БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ
Шрифт:
У галіне агульнае палітыкі ў дачыненьнях да беларусаў польская ўлада, між іншага, праектавала: «зарганізаваць натужную працу культурна-асьветную з мэтай падняцьця культуры «тутэйшага» жыхарства, апёртае на элемэнты культуры польскай, што ў далейшай кансэквэнцыі давяло-б да павольнае, але пэўнае палёнізацыі; адчыняць школы практычна-прафэсыйныя, а не ствараць непрадуктыўнай (ясна, для палякоў.— Я. Н.) інтэлігенцыі; адчыняць, наколькі можна будзе, як найбольш польскіх пачаткавых школаў, падбіраючы як найлепшыя і найпэўнейшыя настаўніцкія сілы; пераламаць у асьветных працаўнікоў абстракцыйны пагляд пра апалітычнасьць польскае асьветы на гэтых землях, бо польская школа мусіць мець ясна паказаную палітычную мэту і да гэтага адпаведна прытасаваны і падрыхтаваны пэрсанал; і ўрэшце праводзіць у жыцьцё прынцып: паляк праваслаўнага веравызнаньня» (бал. 166).
Гэткімі спосабамі мела быць праводжаная палёнізацыя і эксплёатацыя беларускага народу згодна з тайнай інструкцыяй польскіх уладаў, якія не хацелі нават называць беларусаў іхным уласным імем і заўсёды, калі ўспаміналі імя беларус, дык ставілі каля яго яшчэ два пагардлівыя слоўцы: гэтак званы. З усяго гэтага відаць, што палякі мелі адабраць ад беларусаў
Паводле таго-ж тайнага польскага «апрацаваньня», колькасьць сьведамых беларусаў узрастала на некарысьць палякоў. «Найбольшы працэнт адыходу ад польскай народнасьці праявілі паветы Наваградзкі і Нясьвіжскі (па 15%). На гэтым прасторы перапіс жыхарства з 1931 году зрабіў карэкту няточнасьці перапісу з 1921 году, у чым можна дагледзіць узрост нацыянальнае сьведамасьці сярод г. зв. «тутэйшага» жыхарства ў кірунку г. зв. беларушчыны. У гэтым самым кірунку зазначылася тэндэнцыя і ў Лідзкім павеце (3,9%), пры чым сьцьвердзіць прыходзіцца, што бязумоўна асягнутыя поступы на карысьць гэтак званай беларушчыны былі і сярод жыхарства каталіцкага» (бал. 149).
Афіцыяльныя польскія перапісы жыхарства, праводжаныя з рознымі фокусамі, усякімі спосабамі стараліся зьменшыць" лік беларусаў, аднак беларускі народ далей трымаўся свайго, не паддаваўся палёнізацыі і супроць варожае польскае палітыкі, супроць свае нацыянальнай сьмерці змагаўся як мог ды шукаў сабе саюзьнікаў і дапамогі ў гэным змаганьні.
Саюзьнікаў гэтых беларусы мелі насамперш сярод тых народаў Польскае дзяржавы, якія былі залічаныя ў «нацыянальныя мяншыні» і мусілі перажываць падобны перасьлед з польскага боку. Такім парадкам саюзьнікамі беларусаў-нацыяналістых былі немцы, украінцы і летувісы. Саюзьнікамі левых беларусаў зьяўляліся бальшавікі. Патрыётаў Польскае дзяржавы польская палітыка з беларусаў не зрабіла. Наадварот, яна рабіла ўсё, каб адстрашыць беларусаў ад палякоў: таму беларусы чакалі на зьмену. Калі-ж у 1939 годзе выбухнула вайна між Польшчай і Нямеччынай, беларускае грамадзянства ўпоўні спачувала Нямеччыне. Беларускія нацыяналістыя верылі, не зважаючы нават на тое, што Заходняя Беларусь адыйшла ў 1939 годзе пад савецкую ўладу, што ваенныя падзеі прынясуць радыкальную зьмену ў Эўропе і што Беларусь пасьля іх пачне новы шчасьлівейшы пэрыяд у сваёй гісторыі.
