянныя дні» Івана Буніна. Многія мясціны з гэтай кнігі я ведаю на памяць. Супадае! Усё супадае! Мы вярнуліся на семдзесят гадоў назад… Вось, напрыклад, гэтая мясціна: «Памятаю старога рабочага ля варот дома, дзе былі раней «Одесские новости», у першы дзень панавання бальшавікоў. Раптам выскачыла з-пад варот чарада хлапчукоў са стосамі толькі што аддрукаваных «Известий». і з крыкам «На адэскіх буржуяў накладзена кантрыбуцыя ў 500 мільёнаў!» — Рабочы захрыпеў, захліпнуўся ад лютасці і злараднасці: «Мала! Мала!»
Пазнаяце?! Як быццам на нашых сённяшніх вуліцах падслухана і запісана…
Вы па гэта прыехалі? Напісаць, як камуністы сёння выкідваюцца з восьмага паверха? (Маўчыць.) Даруйце… (Памкнуўся пайсці, але застаецца.) Гэта была простая і невытлумачальная смерць… Зразумелая і незразумелая… Я блізка ведаў яго і адчуваю сваю адказнасць за версію, з якою вы адсюль паедзеце. Адны, я здагадваюся, адмоўчацца, адхрысціўшыся ад свайго «камуністычнага мінулага», — такіх зараз большасць, іншыя распавядуць па чутках, прыдуманае. Гэта цяпер, праз семдзесят гадоў, мы чытаем успаміны пра Калчака, Дзянікіна і спрабуем іх зразумець… А тады — праклёны і свіст над магіламі… Галёканне… Я — гісторык, я пра гэта думаю… Мы асуджаны на вяртанне. Пракляўшы чужыя магілы, паміраем, каб тое ж самае паўтарылі над нашымі… Вы ж памятаеце, як пакідаў свой прэзідэнцкі кабінет Гарбачоў? Яго штурхалі ў плечы. Барабанілі! Як усе радаваліся, калі наклаў на сябе рукі Пуга! Самае страшнае, што з намі адбылося — мы перасталі баяцца смерці. Мне калісьці стары святар, якога я з новенькім універсітэцкім дыпломам пераконваў, што Бога няма, валок Бога за бараду на зямлю, мне гэты святар расказаў анекдот.
Рэвалюцыя… У адным куце царквы п'юць, балююць чырвонаармейцы, а ў другім — іхнія коні ядуць авёс і мочацца. Дзячок бяжыць да настаяцеля:
— Бацюшка, што яны робяць у святым храме?
— Гэта не страшна. Гэтыя пастаяць і пойдуць. Страшна будзе, як іхнія ўнукі вырастуць…
У вялікай ідэі два жыцці: чыстае — у розуме, у кнігах, і другое, зямное жыццё, жыццё ў рэальнасці. У Крамлі сядзелі крамлёўскія летуценнікі і аб сусветнай рэвалюцыі думалі, а ў царкве чырвонаармейцы пілі, гулялі і іхнія коні мачыліся. Ідэя цудоўная! Але што вы з чалавекам зробіце? Чалавек не змяніўся з часоў Старога Рыма…
Навошта вам гэтая гісторыя? Хіба хто-небудзь можа зразумець смерць? Мы з ім у апошнія дні шмат гаварылі. Але ж самае галоўнае адбылося потым, пасля яго…
Ну, для пачатку я вам скажу, што гэта быў тыповы партработнік. Сістэма адбору партыйных кадраў жорстка рэгламентавалася. Даходзіла да смешнага. Ветэрынар, напрыклад, мог стаць другім сакратаром райкама партыі, а лекар-тэрапеўт не, бо ў апарат бралі толькі вытворцаў, тэхнічную інтэлігенцыю. Гуманітарыі не цаніліся, ім не давяралі, яны заўсёды былі як бы на падазрэнні. Гэта цяпер драматургі і перакладчыкі, малодшыя навуковыя супрацоўнікі могуць кіраваць краінай, а ў тыя часы — гэта было справай партыйных прафесіяналаў. Сакратаром па ідэалогіі звычайна была жанчына. Яе саджалі ва ўсе прэзідыумы, у цэнтры. Але чаму — жанчына? А для аздобы… Як на плакаце… Я вам казаў ужо, што існаваў абрад… Абрад светлай будучыні… Абрад улады… Але тэхнакратызм, вядома, накладваў адзнаку. Думка, што народ можа выйсці на вуліцы, здавалася неверагоднай. Ці можа бунтаваць турма? Ці можа бунтаваць армія? Мне цяпер таксама незразумела, чым сілкавалася гэтая наша ўпэўненасць?