XXVIII
Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка.— Праўнае палажэньне.— Нацыянальны беларускі рух, культурная беларуская праца і дачыненьне да яе бальшавікоў.— Ліквідацыя бальшавікамі беларускага нацыянальнага руху і беларускіх дзеячоў.— Калгасы і змаганьне з імі беларускага сялянства.— Русыфікацыйная палітыка.— Далучэньне Заходняе Беларусі да БССР.— Упадак БССР.
Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, як пісалася ўжо ў XXVI разьдзеле, была абвешчаная 1 студзеня 1919 году і мела абыймаць мала ня ўсе беларускія землі. Прэзыдыум Усерасейскага Цэнтральнага Выканаўчага Камітэту дакумэнтам, падпісаным Сьвярдловым і Енукідзе, зараз-жа прывітаў Савецкую Беларускую Рэспубліку, прызнаў яе, а таксама дакляраваў дапамогу працоўным масам Беларусі дзеля абароны іхнае свабоды і незалежнасьці на выпадак якое-небудзь спробы заваяваньня яе. Пасьля, аднак, межы Беларускае Савецкае Сацыялістычнае Рэспублікі колькі разоў зьмяняліся, а беларускую тэрыторыю бальшавіцкая Масква рэзала і дароўвала так, як хацела і каму хацела. У 1919 годзе, калі бальшавікі думалі пасоўвацца на захад, яны прызналі, відаць, за нявыгоднае мець такі вялікі, але няпэўны, хоць і савецкі, беларускі твор, і сваю ранейшую пастанову скасавалі, а 27 лютага 1919 году стварылі новую мяшаную Беларуска -Летувіскую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку ў меншых межах: Менскае, Гарадзенскае, Віленскае і Ковенскай губэрніяў. Кіраўніцтва гэтае рэспублікі даручанае было ўраду, які стварыў летувіскі камуністы Міцкевіч-Капсукас. У часе бальшавіцка -польскае вайны, у 1920 годзе, калі бальшавікі прагналі з Беларусі і Менску палякоў і ішлі на захад — на Вільню і Варшаву, ды спаткалі супраціў з боку летувісаў, дык 20 ліпеня 1920 году падпісалі з імі ўмову, на аснове якое вялікую частку беларускіх земляў (Ашмяншчына, частка Наваградчыны, Лідчыны, Маладэчаншчыны) і горад Вільню прызналі Летуве. Першага жніўня 1920 году бальшавікі зноў абвесьцілі, што твораць Беларускую Сацыялістычную Савецкую Рэспубліку, але ў межах толькі 6-цёх паветаў Менскае губэрні з 1 200 000 жыхароў. Годзячыся з палякамі ў 1921 годзе, бальшавікі не дапусьцілі на мірную канфэрэнцыю ў Рыгу прадстаўнікоў Беларускае Савецкае Сацыялістычнае Рэспублікі і бяз згоды беларусаў падзялілі Беларусь. З гэтага відаць, як бальшавікі не даражылі беларускімі землямі і як ня лічыліся з беларускім голасам.
Для схаваньня калёніяльнага характару новай Савецкай дзяржавы, Расейскай Савецкай Фэдэратыўнай Сацыялістычнай Рэспублікі, Ленін распачаў замену яе праз Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублікаў. У кастрычніку 1922 году Пленум Цэнтральнага Камітэту Расейскай Камуністычнай Партыі (бальшавікоў) прыняў пастанову аб стварэньні СССР. Згодна гэтаму, 23 сьнежня 1922 году распачаўся Дзесяты зьезд Саветаў Расейскай СФСР з прысутнымі прадстаўнікамі існуючых у гэтым часе Украінскай ССР, Беларускай ССР і Закаўкаскай СФСР. Гэты зьезд таксама прыняў пастанову аб стварэньні СССР. Заканчэньне сфармаваньня СССР было выкананае на Першым зьезьдзе Саветаў усіх існуючых рэспублік:
Пасьля ўсё-ж яны прымушаныя былі зьмяніць свае становішча, бо ў народзе і сярод беларускай інтэлігенцыі панавала вялікае незадаваленьне і ў шмат якіх месйах дзеялі беларускія партызаны, якія, ідучы сьлядамі слуцкіх паўстанцаў, змагаліся супроць бальшавікоў за вольную незалежную Беларусь. Так, прыкладам, яшчэ ў 1924 годзе афіцыяльная савецкая статыстыка налічыла 40 партызанцкіх беларускіх аддзелаў у межах Савецкае Беларусь Супроць бальшавікоў была настроеная вялікая частка беларускае моладзі. На Гомельскім-жа і Віцебскім савецкіх зьездах былі высунутыя дамаганьні далучыць Гомельшчыну і Віцебшчыну да БССР. У сувязі з гэтым бальшавікі пайшлі на ўступкі. Пастановай прэзыдыуму Усесаюзнага Цэнтральнага Выканальнага Камітэту 4.II. 1924 г. яны далучылі да БССР: 1) з Віцебскае губэрніі — паветы Віцебскі, Гарадоцкі, Дрысенскі, Лепельскі, Аршанскі, Полацкі, Сеньненскі і Сураскі; 2) з Маплеўскае губэрніі — паветы Магілеўскі, Рагачэўскі, Быхаўскі, Клімавіцкі, Чэрыкаўскі і Чавускі. З гэтае губэрніі было далучана яшчэ колькі воласьцяў і сёлаў; 3) з Смаленскае губэрніі далучылі Горацкі павет, частку павету Мсьціслаўскага і колькі воласьцяў. Пазьней, 6.ХП.1926 г., пастановай Усесаюзнага Цэнтральнага Выканальнага Камітэту да БССР далучылі яшчэ Гомельскі і Рэчыцкі паветы. Аднак за межамі БССР засталася ўсё-ж вялікая частка Смаленшчыны, Новазыбкаў, Старадуб, Мглін, паўночная частка Віцебшчыны і іншыя ўсходнія часткі Беларуси
У вагульнай савецкай канстытуцыі ад 6.VII. 1924 году гаварылася, што за кажнай савецкай рэспублікай захоўваецца права вольнага выхаду з Саюзу, што кажны народ у Савецкім Саюзе мае права на будаўніцтва свае дзяржавы, свае нацыянальнае культуры, што кажнаму грамадзяніну забясьпечваецца свабода перакананьня, слова, друку, арганізацыі, сходаў, веравызнаньня, дармовая навука ў школах, права нацыянальнае культурнае працы і іншыя правы. Адначасна бальшавікі заклікалі ўсе беларускія творчыя сілы да працы. Яны заклікалі таксама вяртацца на Беларусь і працаваць усіх беларускіх эмігрантаў, урачыста дакляруючы, што ніколі ня будуць памшчацца ім за іхную мінулую дзейнасьць.
На практыцы бальшавіцкае права выглядала зусім іначай. Аб усім фактычна пастанаўляла і ўсім загадвала Масква. Аб зьмене парадкаў, ладу ў БССР, а тым больш аб адлучэньні ад СССР не магло быць і мовы. Ніякае свабоды перакананьня, ані слова, ані друку, ані арганізацыі, сходаў, веравызнаньня ня было. Апрача камуністычнага перакананьня, ніякага іншага ніхто ня мог выявіць, бо іншыя перакананьні перасьледваліся. Перасьледваліся таксама тыя грамадзяне, якія былі непралетарскага паходжаньня. Арганізацыі, сходы маглі адбывацца, але толькі камуністычныя. Газэты маглі выходзіць, але таксама толькі камуністычныя. Цэрквы, касьцёлы бальшавікі зачынілі, сьвятароў арыштоўвалі і садзілі ў вастрогі або высылалі ў Сібір. Рэлігія перасьледвалася, а кажнырэлігійны чалавек уважаўся за няпэўнага, асталага, або проста ворага народу, якіх нідзе да працы не дапушчалі і перасьледвалі. Свабодна магла адбывацца толькі камуністычная і бязбожніцкая прапаганда.
Не зважаючы на гэта, вялікая частка беларускай інтэлігенцыі і шмат беларускіх эмігрантаў паверылі, што ўсё-ж з бальшавікамі можна будзе супрацаваць, адбудоўваць край, беларускую культуру, і браліся шчыра за працу ў галіне беларускае культуры, навукі, мастацтва, літаратуры, гаспадаркі і г. д. Яны разгарнулі працу ва ўсіх галінах. Перш за ўсё зьвярнулі ўвагу на тое, каб Беларусь была запраўды беларускім краем і каб у ёй згінулі чужыя расейскія і польскія ўплывы, а таксама, каб народ меў магчымасьць разьвіваць свой дабрабыт. Дзеля гэтага праводзілася вялікая рэформа ў сельскай гаспадарцы, пачалася праца над вывучэньнем, дасьледваньнем прыродных багацьцяў і магчымасьцяў разбудоўваньня прамысловасьці, а таксама шырокая культурная і асьветная акцыя. Земляробы атрымалі зямлю, магчымасьці хутарызацыі, што стварала асновы для палепшаньня найбольш пакрыўджанага дасюль беларускага сялянства. Арганізаваліся розныя асьветныя курсы. Розныя навуковыя дасьледныя экспэдыцыі сьцьвярджалі, што на Беларусі ёсьць магчымасьці эксплёатацыі зялезнае руды, што ёсьць адзнакі знаходжаньня ў беларускай зямлі солі, нафты (газы), вугальля, сярэбраных пяскоў, дыямэнтаў і іншых багацьцяў, а першым чынам вялізарныя колькасьці рознага роду будаўляных матар'ялаў— дрэва, лесу, вапны, высокаякаснага пяску-кварцу для прадукцыі шкла і высокаякаснага торфу. Быў знойдзены спосаб культываваньня каўчуковае расьліны, гэтак званага кок-сагызу, запраектаваны шырокі плян асушэньня балатоў, электрыфікацыі краю, рыбнае і жывёлагадоўнае гаспадаркі, разбудовы мясцовае прамысловасьці і г. д. Увесь край ускрываўся густой сеткай беларускіх народных і сярэдніх школаў. Заснаваны ў сьціплым памеры ў 1921 годзе ў Менску Беларускі Дзяржаўны Унівэрсытэт разьвіўся ў паважную вышэйшую школу, а створаны ў 1922 годзе сьціплы Інстытут Беларускае Культуры — у паважную акадэмічную беларускую ўстанову. Узнавіла сваю працу сельскагаспадарская акадэмія ў Горы-Горках. У Менску адчыніўся пэдагагічны тэхнікум, палітэхнічны інстытут. Наагул у БССР паўстала больш за 20 розных школаў вышэйшага тыпу і каля 30 розных навукова-дасьледных установаў. Разьвіваўся беларускі тэатр, опэра і балет. Вялікая работа праводзілася ў галіне беларускае навукі, гісторыі, этнаграфіі, мовы. Беларускія навукоўцы вялі вялікую работу. Асабліва вялікія заслугі мелі ў гэтым прафэсары: Ігнатоўскі, Доўнар-Запольскі, Пічэта, Шчэкаціхін, Даўгяла, Смоліч, моваведы: Язэп Лёсік, Некрашэвіч, прафэсар Эпімах-Шыпіла, прафэсар Карскі, Бузук, браты Гарэцкія і іншыя. Былі гэта людзі, якія пераважна пачыналі беларускую нацыянальную працу ў канцы XIX ст., або за часоў «Нашае Нівы», і яны яе прадоўжвалі і за бальшавікамі. Прыгожа разьвівалася і беларуская літаратура. Зьяўляліся новыя таленавітыя беларускія пісьменьнікі і паэты: У. Дубоўка, Я. Пушча, М. Зарэцкі, У. Хадыка і шмат іншых. Сваймі творамі яны ўздымалі разьвіцьцё беларускае літаратуры на нябывалы высокі сусьветны ўзровень. Беларускім паэтам і пісьменьнікам удалося стварыць свае літаратурныя згуртаваньні «Маладняк», «Узвышша» і «Полымя», дзе гартавалася і выкоўвалася беларуская нацыянальная ідэялёгія.